Вы тут

Як Мінскі філіял РУП «Белмытсэрвіс» пашырае межы магчымага


Сёння лагістычным аператарам называецца кампанія, якая аказвае лагістычныя паслугі не ніжэй за ўзровень 3PL, інакш кажучы, аказвае ўсе неабходныя лагістычныя паслугі. У Беларусі найбуйнейшы 3PL аператар — рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмытсэрвіс». Філіялы ў кожным рэгіёне краіны, 8 транспартна-лагістычных цэнтраў, 14 складоў часовага захоўвання, 11 мытных складоў, 10 складоў агульнага карыстання, свае аўтамабільныя і чыгуначныя паркі і прафесіяналы сваёй справы ўжо 20 гадоў працуюць дзеля эфектыўнага развіцця міжнароднага гандлю і ўзаемадзеяння. Для «Белмытсэрвісу», сапраўды, няма межаў ні на геаграфічных картах, ні ў самаўдасканаленні.

Згодна са справаздачай Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, у рэйтынгу эфектыўнасці функцыянавання лагістычных цэнтраў за 2020 год з 58 арганізацый першае месца заняў транспартна-лагістычны цэнтр «Мінск-Белмытсэрвіс-2», на другім месцы — транспартна-лагістычны цэнтр «Мінск-Белмытсэрвіс». Такі поспех стаў галоўнай падставай, каб даведацца, як працуе мінскі філіял найбуйнейшага лагістычнага аператара Беларусі. Пра гэта расказаў яго дырэктар Аляксандр Скачкоўскі.


— Аляксандр Аляксандравіч, патлумачце, калі ласка, для шырокага кола чытачоў, чым займаецца Мінскі філіял РУП «Белмытсэрвіс»?

— Мінскі філіял — цэнтральнае звяно ўсяго прадпрыемства «Белмытсэрвіс». Наша прадпрыемства праводзіць транспартна-лагістычнае абслугоўванне, аказвае мытныя і складскія паслугі. Мы займаемся ўсім, што звязана з перавозкай грузаў. Для гэтага створаны ўсе ўмовы. Мы маем два транспартна-лагістычныя цэнтры, нашы спецыялісты працуюць на ўсіх пунктах мытнага афармлення ў рэгіёне. На тэрміналах «Мінск-Белмытсэрвіс» і «Мінск-Белмытсэрвіс-2» мы прапаноўваем кліентам сучасныя склады агульнай плошчай 28 000 метраў квадратных. Дзякуючы наяўнасці шматярусных стэлажоў, халадзільных камер, на гэтых складах могуць захоўвацца самыя розныя тавары. На тэрміналах створана ўся інфраструктура: прасторныя адкрытыя пляцоўкі для аўтамабіляў, уласны чыгуначны пад'езд, пляцоўка для захоўвання кантэйнераў і выканання пагрузачных аперацый, пункты мытнага афармлення, кафэ, гасцініца, аўтамойка. Але толькі захоўваць тавары на складах сёння ўжо неактуальна. Сучасныя транспартна-лагістычныя цэнтры — гэта пункты збору, кансалідацыі тавараў і іх поўнай апрацоўкі. У апрацоўку ўключана ўсё: адносіны да тавару, сертыфікацыйныя патрабаванні кожнай краіны, патрабаванні кліента. Правільнае афармленне дакументаў — гэта залог паспяховай перавозкі тавараў. Калі на тавар няма, напрыклад, правільна аформленай ліцэнзіі, яго не прапусцяць на граніцы і ва ўсіх будуць праблемы. Але калі лагістычны аператар застрахаваны ад любых рызык, як мы, то можна знайсці рашэнне любой праблемы.

— Як вядома, РУП «Белмытсэрвіс» мае 20-гадовы вопыт работы. А чым са зробленага можа ганарыцца Мінскі філіял?

— Прывяду цікавую статыстыку. З пачатку работы філіяла на тэрміналах апрацавана звыш 23 мільёнаў тон грузаў, аформлена больш за два мільёны розных дэкларацый. Кожны месяц тэрміналы прадпрыемства апрацоўваюць звыш 960 тысяч тон грузаў — гэта 32,5 тысячы тон кожны дзень. Штомесяц рознымі відамі транспарту перавозіцца 35 тысяч тон грузаў — гэта па 1,15 тысячы тон на дзень. Мы пастаянна развіваемся і за 20 гадоў пашырылі спіс паслуг, сфарміравалі шырокую кліенцкую і партнёрскую базу, праклалі сотні новых лагістычных маршрутаў, у дзесяць разоў павялічылі колькасць рабочых месцаў.

