Спытай, што такое грамадская думка, і людзі вучоныя — тыя ж гісторыкі, палітолагі, філосафы, юрысты — ну вядома, адкажуць... Што адметна — кожны па-свойму, але, відаць, аднолькава незразумела.
Іншая рэч — гумарысты. Паводле іх, грамадская думка — гэта думка людзей, у якіх не пыталіся. А яны, між тым, не проста выказваюць яе (дома на кухнях, у курыльнях, сацыяльных сетках...). Па старой і добрай традыцыі яны пішуць — у тым ліку: «Добрых дзён табе, дарагая «Звязда!».
У газеты (адзначым, з больш чым стагадовай гісторыяй!) для такіх вось зваротаў-лістоў і былі, і ёсць спецыяльныя рубрыкі, пісьмы чытачоў друкаваліся і друкуюцца на адмысловых старонках «Што людзі пішуць», «Зваротная сувязь» і зрэдку — у такіх вось аглядах.
Што за груца з вяршкамі?
Для пачатку — «ланцужок». Адна жанчына (не так важна, хто і адкуль) у сваім лісце ў «Звязду» пісала, што неяк праз іх вёску праязджалі байкеры, што адзін з іх у мясцовай краме досыць доўга выбіраў цукеркі ды яшчэ і наракаў. Не, зусім не на смак (з гэтым, казаў, усё ў парадку)... На тое, што назвы іх даюцца па-руску. А яму — госцю нашай краіны — хацелася б завезці ў свой Піцер менавіта з адметнымі, беларускімі: дочкам малым расказаць пра наш край, яго землі-дарогі, яго прыгожую мову...
«Якой, на вялікі жаль, амаль не бачыш не толькі на абгортках цукерак, але і на пакунках з іншымі прадуктамі, на іх цэнніках, — дадаваў у падтрымку ўжо іншы чытач газеты. — А яно ж як добра было б, каб назвы даваліся не толькі па-руску. Такім чынам, купляючы іх, спажываючы, людзі Беларусі не забываліся б — ведалі, што такое вяндліна, вяршкі, цыбуля, цукар, ялавічына, не блыталі б гарбузы з кавунамі».
«Мяне здзівіла, — прыводзіў прыклад чытач, — што ў тлумачальным слоўніку нашай мовы няма слова «пярлоўка». Прыйшлося паглядзець у руска-беларускі і праз яго даведацца, што па-нашаму гэтыя крупы называюцца панцаком альбо груцай...».
«Дзякуй за тое, што вынеслі на старонкі газеты гэтыя нашы родныя, ды, на жаль, амаль забытыя словы», — праз нейкі час прачыталі ў іншым лісце, з іншага кутка краіны.
Гэта — хіба адзін «ланцужок» як сведчанне таго, што думка, выказаная адным чалавекам, знаходзіць водгук у іншых. Прычым — не толькі на словах: не-не ды і з'яўляюцца на прылаўках тавары, дзе ўся інфармацыя падаецца па-беларуску. І не чуваць, дзякуй богу, каб гэтым хоць хто абураўся. Ва ўсякім разе ў нашай пошце лістоў на падобную тэму ў гэтым стагоддзі, здаецца, не было.
Якія былі? Чытайце.
Чаго хацець пенсіянерам
«У «Звяздзе» я знаходжу вельмі шмат знаёмага, блізкага, перажытага некалі самім, з многім пагаджаюся, — піша спадар Аляксандр Матошка з Расоншчыны. — Ну вось з нядаўняга: у час татальнага дэфіцыту, калі спадарыня Алена Ляўковіч прымудрылася «ўхапіць» сапраўдны скарб — ярка-чырвоную ватную коўдру» (гл.»Неасабісты суб'ектыў», «Звязда» ад 2.04), я працаваў у сапраўдным тагачасным пекле: размяркоўваў сярод людзей так званыя сацыяльна значныя тавары — халадзільнікі, пральныя машыны, мэблю, тэлевізары, ставіў у чаргу. Талоны, купоны, чэкі «Маёмасць» і «Жыллё», змена грошай...
