Вы тут

Краіна дзяцінства


Знаёміць дзіця са светам, распавядаць пра жыццё — ці не гэта асноўная функцыя народных казак? «Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту» — значыцца пад вокладкай кнігі «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа», што сёлета пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Бясспрэчна, будзе над чым задумацца і даросламу.


Напрыклад, амаль побач у зборніку змешчаны дзве казкі з падобным сюжэтам: «Каза ў арэхах» і «Як пеўнік ратаваў курачку». Калізіі, праз якія рэалізоўваецца сюжэт, амаль аднолькавыя: каб загнаць казу з арэхамі дадому (у першым расповедзе) і каб выратаваць курачку, якая праглынула боб (у другім), галоўны герой мусіць арганізаваць цэласны ланцужок падзей: каб воўк пайшоў казу есці, каб мядзведзь пайшоў душыць ваўкоў, каб пайшлі стральцы мядзведзя біць і г. д. І калі намаганні героя ў першай казцы аказваюцца недарэмнымі (у выніку непаслухмяная каза з арэхамі вяртаецца дамоў), то ў другой са згаданых казак усё якраз наадварот: пакуль пеўнік бегаў прасіць у мора вады, у япручка — ікол, у дуба — жолуд і г. д., «ад куркі адны толькі костачкі засталіся». Здавалася б, чаму такая несправядлівасць? Але згадваеш, што падобнае часта здараецца і ў жыцці: мноства другасных спраў, процьма дробных перашкод адбіраюць і час, і сілы, а на здзяйсненне галоўнага ўжо не хапае імпэту… Гэта, хутчэй, казка-перасцярога…

А яшчэ, як падаецца, казкі падобнага зместу маюць і іншыя функцыі. Па-першае, падчас шматлікага паўтарэння, напрыклад:

«— Дзяўчаткі, дзяўчаткі, спляціце мне вянок.

— Нашто вянок?

— Ліпе вянок, каб ліпа дала пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуд» (і г. д.). У дзіцяці развіваецца памяць. Па-другое, інтанацыйна падобнае на замову прагаворванне гэткіх слоўных ланцужкоў гіпнатызуе, закалыхвае. Калі чытаць дзіцяці перад сном, то казка можа быць добрым седатыўным сродкам для гарэзы.

Павучальны змест — у шэрагу іншых казак пад вокладкай выдання. Так, пчала і шэршань прынцыпова адрозніваліся тым, што першая ўсё лета працавала, а другі грэўся на сонцы ды гуляў. А як прыйшлі халады, дык гультай настолькі змёрз, што нават сіл не было з пчолкаю ажаніцца: маўляў, «не лезь, бо ўдавою застанешся»… Яркую сатырычную афарбоўку мае казка пад назвай «Не вытрываў» — пра тое, як вынаходлівы казачнік з простых людзей абдурыў пана ды атрымаў талерку золата. Прыгоды апавядальніка выглядаюць «канкурэнтаздольнымі» побач з мюнхгаўзенаўскімі.

Серыя «Кнігі нашага дзяцінства», распачатая выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», адметная тым, што ў ёй перавыдаюцца творы айчынных класікаў з ілюстрацыямі мастакоў старэйшага пакалення — прызнаных майстроў у галіне аздаблення выданняў для дзяцей. Кнігі, што сёлета пабачылі свет, — «Вершы, байкі і загадкі» Кандрата Крапівы і «Казкі» Змітрака Бядулі, — з гэтай серыі.

Што да Кандрата Крапівы, то ён выдаў толькі адну кнігу для дзяцей — у 1986 годзе, напярэдадні свайго дзевяностагоддзя, — «Загадкі дзеда Кандрата». Творы разам з ілюстрацыямі, якія ў яе ўваходзілі, і склалі змест новага выдання. «Загадкі» Кандрат Кандратавіч прыдумляў для сваёй маленькай праўнучкі Варвары, якая любіла гуляць з ім у словы. Падчас гульні пісьменнік тлумачыў малой значэнні слоў, іх паходжанне, структуру.

Кніга «Загадкі дзеда Кандрата» прызначалася для таго, каб дапамагчы маленькім чытачам адкрыць

і зразумець багацце і прыгажосць роднай мовы. Так, загадкі Крапівы ўяўляюць сабой дасціпныя, лаканічныя, вершаваныя расповеды аб разнастайных прадметах, якія маюць аднолькавую назву, але рознае значэнне (і дзіця павінна адгадаць, аб чым ідзе размова), напрыклад:

Кожны з нас,

Хто жыве,

Мае па галаве.

А бывала ж яна

І на горад адна.

Адгадкі даюцца побач, вертыкальна: Галава І. Частка цела чалавека ці жывёлы. Галава ІІ. Кіраўнік горада.

Акрамя загадак, у выданне ўвайшлі праграмныя байкі Крапівы, вершы і ўступныя артыкулы ўнучкі пісьменніка Алены Атраховіч, дзе яна дзеліцца цёплымі ўспамінамі пра дзеда, згадвае гісторыю яго псеўданіма. Аздобіў кнігу мастак А. Александровіч. Прычым не толькі малюнкамі непасрэдна да твораў, але і выявамі самога Кандрата Крапівы.

Казкі Змітрака Бядулі створаны на аснове фальклорных матываў. Пісьменнік узбагаціў іх і напоўніў новым зместам, яны займальныя, захапляльныя, у іх ёсць глыбокая філасофская думка, выказаная ў яркіх і запамінальных для дзіцяці вобразах. Змітрок Бядуля быў перакананы ў пераможнай сіле стваральнай працы — гэтую думку ён  праводзіць і ў казках. Творы вучаць: сапраўднае багацце прыносіць чалавеку толькі праца, а разам з сябрамі можна ажыццявіць любыя мары. Пасля знаёмства з дзіцячымі творамі пісьменніка застаецца светлае пачуццё судакранання з зачараваным царствам, дзе ўсё магчыма, а любая несправядлівасць не застанецца без пакарання.

Ілюстрацыі ў выданні належаць пэндзлю легендарнай дзіцячай мастачкі Алены Лось, адзначанай дыпломам імя Францыска Скарыны на рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі», узнагароджанай у 2003 годзе медалём Францыска Скарыны. Малюнкі яе навяваюць успаміны пра чароўны свет краіны дзяцінства, дзе мары не адрозніваюцца ад сапраўднасці.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».