Надзейная хованка
«Няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея».
Праўдзівая была показка, але ж некалі раней. Цяпер, мне здаецца, многае змянілася. Галоўнае — у тых сёлах мала людзей засталося. Так што злодзея можна і не знайсці, а вось п'яніц — нават шукаць не трэба. І дзе толькі грошы бяруць?..
Не вам казаць: урываюць ад дзяцей, ад сям'яў. З кожнай зарплаты стараюцца прысабечыць нейкую сотню-другую, прыхаваць у надзейным месцы.
Іншая рэч, што іх, гэтых месцаў, не так ужо і шмат. Жонкі таксама не лыкам шытыя. Сяргеевай, напрыклад, проста роўных няма ў пошуках заначак: Шэрлак Холмс пры ёй побач не стаяў! І што рабіць Сяргею?
Дружбакі падказалі і нават паказалі файнае месца! Дзе? Бабы, маўляў, ніколі не здагадаюцца: у пачку цыгарэт, паміж знешняй і ўнутранай абгорткай...
Сяргей праверыў: і сапраўды хованка — што трэба: любая купюра памесціцца.
А тут і зарплата ў яго.
Большую частку, як заўжды, выплацілі па ведамасці, згодна з разлікоўкай — усё гэта ён жонцы аддаў... А вось тое, што атрымаў у канверце, пакінуў сабе: схаваў — у пачку цыгарэт, задаволены, выйшаў на вуліцу пакурыць. Сусед ды іншыя таксама падцягнуліся. І ў некага «з сабою было»... Хлопцы выпілі, захмялелі — зганялі па дабаўку і «закусвалі» ўжо... цыгарэтамі: Сяргей частаваў — пакуль не скончыліся. А тады — па звычцы скамячыў пусты пачак, шпурнуў пад плот.
Аб тым, што там ляжала заначка, успомніў толькі раніцай. Куляй выскачыў з дому, прыбег да лаўкі, на якой учора так добра сядзелі, падабраў усе размоклыя ад дажджу паперынкі... Грошы — як скрозь зямлю праваліліся! «Не іначай ветрам некуды знесла?» — падумаў гаротнік і пошукі, вядома ж, не спыніў...
Кажуць, што ён аж да сёння ўсё ходзіць, прыглядаецца да кінутых пачкаў. І асобныя — па-ранейшаму падымае: спадзяецца знайсці свае грошы.
Н. Сашына,
Бярэзінскі раён.
Жалезны аргумент
Адбыўшы змену на цагельні,
Сядзеў на зэдліку Іван.
У галаве
не так каб вельмі,
Ды адчуваўся ўсё ж аванс.
Кульнулі грамчыкаў па дзвесце,
На закусь ліверка была.
Пара б і спаць ужо, ды дзесьці
Яго Лякадзія сышла.
З вядром...
Відаць, даіць карову?
(А хмель блукае ў галаве).
І ў прыцемках у вечаровых,
Пакуль сужэнка у хляве,
Надумаў Ваня жарт зварганіць,
Сказаць прасцей —
пажартаваць.
Спадніцу доўгую у плямах
Узяўся спехам надзяваць:
Спярша ў дзірку
ўсунуў ногі,
Адзежка трэснула па швах...
(Мужчынам раю,
майце розум:
Хай перш «улазіць» галава).
І чуб прыкрыў
бялюткай хусткай,
Прысеў на ўслончык
ды сядзіць,
Кабета прыйдзе праз мінуту:
Не сем жа ёй кароў даіць?
...Вось клямка бразнула,
і Лёдзя
Нагой ступіла за парог.
Вядро паўнюткае...
Заходзіць:
Хто б завітаць так позна мог?
Ды што гадаць?
Яна адразу,
Як толькі ў хату ўвайшла,
Той незнаёмцы
сваё «Здрастуй!»
Як мага ветлівей дала...
Плылі ад смеху ў Вані слёзы,
(Мог і ўслончык
мокрым стаць).
Дайшоў урэшце жарт да Лёдзі,
Але ж чым крыць
і што казаць?..
— Ну што рагочаш, апівоша?
Падумаў, можа,
не пазнала?..
— А калі так,
тады навошта
У хаце «Здрастуй» аддавала?
Мікалай Камароўскі,
г. Орша.
Хто на што вучыўся
Сусед неяк расказваў, што яго брат працуе на мясакамбінаце, што ў іх там вялікая недастача была: зніклі... языкі — замарожаныя, фасаваныя. «Выходзіць, і сярод зладзеяў гурманы знайшліся, — смяяўся мужчына, — кожны дзень ім заліўное падавай. Смех дый годзе!»
А заадно — і ўспамін.
Гэтыя дзве аднакласніцы сустрэліся выпадкова: дзесяць гадоў разам вучыліся і з дзесяць пасля таго — адна адну не бачылі. Так бывае, — шляхі і сыходзяцца, і разыходзяцца. Лена пасля школы скончыла тэхнікум, выйшла замуж, гадуюць з мужам сынка... Наташы вучоба змалку ў галаву не лезла, так што пасля школы пайшла працаваць — рабочай. На мясакамбінат.
