Вы тут

Гродзенцы пачалі больш актыўна рабіць прышчэпкі супраць ковіду


На мінулым тыдні ў Гродна прыбыла чацвёртая партыя расійскай і кітайскай вакцын. Першыя тры амаль поўнасцю выкарыстаныя. Карэспандэнт «Звязды» ацаніла актыўнасць гродзенцаў.


...Цэнтральная гарадская паліклініка абласнога цэнтра абслугоўвае 75 тысяч чалавек. Прыём пацыентаў вядзецца адпаведна з санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыяй. Для тых, у каго павышаная тэмпература, арганізаваны асобны ўваход. Наяўнасць тэмпературы кантралюецца і каля цэнтральнага ўвахода. Стан тых, хто ідзе на вакцынацыю, пад асаблівым кантролем. Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Жанна Мурына ўдакладняе:

— Калі чалавек прыходзіць на вакцынацыю, з ім размаўляе ўрач. Цікавіцца, ці ёсць скаргі, збірае анамнез: чым ён хварэў, ці былі алергічныя рэакцыі. Калі пацыент хварэў на каранавірусную інфекцыю, ён можа рабіць прышчэпку толькі праз паўгода. Не робім прышчэпкі тым, хто не дасягнуў 18 гадоў, цяжарным жанчынам і людзям з вострым станам хваробы.

Каля працэдурнага кабінета некалькі чалавек. Яны ўжо атрымалі вакцыну і чакаюць паўгадзіны, на працягу якой медыкі назіраюць за іх станам. У асноўным гэта сталыя жанчыны. А вось у самім кабінеце застаём даволі маладога мужчыну. Андрэй, так ён прадставіўся, коратка паведаміў: робіць штогод прышчэпку ад грыпу, гэта для яго абавязкова. З надзеяй чакаў вакцыны ад каранавіруса, і вось цяпер атрымаў першую дозу. Наперадзе ў пацыента яшчэ адна такая працэдура.

— Пакуль асаблівых скаргаў на нейкія ўскладненні не было. Бывае, што чырванее месца прышчэпкі, іншы раз павышаецца тэмпература на суткі. Працэнт пабочных з'яў вельмі нізкі. І расійская, і кітайская вакцыны разлічаныя на комплекснае прымяненне — два разы праз тры тыдні, — адзначае па ходзе справы Жанна Мурына.

Па яе словах, людзі сур'ёзна ставяцца да гэтай кампаніі. Некаторыя аддаюць перавагу нейкаму аднаму тыпу вакцыны. У большасці пацыентаў асаблівых прыярытэтаў няма, яны станоўча адносяцца і да расійскага «Спадарожніка V», і да кітайскага «Vero cell». Галоўнае, на што скіраваны пацыенты, — засцерагчы сябе і іншых ад каварнай хваробы. Сямідзесяцігадовая Галіна Якаўлеўна якраз з ліку такіх ахвотнікаў. Зранку яна патэлефанавала ў паліклініку, і праз некалькі гадзін ужо выходзіла з працэдурнага кабінета з першай дозай прышчэпкі. Яна пенсіянерка, былы педагог, на ковід не хварэла, але лічыць, што вірус па-ранейшаму ўяўляе небяспеку. Таму цвёрда прытрымліваецца масачнага рэжыму.

— Я ўвесь час хаджу ў масцы, каб не захварэць, нават у лёгкай форме. Іншы раз раблю заўвагу тым, хто маску не носіць. Як рэагуюць? Хтосьці не вельмі станоўча, але большасць пагаджаецца са мной. Лічу, што самі грамадзяне павінны сачыць за паводзінамі людзей вакол сябе і заклікаць да таго, каб усе насілі маскі. Самім паказваць прыклад. Вельмі ўдзячная медыкам, што яны так дапамагаюць. Мы таксама павінны быць уважлівыя, — выказалася на гэты конт пенсіянерка.

Вакцынацыя, на яе думку, — адзін са спосабаў перамагчы хваробу. А таксама абараніць сябе і іншых ад віруса. Праблем з вакцынацыяй не ўзнікае, сцвярджаюць медыкі, хоць з кожным днём колькасць жадаючых павялічваецца. Партыя вакцыны разыходзіцца прыкладна за тыдзень. Прэпарат для пацыентаў бясплатны. Зараз хапае вакцыны і для тых, хто раней запісаўся, і для тых, хто звярнуўся «дзень у дзень».

