Вы тут

Мае гады — маё багацце. Што такое эйджызм і як з ім змагацца?


Мы ўсе баімся пастарэць, бо ў наш час жыццё належыць маладым: прыгожым, здаровым, паспяховым. А старасць у нашым грамадстве звыкла асацыюецца з хваробамі, стратай інтэлектуальных магчымасцяў, галечай і непазбежным паніжэннем сацыяльнага статусу. Была галоўным бухгалтарам, выйшла на пенсію і стала ўпакоўшчыцай, кладаўшчыцай або гардэробшчыцай. І рада, што хоць некуды ўзялі. Стандартная сітуацыя.


«Вас наогул нікуды не возьмуць»

Аліна, 45 гадоў:

— Нядаўна я вырашыла сур'ёзна заняцца англійскай мовай. «Патрэбны паскораны курс, — сказаў малады выкладчык моўных анлайн-курсаў, даведаўшыся, што з англійскай мовай я звязваю надзеі на змену прафесійнай дзейнасці. — Яшчэ праз год вас наогул нікуды не возьмуць». Спачатку я хацела пакрыўдзіцца, а потым перадумала: на праўду не крыўдзяцца. Сапраўды, вырашыўшы змяніць сферу дзейнасці пасля 40, сутыкаешся не толькі са звычайнымі для ўсіх у такой сітуацыі цяжкасцямі, але яшчэ і з распаўсюджанымі ўяўленнямі пра тое, што табе належыць рабіць і не рабіць «у твае гады»...

А вы спрабавалі шукаць работу пасля 40? На жаль, у грамадстве існуе ўстойлівы стэрэатып: становячыся больш сталым, чалавек адстае ад жыцця, ператвараецца ў бескарысны і недзеяздольны баласт. І чым старэйшы саіскальнік, тым ніжэй ацэньваюць яго на субяседаванні, нягледзячы на яго вопыт і кваліфікацыю. Гадоў прыкладна з сарака двух гэта адчувае на сабе кожны, кажуць людзі сярэдняга ўзросту. Работадавец скіраваны на ўзрост максімум 35 гадоў, і калі, дапусцім, у трыццаць для пошуку новай работы вам патрабавалася месяц-два, пасля пяцідзесяці, вырашыўшы змяніць месца работы, вы, цалкам верагодна, будзеце атрымліваць адмовы ў сярэднім каля паўгода, а потым знізіце планку і пагодзіцеся на меншае.

Тамара, 59 гадоў:

— Усё жыццё я працавала ў банку, на пенсію пайшла, будучы кіраўніком, так бы мовіць, сярэдняга звяна. Праз некалькі месяцаў вырашыла, што гультайства не для мяне і стала шукаць работу. Адправіла рэзюмэ — і атрымала адмовы. Мне патэлефанавала менеджар па персанале адной з кампаній і шчыра сказала: «Кампаніі вельмі патрэбны такі спецыяліст, як вы. Вы нам падыходзіце па ўсіх параметрах значна больш за іншых саіскальнікаў. Але наш дырэктар паставіў задачу: нікога старэйшага за 35 гадоў на работу не прымаць. Калі ён убачыць, колькі вам гадоў, ніколі не пагодзіцца ўзяць вас на работу». Я падзякавала дзяўчыне за сумленнасць і знізіла планку чаканняў. Цяпер прыбіраю офісныя памяшканні па начах.

Вам хапае часу (дзеці, а часам і ўнукі ўжо выраслі), інтэлектуальных здольнасцяў, энергіі і ведаў, вы гатовыя шмат працаваць і вучыцца новаму, вы не адчуваеце свайго ўзросту. Вы адэкватна ацэньваеце свае здольнасці, таму што разумееце: так, жыццё ідзе наперад, але ў любым узросце ёсць людзі, якія гатовыя ці не гатовыя асвойваць новыя веды і пашыраць кампетэнцыі ў сваёй прафесіі, а «адстаць ад жыцця» можна і ў дваццаць пяць. Але для работадаўца гэта не падстава зрабіць выбар на вашу карысць, калі лічбы ў пашпарце сведчаць, што вам далёка за 30.

