Вы тут

За ўражаннямі едзем у вёску!


У лютым беларускі ўрад падпісаў дакументы, згодна з якімі льготныя ўмовы для развіцця агратурызму ў Беларусі былі падоўжаныя да 2025 года, уключаючы льготнае крэдытаванне ў ААТ «Белаграпрамбанк». Ёсць і прыемныя дапаўненні: у бліжэйшыя пяць гадоў займацца сельскім турызмам можна без змены мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка, а гасцявыя пабудовы для турыстаў можна не ўключаць у жылы фонд. Таксама цяпер дазволена весці бізнес і на тэрыторыі курортных зон - раней такая магчымасць была абмежаваная.


Расказвае старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя КЛІЦУНОВА:

- Указ «Аб развіцці аграэкатурызму» на самай справе вельмі эфектыўны, і гэта добра, што яго дзеянне працягнулі на бліжэйшыя пяць год. Відавочна, што гэта паспрыяе самазанятасці, паляпшэнню сельскай інфраструктуры, прыцягненню ў вёску турыстаў, як беларускіх, так і замежных. Сёння Беларусь – бясспрэчны лідэр у развіцці аграэкатурызму сярод краін СНД.

Мінулы год паказаў, што адпачынак у аграсядзібах запатрабаваны. Асабліва ў перыяд пандэміі, калі большасць краін для падарожжаў зачыніліся. Летась у беларускіх “доміках у вёсцы” пабывалі больш за 500 тысяч турыстаў, з іх 85% - гэта беларусы. Сельскія сядзібы сталі месцам бяспечнага адпачынку для гараджан, у якіх няма дачы ці бацькоў у вёсцы. На мора з-за COVID-19 паехаць аказалася немагчымым, турбазы і санаторыі не задавальнялі вялікай скучанасцю людзей. У пандэмію асноўным напрамкам у турызме стаў індывідуальны і сямейны адпачынак -- сплавы, велападарожжы, экскурсіі з элементамі гульні, квесты, майстар-класы.

Сёння ў Беларусі дзейнічае 2936 аграсядзібаў. Агратурызм, які першапачаткова задумваўся як крыніца дадатковага даходу для сельскага насельніцтва, у шэрагу выпадкаў стаў аб’ектам сур’ёзнага бізнэсу. Пры гэтым большасць аграсядзібаў развіваюцца зусім не за кошт капіталаўкладанняў з боку дзяржавы, а за кошт творчага падыходу да справы саміх сяльчан, іх кемлівасці, ініцыятыўнасці, ведання народных традыцый і культурнай спадчыны.

Турысты сёння выбіраюць такі адпачынак, каб былі ўражанні. Яны, вядома ж, хочуць паспрабаваць мясцовыя стравы, купіць з сабой вясковыя сыры, кілбасы або мёд, або зроблены мясцовым майстрам гліняны посуд ці тканы ручнік. Аднак смачная ежа зусім не галоўнае, сёння на першы план выходзіць адукацыйны і забаўляльны аспект. Запатрабаваны перш за ўсё адпачынак, які дорыць ўражанні, а гэта ўжо крэатыўны турыстычны прадукт. Што маецца на ўвазе? Напрыклад, турыстам да спадобы правесці свой адпачынак, жывучы ва ўтульным «птушыным» доміку, які месціцца на ствале старога разгалістага дрэва. Або паспрабаваць сон на пчаліных вуллях, пад меладычнае гудзенне тысяч пчол.

Вельмі запатрабаваныя паслугі з прыцягненнем да актыўнасцей саміх адпачываючых. Гасцям прапануюць навучыцца самім пячы хлеб, рабіць традыцыйную ляльку-абярэг або сувеніры з саломкі. Папулярныя зараз урокі сыраробства і ўрокі народных і фальклорных танцаў. У сельскай сядзібе турыстаў навучаць, як вырабіць свечкі з пчалінага воску, як правільна сушыць травы для гарбаты, як варыць дамашні мармелад з яблыкаў і шмат чаму іншаму.

Адукацыйны, інтэрактыўны кампанент адпачынку ў вёсцы сёння здзіўляе сваёй разнастайнасцю і крэатыўнасцю. Гэта нармальны працэс узаемадзеяння вытворцы і спажыўца.

Выбіраючы адпачынак у вёсцы, турысты зараз плацяць не за свежае паветра, а за эмоцыі. Успамінаю, як мы прымалі групу французаў. На адным з экамаршрутаў ім прапанавалі прылегчы на ​​зямлю і паслухаць на працягу 10 хвілін наваколле. Гэта аказалася для іх самым моцным ураджаннем -- проста паслухаць прыроду, птушак, насякомых, паназіраць за аблокамі на небе. Эмацыйны кампанент вельмі важны для добрага адпачынку.

Можна толькі ганарыцца тым, што сёння ў Беларусі шмат самых розных тэматычных аграэкасядзібаў. І тым, хто задумваепцца пра адпачынак у беларускай вёсцы, ёсць з чаго выбраць.

Алена ВАСІЛЬЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.