Вы тут

Bonjour, вясновы манікюр! Але не варта расслабляцца


Пасля доўгіх халадоў хочацца хутчэй зняць пальчаткі і лавіць сонечны вітамін D кожнай клетачкай. Але не варта расслабляцца: вясной наша скура асабліва далікатная. У міжсезонне часта назіраюцца рэзкія перапады тэмператур, высокая вільготнасць і сцюдзёныя вятры, таму важна надзяліць пільную ўвагу нашай скуры, асабліва на руках: яна мае павышаную патрэбу ў падсілкоўванні, увільгатненні і ахове.


Догляд за скурай рук вясной можна падзяліць на некалькі этапаў:

 • Ачышчэнне

Толькі пасля выдалення забруджванняў і змярцвелых клетак скура добра засвойвае карысныя кампаненты пажыўных, увільгатняльных і аднаўляльных рэчываў. Увесну ачышчэнне рук павінна быць максімальна засцерагальным. Каб не перасушыць скуру, старайцеся выкарыстоўваць мяккае мыла з ахоўнымі кампанентамі, вітамінамі, матачным малачком і гліцэрынай.

• Скрабіраванне

Існуе памылковае меркаванне, што, калі скура сухая, яе варта змякчаць тлустым крэмам. Гэта не зусім так. Для пачатку трэба разабрацца з агрубелымі клеткамі эпідэрмісу, якія выклікаюць лушчэнне. Ад гэтага можна пазбавіцца пры дапамозе пілінгу: механічнага або хімічнага, з фруктовымі кіслотамі.

Можна зрабіць скраб у хатніх умовах: да некалькіх сталовых лыжак гушчы ад выпітай кавы прымяшаць па 1 ст. л. тлустай смятаны і натуральнага мёду. Масажыраваць кожны палец, усю кісць і вышэй да локця. Сумесь можна пакінуць на скуры да 10 хвілін як пажыўную маску. Змыць цёплай вадой.

Ужывайце скраб для рук не часцей, чым адзін раз на тыдзень, каб не траўміраваць скуру.

• Сілкаванне і ўвільгатненне

Увесну асаблівую ўвагу трэба надаць пажыўным крэмам для рук. Калі вы выкарыстоўваеце ўвільгатняльныя сродкі, то лепш дадаткова абараніць скуру адмысловымі крэмамі. Асабліва гэта актуальна перад выхадам на вуліцу. Для вясны пажыўны крэм павінен утрымліваць натуральны алей, раслінныя экстракты, марскія кампаненты, вітаміны А, С і Е.

Памятка догляду за рукамі

ШКОДНА

КАРЫСНА

Мыць рукі ў халоднай ці гарачай вадзе

Мыць вадой хатняй тэмпературы

Выкарыстоўваць гарачае паветра пры сушцы рук, выціраць рукі грубай тканінай пасля мыцця або пакідаць іх мокрымі

Прамакнуць рукі сухой папяровай сурвэткай

Ігнараваць пальчаткі

Выкарыстоўваць у халоднае веснавое надвор'е лёгкія пальчаткі з тонкай тканіны

Карыстацца бытавой хіміяй для догляду за домам без аховы рук

Прыбіраць у гумовых пальчатках, пасля не забываць сілкаваць і ўвільгатняць скуру

Карыстацца толькі крэмам для рук

Рабіць маскі, пілінг, масаж для скуры рук

Топ-7 трэндаў вясны-2021

Акрамя мяккай і здаровай скуры нашы рукі ўпрыгожвае манікюр. Якія тэндэнцыі можна вылучыць вясной-2021?

Напаўпразрыстыя і нюдавыя пазногці ў тандэме з абстракцыяй і кантраснымі малюнкамі скараюць модніц. Нюдавы манікюр у новым сезоне стылісты прапануюць упрыгожыць ручным роспісам, налепкамі і каляровымі кончыкамі (прычым на кожным пальцы колеры могуць быць рознымі). Выглядае такі дызайн пазногцяў арыгінальна і адрастае не так прыкметна.

Яркая геаметрыя і экспрэсіянізм. Не бойцеся выкарыстоўваць розныя колеры і ўзоры. Можна спалучаць фігуры з кідкай абстракцыяй або разводамі. Адным словам, дэвіз гэтага трэнду: «Намалюйце графіці на сваіх пазногцях!»

Нестандартны фрэнч. Не бойцеся мадэрнізаваць французскі манікюр. Гэта можна зрабіць не толькі за кошт каляровых кончыкаў, але і за кошт стварэння незвычайнай «усмешкі». Таксама ў трэндзе мікрафрэнч — вельмі зручна для тых, хто мае кароткія пазногці.

Градыент. Гэта можа быць пераход колеру як на адным пазногці, так і ад пальца да пальца. Градыентны манікюр можна спалучаць з іншымі тэхнікамі. Напрыклад, дадаваць малюнкі, кропкі, узоры і абстракцыі. Галоўнае — не перагружаць пазногці.

Пастэльныя тоны. Далікатныя і мяккія пастэльныя адценні вясной традыцыйна будуць папулярныя. Самыя актуальныя тоны — ружовыя, бледна-ліловыя і нюдавыя.

Металік. Адзін з самых папулярных трэндаў манікюру. Тонкія залатыя палоскі і бліскучыя зорачкі, фальга і глітэр, лакі колеру золата і срэбра — усё гэта надае манікюру святочны настрой.

Прыродныя фактуры. Мармур, біруза, граніт і многія іншыя каштоўныя пароды мінералаў натхняюць сваімі незвычайнымі ўзорамі на стварэнне нэйл-арту. Ён стыльны і натуральна глядзіцца на пазногціках любой формы і даўжыні.

МОДНЫЯ ФОРМЫ ПАЗНОГЦЯЎ

Міндалепадобная

Такі выбар робіць ваш агульны вобраз візуальна далікатным, асабліва калі вы выбралі лакі светлай або пастэльнай гамы. Зрэшты, цёмныя насычаныя адценні таксама іграюць.

Вострая

Гэты трэнд усё часцей мільгае на пазногціках модніц. Нават калі вострыя пазногці нафарбаваць звычайным лакам, яны не застануцца незаўважанымі.

Авальная

Авальная форма пазногця паўтарае абрысы яго лункі. Плюс у тым, што яна аднолькава добра глядзіцца і на доўгіх, і на кароткіх пазногцях.

Круглыя

Круглыя пазногці нязменна асацыіруюцца з акуратным жаноцкім вобразам. Для доўгіх пазногцяў лепш выбіраць альтэрнатыўныя варыянты (той жа авал або міндаль), а вось для кароткіх найлепшай формы не прыдумаць.

Мяккі квадрат

Многія да гэтага часу не прызнаюць ніякіх іншых формаў. Яна дазваляе разнастаіць манікюр за кошт небанальнага падбору тэкстур і ўзораў.

«Балерына»

Экстравагантная форма, але ў яе сёння шмат прыхільнікаў, у тым ліку сярод артыстаў кіно і эстрады. Памятайце, што «балерына» — варыянт спрэчны, калі гаворка ідзе пра дзелавы манікюр.

Віталіна Бандаровіч

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.