— Якім для Мінскага філіяла выдаўся 2020 год, улічваючы ўсе складанасці, звязаныя з пандэміяй каранавіруса?

— Сапраўды, мінулагодні вопыт быў нечаканы для многіх. Пандэмія зрабіла свой «унёсак» у развіццё партнёрскіх адносін, паўплывала на грузапаток, змяніўся спажывецкі попыт. У пачатку пандэміі мы хваляваліся, што рынак перавозак можа пацярпець ад зніжэння эканамічнай актыўнасці суб'ектаў гаспадарання, а пазней стала зразумела, што хваляваліся мы дарма. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у 2020 годзе Мінскі філіял РУП «Белмытсэрвіс» забяспечыў станоўчую дынаміку да ўзроўню 2019 года. Лічу, што гэта поспех, але няма мяжы дасканаласці.

Мы цесна супрацоўнічалі з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, якія аказвалі дапамогу іншым краінам. Актыўна працавалі над сертыфікацыяй тавараў. У мінулым годзе кампанія пашырыла спіс маркіраваных тавараў, для якіх неабходна наяўнасць абавязковага кода маркіроўкі па тэхналогіі «Datamatrіx». Для гэтага нашы транспартна-лагістычныя цэнтры і склады былі абсталяваны адпаведнымі праграмна-апаратнымі комплексамі. У 2020 годзе мы атрымалі акрэдытацыю біржавага брокера на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Гэта дазволіла нам выступаць злучальным звяном паміж замежнымі пакупнікамі і беларускімі вытворцамі для аказання поўнага комплексу паслуг пры экспарце тавараў з Беларусі. З верасня 2020 на нашых транспартна-лагістычных цэнтрах вялікімі партыямі адгружаецца алкагольная прадукцыя, якая закупляецца ў замежных вытворцаў і дастаўляецца ўласным транспартам. Мы ж праводзім мытнае афармленне і аклейванне акцызнымі маркамі, што дазваляе фарміраваць выгадную цэнавую прапанову. У кастрычніку 2020 года Мінскі філіял РУП «Белмытсэрвіс» стаў дзяржаўным агентам авіяцыйных перавозак.

Усе гэтыя крокі адлюстраваліся ў спецыяльным рэйтынгу і дазволілі РУП «Белмытсэрвіс» увайсці ў топ-3 найлепшых эскпедытараў мінулага года па даных Асацыяцыі міжнародных экспедытараў і лагістыкі «БАМЭ».

— Аляксандр Аляксандравіч, якіх сусветных тэндэнцый у сферы перавозкі грузаў вы прытрымліваецеся?

— Асаблівую ўвагу мы звяртаем на кантэйнерныя перавозкі, якія з кожным годам набываюць папулярнасць. Мы набылі кантэйнеры, кантэйнеравозы, чыгуначныя платформы для перавозкі кантэйнераў. І я магу ўпэўнена сказаць, што ўсё гэта эфектыўна працуе і прыносіць даход. Гэта вельмі зручны спосаб перавозкі грузаў. Напрыклад, у Кітай такім чынам можна даставіць тавары за 14-16 дзён. З Беларусі тавар едзе ў Кітай, там ён выгружаецца, кантэйнер загружаецца кітайскай прадукцыяй, якая едзе далей па Кітаі ці ў Еўропу. Наша краіна вельмі зручна размешчана ў калідоры «Кітай — Еўропа», і гэта трэба эфектыўна выкарыстоўваць.

— Які від транспарту для перавозкі тавараў самы папулярны сярод вашых кліентаў?

— Для нас галоўнае — выкананне паслугі. Ёсць заказчыкі, якія ведаюць, як лепш перавозіць іх тавар. Ёсць тыя, каму трэба падабраць аптымальны спосаб. Гэта ўсё індывідуальна, а мы прапаноўваем розныя спосабы. Самы стабільны транспарт, вядома, чыгуначны: з ім практычна не здараецца форс-мажораў. У 2020 годзе мы атрымалі сертыфікат агенцтва па забеспячэнні паветраных перавозак, выдадзены Дэпартаментам па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Цяпер «Белмытсэрвіс» адпавядае ўсім патрабаванням і можа аказваць паслугі па авіяперавозках. Мы ўжо з'яўляемся афіцыйным агентам авіякампаніі «Белавія», супрацоўнічаем з авіякампаніямі Lufthansa, Turkіsh aіrlіnes, што дазваляе дастаўляць тавары ў любыя краіны.

— Якія новаўвядзенні з'явяцца ў рабоце Мінскага філіяла РУП «Белмытсэрвіс» з улікам прыняцця дзяржаўнай праграмы «Транспартны комплекс» на 2021—2025 гады?

