Вы тут

Мастак Напалеон Орда іграў з Шапэнам у чатыры рукі


Прырода шчодра адарыла Напалеона Орду талентамі. У ім дзіўным чынам спалучаліся мастацкія і музычныя дараванні, дзелавітасць і рамантызм, патрыятызм і інтэрнацыяналізм. Каб ён засяродзіўся на адным са сваіх дараванняў, дык мог дасягнуць вяршынь у выбранай вобласці дзейнасці. Тым не менш, ён пакінуў прыкметны след у беларускай культуры.


Напалеон падзяліў лёс многіх юнакоў-патрыётаў з беларускай шляхты, якія ненавідзелі царызм. Рамантычныя і высакародныя, яны гатовыя былі ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Радзімы. Падчас вучобы ў Свіслацкай гімназіі Орда ўступіў у тайнае студэнцкае таварыства «Заране». Калі ў 1827 годзе таварыства выкрылі, Орда разам з іншымі апынуўся ў турме. Больш за год вялося следства. Орду з кляймом «палітычна нядабранадзейнага» вызвалілі, і яму нічога не засталося, як паступіць жаўнерам на службу ў конную гвардыю Літоўскага корпуса расійскай арміі. Доўга не служыў, бо ў 1830 годзе ён перайшоў на бок польскіх паўстанцаў. У чыне падпаручніка Орда змагаўся ў паўстанцкім войску, атрымаў за мужнасць ордэн «Virfuti Militari» («Ваенная доблесць») і званне капітана. Пасля падаўлення паўстання ў 1831 годзе Орда выехаў за мяжу, жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі, а з 1833 па 1856 гг. — у Парыжы. Яго як злачынцу «2 разрада» пазбавілі правоў на родавы маёнтак Варацэвічы Кобрынскага павета, які пакінулі ў пажыццёвае валоданне яго маці. Пазбаўлены матэрыяльнай падтрымкі з дому, Орда жыў у эміграцыі са сваёй працы — ён быў мастаком, выкладчыкам музыкі, нават адзін час (1843 г.) дырэктарам італьянскай оперы ў Парыжы. Вось калі яму прыдаліся ягоныя дараванні. Музычнае, як матчыная спадчына, бо яго маці Юзэфа з пінскага роду Бутрымовічаў была таленавітай піяністкай, яна і перадала сыну захапленне музыкай. А вось маляваннем ён захапіўся яшчэ ў юнацтве. У падарожжах па Еўропе Орда алоўкам маляваў відарысы прыкметных і славутых мясцін, выдатных архітэктурных помнікаў. Орда дакладна і дэтальна пераносіў на паперу помнікі архітэктуры. Сябрам падабаліся гэтыя малюнкі. У Парыжы Орда ўдасканаліў сваё майстэрства пад кіраўніцтвам вядомага французскага мастака П’ера Жырара — майстра архітэктурнага пейзажа. Адначасова Орда ўдасканальваў сваю ігру на піяніна і фартэпіяна. Музыка паспрыяла сяброўству Напалеона Орды з вялікім Фрыдэрыкам Шапэнам. Гэта была сяброўства не настаўніка з вучнем, а двух выдатных музыкантаў. Яны любілі іграць у чатыры рукі. Кампазітар Феранц Ліст ацаніў яго музычны талент і параіў Напалеону сур’ёзна заняцца кампазіцыяй. Парада прыйшлася дарэчы, Орда захапіўся напісаннем музыкі папулярных і модных мелодый паланезаў, мазурак, вальсаў, полек, накцюрнаў, серэнад, песень. Музыку Орды высока ацанілі такія класныя маэстры, як Шапэн, Ліст, Джаакіна Расіні і Гаэтана Даніцэці. Орда дасягнуў высокага майстэрства фартэпіяннай ігры і карыстаўся ў Парыжы славай як выдатны педагог. Педагагічная дзейнасць давала заробак і дазваляла здзяйсняць падарожжы па Еўропе. З планшэтам, алоўкам і фарбамі ён аб’ездзіў Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію, Іспанію, Алжыр і Скандынавію. Усяго здзейсніў 13 падарожжаў. Яго малюнкі карысталіся поспехам. І як толькі ў 1856 годзе царскі ўказ абвясціў амністыю паўстанцам, Напалеон Орда, пакінуўшы ў Парыжы жонку Ірэн Багле і сына Вітальда, вярнуўся на радзіму ў Варацэвічы.