Па словах намесніка галоўнага ўрача, ёсць некалькі магчымасцяў трапіць у спісы для вакцынацыі. Гэта можна зрабіць непасрэдна на сайце, дзе трэба ўнесці ўсе неабходныя даныя. Па меры прасоўвання чаргі чалавека запрашаюць прыйсці. Другая магчымасць — патэлефанаваць. У банк даных уносіцца кожны, хто звяртаецца, вакцынацыя адбываецца згодна з планам. Медыкі вызначаюць, да якой катэгорыі чалавек адносіцца. Калі, напрыклад, сёння ён не падлягае вакцынацыі, то могуць запрасіць на наступным этапе. Што гэта азначае?

— У нас ёсць каляндар на 2021-2022 гады, дзе распісана, які кантынгент на якім этапе можа атрымаць вакцыну. У першую чаргу гэта медыкі, работнікі адукацыі, сацыяльныя работнікі. Днямі скончылі рабіць прышчэпкі пастаяльцам дома-інтэрната для састарэлых, — расказала Жанна Мурына. — У дадзеную катэгорыю ўваходзяць і людзі, старэйшыя за 61 год, з хранічнай паталогіяй. Калі чалавек проста хоча запісацца, яго ставяць у чаргу. Цяжка сказаць, колькі прыйдзецца чакаць. Бо спачатку трэба ахапіць тыя катэгорыі, якія вызначаны.

Алег Отавіч, можна сказаць, з групы рызыкі. Ён працуе начальнікам тэхнічнай службы ў паліклініцы, таму мае права на першачарговую вакцынацыю. І такім правам скарыстаўся адным з першых. Каранавірусам не заражаўся і цяпер спадзяецца, што гэтага не адбудзецца.

— Мне зрабілі ўвесь комплекс — дзве прышчэпкі, адчуваю сябе больш спакойна і ўпэўнена. І мае родныя прыйшлі да высновы, што трэба вакцынавацца. Будуць гэта рабіць як толькі стане магчыма, — падзяліўся сваімі спадзяваннямі супрацоўнік паліклінікі.

Як паведаміла загадчыца аддзялення прафілактыкі Ніна Кавалёнак, большасць супрацоўнікаў прайшла вакцынацыю. У тым ліку і яна. Сцвярджае, што амаль усе не атрымалі пабочных рэакцый. Што датычыцца матывацыі тых, хто не хоча рабіць, яна ў кожнага свая.

— Хтосьці перажывае, як ён гэта перанясе. Хтосьці перанёс каранавірус, і яму пакуль не рэкамендавана. Але я як медык лічу, што нам усім трэба вакцынавацца, каб сфарміраваўся калектыўны імунітэт. Калі мы будзем адказныя кожны на сваім узроўні, тады і будзе створана імунная праслойка.

Вірусная інфекцыя — гэта хвалевы працэс. Па словах Жанны Мурынай, зараз няма чарговага ўсплёску, больш спакойна. Многія адаптаваліся, хтосьці перахварэў, а з'яўленне вакцыны надае аптымізму. У паліклініцы сфарміраваныя брыгады для абслугоўвання ковідных пацыентаў дома. Іх наведваюць згодна з графікам, праводзіцца лабараторнае абследаванне. Прыязджае медыцынскі работнік, дае рэкамендацыі, выпісвае пры неабходнасці медыкаменты. Пацыенты пад наглядам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


• Тым часам

Як паведамілі ў галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскай вобласці, у медыцынскія ўстановы рэгіёна паступіла новая партыя вакцыны з 10 тысяч доз. Усяго за два месяцы ў Гродне і раёне прышчэплена каля 4 тысяч чалавек. З красавіка пачаўся другі этап вакцынацыі, які ахоплівае, акрамя медработнікаў, работнікаў адукацыі і сацыяльнай сферы, людзей «61+» і тых, хто мае хранічныя захворванні. Трэці этап яшчэ пашырыць гэты спіс групай рызыкі — работнікамі гандлю, транспартнікамі, камунальнікамі. А вось на чацвёртым этапе атрымаць вакцыну супраць каранавіруснай інфекцыі змогуць усе ахвотныя.

Загаловак у газеце: Аперацыя «вакцынацыя»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.