Вы тут

Жанчыны на вайне. У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца экспанаты і дакументы, якія распавядаюць пра лёсы жанчын


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца экспанаты і дакументы, якія распавядаюць пра лёсы жанчын на вайне. Яны не толькі замянялі на заводах і ў калгасах мужчын, якія пайшлі на фронт, але і самі ішлі абараняць сваю зямлю. Служылі медыкамі, лётчыцамі, снайперамі, у часцях супрацьпаветранай абароны, сувязісткамі, разведчыцамі, шафёрамі, тапографамі, рэпарцёрамі, танкістамі, артылерыстамі, ішлі ў партызаны, рызыкавалі жыццём у падполлі. У першыню ў гісторыі жанчыны так масава ішлі ваяваць, згадваюцца лічбы, што ад Савецкага Саюза ў вайне ўдзельнічала ад 500 да 800 тысяч жанчын (а ў асобных крыніцах — каля мільёна).


Лісты жанчынам, якія чакалі сваіх родных з вайны.

У верасні 1939 года народным камісарыятам абароны і ваенна-марскога флоту давалася права прымаць у армію і на флот жанчын, якія маюць медыцынскую, ветэрынарную і спецыяльную тэхнічную падрыхтоўку. Аднак дзявочыя заяўкі ваенкаматы не спяшаліся прымаць — адбіралі толькі самых моцных і напорыстых жанчын. Тых, у каго былі дзеці, а таксама адзіных дачок у сям'і пакідалі. Усё змянілася, калі пачалася Другая сусветная вайна. У фондах музея захоўваецца плакат 1941 года з надпісам «Победа будет в той стране, где женщина с мужчиной наравне».

У 1942 годзе нават быў выдадзены спецыяльны загад аб мабілізацыі жанчын. З'явіліся жаночыя баявыя фарміраванні. З добраахвотніц было сфарміравана тры авіяцыйныя палкі, жаночая стралковая брыгада НКУС СССР, асобны жаночы запасны стралковы полк, цэнтральная жаночая школа снайперскай падрыхтоўкі. Згодна з уліковымі звесткамі Генштаба партызанскага руху на 1 студзеня 1944 года, з 287 тысяч удзельнікаў партызанскага руху было 26 тысяч жанчын, у асобных атрадах іх колькасць складала каля чвэрці партызан.

Рэчы сведчаць

Асабістыя рэчы, фатаграфіі і дакументы, якія прадстаўлены ў музеі на асобнай выстаўцы, паказваюць, з чым сутыкнуліся жанчыны ў гады вайны. Яны капалі акопы, суткамі стаялі каля станкоў, станавіліся донарамі (у музеі захоўваецца ордэн, якім была ўзнагароджана Любоў Казлова: у гады вайны яна здала 12 літраў крыві). Асобныя стэнды распавядаюць пра жахі акупацыі і канцлагераў. Падчас першага публічнага смяротнага пакарання ў Мінску 26 кастрычніка 1941 года былі забітыя чатыры жанчыны. Гітлераўцы выкарыстоўвалі прыём закладніцтва, прычым часцей за ўсё такімі ахвярамі станавіліся жанчыны. Так, у музеі можна пабачыць пінжак Таісы Місуновай, якую ўзялі ў заклад за сына, што знаходзіўся ў партызанах. Жанчына была вывезена ў канцлагер Аўшвіц. Па рэчах вязняў можна даведацца гісторыю зняволеных. Да 1943 года ім выдавалі паласатае адзенне. Пасля з-за недахопу рэсурсаў вязням раздавалі старую вопратку палякаў і рускіх, а на спіне рабілі фарбай чырвоную паласу. Сярод прадметаў, знойдзеных на месцы расстрэлаў у Трасцянцы, — флаконы ад парфумы і баначка ад крэму: жанчыны да апошняга спадзяваліся, што застануцца ў жывых. Захаваліся і рэчы падпольшчыц Баркоўскай і Паўлоўскай, якіх забілі захопнікі. Таксама ў музей быў перададзены медальён, які французскі свяшчэннік падарыў вызваленым вязням канцлагера Эрувіль.

Многія жанчыны самі станавіліся на абарону Радзімы. Такім гераіням у гады вайны і пасля мастакі прысвячалі свае карціны. Сярод малюнкаў, якія захоўваюцца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ёсць партрэт Героя Савецкага Саюза Ганны Маслоўскай, якая прымала ўдзел у разгроме нямецкіх гарнізонаў. У мірны час яна ўсынавіла 15 дзяцей, чые бацькі загінулі ў гады вайны.

Шэсць жанчын сталі камісарамі партызанскіх атрадаў і брыгад. Сярод іх — Аляксандра Захарава. Спачатку яна была сувязной, пасля змагалася ў атрадзе і стала камісарам 255-га партызанскага палка Гомельскай вобласці. У музеі захоўваюцца яе асабістыя рэчы: дзённік, куды яна ўносіла любімыя радкі з вершаў, сукенка, пашытая спецыяльна пад яе па ваенным узоры ў партызанскай майстэрні. Жоўтая нашыўка на сукенцы сведчыць аб сур'ёзным раненні, пасля якога жанчына была эвакуіравана ў Маскву, дзе атрымала дзве добрыя навіны — аб узнагароджанні ордэнам Леніна і аб тым, што яе сын жывы.

