Вы тут

Калі апырскваць сад вясной


Вясна — гэта найлепшы час для таго, каб нанесці скрышальны ўдар па шкодніках і правесці прафілактыку інфекцыйных захворванняў. Важна разумець, што, паколькі розныя хваробы ды шкоднікі пачынаюць сваю актыўнасць у розны час, усяго адной апрацоўкай гэтую праблему вырашыць не атрымаецца.

Усё больш папулярныя біялагічныя прэпараты («Фітаспарын», «Трыхацін» і іншыя) пачынаюць працаваць пры тэмпературы вышэй за 8 °С. А паколькі першыя прафілактычныя апрацоўкі пачынаюць праводзіць адразу пасля сыходжання снегу, гэта значыць, яшчэ да таго, як паветра досыць прагрэецца, выкарыстанне біясродкаў не прынясе ніякай карысці.


Фота: abekker.by

Першая апрацоўка

Узбуджальнікі такіх небяспечных захворванняў, як маніліёз, фітафтароз і парша, актывізуюцца яшчэ да таго, як на дрэвах і кустах пачынаюць распускацца пупышкі. І паколькі для барацьбы з гэтымі патагенамі выкарыстоўваюць дастаткова агрэсіўныя прэпараты, то прафілактычную апрацоўку саду стараюцца праводзіць як мага раней. Так, каб хімічныя рэчывы паспелі выветрыцца да таго, як дрэвы і кусты ўступяць у перыяд вегетацыі.

А вось апрацоўка саду ад шкоднікаў у гэтую пару не прынясе ніякай карысці, паколькі, па-першае, шкоднікі яшчэ не паспеюць прачнуцца, а па-другое, калі да моманту першай апрацоўкі снег яшчэ не растане, то распылены фунгіцыд сыдзе ў глебу разам з ім. Нам жа важна дачакацца такога надвор'я, пры якім прэпараты будуць захоўвацца на галінах і паверхні грунту.

У нашых садах апрацоўку ад хвароб праводзяць з канца сакавіка і да першай дэкады красавіка. Аднак у першую чаргу варта арыентавацца не на каляндар, а на ўмовы надвор'я. Найбольш аптымальным лічыцца перыяд, калі паветра праграваецца да 5—7 °C. Аднак калі пупышкі на раслінах ўжо набраклі, а зямля пад нагамі яшчэ як след не паспела адтаць, можна смела брацца за апырсквальнік.

У гэты час апрацоўку можна правесці 2 %-м растворам меднага купарвасу, 3 %-м растворам жалезнага купарвасу або іншымі прэпаратамі на аснове медзі.

Другая апрацоўка

Паўторную апрацоўку саду праводзяць праз 15—20 дзён, калі пупышкі ўжо лопнулі, аднак лісты яшчэ не раскрыліся. Менавіта ў гэты перыяд прачынаюцца шкоднікі, лічынкі якіх пашкоджваюць кветкі і завязі. Пакінуўшы свае зімовыя хованкі, небяспечныя насякомыя і кляшчы хутка перасяляюцца на пладовыя дрэвы і кусты, дзе пачынаюць імкліва размнажацца. На жаль, даведацца аб прысутнасці на ўчастку таго ці іншага шкодніка можна будзе толькі постфактум, ужо пасля таго, як ён пашкодзіць пупышкі, тым самым прыкметна паменшыўшы шанцы на багаты ўраджай.

Калі першую апрацоўку робяць з мэтай знішчэння патагенаў, то асноўнай мэтай другой становяцца менавіта шкоднікі. Робяць гэта ў другую-трэцюю дэкаду красавіка,
арыентуючыся, зноў жа, не столькі на каляндар, колькі на пупышкі раслін — да гэтага часу яны павінны перайсці ў фазу «зялёнага конуса». Чым апрацоўваць? «Аванта», «Актара», «Алатар», «Інта-Вір» і іншыя.

Трэцяя апрацоўка

Апошняя вясновая апрацоўка саду праводзіцца для таго, каб замацаваць эфект ад папярэдніх. Яе мэта — засцерагчы дрэвы і кусты як ад хвароб, так і ад шкоднікаў, але пры гэтым не нанесці шкоду раслінам. Забяспечыць комплексны падыход можна пры дапамозе сумесі, якая складаецца з прэпаратаў рознага дзеяння.

Калі апрацоўваць? Як і ў выпадку з папярэднімі апрацоўкамі, арыентуюцца на фазу развіцця раслін. Фінальнае апырскванне праводзяць у той час, калі на дрэвах і кустах пачынаюць утварацца бутоны. Гэта адбываецца ў перыяд з канца красавіка і да сярэдзіны мая.

Паколькі ў сумесь уваходзяць растворы біяпрэпаратаў, якія пачынаюць дзейнічаць толькі пры тэмпературы вышэй за 5—7 °C, абавязкова ўлічваецца надвор'е.

Чым апрацоўваць? Для таго каб дамагчыся максімальнага эфекту, прыгатуйце наступныя кампаненты для сумесі:

  • 2 л раствору біяфунгіцыду («Алірын-Б», «Фітаспарын-М», «Гамаір» і іншыя);
  • 2 л раствору інсектаакарыцыду (прэпарат, накіраваны на барацьбу не толькі з насякомымі, але і з кляшчамі), напрыклад, «Актара», «Алатар», «Інта-Вір» і іншыя;
  • 2 л раствору рэгулятара росту («Бутон», «Завязь», «Эпін»), якія дапамогуць павысіць імунітэт і стрэсаўстойлівасць дрэў і кустоў;
  • 2 л раствору борнай кіслаты (1 г на 2 л вады).

Прыгатаваныя па інструкцыі растворы зліце ў адну ёмістасць і дадайце ў іх 2 л чыстай вады, каб атрымалася 10 л рабочай вадкасці.

Атрыманы раствор трэба выкарыстаць у дзень падрыхтоўкі, не пакідаючы яго на наступны.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».