Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Не з левымі і не з правымі, а з народам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па пытаннях дзейнасці палітычных партый.


Унесці ў бліжэйшы час змены ў закон «Аб палітычных партыях» дамовіліся на шостым Усебеларускім народным сходзе і, па словах кіраўніка краіны, гэтую прававую аснову дзяржава закладвае ў працэсы партыйнага будаўніцтва.

«Я, як і большасць тут прысутных, належу да пакалення, выхаванага Камуністычнай партыяй Савецкага Саюза, якая тады была стрыжнем нашага грамадства. Таму развал СССР і забарона Кампартыі ў былых саюзных рэспубліках многімі былі ўспрынятыя як здрада. З прычыны тых узрушэнняў напачатку нашай незалежнасці і будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці мы ўсведамляем: кідацца з боку ў бок нельга. А я вывеў для сябе формулу, якой прытрымліваюся да гэтага часу: не з левымі і не з правымі, а з народам. Магчыма гэта пасадзейнічала таму, што ў нас не так актыўна развівалася партыйнае будаўніцтва», — сказаў Прэзідэнт.

«Я асабіста вывеў для сябе формулу, якой прытрымліваюся да гэтага часу: не з левымі і не з правымі, з народам»

Па словах кіраўніка дзяржавы, яго пазіцыя ў пытаннях партыйнага будаўніцтва засталася нязменнай: не фарсіраваць штучна, але і не тармазіць грамадска-палітычныя працэсы.

«Яны павінны выспяваць знізу. Ніякіх праўладных партый, штучна створаных для ўтрымання ўлады. Хтосьці, магчыма, папракне, што многія гады дзяржава мэтанакіравана не стымулявала развіццё палітычных партый. Але і запыту на іх у грамадства не было. Ён і цяпер не выяўлены», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што апошнія сацыялагічныя даследаванні сцвярджаюць — узровень даверу да існуючых партый блізкі да статыстычнай хібнасці.

Паводле яго думкі, партыйнае пытанне «бударажыць розумы толькі невялікі часткі палітызаванай публікі ў буйных гарадах», і гэта неабходна ўлічваць.

«У той жа час дзейнасць дыялогавых пляцовак паказала, што беларусы гатовыя шырэй і больш актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні розных пытанняў. Прычым не толькі мясцовага ўзроўню, хоць чалавека хвалюе перш за ўсё тое, што адбываецца ў яго доме, двары, квартале. Мы адчулі гэты запыт», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён акцэнтаваў увагу: трэба старанна прадумаць механізм убудавання розных сацыяльных груп у канструктыўны дыялог, задаўшы выразныя рамкі палітычных працэсаў. Любыя крокі ў гэтым напрамку павінны прымацца па прынцыпе «не нашкодзь».

«Трэба разумець: у беларускага грамадства практычна няма досведу існавання ва ўмовах шматпартыйнасці. Грамадскі давер і аўтарытэт палітычных партый не могуць узнікнуць раптам з ніадкуль. Гэта доўгачасовы працэс, які ў заходніх краінах развіваўся не адно стагоддзе. Таму мы дамовіліся, што як у гэтым, так і ў іншых пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва нам разумней ісці эвалюцыйным шляхам з улікам нашай спецыфікі і нацыянальных інтарэсаў», — заявіў Прэзідэнт.

Гатовых рэцэптаў няма, працягуў Аляксандр Лукашэнка, і прывёў прыклад партыйнай сістэмы заходніх краіны, дзе «на месца партыйных ідэалогій прыходзяць танны папулізм і брудныя палітычныя тэхналогіі».

«Партыі ўцёмную, несалідна, у парушэнне ўсіх норм і прынцыпаў выкарыстоўваюць у палітычнай барацьбе для дасягнення сваіх карыслівых інтарэсаў асобныя групы. Гэта мы бачым не толькі на Захадзе, але і ў постсавецкіх рэспубліках, якія пайшлі гэтым шляхам, — упэўнены Прэзідэнт. — І інтарэсы часам алігархаў, дзякуй Богу іх няма ў Беларусі, накіраваны не на дабрабыт краіны, а адкрытае маніпуляванне грамадскай думкай. Нельга дазволіць, каб такія спекуляцыі на партыйнай аснове садзейнічалі штучнаму падзелу беларускага грамадства і тым больш страце дзяржаўнасці».

