Вы тут

Сяброўства як падмурак


Заснаванне ў красавіку 1926 года «Беларускага таварыства культурнае сувязі з заграніцай» было абумоўлена жыццём. Эканамічныя, палітычныя, прамысловыя сувязі з іншымі краінамі, якія тады актыўна наладжвала кіраўніцтва СССР, павінны былі развівацца на духоўным падмурку, таму пытанне дасягненняў у галіне культуры і іх папулярызацыі стала надзвычай актуальным. Напярэдадні юбілею старшыня «Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі» (менавіта такую назву носіць цяпер арганізацыя) Ніна Іванова расказала карэспандэнту «ЛіМа», чым жыве ўстанова сёння і як вырашае свае задачы.


Пра гісторыю

Напачатку таварыства ўваходзіла ў склад Саюза Савецкіх таварыстваў дружбы ў Маскве. Таварыствы на ўзроўні рэспублік, дзе былі створаны аддзяленні, юрыдычнай рэгістрацыі не мелі — іх дзейнасць каардынавалася цэнтрам. Цяпер Беларускае таварыства — юрыдычная асоба, зарэгістраваная Мінюстам. А структуры таварыства юрыдычнымі асобамі не з’яўляюцца, як і калісьці рэспубліканскія.

Дарэчы, грамадская арганізацыя зарэгістравалася ў ліку першых — 12 верасня 1991 года.

Пры развале Саюза ўсе структуры на ўзроўні рэспублік разваліліся таксама. Адрадзіліся яны не ва ўсіх краінах былога СССР. У Расіі, напрыклад, арганізацыя стала падначаленай МЗС, потым — ураду Расіі і як грамадская перастала існаваць. Патрэбны былі фінансавыя сродкі… Сёння гэта «Расзамежцэнтр» — культурны цэнтр, структуры якога фінансуюцца з дзяржбюджэту. Да грамадскай арганізацыі, праўда, адносінаў маюць мала. Мы не можам супрацоўнічаць у поўным аб’ёме, бо знаходзімся ў розных катэгорыях, і нам складана сумесна вырашаць фінансавыя і юрыдычныя пытанні.

У многіх краінах былога сацлагера таварыствы таксама фінансуюцца з бюджэту. Захаваліся толькі тры грамадскія арганізацыі: наша (з 2001 года на самафінансаванні, без дзяржаўнай фінансавай падтрымкі), у Польшчы —«Польшча — Усход» (а ў іх складзе — таварыства «Польшча — Беларусь») і ў Балгарыі. Гэтыя ж арганізацыі захавалі і свае базы — Дамы Дружбы.

У 1991 годзе ў складзе ўстановы было 12 аддзяленняў — таварыстваў дружбы. Пасля набыцця суверэнітэту структуры былі перагледжаны, работа іх перафарміравана. З’явілася каля 15 новых таварыстваў. Духоўныя сувязі тады былі надзвычай запатрабаванымі, хоць і рваліся ўсе астатнія... Цяпер у нас 40 таварыстваў дружбы з іншымі краінамі.

Пра тое, як утвараюцца структурныя адзінкі

Таварыствы дружбы з краінамі былога Саюза, напрыклад, Арменіяй, Казахстанам, ствараліся не з чыстага ліста. Хацелася захаваць тыя духоўныя, літаратурныя, музычныя сувязі, якія існавалі ў часы СССР. Трэба было мацаваць іх.

Іншы шлях — калі адкрываецца пасольства. Так, многія таварыствы былі створаны пасля ўсталявання дыпламатычных адносін. Першай установай, куды накіроўваліся дыпламаты, быў Дом Дружбы. Пасольствы выяўлялі зацікаўленасць, бо разумелі, што ім патрэбна пэўная база, дзе яны маглі б атрымаць падтрымку для правядзення культурных мерапрыемстваў. Гэтым шляхам з’явілася большасць таварыстваў.

Некаторыя краіны адгукнуліся пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, жадалі дапамагчы. Так з’явіліся адпаведныя структуры для супрацоўніцтва.

Самае галоўнае, што нашы арганізацыі свабодныя. У склад таварыства можна ўвайсці па вуснай заяве. Маладыя навукоўцы, якія ўдзельнічаюць у публічных сустрэчах, у вольнай форме пакідаюць заяўку аб сваім жаданні супрацоўнічаць. Наша спецыфіка — народная дыпламатыя. Галоўнае тут — жаданне чалавека рабіць нейкі ўнёсак, скіроўваць сваю прафесійную дзейнасць, каб развіваць сувязь з пэўнай краінай.

На ўсе мерапрыемствы і семінары ўваход вольны. Да нас на практыку прыходзіць шмат студэнтаў з факультэта міжнародных адносін БДУ, універсітэта культуры, эканамічнага ўніверсітэта. Яны знаёмяцца з сістэмай работы і метадамі супрацоўніцтва з дыпламатычным корпусам. Пасля завяршэння практыкі некаторыя застаюцца актыўнымі сябрамі таварыстваў.

