Вы тут

Рэдактар «Бярозкі» Кацярына Каплун: Наш клопат — аб’яднаць чытачоў з рознымі зацікаўленнямі


«Бярозка» — з часопісаў, якія маюць багатую мастацкую, грамадска-палітычную гісторыю. З выданнем звязаны такія імёны, як Алесь Якімовіч, Мікола Чарняўскі, Усевалад Краўчанка, Кастусь Кірэенка, Васіль Зуёнак, Анатоль Грачанікаў, Рыгор Барадулін, Вячаслаў Адамчык, Уладзімір Ягоўдзік, Святлана Дзянісава і многія іншыя паэты, празаікі, публіцысты Беларусі. Сёння рэдакцыю часопіса ўзначальвае пісьменніца Кацярына Каплун. З ёй і пагутарыў наш карэспандэнт.


— Кацярына, скажыце, якому ўзросту ўсё ж адрасавана сёння «Бярозка»?

— На часопісе стаіць узроставая маркіроўка 12+ — гэта вучні сярэдніх і старшых класаў. Мой досвед працы паказвае, што наша мэтавая аўдыторыя — не падлеткі пэўнага ўзросту, а людзі з пэўнымі якасцямі: разумныя, удумлівыя, апантаныя чымсьці, схільныя да творчасці ў розных формах, кемлівыя, неабыякавыя да свету навокал, да іншых людзей, да прыроды і культуры. Такія ёсць і сярод дзяцей, і сярод дарослых, якія не ўпісваюцца ў вызначаную ўзроставую катэгорыю. Па водгуках ведаю, што ёсць і пяцікласнікі, і студэнты, якія з аднолькавым захапленнем чытаюць «Бярозку», толькі, мабыць, шукаюць у ёй рознае. Задача рэдакцыі ў такім выпадку — аб’яднаць як мага больш чытачоў з рознымі захапленнямі і поглядамі, каб кожны мог знайсці ў часопісе нешта для сябе. Вядома, заўсёды будуць неахопленыя тэмы і нераскрытыя інтарэсы — таму мы адкрыты для заўваг і прапаноў ад нашых чытачоў, гатовы пісаць і публікаваць тое, што іх цікавіць і захапляе.

— Ці ёсць у часопіса зваротная сувязь?

— Амаль палова тэкстаў штонумар — тэксты нашых чытачоў. Спадзяюся, яны пішуць пра тое, што іх шчыра хвалюе і захапляе, — менавіта ў такіх выпадках атрымліваюцца добрыя творы.

Кожны месяц, калі выходзіць нумар, мы атрымліваем паведамленні, каментарыі і «падабайкі» ў сацыяльных сетках. Асаблівае захапленне выклікаюць матэрыялы пра людзей, блізкіх па ўзросце, духу да нашых чытачоў — маладых, няўрымслівых, шчыра нечым зацікаўленых і гатовых дзяліцца сваімі думкамі.

Дарэчы, заўважыла цікавую адметнасць: падлеткам часта няёмка расказваць пра свае інтарэсы. Быццам страшна, што з іх будуць смяяцца, не ўспрымуць сур’ёзна. І гэта, мне здаецца, важны «званочак» для дарослых — бацькоў, настаўнікаў: калі юнакі і дзяўчаты не могуць даверыць нам свае захапленні, то ці падзеляцца яны з намі сваімі праблемамі, перажываннямі? І што мы можам зрабіць, каб нязмушана, натуральна выклікаць гэты давер?..

— Ці ладзіць зараз «Бярозка» якія-небудзь арганізацыйныя праекты?

— Два мінулыя гады мы былі арганізатарамі вялікіх творчых конкурсаў для падлеткаў: «17 мэт устойлівага развіцця: ведаем і ўвасабляем» і «Дзёрзкія тэорыі беларускасці: мова, культура, гісторыя, міф», у межах якіх прапаноўвалі школьнікам напісаць літаратурныя, публіцыстычныя, а можа, і навуковыя творы.

Сёлета выканалі пажаданні многіх настаўнікаў: цяпер у часопісе з’явілася старонка, дзе мы друкуем цікавыя напрацоўкі да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў ад педагогаў нашай краіны. У самім часопісе, як правіла, змяшчаем скарочаную версію (цікавосткі, квэсты, віктарыны) і QR-код, які дае доступ да ўсяго сцэнарыя ў электронным выглядзе.

Такім чынам, настаўнікі беларускіх школ могуць дзяліцца ідэямі, дапаўняць іх і распаўсюджваць не толькі ў межах сваёй навучальнай установы, але і па ўсёй краіне.

Гэты наш праект выклікаў нечакана шмат увагі і кожны месяц мы проста разрываемся паміж мноствам цікавых матэрыялаў.