Мала што змянілася на радзіме. Родныя Варацэвічы, пасля смерці маці Напалеона ў 1859 годзе, забралі царскія ўлады. Орда заняўся гаспадаркай у арэндаваных фермах і тут дасягнуў поспеху. У гаспадарцы налічвалася больш за тысячу галоў жывёлы. А мастацтва засталося, як захапленне для душы. І тут лёс Напалеона Орды рэзка змяніўся.

Царскія ўлады падазравалі Орду ў падтрымцы паўстання 1863–1864 гадоў. Супраць яго пачалося следства, і высветлілася, што Орда адаслаў некаторых сваіх дваравых людзей у паўстанцкі атрад. Орду арыштавалі і зняволілі ў адным з пакояў Кобрынскага шпіталя. Пасля года звязення Орду высылалі ў глыб Расіі — зноў пазбаўлялі Радзімы. Аднак пасля дазволілі жыць на Радзіме пад наглядам паліцыі. Дзякуй Богу, што ўлада бяссільная адабраць у творцы яго Божы дар. Жывучы безвыездна ў Моладове, маёнтку сваёй сястры Гартэнзіі Скірмунт, Орда шмат малюе і музыцыруе, ён вярнуўся да мастацтва. Пазней, калі ён вучыў музыцы і маляванню сына генерала Адама Ржэвускага ў Чуднаве на Валыні, прыходзіць да думкі ўвекавечыць у малюнках «старыя руіны замкаў і выдатныя рэзідэнцыі, што сведчаць аб прыгажосці і цывілізацыі краю».

Больш за дваццаць гадоў, да самой сваёй смерці 26 красавіка 1883 года, Напалеон Орда прысвяціў ажыццяўленню сваёй вялікай задумы — занатаваць «рэшткі нашага мінулага і цывілізацыі». Ён аб’ездзіў землі, некалі злучаныя агульныя гістарычным лёсам у адной дзяржаве Рэчы Паспалітай — Палессе, Беларусь, Ліфляндыю, Валынь, Падолле, Украіну, Падляшша, Мазовію, Літву, Познаньшчыну, Прусію. Пабываў у больш за 580 населеных пунктах: гарадах, мястэчках, вёсках, маёнтках, фальварках. У падарожжа ён накіроўваўся летам, а зіму праводзіў у Пінску, разам з сям’ёй сястры Гартэнзіі ў палацы Бутрымовічаў. Орда намаляваў больш за тысячу відарысаў. Звычайна ён маляваў алоўкам на невялікім па фармаце (даўжынёй не больш за 30 см) аркушы, а пасля расфарбоўваў малюнак акварэллю. Пратакольна сухі жанр, як архітэктурна-ландшафтны пейзаж, ён ператварыў у сапраўднае мастацтва. Сваім талентам мастака Орда ўвекавечыў памяткі гісторыі, дарагія сэрцу беларусаў, літоўцаў, украінцаў, латышоў, палякаў. Дзякуючы Ордзе мы маем магчымасць убачыць страчаную архітэктурную спадчыну Беларусі.

Многія малюнкі Орды пераводзіліся ў літаграфію і друкаваліся ў папулярных польскіх часопісах, што прынесла яе аўтару шырокую вядомасць. Зрэшты Орда ўзяўся за выпуск літаграфій асобнымі альбомамі. Ён паспеў выдаць восем такіх альбомаў з 250 літаграфіямі Алаіза Місяровіча. Гэта было ўнікальнае выданне. «Гэтыя краявіды — адзіны такога роду збор. Не ведаю чалавека, які б адважыўся на нешта падобнае», — дзяліўся з Ордай сваім уражаннем ад альбомаў яго славуты зямляк Юзаф Ігнаці Крашэўскі.

А калі дадаць, што ягоную «Граматыку музыкі», выдадзеную ў 1873 годзе, хваліў сам Станіслаў Манюшка, а ягоныя творы выконваліся лепшымі аркестрамі, а сам ён актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці краю, становіцца адным з заснавальнікаў мінскага музычнага таварыства, стварае ў Пінску фонд для падтрымкі здольных вучняў рэальнай школы, дык ён як творца адбыўся, адбыўся ён і як асоба. «Высакародная асоба, чалавек, жыццё якога было чыстым, як сляза, як шабля воіна, а найперш — горача любячы Айчыну сын», — напісаў у некралогу паэт Адам Плуг.

І лепшым помнікам творцу сталі яго творы, у якіх ён праславіў творчы геній чалавека і сваю радзіму.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».