Вы тут

Спаса-Праабражэнская царква. Над белай царквою — белая поўня


Варта толькі згадаць пасляваенны Ракаў, нашу Спаса-Праабражэнскую царкву, як у маёй свядомасці ўзнікаюць дзве выразныя асацыяцыі — гукавая і зрокавая.


1948 год. Маці ўзяла каромысла з двума вёдрамі і пайшла па ваду ў няблізкую, ледзь не за кіламетр, студню. У блізкіх студнях, што выпадкова засталіся ў амаль дарэшты спаленым падчас вайны мястэчку (каля Ракава замыкаўся так званы Мінскі кацёл), вады не набраць: яны скрозь пашкоджаны «гульнямі» мясцовых хлопцаў-пераросткаў. «Гуляючы» з мінамі і снарадамі, яны ўзрывалі іх на вогнішчах, распаленых каля пнёў ці валуноў (для большага эфекту!), а гранаты кідалі ў студні: і бяспечна, і эфектна. Я сяджу на ганку нашай новай, яшчэ толькі напалову збудаванай на былым пагарэлішчы, хаты і на загад маці вартую яе. Час цягнецца марудна, робіцца страшнавата. Але вось ад недалёкай царкоўнай званіцы далятае магутны ўдар галоўнага звона. Праз нейкі час да яго далучаецца пералівістае дзілінканне меншых званоў. Гэта званар нагадвае вернікам пра сённяшнюю вячэрню. Мне становіцца весялей. У галаву лезуць прыдуманыя словы, што рытмічна ўзгадняюцца з царкоўным перазвонам, і я суладна з ім паўтараю: «Дзілін-бом, дзілін-бом // Блін гарэлы, абы цэлы, // Блін гарэлы, абы цэлы // Дзілін-бом, дзілін-бом...»

Званы змаўкаюць. Падыходзіць з вадою мама. Я бягу насустрач ёй...

І другая асацыяцыя, зрокавая. 1949 год. Я ўжо ў другім класе Ракаўскай сярэдняй школы. Вечар. Зіма. Снег белаю коўдрай прыкрыў жудасныя раны вайны: папялішчы, друз колішніх мураваных крам на Рынкавай плошчы, рэбры сінагогі, спаленай немцамі разам з местачковымі яўрэямі... Цэнтр Ракава — суцэльная пустка, толькі воддаль цямнее некалькі хат, што цудам засталіся ад былога гета, ды там-сям пачалі ўзнікаць зрубы. Аднак царква — як на далоні, нішто яе не засланяе. Я сяджу ў невялікім пакойчыку, які ўдзень — калгасная кантора (тата мой — калгасны рахункавод), а ўначы — мая спальня. Гляджу ў акно. Белы снег, белая тынкоўка царквы. І над усім гэтым — белая поўня... У галаву шчэмяцца словы, пачутыя выпадкова ў школе ад некага са старшакласнікаў: «Поўная луна над белай цэркваю сіяе // І пышных гетманаў сады, // І стары замак асвятляе...» Не раўнуючы, як пра Ракаў напісана! Поўная луна — гэта па-нашаму поўны месяц, поўня. Цэрква — так і ў нас кажуць: не царква, а цэрква, цэркаў, цэркаўка. Пышныя сады — іх няма, яны пазгаралі разам з будынкамі, а пладовыя дрэвы, якія засталіся, павысякалі: за кожнае трэба падатак плаціць. Што да замка, то ён, відаць, некалі стаяў на Вaлах — вялікім старым гарадзішчы на беразе Іслачы, любімым месцы нашых дзіцячых забаў...

Ужо ў старшых класах, калі чытаў «Палтаву», я зразумеў: Белая Цэрква (яна ў тэксце паэмы пісалася з вялікай літары) — гэта тапанімічная назва. Намнога пазней я і сам пабываў у гэтым украінскім горадзе ў дні шаўчэнкаўскіх свят. Ды часам і зараз пры згадванні тых вершаваных радкоў ва ўяўленні паўстае не колішні пушкінскі гарадскі пейзаж і не цяперашняя Белая Цэрква, а — Ракаў, наша мураваная і пабеленая царква, а над ёю — белая поўня...