— Наколькі актыўнымі ў стасунках з «Бярозкай» з’яўляюцца самі юныя чытачы?

— Ініцыятарамі стасункаў становяцца, як правіла, супрацоўнікі школ і бібліятэк, якія запрашаюць нас на ўрокі, сустрэчы. Яны ж звычайна дасылаюць творы сваіх вучняў для публікацый. Зараз не чытач ідзе па часопіс, а часопіс сам мусіць прыходзіць да чытача. Таму на «Бярозку» можна падпісацца праз розныя электронныя платформы — і на папяровую, і на электронную версію.

— Як вы лічыце, якое месца ў часопісе павінна займаць мастацкая літаратура? Ці можна гаварыць, што сёння ёсць цікавыя аўтары сярод пісьменнікаў, якія адрасуюць свае творы менавіта падлеткам?

— З мастацкай літаратурай у часопісе сітуацыя цікавая: ёсць чытачы, якія кажуць, што яе павінна быць больш, а ёсць тыя, хто лічыць, што менш ці яна не патрэбна ўвогуле. Але «Бярозка» ўсю сваю гісторыю славілася літаратурнымі адкрыццямі, і, на мой погляд, гэта яе «фішка», якую варта працягваць. Калі лічыць па колькасці старонак, то літаратурныя творы займаюць звычайна крыху менш, чым публіцыстычныя, альбо столькі ж — з нумара ў нумар сітуацыя можа адрознівацца. Калі ж казаць з пункту гледжання рэдакцыі, то ў нас ніколі не бывае нястачы літаратурных твораў, а часам і ўтвараецца чарга.

Сёння ёсць аўтары, цікавыя для падлеткаў. Сярод маладых пісьменнікаў, з якімі знаёмая асабіста, ні ад кога не чула: «Я пішу для падлеткаў». Цікавым творам будуць захапляцца і падлеткі, і дарослыя, проста кожны, мабыць, прачытае яго па-свойму. Напрыклад, летась дзевяць нумароў запар мы друкавалі аповесць Маргарыты Латышкевіч «Першая песня», якая прыйшлася даспадобы нашым чытачам усіх узростаў.

— Дарэчы, а ці падтрымліваеце стасункі з колішнімі юнымі карэспандэнтамі, якія друкаваліся дзесяцігоддзі назад, а зараз сталі журналістамі, пісьменнікамі?

— Мы з вялікай павагай і ўдзячнасцю ставімся да ўсіх аўтараў, якія спрычыніліся да «Бярозкі» ў розныя гады, бо яны — частка вялікай гісторыі нашага агульнага часопіса. І з задавальннем запрашаем іх далучыцца да некаторых нашых праектаў. Напрыклад, у лютым праводзілі круглы стол «Роля падлеткавых СМІ ў развіцці творчага патэнцыялу маладых аўтараў», дзе ў якасці колішніх юнкараў «Бярозкі» ўдзельнічалі Алена Масла, Маргарыта Латышкевіч. Раней часам прыносіў свае творы і прыводзіў з сабой аўтараў-школьнікаў Мікола Чарняўскі…

Калі працуеш у часопісе, у якім друкаваліся многія вядомыя літаратары, можволі на кожнага аўтара-школьніка глядзіш як на будучага славутага пісьменніка.

— Наколькі актыўна «Бярозка» прысутнічае са сваім кантэнтам у сацыяльных сетках, увогуле ў інтэрнэт-прасторы?

— Сярод сацсетак мы сканцэнтравалі сваю ўвагу на інстаграме. Там выкладваем анонсы матэрыялаў і нумароў, цікавосткі з сустрэч і работы рэдакцыі, праводзім розыгрышы, заахвочваем чытачоў і аўтараў далучацца да часопіса, выказваць меркаванні, прапаноўваць тэмы, новых герояў, фарматы матэрыялаў. Там атрымліваем водгукі, стасуемся з чытачамі. Ёсць старонка ва «УКантакце», але гэтая сацыяльная сетка зараз не такая распаўсюджаная сярод падлеткаў.

— Якога аўтара для «Бярозкі» чакаеце асабіста?

— Шчырага і апантанага. На кожнай сустрэчы з чытачамі і аўтарамі кажу: пішыце пра тое, што вас цікавіць ці хвалюе. Не пра тое, што, як вам здаецца, прымуць у рэдакцыі. Не пра тое, што, як вы думаеце, выкліча розгалас у чытачоў. А пра тое, чым вы гарыце, што вас захапляе, пра што можаце распавядаць гадзінамі.

Выправіць памылкі, паправіць структуру ці логіку ў тэксце можна разам з рэдактарам. А вось «запаліць» тэкст сваім захапленнем, зрабіць яго жывым і сапраўдным можа толькі аўтар, калі яму важна тое, пра што ён піша.

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота з сайта litpremia. by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.