Вы тут

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай


Знакамітыя бярозаўскія чырвоныя казармы сёння выглядаюць даволі прывабна і здольны зацікавіць любога падарожніка. Усё ж узор ваеннай архітэктуры ХІХ стагоддзя, некалі тут кватараваў 151-ы Пяцігорскі пяхотны полк Расійскай імперыі. Была ў гісторыі казарм і савецкая армейская старонка. Але ж галоўную сваю сумную вядомасць яны набылі з-за перыяду з 1934 да 1939 года, калі сталі месцам канцэнтрацыйнага лагера. І гэтая пяцігодка ўмясціла столькі болю, пакут, што хопіць на сотню гадоў усведамлення.


Хутка і моўчкі — правілы лагера ізаляцыі

Старшы навуковы супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна КРАЎЧУК заўважае, што гісторыя аднаго з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя яшчэ не дастаткова вывучана. Розныя крыніцы называюць ад 8 да 10 тысяч вязняў, якія прайшлі праз засценкі. Маюцца звесткі, што ў апошні год існавання лагера людзей прывозілі і змяшчалі часам нават без дакументальнага афармлення. Некаторыя паперы прапалі. Але і тое, што вядома ды пацверджана архіўнымі матэрыяламі, успамінамі былых вязняў, уражвае, прымушае думаць, разважаць і захоўваць памяць.

У краязнаўчым музеі ёсць пастаянна дзеючая экспазіцыя, якая расказвае пра рэжым утрымання і асаблівасці лагернай сістэмы, якая адрознівалася асаблівай жорсткасцю. Першы камендант лагера Грэфнер казаў так: «З нашага лагера можна выйсці альбо на ўласнае пахаванне, альбо ў дом вар'ятаў». У жыцці вязняў было два асноўныя правілы. Першае — усе загады паліцэйскіх і наглядчыкаў трэба было выконваць хутка і моўчкі. А другое — нельга было размаўляць. Збівалі за любую правіннасць альбо проста так. Як успаміналі былыя вязні, над лагерам заўсёды стаяла цішыня. Не дзіва, што многія паміралі, нямала было і такіх, хто страчваў розум.

Рашэнне аб стварэнні лагера ў Бярозе-Картузскай было прынята на трэці дзень пасля забойства 15 чэрвеня 1934 года міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Перацкага баевіком Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Рыгорам Мацейкам. Спачатку лагер прызначаўся для нейтралізацыі радыкальна настроеных асоб з Заходняй Украіны. Потым сюды сталі заганяць польскіх радыкалаў, за імі пайшлі члены кампартыі Заходняй Беларусі, потым — польскія фінансавыя дзялкі ды розныя людзі па падазрэнні ў любой нелаяльнасці рэжыму.

Спачатку быў устаноўлены тэрмін «перавыхавання» ў тры месяцы. Менавіта столькі можна было трымаць без суда па адміністратыўным рашэнні паліцыі альбо кіраўніка ваяводства. За гэты час, як лічылася, чалавека можна было зламаць маральна, каб ён не ўяўляў ніякай небяспекі для рэжыму. Але ж сядзелі, як правіла, больш, бо адміністрацыя лагера магла дабавіць тэрміну (пакінуць вязня на паўторныя тры месяцы), чым часта і карысталася. Пазней сталі змяшчаць адразу на сто дзён. А здзекаваліся тут па-зверску.

Былы рэдактар Бярозаўскай раённай газеты «Маяк» Яўген СЯЛЕНЯ сустракаўся з многімі былымі вязнямі, напісаў шэраг артыкулаў, даследаванняў, запісаў успаміны сведак. Яго калега, бярозаўскі краязнаўца Разалія КАРПЕШ, якая прысвяціла гэтай тэме не адзін газетны матэрыял і размаўляла са спецыялістамі, відавочцамі, кажа, што лагер быў ва ўсім падобны на канцлагеры нацыстаў. Тэрыторыя была абгароджана калючым дротам у пяць радоў пад напружаннем. Яе акаляў шырокі равок з вадой. На драўляных вартавых вежах былі ўстаноўлены кулямётныя гнёзды. Цікава, што гараджане жылі побач, і, можна сказаць, не ведалі, што робіцца за сценамі. Так гаварыла бабуля Разаліі Станіславаўны, якая ў той час прыходзіла ў Бярозу з вёскі па пакупкі. У горадзе ж не было прынята гаварыць пра гэтую ўстанову, а ў лагеры, як ужо сказана, заўсёды стаяла цішыня.