* * *

Канешне, не тады, у дзяцінстве, а пазней, ужо ў студэнцкія гады, я даведаўся, што здаўна ў Ракаве былі дзве праваслаўныя цэрквы, Багаяўленская і Спаса-Праабражэнская, абедзве драўляныя. Звестак пра першую не захавалася, нават невядома, дзе яна стаяла. Што да Спаса-Праабражэнскай, то яна знаходзілася недалёка ад цяперашняй, мураванай. Крыху воддаль ад мястэчка, недалёка ад дарогі на Мінск, каля крынічкі са святой вадой, таксама стаяла невялікая драўляная Крыжаўздзвіжанская цэркаўка, узведзеная ў гонар з'яўлення іконы Ракаўскай Божай Маці. Паданне гаворыць, што калісьці, яшчэ ў ХV ст., у Ракаве жыў сляпы ад нараджэння мужчына. Аднойчы ён адышоў залішне далёка ад дому і заблудзіўся ў суседнім лесе. Стомлены, прысеў ля сасны і заснуў. Спіць і чуе: «Нагніся, зачарпні вады і прамый свае вочы». Здаецца, было скрозь суха, а тут — крынічка. Ён так і зрабіў. Адразу пачаў бачыць. Глядзіць — на сасне вісіць ікона Прасвятой Багародзіцы... З часам на тым месцы пабудавалі драўляную царкву, дзе некалькі стагоддзяў, аж да ХХ ст., захоўвалася святая ікона. Над самой крынічкай вымуравалі каплічку, унутры яе паставілі вялікі крыж. Пляц абгарадзілі. Узвялі каменную браму-званіцу з трыма невялікімі званамі. Людзі назвалі тую мясціну «У Крыжы». Кожны год на свята Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга (27 верасня) з Спаса-Праабражэнскай царквы да Крыжаўздзвіжанскай ішоў з малітвамі хрэсны ход. Ішлі не толькі праваслаўныя, але і каталікі. «У Крыжы» ладзіўся і вялікі кірмаш, на які з'язджаліся і сыходзіліся людзі не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Польшчы, нават з Украіны, Расіі... Вадой са святой крыніцы прамывалі вочы, бралі лекавую з сабой. Засведчана: многім вада дапамагала пазбавіцца ад розных хвароб вачэй...

На жаль, у час хрушчоўскага змагання з «рэлігійным дурманам» на купал царквы закінулі пятлю тоўстага троса, пацягнулі трос калгасным трактарам, і старога будынка не стала. Магчыма, тады быў страчаны і арыгінал Цудадзейнай іконы Ракаўскай Божай Маці (копія яго маецца ў Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай царкве). Праўда, па некаторых звестках, арыгінал знік яшчэ у часы Першай ці Другой сусветнай вайны. Адначасова разбурылі і каплічку над святой вадой, і браму-званіцу, і агароджу з каменнымі слупамі. Прычым рабілася гэта ноччу, каб людзі не бачылі. Аднак і пасля гэтага некаторыя прыходзілі да крынічкі, прамывалі вочы, набіралі ваду. Ды раённае начальства не сунімалася. У канцы 1980-х гг. пад знакам асушэння балот задумалі асушыць і заараць мясціну «У Крыжы». Але і час змяніўся, і людзі пасмялелі. А вопытны меліяратар з Валожына, інжынер Каржанеўскі, якому даручылі гэту справу, аказаўся чалавекам мудрым і сумленным. Ён не стаў ліквідоўваць «святое месца», нягледзячы на неаднаразовыя загады, пагрозы, нават, урэшце, на звальненне з работы «за систематическое невыполнение распоряжения начальства». Больш за тое, ён увайшоў у створаны ракаўцамі Грамадскі камітэт па адраджэнні святыні, узначальваць які выпала мне. І мы ўсё-такі дабіліся таго, што 30 красавіка 2002 г. Беларуская навукова-метадычная рада вырашыла ўнесці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь «Тэрыторыю вакол Ракаўскай Святыні Маці Божай Цудадзейнай на Святой Вадзе (ХV ст.) каля в. Ракаў Валожынскага раёна, у якую ўваходзяць: Капліца Раства Багародзіцы (Кежгайлаўская), агароджа з брамай-званіцай, Св. Крыжаўздзвіжанская царква, Святая Крыніца з Крыжам (ХV ст.) і тры крыніцы з лекавымі раслінамі».

