Футбольны клуб БАТЭ і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве.
Як сапраўды народны, футбольны клуб БАТЭ мае шырокую аўдыторыю аматараў розных узростаў. Папулярнасць футбола як каманднай гульні, аўтарытэт спартсменаў могуць служыць для дзяцей прыкладам здаровага спосабу жыцця і садзейнічаць развіццю пазітыўных звычак і мадэляў паводзін. Выкарыстоўваючы экспертызу ЮНІСЕФ, у клубе разлічваюць зрабіць наведванне футбольных матчаў яшчэ больш дружалюбным для дзяцей і падлеткаў. Дзве арганізацыі плануюць развіць пазітыўную культуру падтрымкі спартсменаў на трыбунах «Барысаў-Арэны», стварыць дзіцячую інклюзіўную зону. У планах — арганізаваць сумесныя праекты па зборы сродкаў для праграмы «Сям'я кожнаму дзіцяці», якая дапамагае дзецям з інваліднасцю аднавіць кантакт з біялагічнымі бацькамі ці знайсці прыёмную сям'ю.
На працягу 2021 года БАТЭ прадставіць некалькі лотаў, сярод якіх — магчымасць паўдзельнічаць у трэніроўцы каманды. Інфармацыя аб іх будзе размешчана ў сацыяльных сетках клуба і ЮНІСЕФ у Беларусі.
«Мы рады супрацоўнічаць з ЮНІСЕФ у Беларусі, які падтрымліваюць многія вядомыя спартыўныя клубы па розных відах спорту ва ўсім свеце. Нашае партнёрства — магчымасць стаць часткай гэтага глабальнага руху для развіцця патэнцыялу дзяцей і падлеткаў праз спорт. Партнёрства з ЮНІСЕФ у Беларусі дазволіць нам умацаваць работу клуба з сямейнай аўдыторыяй, дзецьмі і падлеткамі. Тым самым мы падкрэслім, што спорт адкрыты і даступны для ўсіх», — падкрэсліла намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу ФК БАТЭ Алеся Кацярыніч.
«Любы спорт — гэта гульня. Менавіта гуляючы, дзеці развіваюцца — фізічна, эмацыянальна, інтэлектуальна. Спорт можа змяніць жыццё дзяцей. Праз узаемадзеянне з легендарным ФК БАТЭ мы будзем працаваць над тым, каб спорт стаў больш даступным, інклюзіўным, бяспечным, абараняючы правы кожнага дзіцяці», — адзначыла прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Таня Радачай.
Пасля цырымоніі падпісання мемарандума прадстаўнікі дзвюх арганізацый, а таксама гульцы клуба Андрэй Кудравец і Сямён Лазарчык наведалі Барысаўскі радзільны дом, каб уручыць падарункі ад клуба і пінеткі, якія ўвесь год будуць дарыць нованароджаным. Такі знак увагі падкрэслівае клопат БАТЭ і ЮНІСЕФ пра дзяцей і сімвалізуе зараджэнне новага партнёрства ў 2021 годзе.
У прадстаўніцтве ЮНІСЕФ у Беларусі нагадалі, што Барысаў, дзе працуе футбольны клуб БАТЭ, носіць статус горада, дружалюбнага дзецям і падлеткам.
Валерыя СЦЯЦКО
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.