Партыйнае будаўніцтва, падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка, не павінна прывесці да кішэнных партый некалькіх алігархаў, што прасоўваюць свае інтарэсы.

«У пытаннях партыйнага будаўніцтва разам з забеспячэннем палітычнага прадстаўніцтва розных сацыяльных груп нам трэба перш за ўсё кіравацца пытаннямі бяспекі — кожнага чалавека, грамадства, дзяржавы. Ключавы аспект партыйнага будаўніцтва — адказнасць. Прычым на ўсіх ступенях: партыя павінна быць падсправаздачная сваім членам, грамадству і дзяржаве, радавыя члены — партыі, інтарэсам людзей і краіны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт хацеў бы бачыць у палітычных партыях кузню кадраў, якія гатовы ўзяць на сябе адказнасць за краіну. Самае галоўнае, па яго меркаванню, — якой ні была б розніца ў пунктах гледжання на шляхі развіцця краіны, суверэнітэт Беларусі, абарона інтарэсаў народа для ўсіх адказных палітычных сіл павінны стаць безумоўным прыярытэтам. Толькі такая партыйная дзейнасць мае права прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Прэзідэнт закрануў тэму фінансавання: як і ва ўсіх развітых дэмакратыях, у Беларусі палітычная дзейнасць катэгарычна не павінна фінансавацца з-за мяжы.

«І нейкія сённяшнія лідары партый думаюць, што іх дзяржава з бюджэту будзе фінансаваць — на гэта таксама разлічваць не трэба. У нас ёсць, куды дзяржаўныя рэсурсы накіроўваць», — дадаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, пра нормы дзеючага заканадаўства ў сферы замежнага фінансавання партый.

«Кожнаму, хто разлічвае на тое, што „замежжа нам дапаможа“, дасць грошай на „сацыяльны ліфт“, на нябеднае жыццё, варта раз і назаўжды зразумець: прыняў грант, грошы замежнага фонду, пагадзіўся на аплату паездак, нейкіх іншых паслуг — адразу ж дэ-юрэ і дэ-факта страціў права займацца палітыкай, прэтэндаваць на дзяржаўныя і выбарныя пасады ў Беларусі. І трэба ўзмацніць, каб гэта фактычна прывяло да ліквідацыі такой партыі», — заявіў Прэзідэнт.

Закон, які рэгулюе дзейнасць палітычных партый, павінен забяспечваць вырашэнне ўсіх пытанняў, якія ёсць і будуць, перакананы кіраўнік краіны.

Аляксандру Лукашэнку далажылі, што ўжо зроблена ў палітычным будаўніцтве, якія ёсць праблемы і што неабходна зрабіць для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага і грамадскага развіцця.

Прэзідэнт папярэдзіў распрацоўшчыкаў закона: калі дапусцяць памылку ў фарміраванні партый, спасылаючыся на замежны вопыт, краіну знішчаць.

Па яго словах, усё складанасці і магчымыя праблемныя моманты трэба прадбачыць і ў праекце закона ён знайшоў недапрацоўкі.

«Сур’ёзнейшае пытанне. Мы гэта недаацэньваем. Думаем, партыю зарэгістравалі, хай будзе. Ды так не будзе. Увесь час будзе сутыкненне інтарэсаў. Вы памятаеце ў жніўні і ў іншых месяцах хадзілі па Мінску. Але гэта адна куча была, прабачце, пратэстуноў. Супрацьстаяла ім другая сіла на чале з уладай. Дзве, а калі вываляць розныя і будуць кожны дзень хадзіць? Таму гэта найсур’ёзнейшае пытанне. Скажу сваё меркаванне: мы да гэтага не гатовы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, калі складанасці ў дзяржаве і ўвогуле ва ўсім свеце, людзі аб’ядноўваюцца вакол нейкага чалавека ці групы, разам трываюць, выжываюць.

