Вы тут

У красавіку — 25 гадоў дзейнасці Віцебскага філіяла РУП «Белпошта»


Гэта і стала нагодай для размовы з дырэктарам філіялу Сяргеем Максаком. Ён пачынаў тут працоўную дзейнасць супрацоўнікам вытворча-тэхнічнай лабараторыі кіравання сувязі, прайшоў шлях ад радавога інжынера да галоўнага. У 2008 годзе ўзначаліў калектыў. Сяргей Максак — дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў, член Пастаяннай камісіі па пытаннях гарадской гаспадаркі, кіравання камунальнай уласнасцю, транспарту і сувязі.


Дырэктар Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргей Максак з пераможцамі абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства.

Для чалавека 25 гадоў — узрост маладосці, кіпучай энергіі, час, калі ўжо магчыма рэалізаваць мары. А для філіяла, як вы лічыце, гэта...

— 25 гадоў — гэта толькі пачатак! Умоўны пункт адліку для далейшай нашай дзейнасці, накіраванай на перспектыву і дасягненне пастаўленых мэт і задач, захаванне і прымнажэнне назапашанага вопыту і традыцый. Уся шматлікая каманда нашых супрацоўнікаў нацэленая толькі на поспех, разам працуем над дабрабытам нашага прадпрыемства, над тым, каб паслугі былі якаснымі, канкурэнтаздольнымі, сучаснымі і запатрабаванымі.

За чвэрць стагоддзя філіял прайшоў сур'ёзны шлях развіцця і сёння па праве займае лідзіруючыя пазіцыі ў сферы паштовых паслуг. Мы пастаянна ў руху, не стаім на месцы, шукаем новыя падыходы ў вырашэнні пытанняў, не баімся выкарыстоўваць новыя рэсурсы, аналізуем рынкавае асяроддзе...

У склад філіяла ўваходзяць чатыры рэгіянальныя вузлы паштовай сувязі: Глыбоцкі, Аршанскі, Полацкі, Пастаўскі, а таксама Докшыцкі раённы вузел паштовай сувязі і галаўное падраздзяленне.

Працуюць 443 аб'екты паштовай сувязі, на абслугоўванні якіх знаходзяцца 5765 населеных пунктаў (па гэтым паказчыку — лідэр у Беларусі) з агульнай колькасцю насельніцтва больш за 1 мільён 133 тысячы чалавек.

Віцебская вобласць знаходзіцца ў паўночнай частцы Беларусі, на плошчы прыкладна 1/5 краіны. Яна мяжуе з ЕС: Латвіяй, Літвой і паралельна з Расіяй. Блізкасць і працягласць прыгранічных тэрыторый аказваюць істотны ўплыў на нашу дзейнасць.

Філіял, магу сказаць адназначна, — сучаснае канкурэнтаздольнае прадпрыемства, якое актыўна развіваецца. І гэта — заслуга супрацоўнікаў усіх нашых структурных падраздзяленняў, якія прафесійна выконваюць свае працоўныя абавязкі.

Я ўпэўнены, паштавік — гэта не проста прафесія, гэта лад жыцця! Ганаруся калектывам!

— Каманда прафесіяналаў, ды яшчэ аднадумцаў — гарантыя поспеху. А ў чым сакрэт вашай работы?

— Выключную важнасць для павышэння прадукцыйнасці работы і лаяльнасці персаналу набывае стварэнне спрыяльнай сацыяльна-псіхалагічнай атмасферы.

Для работнікаў вельмі важна адчуваць пачуццё датычнасці, валодаць інфармацыяй, браць удзел у абмеркаванні важных пытанняў. Таму адным з інструментаў умацавання карпаратыўнай культуры з'яўляецца інфармаванасць.

Разам з тым, выбудоўваецца і зваротная сувязь, дзякуючы чаму супрацоўнік рэальна можа ўплываць на сітуацыю, заяўляць аб праблемах, прапаноўваць шляхі іх вырашэння. І ў выніку — спрыяльна ўздзейнічаць на прыняцце таго ці іншага рашэння. Аб'ектыўная ацэнка работы персаналу і прызнанне заслуг кожнага, лічу, — залог здаровага працоўнага калектыву. Нядзіўна, што сёння ў нас больш за семдзесят працоўных дынастый!

— На «перадавой», як сказалі б у арміі, паштальёны. Каго з іх хацелі б адзначыць?

— Сапраўды. Яны ўносяць важкі ўклад у развіццё філіяла. Іх работа шмат раз адзначалася ўзнагародамі на самых розных узроўнях: ад грамат і падзяк кіраўніцтва філіяла, гарадскога і раённых выканкамаў да РУП «Белпошта» і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

У прыватнасці, у 2020 годзе звання «Ганаровы работнік сувязі» ўдастоены паштальён шостага разраду Таццяна Пянькова і паштальён чацвёртага разраду Аксана Драгун. Начальнік участка па апрацоўцы, сарціроўцы і дастаўцы паштовых адпраўленняў Аршанскага РУПС Галіна Шульга у 2012-м узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі», а ў 2019 годзе гэтай жа ўзнагародай — начальнік Полацкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Алена Клімава. У мінулым годзе на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна Віцебска занесена паштальён шостага разраду Вольга Хахлова.

