Вы тут

У Маскоўскім раёне сталіцы наведалі пажылых людзей, якія пацярпелі падчас вайны


Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Маскоўскага раёна Мінска разам з валанцёрамі БРСМ і раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях наведалі пажылых людзей, якія пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая акцыя стала магчымасцю выслухаць жывых сведкаў тых трагічных падзей.


Міхаілу Хомічу 96 гадоў, ён з'яўляецца вязнем фашысцкіх канцлагераў Вялікай Айчыннай вайны, з 2004 года жыве ў Мінску адзін.

У 16-гадовым узросце немцы павезлі яго ва Усходнюю Прусію, дзе ў перыяд з красавіка 1942-га да сакавіка 1945 года хлопец працаваў рознарабочым. Пасля вайны Міхаіл Нікіфаравіч пайшоў вучыцца ва ўніверсітэт на завочнае аддзяленне геаграфічнага факультэта, а паралельна працаваў перакладчыкам з нямецкай мовы. У яго пяцёра дзяцей, шэсць унукаў і чатыры праўнукі.

— Мне было 16, калі мяне пагналі ў Кёнігсберг. Там нас размяркоўвалі: каго на завод, каго да гаспадароў, — успамінае Міхаіл Нікіфаравіч. — Я трапіў да фермера, у якога было шмат цяпліц. Працаваў у яго тры гады з раніцы да вечара. Але гэта быў добры чалавек, не крыўдзіў мяне. Потым фронт наблізіўся і нас усіх вывезлі ў Германію, а хутка ўжо і вызвалілі, але я не паспеў вярнуцца дадому, бо тут жа забралі ў войска. Як запасны полк нас рыхтавалі на фронт, але ў бой так і не паспелі трапіць. Пасля Перамогі нас пакінулі служыць на некаторы час у Германіі. Мяне ўзялі ў камендатуру, бо я добра ведаў нямецкую мову. Пасля вайны яшчэ чатыры гады служыў, і толькі потым дэмабілізавалі.

Міхаіл Нікіфаравіч вырашыў вярнуцца на Радзіму, у Беларусь. Тут атрымаў адукацыю і стаў працаваць настаўнікам геаграфіі. Мужчына лічыць сябе шчасліўчыкам. Аднойчы яго з братам хацеў расстраляць фашыст, але ім цудам удалося пазбегнуць смерці. А ўжо пасля вайны па іх атрадзе ў Германіі сталі страляць п'яныя салдаты, і ён выпадкова ўхіліўся ад кулі.

Міхаіл Нікіфаравіч раскрывае нам сакрэт свайго шанцавання: добрыя людзі на жыццёвым шляху пападаліся. Але самы галоўны яго абярэг — матчына блаславенне.

— Мая маці была вельмі набожная жанчына, — гаварыў Міхаіл Нікіфаравіч. — Яна нас, сваіх дзяцей, вельмі любіла і шкадавала. Калі мяне забіралі фашысты, мама мяне блаславіла і дала з сабой абразок. Я адчуваў, што ў гэтым абразку сіла, якая мяне і зберагала.

Міхаіл Нікіфаравіч вельмі парадаваўся, што сярод гасцей аказаліся і калегі — настаўнікі геаграфіі, і прызнаўся: яму б хацелася, каб да яго прыходзілі часцей.

Супрацоўніца ТЦСАН запэўніла пажылога чалавека, што да яго два разы на тыдзень будзе прыходзіць сацыяльны работнік, каб дапамагаць прыбірацца ў доме, прыносіць прадукты з крамы і гатаваць ежу.

Валанцёры накіраваліся далей, у госці да 84-гадовай Маі Мясаедавай.

Мая Андрэеўна — інвалід 2-й групы, вязень фашысцкіх канцлагераў Вялікай Айчыннай вайны. Ёй было ўсяго шэсць гадоў, калі яе забралі і накіравалі ў канцэнтрацыйны лагер. Пасля вайны яна апынулася ў дзіцячым доме, дзе выхоўвалася да паўналецця. Мая Андрэеўна — вельмі актыўны чалавек, яна з'яўляецца старшынёй Маскоўскай раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму.

Мая Андрэеўна не хавала свайго хвалявання, калі ўбачыла на парозе гасцей. З валанцёрамі з БРСМ яна ўспамінала камсамол, паказвала ім свае юбілейныя медалі, з прадстаўніцай РАНС абмяркоўвалі неабходнасць пажарнага апавяшчальніка, журналісту паказвала выразкі з газет. Ёй хацелася быць цікавай для кожнага.

— У мяне жыццё падзялілася на дзве часткі: да таго дня і пасля, — гаворыць Мая Андрэеўна. Мне было шэсць, зусім яшчэ малеча. Сястрычцы маёй, Але, увогуле тры... За намі прыехалі і сказалі збірацца. Памятаю нашу кватэру, як мы ўсе апранаемся... Маці было ўсяго 32 гады... Яна трымала Алу на руках, а я ўчапілася за яе пояс... Так крычала! Немец усё цягнуў мяне і цягнуў. Я адбівалася ад яго нагамі і не адпускала маці. Няма нічога страшней, калі цябе такім вось чынам разлучаюць з роднымі. Я адчувала ўжо тады, што не ўбачу яе больш ніколі…

Ужо дарослай Мая Андрэеўна знайшла сваю сястру, і цяпер жанчыны час ад часу сустракаюцца. Яны — з тых сямі мільёнаў вязняў з усяго свету, якім удалося выжыць. 11 мільёнаў было знішчана ў 14 тысячах пунктаў смерці — лагерах, турмах, гета, пабудаваных фашыстамі па ўсім свеце... З кожным годам сведак вайны становіцца ўсё менш. Іх гісторыі трэба паспець пачуць.

— У гісторыях гэтых людзей столькі болю і адвагі, — гаворыць валанцёр БРСМ і студэнтка БДПУ Аляксандра Забаўская. — Разам з тым яны ўсе надзвычай жыццелюбівыя. Хочацца навучыцца ў іх гэтаму. Мы ва ўніверсітэце кожны год ладзім «Зорны паход» па мясцінах баявой славы і наведваем ветэранаў і тых, хто пацярпеў ад вайны. І такія акцыі, калі мы, будучыя настаўнікі, размаўляем з жывымі сведкамі тых падзей, робяць нас больш сталымі. Гэтыя гісторыі мы павінны захаваць і расказаць нашым будучым вучням.

У Маскоўскім раёне Мінска 242 ветэраны і асобы, пацярпелыя ад вайны, з іх — 138 вязняў. У ТЦСАН вядзецца абавязковы ўлік ветэранаў, іх часта наведваюць, каб больш дасканала вывучаць іх патрэбы.

— Перад такімі памятнымі датамі, як 11 красавіка і 9 Мая, мы бываем у падапечных разам з валанцёрамі і ўручаем ім невялікія падарункі, — гаворыць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Алена ПУТРЫЧ. — Вельмі важна гэта рабіць, каб нашы ветэраны былі ўпэўненыя, што мы памятаем пра іх подзвігі і пакуты. Такія ініцыятывы — яшчэ адна магчымасць паказаць ім нашу павагу.

— Іх жыццёвы вопыт бясцэнны, — дзеліцца ўражаннямі капітан унутранай службы РАНС Маскоўскага раёна Юлія КАПЧУК. — Нягледзячы на цяжкія абставіны падчас вайны, яны не страцілі волі да жыцця і надзеі ўбачыць родных. І ў іх усё атрымалася. Мы, са свайго боку, будзем берагчы памяць аб іх подзвігах.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Паспець пачуць, або Ахвярам вайны патрэбная ўвага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.