— У межах Дзяржаўнай праграмы «Транспартны комплекс» плануецца ўдасканаленне чыгуначных грузавых перавозак па напрамку Кітай — Заходняя Еўропа — Кітай. Гэта адзін з самых эканамічных, надзейных і дакладных спосабаў дастаўкі вялікіх аб'ёмаў тавару на значныя адлегласці. Дзяржаўная праграмам ўключае мноства тэзісаў, сярод іх — развіццё водна-марскога транспарту. Мы развіваемся ў гэтым кірунку дзякуючы супрацоўніцтву з нашымі суседзямі — Расіяй, Украінай, Польшчай. Беларусь не мае свайго мора, але не так далёка ад яго знаходзіцца, таму мы можам перавозіць тавары і такім спосабам.

— Супрацоўніцтва з Кітаем будзе працягвацца? Як на яго паўплывала падпісанне пагаднення па далейшым развіцці лагістычнай сеткі паміж Беларуссю і Кітаем?

— Безумоўна, гэты напрамак будзе развівацца. РУП «Белмытсэрвіс» з 2016 года актыўна рэалізоўвае праекты ў межах ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» па перавозцы грузаў чыгуначным транспартам у складзе арганізаваных кантэйнерных цягнікоў, з'яўляючыся адначасова грузатрымальнікам, грузаадпраўшчыкам, суаператарам і экспедытарам. Сёння любая беларуская арганізацыя-экспарцёр можа звярнуцца ў Мінскі філіял РУП «Белмытсэрвіс» для арганізацыі адпраўкі грузу ў Кітай. Прадпрыемства аказвае поўны комплекс паслуг: пачынаючы ад заключэння здзелак куплі-продажу, фарміравання партый тавараў, атрымання неабходных дакументаў, узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, заканчваючы непасрэднай дастаўкай тавараў да месца рэалізацыі.

— Як арганізоўваецца перавозка спецыфічных тавараў, напрыклад, вельмі вялікіх ці тых, якія хутка псуюцца?

— Нашы спецыялісты дэталёва вывучаюць спецыфіку кожнага тавару, неабходныя для яго афармлення дакументы. Калі патрэбна перавозіць тавар, які хутка псуецца, і кожная гадзіна мае значэнне, мы загадзя рыхтуем усе дакументы, прымаем неабходныя меры. І калі на транспартна-лагістычны цэнтр паступае тавар, ужо ўсё гатова, каб ён адразу, не губляючы час, адправіўся ў падарожжа. Быў незвычайны выпадак, калі ў Беларусь былі наладжаны пастаўкі абсталявання да ветраных электрастанцый. Яно аказалася вялізнае — каля 50 метраў у даўжыню. І патрабавалася заехаць у зону мытнага кантролю і нічога не пашкодзіць. Кіроўцы і працаўнікі ТЛЦ тады праявілі цуды манеўраў.

— Аляксандр Аляксандравіч, якія мэты і задачы на 2021 год стаяць перад Мінскім філіялам РУП «Белмытсэрвіс»?

— Мінскі філіял РУП «Белмытсэрвіс» цвёрда прытрымліваецца выбранага вектара пастаяннага развіцця і ўдасканалення інфраструктуры, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі і вядучымі айчыннымі экспарцёрамі. Прыярытэт аддаецца ўдасканаленню сістэмы аказання паслуг і павышэнню іх якасці. Працуем над ажыццяўленнем інавацыйнай праграмы аказання спецыялізаваных паслуг па мытным дэклараванні (аўтсорсінг ЗЭД). Уключэнне праграмы ў бізнес-працэсы контрагента дазваляе эканоміць на ўтрыманні ў сваім штаце спецыялістаў. Ёсць магчымасць выкарыстання «індывідуальнага пакета» мытных аперацый па фіксаванай цане. У перспектыве плануецца павялічыць колькасць адпраўленых кантэйнерных цягнікоў да чатырох разоў на месяц.

Мы зацікаўлены ў дзелавым супрацоўніцтве з любымі арганізацыямі: як айчыннымі, так і замежнымі. Мінскі філіял РУП «Белмытсэвіс» рады быць надзейны памочнікам у дасягненні максімальнага прыбытку пры мінімальных затратах. Мы шчыра дзелімся інфармацыяй аб сваёй дзейнасці на афіцыйным сайце і ў сацыяльных сетках. Мы гатовы рэалізоўваць нават самыя складаныя праекты ў межах знешнеэканамічнай дзейнасці.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Хутка, надзейна, эфектыўна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.