Сярод узнагароджаных таксама нямала спецыялістаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў. Гэта Дзмітрый Зелянькоў, Алеся Бярозка, Ірына Петрачэнка, Галіна Рынкевіч, Раман Каралевіч, Галіна Балашкова, Таццяна Шыняўская.

— Якія яшчэ ёсць стымулы для добрай работы?

— Штогод да прафесійнага свята Дня друку структурныя падраздзяленні ўзнагароджваюцца за значны ўклад у забеспячэнне эфектыўнага развіцця сеткі паштовай сувязі вобласці і раёнаў, Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Работнікам, якія маюць бесперапынны стаж работы ў галіне дваццаць гадоў і большы, да прафесійнага свята Сусветнага дня пошты прысвойваецца званне «Ветэран працы»...

— Напэўна, і прафкам стараецца, каб члены калектыву праявілі сябе па-за работай?

— Разам з прафсаюзным камітэтам арганізоўваем розныя фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўныя мерапрыемствы. Працуюць секцыі па відах спорту. У нас вельмі папулярная вытворчая гімнастыка. Мы пастаянныя ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх спартакіяд, спаборніцтваў, прымеркаваных да Міжнароднага жаночага дня, Дня абаронцаў Айчыны, першынстваў па лоўлі рыбы, па гульнявых відах спорту. Найлепшыя спартсмены ўваходзяць у састаў зборнай каманды РУП «Белпошта». Мы ганарымся нашай моладдзю: камандай філіяла «Дзеці Шагала», якая заняла першае месца ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці па інтэлектуальных гульнях у сезоне 2019/2020.

— У час высокіх тэхналогій паштавікі, як той казаў, ідуць у нагу з часам?

— Імклівае развіццё ІТ-тэхналогій увайшло ў нашу штодзённасць. Прыкладаем максімум намаганняў, каб забяспечыць нашых кліентаў якаснымі, сучаснымі і даступнымі паслугамі. У маі мінулага года РУП «Белпошта» быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю абноўлены інтэрнэт-партал bеlроst.bу. Тыя, хто там зарэгістраваўся, могуць з мінімальнымі выдаткамі часу аформіць падпіску, выклікаць кур'ера, адсочваць шлях праходжання сваіх паштовых адпраўленняў і многае іншае. У лістападзе пазамінулага года ў Аршанскім раёне паспяхова ўкаранёны і рэалізаваны пілотны праект «Мабільны паштальён» РУП «Белпошта». Зараз колькасць мабільных прылад ва ўсёй вобласці перавышае 240. А ў пачатку бягучага года РУП «Белпошта» ўкараніла Нацыянальную паштовую электронную сістэму ў мэтах забеспячэння абмену электроннымі паштовымі адпраўлення на сучасным узроўні з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Яна дае карыстальнікам магчымасць ажыццяўляць прыём, апрацоўку, захоўванне, дастаўку (уручэнне) паштовых адпраўленняў у электроннай форме, а таксама перасылку гібрыдных адпраўленняў (з электроннай формы ў папяровую).

— І цікавай асабіста мне паказалася магчымасць атрымаць у паштовым аддзяленні пасылку, нават без прад'яўлення дакумента...

— Цяпер можна атрымліваць паштовыя адпраўленні з дапамогай SMS-кода без прад'яўлення пашпарта і запаўнення паведамленняў. Дзеля гэтага неабходна толькі зарэгістравацца ў асабістым кабінеце і звярнуцца ў любое аддзяленне паштовай сувязі для ідэнтыфікацыі асобы. Дзякуючы гэтаму сэрвісу вам больш не прыйдзецца запаўняць папяровыя паведамленні і паказваць пашпарт. У момант атрымання паштовага адпраўлення кліенту дастаткова назваць сваё прозвішча, адрас або нумар адпраўлення, а таксама нумар тэлефона, пазначаны пры рэгістрацыі.

Яшчэ адным кірункам, што дазваляе стаць бліжэй да кліента, з'яўляецца ўстаноўка ў гарадах вобласці паштаматаў для атрымання міжнародных паштовых адпраўленняў, якія рэгіструюцца. Яны функцыянуюць па прынцыпе 24/7. На сённяшні дзень скарыстацца дадзенай паслугай могуць жыхары Віцебска і Оршы, і да канца гэтага года сетка паштаматаў будзе расці.

Пенсію ці грашовы перавод можна атрымаць незалежна ад месца пражывання, гэта значыць у любым аб'екце паштовай сувязі краіны.

