Вы тут

«Маладзечна-2021» чакае гасцей 11 і 12 чэрвеня


У чарговы раз беларуская музыка і беларускае слова падораць нам свята падчас юбілейнага ХХ Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі «Маладзечна-2021»​. Таленавітыя артысты, кампазітары, літаратары і іх прыхільнікі сустрэнуцца 11 і 12 чэрвеня. Аб ходзе падрыхтоўкі да творчага форуму і яго праграме расказалі арганізатары мерапрыемства на нядаўняй сустрэчы з журналістамі.


— Цэнтральнай падзеяй першага дня фестывалю стане традыцыйна Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, — зазначыла кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Манакова. — Па выніках рэгіянальных і абласных этапаў праслухоўванняў у рамках фестывалю 11 чэрвеня пройдзе заключны другі і трэці этапы конкурсу, у якіх возьмуць удзел 21 канкурсант з ліку найлепшых маладых выканаўцаў з усіх абласцей краіны і горада Мінска. Гэтае творчае спаборніцтва выконвае ганаровую місію па папулярызацыі творчасці сучасных беларускіх паэтаў, кампазітараў і эстрадных артыстаў.

Асноўнымі акцэнтамі творчага форуму стануць тэмы гісторыі і развіцця фестывалю, а таксама Год народнага адзінства.

— Мы разумеем, што сёлетні фестываль юбілейны, і таму, на наш погляд, ён павінен быць асаблівым, паказаць найлепшыя традыцыі, найлепшых людзей у беларускай паэзіі і музыцы, — дзеліцца начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька. — Прадугледжаны творчыя сустрэчы з беларускім паэтамі. Пакажа свой спектакль абласны драматычны тэатр. Па запрашэнні аблвыканкама прывязуць новую пастаноўку «Паўлінкі» Купалаўскага тэатра.

Канцэрт адкрыцця будзе прысвечаны юбілею беларускага кампазітара, піяніста Ігара Паліводы, якому ў маі споўнілася б 80 гадоў. Яго імя адметнае яшчэ і тым, што менавіта ён аўтар гімна «Маладзечна», які выконваюць разам артысты і гледачы падчас кожнага фестывалю. Пачуем таксама песні на вершы Уладзіміра Караткевіча. У ходзе канцэртнай праграмы пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў. Завершыць праграму другога дня гала-канцэрт рэжысёра, мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіславы Арцюкоўскай. Варта таксама адзначыць, што 13 чэрвеня ў Вялікай зале Палаца культуры горада Маладзечна своеасаблівым працягам фестывалю стане (робіцца гэта ўпершыню) канцэртная праграма Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

Канцэрт закрыцця плануюць правесці ў «сямейным» фармаце, калі на сцэне будуць прысутнічаць паэты-песеннікі, кампазітары, артысты, і такім чынам аўдыторыя згадае самыя яркія падзеі фестывалю з першых вуснаў.

— Мы ганарымся тым, што ў 1993 годзе менавіта Маладзечна стала пляцоўкай для правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. З таго часу фестываль з'яўляецца адным з самых знакавых і чаканых падзей не толькі ў нашым горадзе, але і ў найбліжэйшых рэгіёнах, — гаворыць начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Вольга Клепакова. — Разам з традыцыйнымі мерапрыемствамі, без якіх фестываль нельга ўявіць, ёсць і некаторыя навінкі ў сёлетняй фестывальнай праграме. Так, упершыню за ўсю гісторыю форуму будзе прадстаўлены арт-праект «Фестывальны шлях», які змесціць 117 банераў на металічнай агароджы парку па вуліцы Вялікі гасцінец. Там будуць адлюстраваны самыя яркія моманты фестывалю за час існавання і артысты, чые імёны звязаны з ім. Акрамя гэтага, з мэтай папулярызацыі беларускага слова і знаёмства з беларускай культурай у нас будзе рэалізоўвацца праект «Роднае слова». На вуліцах горада з'явяцца каляровыя макеты і афішы, якія прадэманструюць каларыт і багацце беларускай мовы. Фестываль праходзіць у Год народнага адзінства, таму наша мэта — злучыць людзей розных узростаў. Будуць працаваць усемагчымыя зоны адпачынку, творчасці. Тут жа размесцяцца пляцоўкі тэатральнага і цыркавога мастацтва, фотавыстаўка і многае іншае. А завяршыць работу гэтых зон плануем буйным флэшмобам «Танцавальны мікс». Я пераканана, што юбілейны фестываль беларускай песні і паэзіі стане сапраўдным святам і задаволіць самыя розныя густы.

Алена ДРАПКО

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.