Супрацоўніцтва з нашай арганізацыяй не прыносіць матэрыяльнай выгады, аднак цікавага шмат. Працуем на замежных мовах: англійская, французская, нямецкая, іспанская, італьянская — нашы рабочыя. Людзі атрымліваюць добры досвед па ўдасканаленні валодання мовамі.

Пра найбліжэйшыя планы

Сумесна з Пасольствам Кітая плануем правядзенне семінара да стагоддзя КПК. У яго межах пойдзе размова пра «40 гадоў рэформ і адкрытасці» КНР, узровень жыцця і сацыяльнага забеспячэння ў Кітаі. З апошніх ідэй — ініцыятыва Сі Цзіньпіна «Пояс — шлях», у якой мы таксама бяром удзел. Будзе гаворка і пра тое, якую ролю адыграла партыя ў развіцці кітайскай эканомікі, рэформах.

З Кітаем звязана і іншая тэма, у якой мы супадаем. Гэта — ізноў ініцыятыва іх лідара: «Чалавецтва адзінага лёсу». Калі згадаць гімн Дома Дружбы, які напісалі Сяргей Панізьнік і Эдуард Зарыцкі, там ёсць словы аб тым, што мы марым, каб стала домам дружбы ўся Зямля. Па вялікім рахунку, усе людзі — адна сям’я. Асабліва гэта зразумела, калі нешта здараецца і свет аказваецца безабаронным. Як з пандэміяй… Гэтая ініцыятыва аб’ядноўвае, супадае з мэтай нашай дзейнасці, мы часта звяртаемся да тэмы.

Пра галоўныя кірункі дзейнасці

Стала і паслядоўна мы ажыццяўляем чатыры праграмы: папулярызацыя культуры — беларускай і сусветнай; маладзёжныя праекты і семінары; «Пародненыя гарады», у межах якой праводзяцца не толькі сустрэчы кіраўніцтва гарадоў і мясцовых улад нашай краіны і замежных, але і сустрэчы моладзі. Чацвёртая праграма — гуманітарная. Наша краіна атрымлівае медыцынскае абсталяванне ад фонду «Дзецям Чарнобыля» зямлі Ніжняя Саксонія ўжо 25 гадоў. З гэтым партнёрам, дарэчы, у нас не толькі дзелавое супрацоўніцтва — маюць месца і праграмы папулярызацыі культуры. Тры гады таму ў Ніжняй Саксоніі арганізавалі Дні беларускай культуры, дзе выступаў наш балет. Шукаем любую магчымасць, каб выконваць статутныя задачы.

Надзвычай цікавая праграма — «Пародненыя гарады». 36 беларускіх гарадоў маюць пабрацімаў — іх больш ад 300! Сам факт усталявання пабрацімскіх сувязей вельмі важны… У кожнага з гарадоў-сяброў ёсць штосьці, што нагадвае пра далёкі горад. Пабрацімства мае пад сабой сувязь школ, прадпрыемстваў, простых людзей. Найлепшы прыклад з гісторыі — пабрацімства між нямецкім горадам Фрыдрыхсхафенам і нашым Полацкам, якое ў свой час пачалося з сяброўскіх адносін іх кіраўнікоў. Пазней гэта паспрыяла наладжванню супрацоўніцтва школ, медустаноў, творчых калектываў. Больш за тое, у падарунак Полацку былі зладжаны гарадскія ачышчальныя прыстасаванні. Спецыялісты, каб працаваць з імі, праходзяць стажыроўку ў Фрыдрыхсхафене. Таму ў Полацку, наколькі я ведаю, самая чыстая вада ў Беларусі. А яшчэ былі перыяды, калі кожная сям’я ў Полацку пад Новы год ці Каляды атрымлівала ад сям’і з Фрыдрыхсхафена падарунак. Вось у гэтым цёплым пасыле, кроплі ўвагі, у тым духоўным, што нельга памацаць рукамі, і ёсць найвышэйшы сэнс пабрацімства. Такія іскрынкі дабрыні трэба песціць, захоўваць, падтрымліваць і памнажаць…

Пра тое, як працуе таварыства

Галоўную ролю адыгрывае кіраўнік. Праводзім устаноўчы сход аб узнікненні таварыства і выбіраем кіраўніком асобу, якая мела б зацікаўленасць у дадзеным кірунку: ці прафесійную, ці хобі. І гэта павінен быць публічны чалавек. Таму невыпадкова, што ў складзе як праўлення таварыстваў, так і прэзідыума ў нас шмат літаратараў — гэта стала традыцыйным. Падняўшы архівы, задумалася: а ці існаваў увогуле класік, які б не працаваў у Доме Дружбы? Каля вытокаў стварэння арганізацыі стаяў Янка Купала, пасля былі Янка Брыль, Максім Лужанін, Сяргей Грахоўскі, Васіль Быкаў, многія іншыя літаратары. Традыцыя апраўданая і прыносіць плён. На сёння таварыства «Беларусь — Арменія» ўзначальвае Навум Гальпяровіч, «Беларусь —Ізраіль» — Валерый Анісенка, «Беларусь — Латвія» — Сяргей Панізьнік, «Беларусь — Літва» — Аляксей Дудараў. Анатоль Бутэвіч кіруе таварыствам «Беларусь — Польшча», і гэта вельмі актыўны старшыня, які сам рыхтуе ўсе мерапрыемствы.