Эйджызм як ён ёсць

— Наша грамадства яшчэ толькі пачынае ўсведамляць неабходнасць барацьбы з эйджызмам — тое, што ўжо ўсвядомілі ў краінах Заходняй Еўропы, — кажа псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Наталля Аліфіровіч.

Нецярпімасць да людзей сталага ўзросту настолькі глыбока ўкаранілася ў нашай свядомасці, што ўспрымаецца нормай, падкрэсліваюць псіхолагі. Так што ж такое эйджызм? Гэта від сацыяльнай дыскрымінацыі, які выяўляецца ў гатоўнасці ўзаемадзейнічаць і супрацоўнічаць толькі з тымі, хто адпавядае пэўнаму ўзроставаму крытэрыю. Прасцей кажучы, эйджызм — гэта звыклыя і «не крыўдныя» (бо гэта ж здаецца канстатацыяй факта!) фразачкі тыпу «Куды гэтая бабка лезе?», «У вашыя ж гады...», «Сядзела б дома, глядзела ўнукаў», «Навошта вам ужо гэта трэба...», «Што вы хочаце: узрост...» Гэта зварот «Сядай, бабуля!» у грамадскім транспарце («А што не так, я ж месца саступіў, паступіў ветліва?») і іншыя выказванні сучасных, адукаваных, цывілізаваных людзей, якія не прымаюць ніякіх формаў дыскрымінацыі ў прынцыпе (акрамя таго самага эйджызму, які неяк не заўважаецца).

Працягласць жыцця пастаянна павялічваецца, але «ўзроставыя рамкі» застаюцца нязменнымі. Выйсці замуж да 30, нарадзіць да 35 («гадзіннічак жа цікае!»), вызначыцца з кар'ерай да 45. Усё, далей — рухацца ў гэтай плыні, нічога не змяняючы, бо позна: любое імкненне нешта кардынальна змяніць (асвоіць новую прафесію ці пабудаваць новыя сямейныя адносіны) сустракае асуджэнне. Згодна са стэрэатыпам, цяпер вам застаецца толькі старэць, суцяшацца дзецьмі, потым гадаваць унукаў, закручваць у слоікі агуркі-памідоры і нічога не чакаць ад жыцця. Асабліва калі гаворка ідзе пра жанчын. А ўжо калі вы дасягнулі пенсійнага ўзросту — усё, час «дажываць», колькі б гадоў у вас не было наперадзе.

Зоя, 66 гадоў:

— У нашым грамадстве няправільнае ўяўленне аб сучасных пенсіянерах. Часы памяняліся, а стаўленне засталося ранейшым. Заўсёды і ва ўсім у нас вінаватыя пенсіянеры. З-за іх чэргі ў паліклініках, і бюджэт пусты з-за іх — бо ім трэба плаціць пенсіі! І наогул, пенсіянерка — гэта такая бабка на лавачцы каля пад'езда... Шмат вы цяпер бабак на лаўках у дварах бачыце? Няма! Таму што час іншы. Сёння жанчыны за 50—60 гадоў вельмі актыўныя, яны імкнуцца працаваць і добра выглядаць, дапамагаюць сваім дзецям выхоўваць унукаў. А нярэдка пенсіянеры дапамагаюць сем'ям сваіх дзяцей і матэрыяльна. У 60—70 гадоў пажылыя людзі здаюць на правы і ўпершыню садзяцца за руль, і гэта ўжо нікога не здзіўляе. Беларускія пенсіянеры ў сваім стаўленні да жыцця вельмі падобныя да еўрапейскіх пажылых людзей... І пры гэтым мы сутыкаемся з тым, што, апынуўшыся на пенсіі, адчуваем сябе нібы выключанымі з жыцця — з-за састарэлага стэрэатыпу, па прычыне няправільнага стаўлення да нас. Сіл шмат, а прымяніць сябе часта проста няма куды. Гэта прычына цяжкага душэўнага стану, дэпрэсій у жанчын, а мужчыны нярэдка проста співаюцца.

