Вы тут

У Гомелі адбудзецца Дзень памяці княгіні Ірыны Паскевіч


14 красавіка ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі традыцыйна адзначаецца дзень памяці гомельскай княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч, паведамілі ва ўстанове.


«Імя гэтай жанчыны назаўжды звязана з гісторыяй Гомеля, які абавязаны ёй сваім росквітам і станаўленнем як прамыслова-культурны горад, які стаў для яе родным і апошнім прытулкам на зямлі. Фігура Ірыны Іванаўны Паскевіч у спісе гістарычных асоб займае сціплае месца, калі параўнаць яе, да прыкладу, з братам — графам Іларыёнам Іванавічам Варанцовым-Дашковым, яе свёкрам — фельдмаршалам Іванам Фёдаравічам Паскевічам. Тым не менш, воляю лёсу Ірыне Іванаўне Паскевіч было прызначана доўгае жыццё і пражыла яна яго годна, пакінуўшы светлую і ўдзячную памяць пра сябе» — адзначылі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

У Белай гасцінай палаца супрацоўнікі музея прадставяць мультымедыйную прэзентацыю, раскажуць пра жыццё, захапленні і добрыя дзеянні Ірыны Паскевіч. Размах яе дабрачыннай дзейнасці быў сапраўды грандыёзным: стварэнне ўстаноў адукацыі і медыцыны, дапамога тым, хто мае патрэбу, і таленавітым людзям. На сродкі княгіні былі адкрыты чатыры прыватных народных вучылішча, дзякуючы яе дапамозе набылі новыя будынкі Добрушскае двухкласнае народнае і Гомельскае мужчынскае прыходскае вучылішча.

«Мы гатовыя прадставіць гасцям звесткі, атрыманыя за апошні час пры навукова-даследчай працы. Наведвальнікі даведаюцца аб крузе інтарэсаў княгіні і занятках літаратурнымі перакладамі, аб яе сяброўскіх сувязях з самымі вядомымі пісьменнікамі таго часу: Іванам Тургеневым, Львом Талстым, Якавам Палонскім. Пачуюць наведвальнікі і цікавыя факты пра прадстаўнікоў знакамітага дваранскага роду графаў Варанцовых-Дашковых, з якога паходзіла Ірына Іванаўна, якая атрымала княскі тытул дзякуючы замужжу з Фёдарам Іванавічам Паскевічам», — распавялі арганізатары.

Упершыню гомельская публіка зможа ўбачыць раней невядомыя фотавыявы княгіні і яе мужа, якія прадаставіў Музей Л.Н.Талстога ў Маскве.

Пачатак мерапрыемства ў 14:00.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.