Пасля распаду СССР насталі няпростыя, найперш у эканамічным плане, часы. Сродкаў на аднаўленне мясціны «У Крыжы» не стае. Праўда, у апошнія гады, калі ў ракаўскай царкве пачаў служыць протаіерэй Сергій Лепін, аднаўленчыя работы пачаліся. Мяркуецца, неўзабаве ў Крыжаўздзвіжанскай царкве пройдзе першае ўрачыстае богаслужэнне.

* * *

Аднак зноў вернемся да гісторыі.

У 1735 г., калі Ракавам валодаў князь Казімір Сангушка, побач з драўлянай пачалі мураваць цагляную царкву. Будавалася яна як грэка-каталіцкі храм, асвечана была ў 1793 г. — якраз у год Другога падзелу Рэчы Паспалітай, у выніку якога ўсе беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Магчыма, гэтая падзея прымусіла вернікаў хутчэй разабраць суседнюю драўляную Спаса-Праабражэнскую царкву і асвяціць новую, мураваную, хоць яе яшчэ не дабудавалі. У 1839 г. ліквідавалі базыльянскі манастыр, што існаваў пры царкве, праз год — унію, а яшчэ праз некалькі гадоў замест стромкіх вежаў над царквою вырасла цыбуліна купала. Прыходскі храм, як і ўсе прыпісаныя да яго вясковыя цэрквы, набылі праваслаўны статус. Каталікі ж па-ранейшаму з самага канца ХVІІ ст. маліліся ў сваім драўляным касцёле. Ён некалькі разоў гарэў і адбудоўваўся зноўку, ажно пакуль у 1906 г. не быў асвечаны вялікі прыгожы касцёл, пабудаваны з прывазной жоўтай цэглы ў неагатычным стылі.

Ракаўскую Спаса-Праабражэнскую царкву, у адрозненне ад Крыжаўздзвіжанскай, ніколі — ні ў час знаходжання Ракава ў складзе Польшчы ў 1921—1939 гг., ні пры нямецкай акупацыі, ні ў пасляваенны час — не зачынялі. Касцёл жа ў 1949 г. зачынілі. Я помню той дзень, калі старшыня сельсавета, размахваючы аглобляй, разганяў раз'юшаных прыхаджанак. Унутр касцёла пачалі заязджаць грузавыя машыны і ссыпаць зерне. Потым зернясховішча ператварылася ў склад мінеральных угнаенняў, затым — у машына-трактарную рамонтную майстэрню са станкамі і кузняю... Бачачы такое святатацтва, я яшчэ ў студэнцкія часы выступіў у друку з прапановай стварыць у будынку касцёла канцэртную залу, дзе гучала б арганная музыка (у касцёле раней быў і арган). Ды дзе там! Касцёл аддалі вернікам толькі ў незалежнай Беларусі, у 1993 годзе.