— У эйджызму мноства праяў, — кажа герантолаг Марына Дароўская. — Гэта негатыўныя ўяўленні аб старасці (пажылы чалавек «непрыемны вонкава, нямоглы, надакучлівы, з ім няма аб чым размаўляць, бо ўсе яго думкі — у мінулым»). Гэта падкрэслена паблажлівае стаўленне, якое да таго ж не імкнуцца нават схаваць. Гэта агульнапрынятыя «нормы паводзін» для пажылых людзей (не выказваць свайго меркавання, не насіць яркую або модную вопратку, не выстаўляць напаказ ніякія ўчасткі цела, лепш за ўсё — нават на пляжы (бо «непрыемна глядзець»), памятаць, што «маладым усюды ў нас дарога, старым усюды ў нас пашана» — вось і даваць дарогу маладым). І, зразумела, гэта паўсюдная дыскрымінацыя па ўзросце пры прыёме на работу, не кажучы ўжо пра пытанне кар'ернага росту.

Усе там будзем...

Генадзь, 65 гадоў:

— Крыху больш за дваццаць гадоў таму я быў намеснікам дырэктара ў «маладой кампаніі, што дынамічна развіваецца», як прынята казаць цяпер. Супрацоўнікам там было ў сярэднім па 30 гадоў. І неяк да нас прыйшла на субяседаванне спецыяліст. Яна выдатна разбіралася ў сваёй прафесійнай галіне, і нам сапраўды патрэбен быў такі прафесіянал. Але кіраўнік сказаў: «Ёй жа ўжо 48 гадоў!» І прыняў на работу больш маладога саіскальніка, хоць ён прайграваў гэтай жанчыне як прафесіянал. Я тады пагадзіўся з дырэктарам. А цяпер часта ўспамінаю гэты эпізод са свайго жыцця...

Негатыўнае або грэблівае стаўленне да людзей, якім «за...» (40, 50, 60 і г. д.), безумоўна, вельмі дрэнна адбіваецца і на якасці іх жыцця, і на псіхалагічным камфорце, і на матэрыяльным і сацыяльным статусе. Герантолагі адзначаюць, што нават медыкі часам абследуюць пажылых пацыентаў менш старанна, чым маладых з тымі ж сімптомамі: «Што вы хочаце: узрост!..» Не кажучы пра тое, што ў блізкіх людзей старэйшыя члены сям'і нярэдка не сустракаюць разумення. Калі ўнук або ўнучка забыліся аб нечым ці нешта згубілі, іх проста злёгку паўшчуваюць за няўважлівасць («Лунае ў аблоках!», «Памяць дзявочая!»), калі ж нешта забудзе ці згубіць пажылы чалавек, блізкія тут жа паставяць на ім крыж: «Ну ўсё, набліжаецца старэчы маразм!»

Але эйджызм небяспечны яшчэ і тым, кажуць псіхолагі, што ён непазбежна ўдарыць па саміх яго носьбітах. Бо рана ці позна кожны з нас апынецца ў адпаведнай «узроставай катэгорыі».

— Цікава, што з узростам эйджысцкія погляды нікуды не знікаюць — яны застаюцца і ператвараюцца ў механізм самаразбурэння, — падкрэслівае Марына Дароўская. — Аднойчы чалавек вырашае, што маладосць прайшла і яму ўжо «не варта раўняцца з маладымі». І нават калі яшчэ ўчора ён адчуваў сябе поўным сіл, гэтая думка становіцца свайго роду «водападзелам», за якім пачынаецца старасць. Калі для вас пэўны ўзрост («пасля 50», «пасля 60» або «на пенсіі») асацыюецца з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем, згасаннем разумовых здольнасцяў, бездапаможнасцю — вы ўсё гэта атрымаеце, ледзь пераступіўшы вызначаную для самога сябе рысу. І, здавалася б, малады яшчэ чалавек пачынае паводзіць сябе паводле загадзя запланаванага «эталона»: рухаецца больш павольна, перастае развівацца і цікавіцца жыццём, ператвараецца ў яскравы ўзор сваіх эйджысцкіх перакананняў.