Успамінаецца гэта — як жудасны сон... Згодны: перамены ў жыцці патрэбныя, але не гвалтоўныя, не раптоўныя (ад іх, мне здаецца, дабра не чакай), а паступовыя і памяркоўныя, з захаваннем таго, што зроблена, таго, што ў нас ужо ёсць. Ідэальнага закадаўства не мае, напэўна, ніводная з дзяржаў свету. Вось і ў нас так бывае, што прымаецца нейкі закон, выдаецца указ, а потым да яго пішуцца каментарый, тлумачэнне, інструкцыя...
На мой погляд, — працягвае спадар Матошка, — прававы дакумент павінен быць настолькі зразумелы і празрысты, каб яго можна было прымаць да выканання ў чыстым выглядзе, каб ён працаваў, не выклікаючы пры гэтым пытанняў.
Ну вось давайце пагаворым пра нашых пенсіянераў, якія па-ранейшаму працуюць.
Не спяшайцеся адмахвацца: маўляў, што пра іх гаварыць, яны атрымліваюць і пенсію, і зарплату — чаго ж яшчэ ім хацець? Мне здаецца — справядлівасці. Ну сапраўды, сёння з пенсіянерскіх заробкаў (найчасцей — невысокіх) робяцца адлічэнні ў адпаведны фонд: аднак чалавек, яго папаўняючы, узамен нічога не мае. Хоць на добры толк, як мне здаецца, не лішне было б зрабіць пераразлік яго пенсіі... Альбо ў адваротным выпадку з заробку пенсіянераў і з прадпрыемстваў-устаноў, дзе яны працуюць, адмяніць адпаведныя адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны. Тады гэта будзе зразумела і справядліва.
Не ў мяне аднаго ёсць пытанні па падатку на нерухомасць. Ну вось напрыклад: чалавек гадамі працаваў, атрымліваў большыя ці меншыя грошы, з іх плаціў падатак дзяржаве і адкладваў нейкія сумы на будаўніцтва дома альбо кватэры. Нарэшце, дамогся свайго: пераехаў у новае жытло... Апроч ,іншага гэта значыць, што ён займеў нерухомасць, за якую зноў давядзецца плаціць падатак.
Ёсць пытанні і па нашым выбарчым заканадаўстве, зямельным, банкаўскім, па дзяржаўным страхаванні...
Закон павінен працаваць. Ён жа павінен мець юрыдычна-маральную раўнавагу: дзяржава = грамадзянін», — падсумоўвае спадар Матошка.
Працаваць павінен і чалавек, але... Тыя ж гумарысты кажуць, што работа — гэта месца, дзе можна зарабіць нервовы цік, стрэс, галаўны боль, інфаркт... І ў канцы месяца атрымаць грошы, каб набыць лекі.
У кожным жарце, як вядома, ёсць доля праўды, і як на сённяшні дзень, дык яна і ў тым, што да пералічаных даўно вядомых хвароб, якія можна атрымаць на рабоце, дадалася новая, небяспечная тым, што яе можна прынесці дадому, заразіць сваіх блізкіх.
«У нас вядзецца барацьба з дармаедамі, — піша спадар Уладзімір Навуменкаў з Мінска, — з людзьмі, якія нідзе не працуюць. Іх, такіх вось неплацельшчыкаў падаткаў, абавязваюць аплачваць паслугі ЖКГ па іншых, павышаных тарыфах. Што, магчыма, і правільна, але ці заўсёды?..».
Каб адказаць на гэтае пытанне, спадар Уладзімір прыводзіць канкрэтны прыклад. «Мой знаёмы, — піша ён, — доўга працаваў інжынерам на заводзе, аднак пасля таго, як ад ковіду ў 50 гадоў памёр яго сябар, звольніўся — пабаяўся захварэць сам і заразіць сваю сям'ю...
Так, гэты чалавек пакуль нідзе не працуе, — жыве за грошы, якія зарабіў раней, і я лічу, што яго нельга адносіць да катэгорыі дармаедаў. Ва ўсякім разе, — пакуль не пойдзе на спад эпідэмія.
