Вы тут

Краіна развітваецца з легендарным песняром Леанідам Барткевічам


«Няма таго, што раньш было...», «Бывай, абуджаная сэрцам дарагая...», «Александрына, цяпер прыйшла зіма», «Я к тебе прилетаю, Беловежская пуща»... Гэтыя песенныя радкі заўсёды будуць гучаць для нас голасам аднаго з «Песняроў» Леаніда Барткевіча. Бо хто чуў яго непараўнальнае выкананне, запомніў назаўсёды.


Цяпер яго «залаты», чысты і звонкі беларускі голас будзе чутны толькі ў запісах... 13 красавіка, на 72-м годзе жыцця, спявак памёр.

У легендарны ансамбль «Песняры» Барткевіч трапіў па запрашэнні Уладзіміра Мулявіна ў 1970-м годзе... Было Леаніду ўсяго дваццаць адзін. Вядома, да гэтага шукаў сябе... Хаця музыка суправаджала заўсёды — быў салістам у хоры хлопчыкаў Палаца піянераў у родным Мінску, салістам харавога ансамбля «Юнацтва» пры кансерваторыі, скончыў музычную школу па класе трубы. Зразумела, засвоіў і модную гітару... Але паралельна прайшоўся па архітэктурнай дарозе — дарэчы, дыпломная праца Леаніда Барткевіча, выпускніка Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, была прысвечана кінатэатру «Кастрычнік» у Мінску: будучы слынны спявак удзельнічаў у яго праектаванні.

«Я ніколі нікога не капіраваў. Вельмі любіў спевы вялікага Сяргея Лемешава, а ягоны зварот да маладых выканаўцаў, аднойчы пачуты па радыё, стаў галоўным ключом майго стаўлення да песні на ўсё жыццё. Ён тады сказаў: «Трэба любіць песню ў сабе, а не сябе ў песні!»

Гэты запавет Леанід Барткевіч захоўваў усё жыццё.

Харызматычны, прыгожы, сапраўдная «зорка», Барткевіч заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі, да таго ж быў здольны на смелыя, нечаканыя ўчынкі. Напрыклад, дзесяць гадоў прапрацаваўшы ў «Песнярах», на піку славы, паступіў у маскоўскі Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва на рэжысёрскае аддзяленне... Мала хто ўяўляў, якім славуты спявак быў у жыцці. Аднойчы ў гутарцы, запісанай ужо пасля смерці Мулявіна, Барткевіч сказаў: «Сёння я слухаю толькі класіку і «The Beatles». Жыву сённяшнім днём і заўтрашнім. Я не разумею, як сёння людзі жывуць у дэпрэсіі. Калі, напрыклад, мне кепска, я знаходжу занятак па душы: засцілаю більярдны стол, пішу карціны, адпраўляюся з сябрамі на рыбалку ці ў грыбы».

Але, безумоўна, з вялікім спеваком і ў светлыя, і ў цёмныя хвіліны была яго песня, якую мы будзем слухаць заўсёды.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.