На працягу года будзе завершаны буйны праект па выданні першага навуковакаментаванага збору твораў Янкі Брыля. У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі прэзентаваны першыя шэсць тамоў.
Пры рабоце над гэтым праектам былі ўлічаны заўвагі класіка. Часта пісьменнікі выказваюць свае пажаданні і прапановы датычна такіх выданняў, але Янка Брыль пакінуў літаратурнае завяшчанне з «няспешна прадуманымі заўвагамі» (гэта цытата самого майстра мастацкага слова).Такі выпадак унікальны ў сусветнай літаратуры. Дарэчы, само літаратурнае завяшчанне змешчана ў першым томе збору твораў.
У першы і другі том увайшлі апавяданні Янкі Брыля, у трэці і чацвёрты — аповесці, у пяты — адзіны раман класіка «Птушкі і гнёзды». Шосты і сёмы складаюць літаратурныя мініяцюры — менавіта іх сам Іван Антонавіч і літаратурныя крытыкі лічаць адным з самых каштоўных набыткаў. Упершыню выдаўцы падпарадкаваліся творчай волі пісьменніка і змясцілі літаратурныя мініяцюры адным тэкстам.
Падчас прэзентацыі дачка Янкі Брыля Наталля Семашкевіч расказала, што бацька добра паклапаціўся пра захаванне сваёй спадчыны, упарадкаваў яе і яшчэ ў дзевяностыя гады пачаў падаваць дакументы ў архівы. Калі яго не стала, родныя знайшлі папку, падпісаную «Завяшчанне», дзе былі распісаны крокі, якія трэба зрабіць нашчадкам. Так, пісьменнік прасіў здаць у архівы свае кнігі ад першай за 1946 год да апошняй (кніга «Парастак» выйшла ў 2006 годзе за два тыдні да таго, як пісьменніка не стала), а таксама перадаць дзённікі і ўспаміны. Сям'я выканала наказ — перадала дакументы ў аддзел рэдкіх рукапісаў коласаўскай бібліятэкі. Для новага праекта сям'я дапамагла падабраць фотаздымкі.
«Калі ўлічыць, што бацька быў дзясятым у сям'і, колькасць сваякоў нямераная, і разабрацца ў іх было вельмі складана нават нам, не тое, што даследчыкам. Так, тры Шуры згадваецца ў дакументах альбо я дакладна ведаю тры Андрэі Брылі», — дзеліцца Наталля Іванаўна. Яна заўважае, што Янка Брыль быў вельмі акуратным у папяровых справах. Яго фотаархіў раскладзены па падпісаных папках. Напрыклад, у папцы «Мае падарожжы» здымкі, зробленыя ў розных краінах, захоўваліся ў асобных канвертах.
Сёмы том збору Янкі Брыля ўжо знаходзіцца ў выдавецтве. У восьмым будуць змешчаны нарысы і літаратурныя партрэты, у дзявятым — літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, інтэрв'ю. А завершыць выданне том з эпісталярнай спадчынай.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Прэв'ю: pixabay.com
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.