Якую ролю ў мастацтве адыгрывае фантазія? Ці можа яна быць паўнавартаснай заменай жыццёвага досведу, дастатковым матэрыялам для таго, каб ствараць кнігі, карціны, кінастужкі? Адкуль увогуле бярэцца фантазія, ці ёсць нейкая рэальная аснова ў тых вобразаў, што прыходзяць да нас ва ўяўленні?
Што, калі ўсе пісьменнікі-фантасты, якія прадказалі ў сваіх кнігах тэхналагічныя навінкі, насамрэч мелі машыну часу і проста спісвалі тое, што бачылі, па меры свайго разумення? Што, калі акцёры насамрэч пражываюць па некалькі жыццяў дзякуючы нейкім невядомым нам тэхналогіям? Што, калі мастакі таксама пісалі абсалютна ўсё з натуры?
Неверагодныя знаходкі
У маленькай чорнай зале ў Музеі Заіра Азгура выстаўлены невялікі фотапраект з назвай «Новая зямля». Гэта разрэзаныя, праяўленыя і павялічаныя здымкі з плёнкі. Чорна-белыя, з кепскай дэталізацыяй, дзесьці напалову засвечаныя. На іх, калі прыгледзецца, можна ўбачыць нейкія экзатычныя, хаця і аддалена знаёмыя, пейзажы. Гэтыя знойдзеныя і адноўленыя паэтам і перакладчыкам Сержуком Мядзведзевым фотаздымкі — пацвярджэнне таго, што Язэп Драздовіч вандраваў у космас не толькі паводле метафарычных заяў у публіцыстычных артыкулах, але і насамрэч. Выявы на фотаздымках пацвярджаюць, што многія карціны з цыкла «Жыццё на Марсе» напісаны як сапраўдныя пейзажы. Прыглядаючыся, пазнаеш абстаноўку з «Вечара ў пустыні на Марсе», што выяўляе каменаломню, і з «Мармуровага палаца-галерэі ў экватарыяльнай краіне на Марсе», і з іншых палотнаў. Касмічныя візіты самага загадкавага беларускага мастака аказваюцца сапраўднымі вандроўкамі.
«Язэп Драздовіч заварожваў мяне здаўна. Як беларус, як мастак, як вынаходнік, як празорлівец, які шмат у чым апярэдзіў свой час. Як прарок, што, як і належыць прароку, не знаў прытулку ў сваёй айчыне і мусіў шукаць прыстанку ў чужых, незямных краях. Нямала папацягала яго жыццё па гэтых і іншых светах, але — на наша шчасце — спакой ён знайшоў тут, у роднай глебе, даўшы магчымасць нашчадкам дакрануцца да сваёй спадчыны.
І няхай з гэтай спадчыны знойдзена і сабрана ўжо даволі, у мяне не было сумневаў, што яшчэ шмат яго карцін, замалёвак і дываноў пыляцца недзе на гарышчах даўно закінутых хат і чакаюць свайго часу.
Урэшце летась я выправіўся ў вандроўку па тых мясцінах, дзе слынны мастак дажываў свой век, з надзеяй нечага адшукаць. Дзясяткі наведаных вёсак, сотні агледжаных хат — і вось яна, удача, вось ён, лёс: у вёсцы з назвай Мядзведзева, у паддашку адной з хат, мяне чакала старая, абношаная валіза, а ў ёй сапраўдны скарб — пацёртая фотастужка, зрэзаная з падрамніка карціна і стос нататак», — распавядае пра сваю знаходку Сяржук Мядзведзеў. Разам з фотастужкай і праяўленымі кадрамі ў экспазіцыі прадстаўлены прыклады нататак, аловачных замалёвак, на якіх — скафандр для доўгага знаходжання ў беспаветранай прасторы, схема касмічнага карабля і маршрут, траекторыя палёту паміж планетамі. Тут жа прадстаўлена і старая валіза з мяшэчкам чырвонага пяску і, вядома, знойдзеная карціна — цэнтр экспазіцыі. На ёй — багатая разнастайнасць пастэльных колераў, выява чагосьці накшталт лецішча, невялікі аднапавярховы дом з пляскатым дахам і шмат невядомых раслін вакол. Кампазіцыя сапраўды асацыіруецца з работамі Язэпа Драздовіча — нізкія расліны на першым плане ўводзяць углыб экспазіцыі, да больш буйных аб’ектаў. Цалкам магчыма, што знаходка — знойдзеная карціна Драздовіча. На гэта намякаюць і подпіс, і дата — 1932 год.
Сакрэты марсіянскіх падарожжаў
Але ўся экспазіцыя мак’юментарная.
Постмадэрнізм спарадзіў шмат цікавых форм для «пераразуменняў» і рэакцыйных дзеянняў у культуры. Адной з такіх з’яўляецца мак’юментары. Гэта жанравая разнавіднасць ігравога кіно, якое пабудавана са знешнімі прыкметамі дакументальнага. Мак’юментары з’явілася ў 1950-я і напачатку было рэакцыяй на хлуслівую камерцыйную тэледакументалістыку, што распаўсюдзілася ў той час. Першапачаткова гэта была сатырычная, парадыйная з’ява. Пазней прыкметы мак’юментары сталі выкарыстоўваць як прыём для здымак жанравых фільмаў, асабліва хорараў. Сам тэрмін быў абазначаны пазней за з’яву — прыкладна ў 1980-я.