Ды нават і без яе, — працягвае спадар Уладзімір, — бліжэй да 50—60 гадоў у многіх людзей з'яўляюцца праблемы са здароўем: ранейшая, часам вельмі цяжкая, напружаная работа становіцца не пад сілу, лягчэйшую ў такім узросце знайсці праблематычна... А вось нейкія зберажэнні ці істотная дапамога з боку дзяцей у чалавека, бывае, ёсць. Дык чаму б не даць яму магчымасць нейкі час пажыць не працуючы?
Канкрэтныя прапановы ад спадара Навуменкава выглядаюць так: пакуль не скончыцца эпідэмія, зняць, што называецца, з парадку дня пытанне з дармаедамі. Гэта — раз, а два — не адносіць да іх людзей, якія маюць 30 гадоў дакументальна пацверджанага стажу... З усімі адсюль наступствамі.
Нешта ў гэтых прапановах, згадзіцеся, ёсць? Як і ў іншых пісьмах.
«Здравствуй, дорогая «Звязда» — Хочу обратиться к тебе за помощью».
У чым яна спатрэбілася? Чытайце (у перакладзе і пераказе). Спадарыня Наталля К. зняла паказанні электралічыльніка, каб заплаціць за святло (чаго, як прызнаецца, не рабіла вельмі даўно)...
Не зрабіла і гэтым разам, бо ў яе ўзніклі сумненні. «Чаму такая вялікая сума? Можа, у мяне лічыльнік няспраўны? А калі так, то парайце, што рабіць? Памяняць, напэўна, дорага?»
Магчыма. Аднак чаму б адказ на гэтае пытанне не пашукаць на месцы? Сярод журналістаў (і «Звязды» у тым ліку), безумоўна, ёсць людзі і дасведчаныя, і майстравыя, аднак яны не правяраюць і не мяняюць лічыльнікі (да таго ж за сотні кіламетраў ад Мінска). Яны (у кожнага свой «кірунак» — асвятляюць пэўныя тэмы: палітыку, медыцыну, культуру, адукацыю, спорт і г. д. — рыхтуюць матэрыялы.
І гэта за шчасце, калі зробленае імі — патрэбнае, калі напісанае — чытаюць, шукаюць у той жа «Звяздзе» пэўныя рубрыкі і прозвішчы, калі гадамі, а то і дзесяцігоддзямі не здраджваюць ёй.
«Газета добрая ўсім...»
«Звязда» мне засталася ў спадчыну, яе выпісваў тата — піша спадарыня Ларыса Дзенісевіч з Клічаўшчыны. — Вось і я ўсё жыццё... 25 гадоў адпрацавала даяркай. Не мела, можна сказаць, ні водпускаў, ні выхадных, але ж, колькі помню сябе, з работы прыйду, — пачытаю газету. Там цікавыя навіны, парады... Неаднойчы шчасціла мне і ў звяздоўскай латарэі. Некалі, помню, выйграла каляровы тэлевізар, потым — імпартны прас...
Карацей, як для чытача, дык «Звязда», мне здаецца, добрая ўсім! — піша чытачка. — Аднак цяпер на ўвесь наш сельсавет толькі адна пастаянная падпісчыца — гэта я. Не ведаю, як угаворваць іншых?
Здавалася б, проста: расказваць аб тым, што прачытаў, што выйграў, нешта цікавае, як той казаў, пускаць па руках, а то...
Ад імя жыхароў сваёй вёскі і сябе асабіста, — піша Вольга Дзмітрыеўна Стаднік з Брэстчыны, — хачу выказаць шчырую падзяку карэспандэнту газеты Святлане Яскевіч за цудоўны артыкул «Школа, ФАП і нават раддом размяшчаліся ў хатах вяскоўцаў» (нумар «Звязды» за 27 сакавіка). Нам, вяскоўцам, вельмі прыемна, што пра наш Чэрск, які сёлета адзначыць свае 320 гадоў, прачытала ўся краіна, што напісалі пра яго на роднай беларускай мове...