— Дарэчы, у Віцебскае аддзяленне сувязі № 26 на вуліцы Савецкая, ведаю, цяпер некаторыя экскурсаводы водзяць турыстаў. Будынак быў першы, дзе працавалі паштавікі ў Віцебску. Там цікавы інтэр'ер: мінулае арганічна спалучаецца з сённяшнім часам.

— Мінулай восенню пасля правядзення рамонтных работ адбылося ўрачыстае адкрыццё аддзялення паштовай сувязі «Віцебск-26». Абноўленае аддзяленне стала доўгачаканым падарункам для жыхароў горада. Размешчанае ў гістарычнай частцы Віцебска, яно гарманічна ўпрыгожыла «стары горад» інтэр'ернымі рашэннямі ў рэтра-стылі.

На абслугоўванні — больш за 11 тысяч жыхароў, а таксама больш за трыста прадпрыемстваў і арганізацый. Для зручнасці кліентаў там устаноўлена электронная чарга, арганізавана работа чатырох аперацыйных вокнаў. У кліенцкай частцы залы ўстаноўлены аплатна-даведачны тэрмінал, а таксама інтэрактыўная панель Smаrt, пры дапамозе якой кліенты могуць «ажывіць» мастацкія маркі з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці.

У аддзяленні працуе гандлёва-выставачны аб'ект «Паштовая крама», у якім прадстаўлены шырокі асартымент паштовак, картак для посткросінгу, марак, канвертаў, сувеніраў.

Увогуле. за апошняе дзесяцігоддзе філіялам праведзена мадэрнізацыя звыш дваццаці буйных аб'ектаў паштовай сувязі. Найбольш значныя з іх: Глыбоцкі вузел паштовай сувязі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Дубровенскі, Сенненскі, Талачынскі, Шумілінскі ўчасткі паштовай сувязі, аддзяленне паштовай сувязі ў Барані Аршанскага раёна.

Адначасова з пашырэннем мікрараёнаў гарадоў адкрываем новыя паштовыя аддзяленні. Напрыклад, у Віцебску — у Білеве, на Медцэнтры, у Наваполацку — у мікрараёне Васілеўцы, у Полацку — у мікрараёне Аэрадром.

Штогод бягучыя рамонты мы праводзім у 40-50 аб'ектах паштовай сувязі вобласці. Пры гэтым імкнёмся выкарыстаць новыя рашэнні ў інтэр'еры, прымяняем перадавыя тэхнічныя распрацоўкі і дадатковыя сэрвісы.

Пры ажыццяўленні рамонтных работ асаблівую ўвагу мы ўдзяляем эрганоміцы прасторы, каб зрабіць памяшканні камфортнымі для наведвальнікаў і супрацоўнікаў.

— Якія планы на перспектыву?

— Галоўныя мэты на найбліжэйшы час — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці паслуг, забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага развіцця, рост заплаты работнікаў. Наша далейшае развіццё бачу ў шматвектарнасці. Улічваючы, што кожны год пашыраецца рынак электроннай камерцыі, продажы сыходзяць у сегмент інтэрнэт-гандлю, гэтаму кірунку і надалей плануем аддаваць павышаную ўвагу. З такой мэтай трэба ўдасканальваць і развіваць транспартна-лагістычныя паслугі, паляпшаць сэрвісы для нашых інтэрнэт-крам, пашыраць сетку і функцыянал паштаматаў і многае іншае.

Не застануцца без увагі і сельскія жыхары, прыкладзём максімум намаганняў для павышэння якасці аказання паслуг на вёсцы. У планах — паўсюднае ўкараненне праекта «Мабільны паштальён». Вяскоўцы змогуць атрымліваць шырокі спектр паслуг у рэжыме анлайн. Працягнецца арганізацыя папярэдняга запісу ў аддзяленнях паштовай сувязі, ўстаноўка «электронных чэргаў».

Рэсурсы для выканання пастаўленых задач у нас ёсць. І дастаткова высокакваліфікаваных кадраў, неабходных праграмных прадуктаў і тэхнічнага абсталявання для забеспячэння бесперабойнай работы структурных падраздзяленняў.

— Сяргей Эдуардавіч, што б вы хацелі ім пажадаць у сувязі з юбілеем?

— Ад імя кіраўніцтва Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» віншую ўсіх работнікаў паштовай сувязі з нашым агульным святам. Дзякуй за штодзённую напружаную работу, якасць залежыць ад усіх — паштальёнаў, аператараў, сартавальнікаў, кіроўцаў, тэхнікаў, спецыялістаў.

Асаблівая ўдзячнасць — ветэранам сувязі і ўсім тым, для каго пошта стала часткай жыцця. Моцнага вам здароўя, бадзёрасці і аптымізму, шчасця і сямейнага дабрабыту, дарагія калегі!

Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота дадзена Віцебскім філіялам РУП «Белпошта»

Загаловак у газеце: Чвэрць стагоддзя — толькі пачатак!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?