Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, якія спартсмены вызначаліся на мінулым тыдні.


Гераіня тыдня. Кацярына Галкіна заваявала два медалі міжнароднага турніру па мастацкай гімнастыцы ў Сафіі (Балгарыя). Спартсменка заняла другое месца ў мнагаборстве, атрымаўшы адзнаку 90,55 бала. У фіналах асобных відаў Кацярына выйграла «серабро» ў кампазіцыі з булавамі. Яе выступленне суддзі ацанілі на 23,2 бала. У практыкаваннях з абручом і мячом гімнастка спынілася за крок ад п'едэстала. Гэта першыя медалі Кацярыны Галкінай пасля доўгага перапынку, выкліканага праблемамі са здароўем.

Герой тыдня. Таэквандыст Арман-Маршал Сіла выйграў чэмпіянат Еўропы. Арман выступаў у катэгорыі звыш 87 кілаграмаў, у фінале ён аказаўся мацнейшы за расіяніна Уладзіслава Ларына, які займае першы радок у алімпійскім рэйтынгу. Для Армана гэта не проста перамога на кантынентальным першынстве, а трыумфальнае вяртанне ў спорт пасля чатырохгадовай дыскваліфікацыі за ўжыванне мельдонію.

Яшчэ адзін беларус Ягор Казлоў заваяваў бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы па таэквандо.

Ліцэнзія тыдня. На адкрытым чэмпіянаце Расіі беларуская плыўчыха Аліна Змушка ўстанавіла два нацыянальныя рэкорды і заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. У паўфінальным заплыве на дыстанцыі 200 метраў брасам Аліна прыплыла да фінішу другой за 2 хвіліны 24,33 секунды. Так яна аднавіла ўласны нацыянальны рэкорд і з запасам выканала нарматыў для ўдзелу ў алімпіядзе. Дыстанцыю 100 метраў брасам Аліна пераадолела за 1 хвіліну 07,37 секунды. Гэта таксама новы рэкорд Беларусі.

Гульня тыдня. Хакей на траве вярнуўся ў Баранавічы, дзе адбыўся VІІІ Міжнародны турнір сярод жаночых камандаў «Кубак «Садружнасць» на прызы Баранавіцкага гарвыканкама. Галоўны трафей заваявала каманда «Вікторыя» са Смалявіч. На другім месцы — казанская каманда «АК Барса-Дынама». Трэцяе месца занялі спартсменкі гродзенскага клуба «Рытм».

Перамога тыдня. Алена Фурман — чэмпіёнка Еўропы ў акадэмічным веславанні. Залаты медаль яна заваявала ў Варэзе (Італія), дзе днямі прайшоў чэмпіянат Еўропы. Дыстанцыю ў 2000 метраў спартсменка, якая выступала ў неалімпійскім класе жаночых адзіночак лёгкай вагі, пераадолела за 7 хвілін 41,81 секунды.

Турнір тыдня. У Маскве завяршыўся чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы. Беларусы заваявалі пяць медалёў рознай вартасці. Сяргей Шаранкоў выйграў малую бронзавую ўзнагароду ў рыўку. Пётр Асаёнак (96 кг) заваяваў «серабро» ў двухбор'і і рыўку. Генадзь Лапцеў (61 кг) выйграў малы бронзавы медаль у рыўку. Дар'я Навумава (76 кг) стала ўладальніцай малой «бронзы» ў штуршку.

Лічба тыдня. 10-ы раз хакеісты «Юнацтва» сталі чэмпіёнамі Беларусі. У чацвёртым матчы фінальнай серыі Кубка Прэзідэнта хакеісты клуба ў авертайме абыгралі «Гомель». Вынік сустрэчы — 4:3. Каманды паказалі ўпартую барацьбу, трымаючы інтрыгу да канца. Лёс матча вырашаўся ў дадатковы час, бліжэй да поспеху былі гульцы «Гомеля», але Сяргей Дрозд закінуў чэмпіёнскую шайбу і «даціснуў» сапернікаў.

Поспех тыдня. Беларускія пяціборцы Павел Ціханаў і Ксенія Клімянкова занялі другое месца ў змешанай эстафеце на этапе Кубка свету ў Балгарыі. Беларускі дуэт набраў у суме 1440 балаў, прапусціўшы наперад казахстанскіх сапернікаў Уладзіслава Мішчанку і Алену Патапенку, якія набралі 1442 балы.

Павел Палазкоў заваяваў «бронзу» гэтага турніру. Адзіны спартсмен з беларускай мужчынскай каманды, які выйшаў у фінал, набраў у суме 1451 бал.

Назначэнне тыдня. Георгій Кандрацьеў назначаны выконваючым абавязкі галоўнага трэнера беларускай зборнай па футболе замест Міхаіла Мархеля, які падаў у адстаўку. Георгій Кандрацьеў будзе кіраваць камандай у двух найбліжэйшых таварыскіх матчах: 2 чэрвеня — супраць каманды Азербайджана і 7 чэрвеня — з футбалістамі Сьера-Леоне.

Падзея тыдня. У Магілёве адбыўся чэмпіянат Беларусі па плаванні сярод інвалідаў па слыху. Турнір сабраў звыш паўсотні ўдзельнікаў. Самай малодшай удзельніцы было 13 гадоў, самаму даросламу — 30. Спартсмены спаборнічалі на дыстанцыях 50 метраў на спіне, 200 метраў вольным стылем, 100 метраў батэрфляем, 20 метраў брасам і ў эстафетах. У камандным заліку перамагла каманда Гомеля.

Каманда тыдня. Зборная Беларусі па міні-футболе другі раз перамагла ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. У Мінску ў паядынку пятага тура пятай кваліфікацыйнай групы беларусы абыгралі каманду Ізраіля з вынікам 14:0. Гаспадары з першых хвілін захапілі ініцыятыву і ў першым тайме шэсць разоў паразілі вароты сапернікаў. Пасля перапынку ізраільскія футбалісты не змаглі аказаць супраціўлення і прапусцілі яшчэ восем мячоў. Дагэтуль беларусы былі мацнейшыя за каманду Ізраіля ў гасцях, вынік сустрэчы — 3:0. А затым пацярпелі тры паражэнні — ад Казахстана — 2:5 (у гасцях) і 1:6 (дома), ад Венгрыі — 1:2 (у гасцях).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Беларусы вяртаюцца на п'едэсталы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.