Вы тут

За 2020 год у тэхнапарках, дзе цяпер зарэгістравана 200 рэзідэнтаў, выпушчана прадукцыі больш чым на 200 мільёнаў рублёў


3,5 тысячы рабочых месцаў было створана ў 18 навукова-тэхналагічных парках, якія дзейнічаюць у нашай краіне. За 2020 год у тэхнапарках, дзе цяпер зарэгістравана 200 рэзідэнтаў, выпушчана прадукцыі больш чым на 200 мільёнаў рублёў. Для параўнання: у 2016 годзе налічвалася 128 рэзідэнтаў, а аб'ём прадукцыі складаў 77 мільёнаў рублёў. Гэтыя лічбы агучыў падчас круглага стала, які прайшоў у прэс-цэнтры БелТА, начальнік аддзела развіцця інавацыйнай інфраструктуры, камерцыялізацыі і інтэлектуальнай уласнасці Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй САСНОЎСКІ.


Фота БЕЛТА.

Усяго за пяцігодку ў тэхнапарках атрымана прадукцыі больш чым на 700 мільёнаў рублёў. «2020 год быў хоць і складаны, але паспяховы. Інвестары разумеюць, што нават у няпросты час укладацца ў інавацыйныя прадпрыемствы перспектыўна і важна для эканомікі краіны», — падкрэсліў Андрэй Сасноўскі.

Паводле яго слоў, у тэхнапарках магчымая любая навуковая, навукова-вытворчая і інавацыйная дзейнасць. Некаторыя з іх спецыялізуюцца на канкрэтных кірунках, напрыклад біятэхналогіях. Дзейнічаюць таксама акселерацыйныя альбо інжынерныя тэхнапаркі, якія збіраюць вакол сябе перспектыўныя малыя інавацыйныя прадпрыемствы і дапамагаюць ім пашыраць аб'ёмы вытворчасці прадукцыі і ствараць рабочыя месцы. У краіне ёсць і ўніверсітэцкія навукова-тэхналагічныя паркі, у якіх у тым ліку рэалізоўваюцца праекты выпускнікоў ВНУ. Тэхнапаркі створаны на базе БДУ, БНТУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У найбліжэйшы час плануецца рэгістрацыя новага тэхнапарка ў БДУІР.

У Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях дзейнічае па два тэхнапаркі, у Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай абласцях і Мінску — па тры. У планах — павялічваць іх колькасць. Чакаецца, што тэхнапаркі з'явяцца ў Лідзе, Оршы, Бабруйску, Маладзечне і Кобрыне. «Ёсць планы не толькі па тэхнапарках, але і ў цэлым па суб'ектах інавацыйнай інфраструктуры. Іх павінна быць не менш як 29 да канца пяцігодкі. Гэта значыць, трэба ствараць і цэнтры трансферу тэхналогій, і венчурныя фонды. Таксама чакаем ад тэхнапаркаў і іх рэзідэнтаў амаль 1 мільярд выручкі і тысячу новых рабочых месцаў», — праінфармаваў Андрэй Сасноўскі.

Дацэнт кафедры дзяржаўнай эканамічнай палітыкі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ірына МАЛЬГІНА лічыць, што тэхнапаркам неабходна аб'яднацца ў асацыяцыю. «Нашы тэхнапаркі не павінны прабівацца на міжнародныя пляцоўкі паасобку. Мэтазгоднае стварэнне цэнтралізаванай асацыяцыі, якая б абараняла інтарэсы тэхнапаркаў у органах дзяржкіравання, дапамагала рэзідэнтам выходзіць на міжнародную арэну. Ідэя такой асацыяцыі ўжо была апрабаваная ў 2001 годзе. Можа, магчыма гэта паўтарыць. Акадэмія кіравання гатовая забяспечыць сваю метадалагічную і экспертную дапамогу», — заявіла яна.

На думку Ірыны Мальгіной, функцыянаванне тэхнапаркаў — важны элемент дзяржаўнай палітыкі ў сферы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і інавацый. «Каб навукова-тэхналагічныя паркі развіваліся, паміж імі павінна быць канкурэнцыя. Таксама важны прыток інавацыйнага бізнесу ў тэхнапаркі, цэнтры прататыпіравання», — звярнула ўвагу яна.

Андрэй Сасноўскі таксама лічыць, што пытанне стварэння асацыяцыі ўжо наспела: «Думаю, сёлета мы збяром круглы стол з усімі тэхнапаркамі і будзем абмяркоўваць гэтае пытанне. Навукова-тэхналагічных паркаў ужо нямала, у гэтым годзе будзе зарэгістравана яшчэ некалькі, так што ёсць магчымасці для фінансавання асацыяцыі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Тэхнапаркі: учора, сёння і заўтра

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.