Вітрыны са зброяй, якая належала партызанкам, суседнічаюць з выключна жаночымі экспанатамі: пудраніцай, расчоскамі, сумачкамі. Захавалася і вышыванка партызанкі Кацярыны Урбановіч, у якой дзяўчына выступала падчас самадзейных канцэртаў. Дзяўчыну разарвалі коньмі салдаты з Арміі Краёвай.

У гады вайны былі створаны тры жаночыя авіяпалкі. Лётчыцы 56-га гвардзейскага Таманскага начнога бамбардзіровачнага авіяпалка ўдзельнічалі ў начных бамбардзіроўках, за што немцы іх празвалі «начнымі ведзьмамі». Рэчы адважных дзяўчат таксама захоўваюцца ў музеі.

Часта на вайну ішлі сем'ямі. Сужэнцы Арловы на сваёй самаходнай гармаце праехалі пяць тысяч кіламетраў. Сям'я Бойка на ўласныя грошы купіла танк, на якім ваявала. Асобная вітрына — лісты жанчынам, якія чакалі сваіх родных з вайны. У іх і вершы, і падзякі, і віншаванне з узнагароджаннем ордэнам Маці, і лісты, якія прыйшлі з цяжкай весткай пра гібель блізкага чалавека.

Маленькія жанчыны

Вітрыны са зброяй, якая належала партызанкам.

Сведкі ваенных падзей — частыя госці ў музеі. Аляксандра Барысава прайшла праз лагеры Майданэк і Асвенцым, калі яе хворую, схуднелую, паўсляпую ў студзені 1945 года вызвалілі салдаты Чырвонай Арміі, дзяўчынцы было 9 гадоў. «Нас кармілі ў салдацкіх сталовых, але дзеці не ўсё маглі есці, бо ў нас пасля канцлагера хісталіся зубы, — згадала Аляксандра Васілеўна. — Калі вярнуліся ў сваю вёску, на месцы дома была абпаленая печ і бур'ян вышэй за галаву. Людзі пасля вайны дзяліліся апошнім. Нехта прынёс прыгаршчы збожжа, хтосьці — 10 бульбін, а хтосьці — кураня. Я памятаю, як маці працавала ў полі. Коней не было, запрагалі карову, а ёй кіраваць было цяжка». Але самыя цяжкія ўспаміны ў жанчыны звязаны з вайной. Яна памятае, як бамбілі, забівалі, палілі вёску. Палову жыхароў адразу знішчылі, астатніх сагналі ў лагер у Віцебску. Сем'і партызан (а са сваякоў Аляксандры Васілеўны ваявалі 19 чалавек) накіроўвалі ў лагеры смерці. Цудам ёй удалося выжыць у Майданэку, цяжка хворае дзіця падкормлівалі іншыя зняволеныя — жанчыны-полькі. Не менш страшныя выпрабаванні чакалі ў Аўшвіцы, дзе на дзяўчынцы ставілі медыцынскія эксперыменты... Пасля вайны яна разам з іншымі вязнямі паклялася да канца жыцця расказваць пра тое, што перажыла, каб зло ніколі не паўтарылася.

«Няўжо мы зможам усміхацца?»

Па матэрыялах, што захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яго супрацоўнікі падрыхтавалі даследаванні, прысвечаныя лёсам жанчын на вайне. Сваімі напрацоўкамі яны падзяліліся падчас круглага стала, а ў далейшым гэтыя матэрыялы будуць выкарыстоўвацца ў ходзе правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з гераінь, якая трапіла ў поле зроку маладых даследчыкаў музея, — Надзея Маісеева. У пачатку вайны Надзя — студэнтка медінстытута — аказалася ў акупаваным Мінску. Каб не быць сагнанай у Германію на прымусовыя работы, дзяўчына ідзе працаваць прыбіральшчыцай і афіцыянткай у Лошыцкай сядзібе, дзе знаёміцца з Марыяй Чыжэўскай і яе дачкой Аленай. З жанчынамі звязваюцца партызаны разведатрада «Юрый». Адно з заданняў, якое было даручана падпольшчыцам, — закласці выбуховае прыстасаванне ў сядзібе, дзе пасля смерці гаўляйтэра Кубэ Карл фон Готберг, які яго замяніў, планаваў правесці пасяджэнне з высокапастаўленымі нямецкімі афіцэрамі. Міну выпадкова заўважыла жанчына, што паліла ў печы, і далажыла фашыстам. На працягу двух месяцаў падпольшчыц катавалі ў турме СД на Валадарскага, а ў снежні 1943-га жыхароў Лошыцы сагналі на галоўную вуліцу вёскі, дзе была ўстаноўлена шыбеніца. 19-гадовую Алену павесілі на вачах у маці, апошняй на эшафот ішла Надзя. Перад смерцю яна паспела выкрыкнуць, што народ адпомсціць за гэтыя смерці. У фондах музея захоўваюцца дакументы і прадметы, звязаныя з жыццём Надзі Маісеевай: фотапартрэты, біяграфія, успаміны бацькі, студэнцкі пропуск, ордэн. А студэнцкі білет дзяўчыны і муляж самаробнага даміно, якім Надзя гуляла са зняволенымі ў мінскай турме СД, знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі.