Жыццё працягваецца

Пасля сарака жыццё толькі пачынаецца, казала галоўная гераіня фільма «Масква слязам не верыць». У прынцыпе — чым не дэвіз?

— Адна мая знаёмая паступіла ў ВНУ і стала вывучаць новую прафесію ў 49 гадоў, — кажа сямейны псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Ёй прыйшлося вытрымаць не адзін «допыт» на тэму: «Навошта вам гэта трэба?» і «Вы не паспееце пабудаваць кар'еру». Ніхто нават не падумаў пра тое, што, можа быць, для яе (як і для любога студэнта) гэта неабавязкова «будучая кар'ера», а проста магчымасць для развіцця сваёй асобы. Прафесійную кар'еру, дарэчы, яна змагла пабудаваць і цяпер паспяхова працуе ў засвоенай прафесіі. Другая знаёмая знайшла сваё каханне ў 55 гадоў. А заадно атрымала асуджэнне сваіх і яго блізкіх. Але яны ўсё ж пажаніліся і жывуць шчасліва. Яшчэ адзін мой знаёмы пераехаў на іншы бок зямнога шара, будучы вельмі сталым чалавекам. І, зразумела, апынуўся ў сітуацыі, калі ўвесь яго ранейшы жыццёвы і прафесійны вопыт стаў незапатрабаваны — прыйшлося ўсё пачынаць з нуля. Да ад'езду ён выслухаў мноства пытанняў: ад «Навошта вам гэта патрэбна?» да «Куды гэта ты на старасці гадоў сабраўся?» і «А ты не думаеш, што табе ўжо позна нешта мяняць?» І, тым не менш, ён здолеў выбудаваць сваё жыццё зноўку — і ў яго атрымалася гэта выдатна.

Як жа змагацца з эйджызмам? Як гэта ні банальна, варта пачаць з сябе. Калі ваш узрост пакуль бліжэй да года заканчэння сярэдняй школы, чым да меркаванага года выхаду на пенсію, паспрабуйце кожны раз лавіць сябе на думках накшталт «І куды гэтыя бабкі пруцца на аўтобусе ў такую рань?!» або «Ты куды, пень стары, лезеш?!» і «выкарчоўваць» іх з галавы. Паспрабуйце ўстрымацца ад эйджысцкіх выказванняў і меркаваць пра чалавека без аглядкі на яго ўзрост.

Вы самі ў той узроставай катэгорыі, калі чалавек пачынае адчуваць на сабе «дыскрымінацыю па ўзроставай прыкмеце»? Памятайце, што выбар — быць маладым ці старым — заўсёды за вамі. Вы не абавязаны прытрымлівацца чужых стэрэатыпаў, хоць гэта і няпроста, пакуль эйджызм застаецца нормай нашага жыцця. Дарэчы, вядомы амерыканскі псіхолаг і герантолаг Холі Паркер, абапіраючыся на даследаванні Стэнфардскага ўніверсітэта, сцвярджае, што насуперак існуючым міфам мозг чалавека не схільны да старэння. Так, ён змяняецца на працягу жыцця. Але «старэчы маразм» далёка не абавязковы і не настолькі распаўсюджаны, як прынята лічыць, спадарожнік узросту. «Інтэлект большасці пажылых людзей не адпавядае злавесным міфам пра страту памяці ў сувязі са старасцю», — піша навуковец. «Чым больш сталымі мы становімся, тым вышэйшыя нашы паказчыкі эмацыянальнай стабільнасці», — падкрэсліваецца ў даследаванні. Прасцей кажучы, мы становімся мудрэйшымі. Гэтую мудрасць і трэба ўзяць у галоўныя саюзнікі, працягваючы ставіць перад сабой мэты і будаваць планы на будучыню.

Дзіяна Роніна

Загаловак у газеце: Мае гады — маё багацце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.