Каб не толькі прачытаць артыкул (гэта можна і ў інтэрнэце), але і набыць для сябе патрэбны нумар, мае дзеці, іншыя жыхары Чэрска, нават святар нашага храма, абышлі ўсе кіёскі Брэста і знайшлі ў продажы толькі адзін экзэмпляр. Шкада, што такую цікавую газету не адшукаць у продажы, што яна выходзіць такім сціплым накладам.
Шкада, заўважым, не толькі Вользе Дзмітрыеўне (цяпер, спадзяёмся, яна будзе выпісваць «Звязду»). Шкада іншым адданым чытачам-падпісчыкам і нам, супрацоўнікам газеты, шкада ўсім, хто хварэе за лёс краіны і мовы, бо сярод штодзённых — «Звязда» адзіная беларускамоўная... У што, як выглядае, многім нават не верыцца.
Прыклад? Калі ласка. «Я пакуль вучуся ў школе, мару паступіць на факультэт журналістыкі, — па электроннай пошце і па-руску піша спадарыня Юлія М. — Для партфоліа (слоўка якое!) мне патрэбныя публікацыі. Прапаную вашай газеце свой матэрыял...»
Адметнасць сённяшніх дзён, відаць, у тым, што яны запоўнены «ад і да»: гэта значыць, часу бракуе ўсім. Тым, хто збіраецца паступаць, — і пагатоў... Аднак перш чым накіроўваць свой матэрыял для публікацыі, можа, варта хоць нешта даведацца пра выданне? Ну хоць бы тое, на якой мове яно выходзіць, аб чым піша і як падрыхтаваць матэрыял спецыяльна для нашай газеты... Каб потым, паступіўшы, менавіта сюды прыйсці на практыку. Альбо — на сталую работу, бо прагноз вядомага кінагероя аб тым, што хутка не будзе ні кіно, ні тэатра, ні кніг, ні газет — адно суцэльнае тэлебачанне, пакуль не збыўся і, дасць бог, не збудзецца. А значыць, як піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч:
І зімой,
і ў цёплым леце
Хай «Звязда» заўсёды свеціць!
Знак падтрымкі,
Знак надзеі...
З ёй душою маладзеем!
Дзякуй на добрым слове! А каб свяціла, пішыце. І, вядома ж, выпісвайце.
Валянціна ДОЎНАР
P.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ адзін досыць цікавы ліст. «Чытаць я любіў са школы, — піша спадар Іван Букоўскі з Глыбоччыны. — Можа, таму, што на вачах быў прыклад бацькоў. Яны працавалі ў калгасе, лішніх грошай не мелі, аднак з кожнай палучкі з кнігарні прывозілі адну-дзве кніжкі.
Звычцы чытаць іх я не здраджваў і потым, у войску: у нашай вучэбцы была, як ні дзіўна, нядрэнная кніжная крама. У ёй за салдацкія тры з невялічкім рублі мы з сябрам Мішам Віннікам выбіралі па кніжцы, потым абменьваліся, бывала, што куплялі ў складчыну... І з жонкай потым, бывала, ледзь не палову зарплат аддавалі на кнігі. У савецкія часы выпісвалі шмат газет і часопісаў...
Незаўважна праляцелі гады і нават дзесяцігоддзі, — прызнаецца спадар Букоўскі. — І ўжо ўнук, прыязджаючы ў госці, любіць разглядаць старыя кнігі і фотаздымкі, слухаць мясцовыя легенды і паданні, просіць расказаць, чаму так называецца вёска, хутар. Ён жа неяк прапанаваў: «Дзед, а ты вазьмі і напішы, а я ўсё гэта зберагу».
Гэта мы да чаго? Да таго, што ў сем'ях, дзе любяць чытаць, дзе шануюць кнігу, як правіла, вырастаюць добрыя дзеці.
P.P.S. Смех смехам, а груца з вяршкамі, панцак — гэта сапраўды вельмі карысна і смачна. Пакаштуйце і параўнайце — згадзіцеся: пярлоўка (Васіль Быкаў, дарэчы, гэтае слова ўжываў) — трохі не тое.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.