У беларускім сучасным мастацтве прыклады мак’юментары найчасцей сустракаюцца ў выглядзе кароткаметражных стужак на фестывалях незалежнага кіно. Найчасцей яно прымяняецца да кінаэксперыментаў, але ў астатніх відах мастацтва яго можна разглядаць як сінонім містыфікацыі.
Асноўная мэта мак’юментары — выклікаць сумненні, навучыць крытычна асэнсоўваць рэчаіснасць. Праект «Новая зямля» цікавы тым, што ў мак’юментарным эксперыменце выкарыстоўваецца менавіта фатаграфія. «Мы прызвычаіліся безумоўна верыць фатаграфіі. Задуманая як адбітак рэальнасці, ад моманту з’яўлення фатаграфія замацавала за сабой статус дакумента, пасланца ісціны. З першых дзён існавання фатаграфія была і сродкам выказвання, і сацыяльным канструктарам — спосабам асвятліць і пацвердзіць, але і сказіць і зрынуць… Мак’юментары вучыць больш скептычна ставіцца да навакольных падзей, бачыць нестыкоўкі і, магчыма, знаходзіць новыя шляхі іх развіцця. Мастакі новага пакалення абнаўляюць сувязі фатаграфіі з рэальнасцю, ператвараючы фатаграфію ў прыгоду», — пазначае ў анонсе адна з куратараў праекта Алена Пратасевіч.
Выстаўка «Новая зямля» створана Сержуком Мядзведзевым пры ўдзеле мастачкі Лізы Лянкевіч. Фатаграфія ў ёй становіцца не проста мастацтвам фіксацыі рэчаіснасці або звужэннем вялікага працэсу ці падзеі ў адзін эмацыянальны ці інфармацыйны сюжэт — яна пераўтвараецца ў мастацтва яшчэ да характэрнага гуку затвора.
Мы прызвычаіліся да таго, што стварыць фэйк-фотаздымак можна з дапамогай мантажу. Але гэта выпадак, калі імітацыя ствараецца абсалютна мастацкімі метадамі. Для таго каб атрымаць праўдападобныя фотаздымкі, аўтар зрабіў міні-макеты, інсталяцыі, якія імітавалі пабудовы і ландшафт, падобныя да марсіянскіх, у тым ліку да сюжэтаў Драздовіча. Кожны фотаздымак падпісаны адмысловым кодам, у якім паўтараюцца літары ЯД і М. Гэта зроблена для ўзмацнення эфекту дакументальнасці. Мастацкая частка — нататкі і непасрэдна «знойдзенае» палатно — хутчэй за ўсё, работа паплечніцы містыфікатара, мастачкі Лізы Лянкевіч.
«Новая зямля» — першы мастацкі праект Мядзведзева, і ён трапіў на гэтую выставачную пляцоўку невыпадкова. У музеі Азгура ёсць такая практыка: унутранае журы прымае і разглядае заявы на экспанаванне ў зале, адмыслова адведзенай пад такія выстаўкі. Сяржук Мядзведзеў прадставіў супрацоўнікам музея праект яшчэ на этапе ідэі і сустрэў прыхільнасць. Пра гэта распавёў адзін з куратараў выстаўкі Уладзімір Парфянок. Ёсць вельмі важная, цэнтральная для музея Заіра Азгура тэма, якая часта ўплывае на тое, якія прапановы выбірае журы для рэалізацыі. Гэта тэма захавання памяці, адзначыў куратар. А праект прадстаўляе тэму памяці своеасабліва, звяртае ўвагу на асобу і творчасць мастака пры дапамозе містыфікацыі, таму праект «Новая зямля» і прыцягнуў увагу журы. Да таго ж вырашылі падтрымаць першы мастацкі праект аўтара. Так у мак’юментарнай выстаўкі з’явілася пляцоўка. «Гэта даволі папулярная ў свеце практыка, — распавёў Уладзімір Парфянок, — калі музеі адкрываюць свае архівы мастакам, дазваляюць працаваць з унутранымі матэрыяламі, шукаць і пераўтвараць. Вынікам такой працы часта становіцца нейкае новае паведамленне, містыфікацыі накшталт “выставак невядомага мастака” або “знойдзенай невядомай работы”». Такія праекты — нячастая з’ява ў беларускім мастацтве, але цалкам натуральная. Нам патрэбны міфы, уласныя героі, лічыць Уладзімір Парфянок, і нічога не застаецца, акрамя таго, як ствараць іх самастойна.
Мастацтва — гэта гульня. Нягледзячы на ўсе сур’ёзныя функцыі і значнасць у грамадскім жыцці, найпершая задача існавання мастацтва — надаць свету з усімі яго цяжкасцямі і выклікамі гульнявую форму, зрабіць падзеі, з’явы і пачуцці зразумелымі. Калі так разважаць, можна прыйсці да таго, што мастацтва — старажытны эвалюцыйны механізм для чалавецтва.
Дар’я СМІРНОВА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Наперад да актыўнага даўгалецця.
СТРАЛЕЦ. Наперадзе — тыдзень, поўны непрадказальных момантаў. Вашы адаптыўнасць і ўменне хутка мяняцца прыйдуцца як нельга дарэчы.