Месца, шчыра кажучы, на аматара: пахі, кроў... Але Наташы было не прывыкаць: маці ў яе працавала свінаркай, бацька — ветэрынарам. Тая на ферме вырасла, калі можна так сказаць... «Бач, якая дзябёлая стала. Грудзі — як у Веркі Сярдзючкі: у станік не ўлазяць», — дзівілася Алена, аднак гутарку вяла зусім пра іншае: разам успомнілі былых аднакласнікаў і настаўнікаў, агульных знаёмых, бацькоў, а ўрэшце...
— Слухай, давай у прамтавары зойдзем, — прапанавала Наташа. — Я там учора блузку нагледзела — ну проста цуд! Але дарагавата... Дык ты, можа, параіла б, купіць-не купіць...
«Ну чаму б і не? — падумала Лена. — Аднакласніца ўсё ж: грэх не памагчы».
Удзвюх яны зайшлі ў патрэбны аддзел, Наташа адразу ўзяла тую блузку, «схавалася» ў кабінцы для прымеркі.
— Гэта завялікая, — праз хвілінку-другую сказала адтуль Алене. — Глянь такую ў меншым памеры.
«Ну куды ёй меншы? Хіба на нос?» — падумала Алена, але ж паслухала — зняла з вешалкі адзежынку, адчыніла дзверцы кабіны і... ледзь не самлела: грудзі ў Наташы былі ў «чатырох экзэмплярах», у два рады... І верхнія — яшчэ нішто сабе: жывыя, можа, нават прыгожыя, а вось ніжнія... Аж да спадніцы звісалі... І страшныя, чырвоныя — як без скуры ўсё роўна...
— Эй, сяброўка, ачуйся! — у адказ на гэта нямое здзіўленне зарагатала Наташа. — Грудзі ў мяне адны, а гэта вось — паляндвіца. Я плёнкай яе абматала і прывязала ў трох месцах: пасярэдзіне і па баках...
Што далей было?
Тая паднесеная Ленай блузка таксама не падышла: аказалася завялікай. Меншыя выбіраць жанчыны проста не змаглі.
Факт, што з крамы яны сышлі з рогатам, але без пакупкі.
...Вось так, напэўна, выносілі мяса з мясакамбінатаў.
У тое, што выносілі языкі (замарожаныя, фасаваныя...), паверыць цяжка. Тут транспарт патрэбен і хоць нейкія накладныя...
Але ж хто на што вучыўся, як той казаў: нехта — працаваць, нехта — красці... Да пары. Бо яно ж так: чужое дабро вылазіць праз рабро — хоць, можа, і не адразу.
Л. М.,
г. Мінск.
Ад страху — да радасці, ад цемры — да святла
Гэта прыгода адбылася са мной два гады таму і якраз перад Вялікаднем.
У той дзень я прыйшла з работы і адразу ж пакіравала на кухню, каб паспець прыгатаваць святочныя стравы, каб спячы куліч (не люблю купленых) і потым схадзіць у царкву на святочную начную службу, асвяціць сваё печыва, яйкі...
Дык вось зрабіла я ўсё, што хацела. Класціся спаць на нейкую гадзіну-другую ўжо не выпадала, таму я падсела на канапу да сына, каб пра нешта пагутарыць (мы з ім любім «пад тэлевізар»), як раптам экран патух — прапала святло.
Мы хвілін з дзесяць мо прасядзелі ў цемры, паспадзяваліся, што яно зараз з'явіцца і, нічога не дачакаўшыся, разышліся па сваіх пакоях. Сын — лёг спаць, я — хіба што прылегчы: нават будзільнік паставіла, каб у пару падхапіцца, ісці ў царкву.
Але ж прачнулася зусім не ад званка — ад спеваў... бацюшкі. Тут жа думка: «Значыць, усё — памерла. Мяне адпяваюць...» Стала цікава, хто?
Ва ўсе вочы гляджу па баках. Бачу спальню сваю, люстру... Мацаю галаву — на месцы як быццам, плечы-рукі — таксама.
У зале, заўважыла, — цьмянае святло, зразумела, што бацюшка там...
Спрасонку, нічога не цямячы, рушыла на спеў і ўбачыла, што ён, той спеў, з тэлевізара, што па ім усяночная транслюецца.
Я гляджу яе, слухаю і столькі мне радасці!.. Ад таго, што бачу, што чую, што дома... жывая!
Святкуючы гэта (ды ўсім сваім сэрцам!), ціхенька сабралася, схадзіла ў царкву, а раніцай — і ўжо з сынам — мы ўволю пасмяяліся! Зразумелі, што святло ў зале выключылі, а вось тэлевізар — не. Электрычнасць з'явілася — ён і ўключыўся, прычым — на спевах бацюшкі!
Сын, дарэчы, сказаў, што таксама іх чуў, ды падумаў, што сняцца.
Ала Кажэцкая,
аг. Гудзевічы, Мастоўскі раён.
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Фота pixabay.com
У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.
Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.