У калекцыі музея «Прадметы быту» захоўваецца скрыня для партыйных дакументаў, якая належала Матроне Краснабаевай, — аператару 31-й асобнай батарэі-станцыі гарматнай наводкі, якая ў лютым 1943-га добраахвотна пайшла на фронт. Ужо на другі дзень вайны яна падала заяву ў мясцовы райваенкамат з просьбай накіраваць яе на фронт, але атрымала адмову, бо не мела ніякай воінскай спецыяльнасці. Пасля, па загадзе райваенкамата, яна эвакуіравала радыёапаратуру. У эвакуацыі двойчы падавала заяўкі на фронт і нават з такой просьбай звярнулася да Сталіна.

Аляксандра Захарава.

У музеі захоўваюцца прадметы асабістага карыстання Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі: акуляры, відэлец, нож і нож сталовы. У 1941 годзе, калі пачалася вайна, яна добраахвотніцай пайшла на фронт, скончыла кароткатэрміновыя курсы медсясцёр. За 8 месяцаў баёў выратавала 123 параненыя байцы, за што дзяўчыну ўзнагародзілі ордэнамі Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга. У лютым 1943 года цяжка паранена ў ногі, абмарожана. Толькі на другія суткі пасля бою яе знайшлі разведчыкі, якія вярталіся з задання. Урачы выратавалі дзяўчыне жыццё, але яна засталася без рук і ног. Выступала на радыё, у газетах, заклікала да разгрому захопнікаў. Даведаўшыся, што 1-ы Прыбалтыйскі фронт стаіць пад Полацкам, яна звярнулася да байцоў з лістом, каб адпомсцілі за яе. Камсамольцы аднаго з уральскіх заводаў у непрацоўны час сабралі пяць танкаў і назвалі іх «Зіна Тусналобава», байцы ішлі ў бой са словамі «Мы адпомсцім за Зіну». Пасля заканчэння вайны дзяўчына выйшла замуж, вярнулася ў Полацк. З дапамогай пратэзаў навучылася хадзіць і займацца хатняй гаспадаркай, нарадзіла дваіх дзетак.

Соф'ю Кунцэвіч вайна заспела ў Вілейцы. Салдаты яе называлі Кнопачкай. 17-гадовая худзенькая медсястрычка, ростам у паўтара метра і вагой каля 40 кілаграмаў, выцягвала з поля бою параненых, якія маглі быць цяжэйшымі за яе ў два разы. З 25 да 29 жніўня 1942-га падчас баёў на Паўночным Каўказе яна вынесла з поля бою прыблізна 68 параненых разам з іх зброяй. Знаходзячыся пад агнём праціўніка, аказала першую меддапамогу больш чым 140 параненым. За гэта была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Са студзеня 1944 года была камандзірам санітарнага ўзвода і вызначылася падчас вызвалення тэрыторыі Украіны, дзе ў адным з баёў вынесла 40 цяжка параненых разам са зброяй. Разам з войскамі Чырвонай Арміі дайшла да Берліна і на сцяне рэйхстага пакінула надпіс «Я, Соф'я Кунцэвіч, прыйшла сюды забіць вайну».

Зіна Тусналобава і Соф'я Кунцэвіч былі ўзнагароджаны медалём Чырвонага Крыжа імя Флорэнц Найцінгейл. Такія ўзнагароды медсёстры атрымліваюць за самаадданыя ўчынкі ў адносінах да хворых. У Беларусі толькі шэсць удзельніц Вялікай Айчыннай вайны былі адзначаны такімі медалямі.

Вольга Дуброўская да вайны працавала настаўніцай у школе. У акупаваным Мінску яна сустрэла аднаго са сваіх вучняў Захара Гала. Працуючы ў сталовай на заводзе Варашылава, яна на службовай машыне ехала не па маршруце, прапісаным у спецыяльных пропусках, а па кропках, неабходных Захару. Так змагла перавозіць і зброю, і людзей. Груз пасля перапраўлялі ў партызанскія атрады. Калі на заводзе Варашылава пачалі рамантаваць нямецкія танкі, Вольга наладзіла сувязь з ваеннапалоннымі, з іх дапамогай з танкаў забіралі боепрыпасы, узбраенне, медыкаменты і перадавалі ў партызанскія атрады... У кастрычніку 1943 года жанчыну разам з іншымі падпольшчыкамі схапілі. Яна змагла выжыць. Прайшла некалькі канцлагераў і пакінула ўспаміны пра жыццё ў акупаваным горадзе: «Цяпер нават не верыцца, што пасля катаванняў можна ўсміхацца і нават спяваць, што людзі не баяліся смерці, што маці магла ў дзіцячай калясцы разам з дзіцем вазіць міны»...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Я прыйшла забіць вайну...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.