* * *

Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай царкве шанцавала на святароў. Назаву толькі асобных з іх. У 1905—1911 гг. тут служыў протаіерэй Канстанцін Акаловіч, які затым быў абраны дэпутатам 4-й Думы. Яго змяніў Сімяон Сеўба (1911—1942), які перадаў царкву свайму сыну Міхаілу (1942—1952), а сам скончыў жыццё ў сане архіепіскапа Зальцбургскага. Айцец Сімяон з 1934 да 1939 г. прасядзеў у канцэнтрацыйным лагеры ў Картуз-Бярозе за адмову весці службу ў царкве на польскай мове. Яго ж сын Міхаіл у час Вялікай Айчыннай вайны ратаваў людзей, у тым ліку яўрэяў і цыган, ад немцаў. Як сведчыць Дышыневіч, якая ў час вайны, застаўшыся без бацькоў, знайшла прытулак у бацюшкі, «ён здабываў неяк лекі і дасылаў іх хворым, параненым, як мог дапамагаў партызанам, ваеннапалонным». Добрую памяць пакінулі аб сабе і другія святары.

З дзецьмі некаторых святароў у дзяцінстве мы дружылі. Скажам, дачка айца Міхаіла Маша была душой нашай кампаніі. Яна ніколькі не адрознівалася ад хлопцаў: гэтак жа ахвотна гуляла ў лапту, «гарадкі» ці ў «капейкі» («аб сценку» або «ў цюка»), разам мы шукалі ў абгарэлых ваенных машынах каляровы метал, каб у нарыхтоўшчыкаў атрымаць за яго тыя самыя капейкі, разам на Вялікдзень падымаліся на царкоўную званіцу і заўзята званілі ў званы. Дарэчы, тая царкоўная званіца — адначасова і помнік (відаць, адзіны такі ў Беларусі), пра што сведчыць мемарыяльная шыльда: «Колокольня. Памятник отмены крепостного права. 1887 г.».

І калі Маша разам з бацькамі выехала ў Крым (туды бацьку перавялі па стане здароўя), адразу ўсім стала неяк сумна. Хоць царква па-ранейшаму заставалася аб'ектам нашай увагі і нашых забаў. Тут мы зноў гулялі «ў капейкі»: ад цвёрдай мураванай сцяны яны добра адскоквалі. Тут у час начнога хрэснага ходу на свята Вялікадня дазвалялася страляць з самапалаў, а назаўтра радасна званіць хоць цэлы дзень у царкоўныя званы. Праўда, рабілі гэта, хаваючыся ад настаўнікаў, якія на вялікія святы арганізоўвалі нават таемнае дзяжурства каля царквы. Традыцыйна ў нашых сем'ях, у тым ліку і ў маёй, няголасна адзначаліся асноўныя царкоўныя святы. У калядны вечар на стале галоўнай паняй была куцця, у час велікоднага снедання — свянцонка. Маці, бывала, пасылала мяне пасвянціць чырвоныя велікодныя яйкі, а з імі — колца кілбаскі, крыху вяндлінкі, кавалак хлеба, сальнічку солі. Пры гэтым папярэджвала: «Глядзі, каб ніхто з настаўнікаў не ўбачыў!»

* * *

У царкве, помніцца, мяне аднойчы ўразіла не зусім тады зразумелае выказванне на стараславянскай мове, напісанае вялікімі літарамі па перыметры выступу на столі: «Приидите ко мне вси труждающиеся и Обремененные и азЪ упокою вы». Дакладна гэтае выказванне я ўбачыў намнога пазней у царкве Рыльскага манастыра (ХІV ст.) у гарах Балгарыі. Убачыў, і так мне стала цёпла на сэрцы! Свет вялікі і розны, і вера яднае нас.

...Нядаўна вечарам пасля работы наведаў я Ракаў. Праехалі крыніцу са святой вадой. Аблашчыла вока амаль цалкам адноўленая Крыжаўздзвіжанская царква. У цэнтры мястэчка, каля Спаса-Праабражэнскай царквы, спыніліся. Неба чыстае, бязвоблачнае. Свяціла поўня. Залюбаваліся, радасна заўсміхаліся: «Над белай царквою — белая поўня».

Вячаслаў Рагойша

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.