«Крывавая дарожка»

І толькі пасля вызвалення Чырвонай арміяй Заходняй Беларусі ў 1939-м многія, хто сядзеў, пачалі расказваць. Што, напрыклад, у іх была свая класіфікацыя наглядчыкаў: «кат, раз'юшаны кат, рэлігійны фанатык і садыст». А праз гады, калі звярнуліся да дакументаў і сведак, высветліліся страшныя падрабязнасці. Лагер у Бярозе-Картузскай меў спецыяльны статус, яго называлі «лагерам ізаляцыі». Польскія ўлады стварылі яго на аддаленай тэрыторыі знарок, каб ніякія прадстаўнікі Лігі нацый, Чырвонага Крыжа альбо замежныя журналісты не даехалі, не пацікавіліся ўмовамі ўтрымання праціўнікаў рэжыму і прадстаўнікоў нацменшасцяў.

Цікава, што значную частку аховы складалі такія вайскоўцы і паліцэйскія, якіх ссылалі сюды за розныя парушэнні, нярэдка звязаныя з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, калі не сказаць злачынстваў. А тут яны знаходзіліся без сем'яў, час бавілі ў бясконцым п'янстве, да таго ж не мелі ніякіх абмежаванняў у рэалізацыі сваіх садысцкіх замашак. А калі іх ніхто не стрымліваў, а, наадварот, заахвочваў, то гэта вылівалася, бывала, у абсалютныя зверствы. Ва ўспамінах аднаго з вязняў чытаем: «Звычайнай забавай ахоўнікаў было пазбаўленне людзей магчымасці спраўляць свае натуральныя патрэбы. На апраўку ў прыбіральню выводзілі раз на дзень ранкам у чатыры з хвілінамі. Ахоўнік пачынаў лічыць: адзін, два, тры, тры з паловай... чатыры. Калі за гэтыя секунды чалавек не паспяваў справіць патрэбу і ўзняцца з кукішак, то яго білі па галаве, і ён мог упасці ў ачко. Хто маладзейшы, натрэніроўваў свой арганізм так, што здолеў паспяваць. Але горш за ўсё было немаладым, часцей такімі аказваліся яўрэі, якіх прызнавалі спекулянтамі. Па прычыне ўзросту яны нярэдка пакутавалі на запоры, а немагчымасць апаражніць кішэчнік прыводзіла да сур'ёзных пашкоджанняў унутраных органаў».

Былі і аднаразовыя «выхаваўчыя акцыі», пра якія лепей не чытаць людзям з аслабленай нервовай сістэмай. Напрыклад, кіраўніку АУН на Валыні Уладзіміру Рабітніцкаму ломам выбілі зубы, каб накарміць яго калам цераз шланг. Што ўжо казаць пра звычайную лагерную «прафілактыку» ў карцэры без яды і сну альбо «крывавую дарожку», па якой належала прапаўзці па бітай цэгле і шкле.

«Мы мацней за стыхію, мы — людзі»

У розныя гады тут сядзелі Мікалай Максімовіч, рэктар Львоўскага ўніверсітэта з 1963 да 1981 года, Мікалай Ваўрысевіч, украінскі краязнаўца, этнограф, пісьменнік і журналіст, Васіль Бандэра — брат Сцяпана Бандэры, актыўныя члены КПЗБ Іосіф Жыўлюк, Іван Калеснікаў, Вера Іскрык.

Разалія Карпеш нагадала, што 23 красавіка споўніцца 110 гадоў з дня нараджэння ўкраінскага паэта Аляксандра Гаўрылюка. Ён сядзеў у Бярозе двойчы. Тут пачаў пісаць сваю паэму пра лагер «Песня з Бярозы». Калі ахоўнікі знаходзілі ў яго шматок паперы, Аляксандра збівалі, а запісы знішчалі. Але ён не здаваўся, не пакідаў занятак і нарэшце знайшоў выйсце: нешта запамінаў сам, ноччу дыктаваў складзенае таварышам — яны стараліся запомніць радкі. Пасля выхаду ўзнавіў запісы. Сам Гаўрылюк загінуў 22 чэрвеня 1941 года, калі немцы бамбілі Львоў. А паэма выйшла ў 1980-м на ўкраінскай мове. Потым яе пераклалі на рускую, а на беларускую пераклала Ніна Мацяш. «Мы мацней за стыхію, мы — людзі», — напісаў тады паэт Гаўрылюк, і гэтая думка грэла душу, дапамагала выстаяць іншым.