«А мы зараз пачнём плюралізм. Памятаеце, як пры Гарбачове смяяліся? Плю-ралізм. На каго наплявалі? На саміх сябе. Непапулярна прагучыць мая заява, але вы гэта ўбачыце. Так, ёсць запыт часткі эліты, ігнараваць яго нельга. Мабыць, партыі ў плыні закона з рознымі меркаваннямі (праўладныя, апазіцыйныя) — нармальны працэс. Але мы павінны ўсё спачатку абставіць, выпрацаваць сур’ёзны закон аб партыях, каб потым не шкадаваць, што пайшлі не тым шляхам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што робіць такую заўвагу, каб «потым не было да яго прэтэнзій».

«У нас вопыту гэтага няма. Мы Савецкі саюз з-за гэтага развалілі. Гэта было на нашых вачах. Каб гэтага з Беларуссю не адбылося, я раблю адразу агаворку», — рэзюмаваў кіраўнік краіны.

Каментарый у тэму

Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі пасля нарады расказаў журналістам, што праект закона аб палітычных партыях быў тэмай дыскусій на шматлікіх пляцоўках і на нарадзе кіраўніку краіны прадставілі падыходы да яго карэкціроўкі.

«Абмяркоўвалася тэматыка пашырэння значнасці палітычных партый з улікам членства ў рэгіёнах. Прапануецца разглядзець пытанне, каб партыі былі больш прадстаўлены за кошт рэгіёнаў. Разглядаецца пытанне адносна мінімальнай колькасці членаў партыі. Не выключана, што парог у 1000 членаў будзе павялічаны», — сказаў міністр.

Па яго словах, праект закона дапоўняць нормамі, што датычыцца павышэння празрыстасці дзейнасці партыі. Па аналогіі з грамадскімі аб’яднаннямі ўстановяць штогадовае інфармаванне грамадскасці аб маёмасці і выдаткаваных сродках партыяй. Плануецца абмежаваць суму фінансавання партый адной арганізацыяй ці асобай.

«З мэтай павышэння ўнутрыпартыйнай дэмакратыі праектам закона прадугледжваецца абмежаванне сродкаў, паўнамоцтваў кіруючых органаў і кіраўнікоў палітычных партый —не больш за чатыры гады. Гэтыя паўнамоцтвы могуць працягвацца, калі на з’ездзе партыі будзе прынята адпаведнае рашэнне. Але перыядычнасць унутрыпартыйных выбараў павінна быць не радзей аднаго разу ў чатыры гады», — паведаміў Алег Сліжэўскі.

Адна з задач партыі — вылучаць сваіх членаў да ўдзелу ў выбарах. Так, па дадзеных міністра, на выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на апошняй кампаніі з 15 партый вылучылі кандыдатаў 12, а на папярэдняй увогуле толькі дзевяць партый.

«Асобныя партыі на працягу многіх выбарчых цыклаў не ўдзельнічаюць у выбарах шляхам вылучэння сваіх кандыдатаў. У гэтай сувязі для стымулявання партый прапаноўваецца замацаваць у праекце закона норму, што няўдзел палітычнай партыі ў вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на працягу двух выбарчых кампаній запар можа стаць падставай для ліквідацыі палітычнай партыі», — сцвярджае кіраўнік ведамства.

Усе гэтыя меры павінны, на думку міністра, падштурхнуць партыі да актывізацыі работы з грамадзянамі, прычым не толькі ў буйных гарадах, але і ў рэгіёнах. Па словах Алега Сліжэўскага, закон яшчэ ў распрацоўцы, але ўжо сёння партыям неабходна задумацца над зменамі —павелічэнні колькасці членаў і стварэнні арганізацыйных структур у рэгіёнах.

Наконт магчымасці за мяжой стварыць беларускую партыю міністр нагадаў: па існуючым законе заснавальнікамі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі. А праектам новага закона прадугледжана, што стварыць палітычную партыю могуць толькі грамадзяне, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі рэспублікі. «Магчыма, такая норма будзе выкарыстоўвацца не толькі да заснавальнікаў партыі, але і членаў. Нармальна і міжнародна прынята, калі палітычная партыя як арганізацыя, якая ўдзельнічае ў фарміраванні органаў улады, не атрымлівае фінансавання з-за мяжы і іншым чынам не падвяргаецца ўздзеянню з-за мяжы», — рэзюмаваў думку Алег Сліжэўскі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.