Вы тут

Няма страшнейшага звера, чым чалавек


Некалькі дзён назад Малыша дасталі з магілы. Літаральна. У прамым сэнсе. Яго закапалі жывым, і ён пяць дзён стагнаў пад зямлёй. Пакуль людзі з суседняга ўчастка не пайшлі пацікавіцца, што ж там робіцца, і не выцягнулі яго з таго свету.


Малыш (а можа, яго як інакш звалі, а можа, і не было ў яго імені зусім) — сабака. Самы звычайны дварняк. Вялікі, шэра-руды з падпалінамі, з акуратнымі вушкамі, з разумнымі добрымі вачыма. Менавіта з такога ў кіно прафесар Праабражэнскі спрабаваў зрабіць Шарыкава. Такіх у кожнай вёсцы сустрэнеш на ланцугу каля будкі — выдатныя ахоўнікі, пастухі, кампаньёны схадзіць у лес. Характар у іх бяскрыўдны, агрэсію праяўляюць, толькі калі галодныя або напалоханыя, а так — адліе гаспадыня ў міску са свінога вядра, і цюцька ўжо махае хвастом, а гаспадарскія дзеці ў ягонай будцы без страху лазяць...

Не ведаю, чым правініўся Малыш, што яго выраклі на такое страшнае пакаранне. Можа, задушыў чыю курыцу. Можа, цапнуў п'янага за нагу. А можа, проста паглядзеў у вочы недавярку, і таму сп'яну або са злосці гэта не спадабалася. Малыша прывезлі закопваць раніцай. Ледзь не ў цэнтры Старобіна, на закінутым участку. Жанчына, што жыве недалёка, бачыла, што там корпаюцца двое мужчын. Але асаблівай увагі не звярнула — думала, нешта садзяць. Пасля, калі з таго месца раздаўся немы крык, падумала, што зноў мясцовыя п'яніцы бойку ўчынілі. Пасля гукі сціхлі. Але нешта цвяліла кабету, і яна праз колькі дзён пайшла паглядзець. І пачула з-пад рыхлай зямлі ледзь улоўны стогн. Пабегла да суседа, той узяў рыдлёўку, пачаў акуратна разгортваць зямлю... Адкапаўшы сабаку, сусед, дарослы мужык, заплакаў. А Малыш глядзеў на выратавальнікаў карычневымі сумнымі вачыма, спрабаваў віляць хвастом, піў і не мог напіцца вады...

Малышом сабаку назвалі ўжо валанцёры з Салігорска, якія заняліся яго выратаваннем. Жывёлка моцна пакалечаная: акрамя таго, што прабыла доўгі час без вады, ежы і, лічы, без паветра, у яе вялікая рана на галаве (пэўна, так сабаку забівалі рыдлёўкай, а пасля, думаючы, што забілі, закапалі) і не рухаюцца заднія лапкі. Яе прывезлі ў ветклініку ў Мінск, жудасная гісторыя разнеслася па ўсіх каналах інфармацыі. На бяду, якая здарылася з Малышом, адгукнуліся сотні людзей, балазе, нумар тэлефона яго куратаркі-валанцёра таксама ў тых паведамленнях быў.

І вось тут пачынаецца гісторыя не пра Малыша, а пра людзей. Калі шчыра, я ўпершыню ў жыцці стала ўдзельніцай калектыўнага чата ў сеціве, які аб'ядноўвае карыстальнікаў не па прафесійным або тэрытарыяльным прынцыпе (так людзі адно аднаго хоць бы візуальна ведаюць). Тут прынцып быў іншы — абсалютна незнаёмыя паміж сабой людзі часова аб'ядналіся на адной пляцоўцы пад адной ідэяй: «Малыш, жыві!» (менавіта так назвалі адміністратары групу ў «Вайберы»). Я знаходжуся ў ёй ужо другі дзень, хоць рэквізіты, на якія можна адправіць дапамогу, даведалася хутка і грошы даўно пералічыла — хочацца ж ведаць навіны пра таго няшчаснага сабачку. Досвед гэтага знаходжання, скажу я вам, надзвычай цікавы, але не самы лепшы.

Дык вось, пра людзей. Людзі, як і ўсюды, розныя. Большасць з амаль двухсот удзельнікаў чата сапраўды шкадуе сабаку і гатовая дапамагаць (назавём іх бескарыслівыя): просяць рэквізіты банка, прысылаюць пацвярджэнні пералічэнняў, пытаюць, ці не трэба корм і лекі, гатовы пад'ехаць у ветклініку, узяць сабачку пасля лячэння на ператрымку. У некаторых больш эмацыянальна-дзелавы падыход: яны хвалююцца, ці знойдуць катаў, якія сабаку закапалі, паведамляюць, што звярнуліся ў міліцыю, што будуць сачыць, каб справа не была закрыта. Некаторыя (гэтых, на шчасце, менш) хвалююцца больш пра ахвяраваныя фінансы: куды былі патрачаны, колькі што каштуе, хто і калі будзе даваць справаздачу, нават пагражаюць у выпадку адсутнасці справаздачы звярнуцца ў міліцыю з заявай аб махлярстве. Бескарыслівыя ім адказваюць: маўляў, у вас адны грошы на ўме, пра Малыша ўжо не думаеце. Тыя агрызаюцца, пачынаецца пераход на асобы. Нехта спрабуе прымірыць бакі: маўляў, не сварыцеся. А многія, як і ваша пакорная слуга, з жахам моўчкі назіраюць, як ад пачатку добрая справа ператвараецца ў вэрхал і тэатр абсурду. Так і хочацца крыкнуць, як тая булгакаўская гераіня: «Обе вы хороши!» — каб усе ўражана замоўклі і падумалі аб тым, што робяць і гавораць. Але, мне здаецца, у гэтым інтэрнэтаўскім гармідары не пачулі б і ведзьмінага трубнага голасу, якім спыніла спрэчку Маргарыта...

А тыя, хто ратуе жывёлку, пэўна, да падобнага прывыклі. І спакойна робяць сваю справу. Вось у чат відэа прыслалі: Малыш сваёй параненай галавой цягнецца да рукі, што гладзіць, спрабуе варушыць задняй лапкай. Ён, напэўна, не здагадваецца, колькі людзей падключыліся да яго лёсу, не ведае, што, сам таго не хочучы, стаў прычынай спрэчак у сеціве. У яго спакутаваных вачах — іншае веданне: няма страшнейшага звера, чым чалавек.

Дарэчы, яшчэ пра людзей. Дакладней, пра нелюдзяў, якія Малыша закапалі. Я асабіста не вельмі хвалююся, ці знойдзе і пакарае іх міліцыя. Ведала калісьці ў сваім вясковым маленстве аднаго дзядзьку, які па просьбе гэткіх самых, як ён, быў гатовы за бутэльку забіць ката ці павесіць сабаку (дзецьмі мы ад яго ўцякалі, толькі згледзеўшы). Дык вось, урэшце ён павесіўся сам. Я тады верыла і веру дагэтуль, што ў свае апошнія хвіліны ён бачыў вочы жывых істот, якіх цягнуў на пакутніцкую смерць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Малыш і людзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».