У 1967 годзе была наладжана сустрэча былых вязняў Бяроза-Картузскага лагера. Тады ў Бярозу прыехала больш за сто чалавек з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы. Яўген Сяленя з некаторымі з іх запісаў інтэрв'ю. Успаміны сталі бясцэнным матэрыялам для далейшых даследаванняў. Людзі ў адзін голас гаварылі, як важна ўсё гэта захоўваць.

Дзеля памяці

На сустрэчы былыя вязні расказвалі і аб тым, як працавала прапаганда рэжыму. Людзей у навакольных вёсках запэўнівалі, што ў турме сядзяць страшныя забойцы, гвалтаўнікі і бандыты. Калі яны вырвуцца адтуль, то ўсіх пераб'юць. І людзі верылі, больш за тое, дапамагалі назіраць, каб ніхто з лагера не сышоў, з боязі, што пачнуцца забойствы ды падпалы. Таму, калі напярэдадні 17 верасня 1939 года ахова проста разбеглася, саслабелыя, змучаныя, яны выйшлі, а мясцовыя людзі баяліся, закрывалі весніцы, нельга было часам дапрасіцца і кавалка хлеба. Але ж гэта было вызваленне!

Пройдзе час, і з'явяцца кнігі з успамінамі, сведчаннямі. Зборнік «Яны не сталі на калені» пра вязняў Бярозы-Картузскай убачыў свет у 1966 годзе. Яўген Сяленя з галавой акунуўся ў тэму, калі працаваў над кнігай «Памяць» Бярозаўскага раёна. Кніга, дарэчы, выйшла другой па ліку ў краіне. Даволі вялікі раздзел у ёй прысвечаны лагеру ў Бярозе-Картузскай. Пазней бярозаўскі рэдактар выступаў з публікацыямі пра лагер у рэспубліканскіх газетах. Яўген Васільевіч у размове з карэспандэнтам «Звязды» адзначыў, што ў апошнія гады і дзесяцігоддзі СМІ мала згадвалі пра гэты канцлагер. Але паводле яго пераканання, забываць гэтую драматычную старонку гісторыі не варта, найперш для таго, каб такое ніколі не паўтарылася, каб падобныя мясціны альбо аб'екты былі музеямі альбо іншым чынам служылі людзям.

Дарэчы, у знакамітых чырвоных казармах зараз размяшчаюцца дзіцячая бібліятэка, галерэя мастацтваў, раённы цэнтр рамёстваў. У будынку, дзе знаходзілася лагерная адміністрацыя, працуе гандлёвы цэнтр. Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц


Забыццю не падлягае

У Трэцім рэйху і на акупаваных гітлераўцамі тэрыторыях было каля 14 000 канцлагераў. Праз іх прайшло 18 мільёнаў грамадзян з трыццаці краін. 20 працэнтаў ад усёй колькасці вязняў складалі дзеці.

Канцлагеры нездарма называлі «машынамі смерці», — 60 працэнтаў нявольнікаў было знішчана. З пункту гледжання дзяржаўнай прыналежнасці, больш за ўсё было забіта грамадзян СССР (45,4 %), з пункту гледжання нацыянальнай прыналежнасці — яўрэяў (54,5 %).

Змяшчалі ў канцлагер у абсалютнай большасці выпадкаў без суда і следства. Адны траплялі сюды, таму што не падзялялі палітыку нацыянал-сацыялізму, другія — па сацыяльных прыкметах. Аграмадны людскі масіў утрымліваўся па прычыне «расавай непаўнацэннасці». Частка вязняў прадстаўляла рэлігійныя канфесіі, якія ідэолагі Трэцяга рэйха лічылі шкоднымі.

Людзей пазбаўлялі жыцця шляхам атручэння ядавітым газам, у лагерах працавалі газавыя камеры. Вязні праходзілі праз зверскія катаванні, холад, голад, яны станавіліся матэрыялам для нечалавечых медыцынскіх доследаў. Нацысты выкарыстоўвалі рабскую працу вязняў канцлагераў.

Загаловак у газеце: Гаротная «Песня з Бярозы»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.