Вы тут

У Музеі кнігі прадставяць ўнікальную сямейную перапіску XIX стагоддзя і кнігі са знакамітай бібліятэкі Храптовічаў


15 красавіка а 16-й падчас адкрыцця выставы ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўпершыню будуць прадстаўлены ўнікальная сямейная перапіска XIX стагоддзя і кнігі са знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах вернутыя з Германіі. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Суша.


Лісты прадстаўнікоў рода Храптовічаў і тры кнігі былі вернутыя на Беларусь з Германіі ў лютым 2020 года і з таго часу захоўваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Вяртанне адбывалася намаганнямі дабрачыннага фонда «Шчорсы і Храптовічы». Некалі кнігазбор Храптовічаў, які пачаў збірацца канцлерам Іяхімам Літаворам Храптовічам у XVIII стагоддзі, лічыўся адной з найбагацейшых бібліятэк ва Усходняй Еўропе.

Як старажытныя кнігі, так і перапіска на французскай мове — гэта надзвычай каштоўныя помнікі свайго часу, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся і не дэманстраваліся для публікі. У 2020 годзе са згоды апошніх уладальнікаў адшуканыя каштоўныя дакументы былі перададзены ў Беларусь. У межах адкрыцця выставы адбудзецца афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Падчас адкрыцця выставы будзе праведзены брыфінг для журналістаў. На ім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і дабрачыннага фонда «Шчорсы і Храптовічы» распавядуць пра першы вопыт вывучэння кніг і ліставання Храптовічаў, звернуць увагу на іх значэнне для беларускай і сусветнай культуры, а таксама пра новыя крокі ў вывучэнні гісторыі роду Храптовічаў, іх спадчыны ў Беларусі і замежжы, шляхі яе вяртання на Радзіму.

Таксама на выставе будуць прадстаўленыя мастацкія працы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі на летніках па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018–2019 гадах.

Выстава «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання» арганізавана сумесна дабрачынным фондам «Шчорсы і Храптовічы» і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі з 15 па 30 красавіка 2021 г.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.