Соевы рыцар


«Паліць можна? Дабро»(с) эпіграф да відэа аднаго сеткавага паэта

У часы, калі сацыяльныя сеткі выглядалі зелянейшымі (жарт для олдаў па матывах беларускага клона «УКантакце» — «УСетцы»), вельмі распаўсюджанай была з’ява сеткавай паэзіі. Цяпер жа, калі сацсеткавыя алгарытмы забыліся, а самі аўтары паадрошчвалі дэпрэсіўна-трыццацігадовыя бародкі ці сышлі ў феміпоп-песенькі, можна, нарэшце, разгледзець з’яву з адлегласці. Адзінае «але»: да Беларусі гэтая забаўка з Расіі даходзіла з перабоямі, таму замест паўнавартасных медыяадзінак атрымаліся дзіравыя аграклоны: інстаграмны Ясенін, аўдыявершаваная ванілька-токіягатэлька і вандроўны дзэн-пратэстун.


Пра суадносіны мастацкіх вартасцей ніхто асабліва і не згадвае: справа выключна ў нейкіх эстэтычных паралелях ды ў ювенальных светапоглядах, якія аб’ядноўваюць «сеткаўцаў» з розных краін. Калі паспрабаваць асэнсаваць тое, чаму ў свой час «УКантакце» стала буйной аранжарэяй для маладых галасоў і іх вершаў, можна зрабіць вынік хутчэй тэхнічнага кшталту. За ЖЖ цягнуўся флёр лакальнасці і субкультурнасці (гучную рэч «дзённікам» не назавуць), а наваяўлены УК па сваім афармленні выглядаў як досыць нейтральная пляцоўка, якая адначасова можа прасоўваць і тэксты, і іх аўтараў (па сутнасці, нават іх сімбіёз: лірааўтарскага аватара). А ўсё гэта да чаго? У 2021 годзе, калі ў мінулых сеткаўцаў ужо поп-гурты, бародкі, у Беларусі прызямляецца «анёл», злеплены па напаўміфічных лякалах шматгадовай даўніны, і імя яму — Павел Міхалькевіч.

Прызямляецца ажно другі раз: дэбютны выхад быў у 2019 годзе з кнігай «Чорная архідэя». Алё сённяшняя ўвага — на найноўшы зборнік «Марла Зінгер», які па тэмах і мове не надта далёка адышоў ад свайго папярэдніка (што счытваецца з анатацыі да мінулай кнігі). Эпітэты «вандроўнік і рамантык» у звязцы з геаграфічным неймдропінгам у чытача, па конавай выпадковасці знаёмага з фігурамі сеткавага літпрацэсу, выклічуць дастаткова ясныя асацыяцыі з асобай канкрэтнага самазванца-бітніка і адэсіта. Гаворка, як можна здагадацца, ідзе пра Ес Сою (ён жа Яўгеній Сяргеевіч Сцепанок) — персанажа, чые характэрныя манеры (як датычныя пісьма, так і ўсяго цялеснавізуальнага) сярод прыхільных да ўдумлівага чытання людзей ужо даўно сталі мемам. Ці, напрыклад, наступным наборам тэгаў: веганскі (па псеўданіме), інстаграмны (па роднай прасторы мэтавай аўдыторыі), хіпстарскі (па знешнасці), з «вершамі-адкрыткамі» (па словах Дзмітрыя Кузьміна). Наваліць вугальку ў кабіну гэтаму аўтару ў свой час паспела нават Таццяна Светашова, хаця і рабіла гэта досыць абстрактна, хутчэй не з аналізам канкрэтнай паэтыкі, а з дыягназам усёй сеткавай паэзіі. Павел Міхалькевіч у сваю чаргу рупліва (хаця, можа, і неўсвядомлена) працягвае сояўскую лінію ў тым, каб іграць на нервах сучаснасці медыятарам гнойнага крынжа.

І зыходны пункт нашага крынж-травелога — штучны экзатызм вобразаў. Уявіце сабе салоннае красамоўства Севяраніна, памножанае на шчырыя шызарыцарскія афрыканізмы Гумілёва — і ўсё гэта ў агульнай эстэтыцы фотачак з інстаграма, прытым фотачак з ежай. Атрымаюцца самыя што ні на ёсць аўтарскія «кава з кардамонам», «шафранавы месяц», «закат цвета ройбуша», «небо цвета ванили», «вылил на ночь чрезмерно рейнвейна» і, нарэшце, мая ўлюбёная «трылогія вуснаў»: «карамель тваіх вуснаў», «харыба-вусны» і «вусны-гамі». Падаецца, быццам бы аўтар занадта літаральна зразумеў выраз «прахáваць жыццё» (а пра яго крыважэрныя ўяўленні аб пацалунках баюся і падумаць). Далей у спісе грахоў — дзелярыфменны неймдропінг: «каранцінам —Таранціна», «Магрыта — шыта-крыта», «Фібаначы — інакшы», «ізгоем — Гоі», «кубіка Рубіка — Кубрыка», «шота — Джота» і г. д. У пераважнай большасці выпадкаў уласныя імёны стаяць менавіта на рыфменных пазіцыях, і часам гэта не тое што не мае анічога агульнага з непрадказальнасцю, але нават раздражняе сваім дзіцячым гукавым кэпаўствам (хаця выдаўца Змітра Вішнёва «экзатычнасць» рыфмоўкі, здаецца, цалкам задавальняе). Нарэшце, галоўная бяда: сэнсавая бедната і яе моцны кантраст з неверагоднай колькасцю эстэтніцкага пылу, выпушчанага ў вочы. 99 % вершаў, вядома, пра каханне, і дзесьці ў часы Блока яшчэ можна было б выдаваць кнігі, цалкам прысвечаныя Прыўкраснай Даме, ці ўвогуле манатонна круціцца вакол адзінай тэмы, але не сёння. Сёння (асабліва з улікам абраных аўтарам сродкаў мастацкай выразнасці) такое калашмацілава ў адну кропку нагадвае арыстакратычную нуду.

Што здзіўляе ўжо факультатыўна, постскрыптумна, дык гэта тое, як і чаму кніжка Паўла Міхалькевіча ўжо другі раз апынулася ў лонг-лісце быццам бы прэстыжнай прэміі Арсенневай. Вяртаючыся да паралелей з расійскім літпрацэсам, не магу ўявіць ні адной больш-менш сур’ёзнай прэміі, дзе не тое што можна было б пабачыць аўтараў велічыні Ес Соі хоць у нейкім спісе, але дзе б самімі аўтарамі ініцыявалася спроба намінавацца...

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».