Пра літаратуру

Літаратурныя сувязі — бадай ці не самыя важныя. Маем назапашаны патэнцыял савецкіх часоў: літаратура перакладалася планава. Цяпер, калі пераклады з’яўляюцца ўсё радзей, адчуваецца, што сучасных паэтаў ведаем слабей: як сваіх, так і замежных. Нітачка, што трымае повязь літаратур і пакаленняў, танчэе…

А бывае, што тэму паэзіі пэўнай краіны прадставіць праблематычна, і тады звяртаемся да традыцый краіны, распавядаем пра народныя звычаі. Так, на імпрэзе таварыства «Беларусь —Японія», якая скора адбудзецца, прадставім традыцыі чаявання, спаборніцтва па шашках «го», японскі нацыянальны касцюм, японскую оперу…

Пра ўласны шлях у прафесію

Да свайго паклікання ішла складаным шляхам. Працавала выхавальнікам у інтэрнаце пры Мінскім падшыпнікавым заводзе, намеснікам старшыні прафкама, у камсамоле, курыравала культуру ў Мінскім гаркаме. Калі туды ўладкавалася, пачала вывучаць беларускую культуру (папярэдняя сфера дзейнасці не была звязана з ёй напрамую). Але заўжды любіла і паэзію, і тэатр, таму зацікаўленасць мела вялізную. Трэба было знаёміцца з пісьменнікамі, з творчымі саюзамі. Пачала прымаць удзел у мерапрыемствах, загарэлася гэтым, зразумела: менавіта тут маё месца. Патраніравала арганізацыю Беларускага таварыства дружбы. Думала: як жа цікава працаваць у арганізацыі! Аднак для работы трэба было ведаць замежную мову. А нямецкая мая са школы была слабаватая…

І тут вызваляецца пасада адказнага сакратара прэзідыума — папрасілася туды. Пачала актыўна вывучаць мову: спачатку на курсах, потым у лінгвістычным універсітэце, у Інстытуце Гётэ. Цяпер магу гаварыць з нямецкімі партнёрамі без перакладчыка. У тым ліку па тэлефоне…

Пра Дом Дружбы

Дом наш — духоўны цэнтр. Любім яго мы і любяць тыя, хто сюды прыходзіць. Ганарымся ім. Нядаўна пераглядала архівы, дакументы з даўняга сходу: там згадваюцца імёны народных артыстак Ларысы Александроўскай, Стэфаніі Станюты… Часам, калі праводзіш у зале мерапрыемства, здаецца, што гэтыя галасы тут жывуць. Мне заўсёды лёгка весці вечар, адкрываць яго: часам з’яўляецца адчуванне, што падказваюць тыя, хто стаяў за гэтым мікрафонам раней — настолькі тут усё адухоўлена і цёпла… Нідзе, акрамя як у Доме Дружбы, не адчуваю сябе нашчадкам нечага высокага.

Дом быў пабудаваны спецыяльна пад арганізацыю таварыства, для зручнасці дзейнасці: вялікая зала — на 150 чалавек, малая зала — на 40—45. Усё астатняе — фае і невялікія кабінеты для супрацоўнікаў.

Будаўніцтва было пачата па індывідуальным праекце заслужанага архітэктара нашай краіны Яўгена Заслаўскага ў 1953 годзе, а скончана — у 1956-м. У 1957 годзе Яўген Заслаўскі за гэты дом атрымаў Дзяржаўную прэмію...

Архітэктар не дапускаў замены матэрыялаў на больш танныя, таму будынак зроблены вельмі якасна. Калі дэманціравалі вокны пры замене іх на шклопакеты, дзівіліся, як надзейна зроблена! Тут усё — для зручнасці: ёсць дзе і выстаўку арганізаваць, паставіш крэслы адным чынам — можна правесці камерную сустрэчу ці круглы стол, дыялог с паслом, павесіш экран — ужо кіназала.

А ў зале адбываецца тое, што цяжка растлумачыць. Бывае, кепскі настрой, але трэба выходзіць да людзей, весці імпрэзу. Выйдзеш — і адразу адчуваеш уздым, вочы гараць, пачуваешся добра — пачынаецца пераўтварэнне…

Запісала Яна БУДОВІЧ

Фота з асабістага архіва Ніны Івановай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.