Вы тут

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры


«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».

Так пачынаецца адна з гісторый акадэмічнага зборніка беларускіх легенд і паданняў 1983 года. Пазначана, што ўзятая яна з часопіса «Wіsla» за 1889 год.

«Здарылася гэта быццам яшчэ ў часы, калі ў Літве панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак літвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, забілі гэтых місіянераў, а іх трупы ўкінулі ў яму на схіле Лідскага замка. На гэтым месцы, не сеяныя і не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх літоўцы, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку, і з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы...»

Гэта ўжо моцны містычны вобраз: дрэвы, з якіх цячэ кроў. А ў дадатак пачуеце ад экскурсаводаў гісторыю аб прывідных воях, якія і па сёння ахоўваюць Лідскі замак, а ўначы можна пачуць грукат зброі і гукі іх крокаў.


yan.vydra.com

Наколькі легенды маюць пад сабой гістарычны падмурак?

Крыжакі на лідскім лёдзе

Адрэстаўраваны нядаўна Лідскі замак уражвае... Велічны, вялікі... Калі не прыглядацца да хібаў рэстаўрацыі, якія турысты скептычна ўвекавечваюць на смартфонах, накшталт шчарбата выкладзеных сучасных цаглін у аконных праёмах... Але, як пісаў слынны гісторык Міхал Ткачоў, «калі дакранаешся рукой да заімшэлых замкавых сцен, міжвольна думаеш: як жа людзі маг-
лі тады, у далёкім дрымучым XІV стагоддзі, узвесці яго без механізмаў і машын? Любы сярэдні камень з кладкі сцяны важыць столькі, што яго ледзь адарвуць ад зямлі двое дужых мужчын. А колькі іх, такіх пасляледавіковых «гарошын», у сценах двухметровай таўшчыні! Самыя сціплыя падлікі паказваюць, што было сабрана і прывезена каля 23 000 м3 валуноў. Кожны з іх трэба было падабраць адпаведна колеру, памеру і старанна абчасаць. А колькі «тварылаў» спатрэбілася, каб гасіць вапну! Ці ўзяць тую ж цэглу. Каля паўтара мільёна штук лягло іх у сцены, і праз шэсць з паловай стагоддзяў цэгла як звон — хоць у печ, хоць у падмурак!»

Давялося мне пабываць тут і падчас здымкаў фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча», калі стваралася атмасфера XVІІІ стагоддзя. Тады ноччу ў святле поўні і пражэктараў сцены замка штурмавалі каскадзёры, у двары адбывалася крывавая бойка, а пасля там жа гуло баляванне... Магчыма, нейкія прывідныя вочы і назіралі за гэтым дзействам? Вочы, прывычныя да крывавых бітваў...

Міхась Ткачоў так пісаў у сваім артыкуле пра Ліду: «Першы яе князь быў Альгерд. Пры ягоным сыне Ягелу паміж літоўскімі князямі пачаліся доўгія звады за велікакняжацкі прастол.
Гэта скарысталі крыжакі. У 1384 годзе, пасля працяглай аблогі і штурму, яны ўзялі замак і часткова яго разбурылі. У снежні 1392 годзе атрады рыцараў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэнштэйнскім ды іх саюзнікам князем Вітаўтам пераправіліся ля м. Аліта цераз Нёман і праз скаваныя маразамі балоты падышлі да лідскіх сцен. Разам з імі паспытаць рабаўнічага шчасця прывалакліся і англійскія рыцары, якіх узначальваў малады граф П. Нартумберленскі.

Запаліўшы падзамча і абрабаваўшы горад, драпежнікі аблажылі замак. Князь Дзмітрый Карыбут, што кіраваў абаронай, меў даволі сілы, але, напалоханы рыцарамі, вырашыў здаць замак. Прычакаўшы ночы, князь з гарнізонам пакінуў крэпасць і падаўся ў бок Навагрудка. Рыцарам дасталася шмат зброі і ваеннага рыштунку».

Паводле легенды пра Лідскі замак, згаданы Дзмітрый Карыбут, каб яго ўцёкі з войскам засталіся незаўважнымі, пакінуў на сценах замка некалькі вояў, якія мусілі прыкрываць адыход асноўнага гарнізона. Вось яны, фактычна смяротнікі, і баранілі замак да апошняга. Бароняць і пасля смерці.

Згадзіцеся, гістарычная падстава для ўзнікнення легенды аб прывіднай варце ёсць.

Адкуль узяўся Карыбут?

Пацвярджаюць такія звесткі і матэрыялы знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча, які друкаваў артыкулы пра родныя мясціны яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады. У яго ж удакладнім, адкуль у Лідзе ўзяўся баязлівы князь Дзмітрый Карыбут. Лідчыну князь Альгерд аддаў свайму ўлюбёнцу Вайдылу. Вось як пра таго піша летапіс Быхаўца: «Некто пан был холоп у великого князя Ольгерда, паробок невольны, звали его Войдылом, первие был пекарь, потом уставил его постелю слати и воду давати себе питии, а потом и вельми полюбился ему и дал был ему Лиду держати и повел был его у доброе». Пасля смерці Альгерда Вайдыла так схіліў да сябе яго сына Ягайлу, што той надзяліў былога прыслужніка баярскім званнем і аддаў за яго замуж родную сястру Марыю. Супраць гэтага паўстаў Ягайлаў дзядзька Кейстут, бацька Вітаўта...

Ну, папраўдзе, варажнеча пачалася не толькі за Вайдылы, як піша Шымялевіч, «Кейстут, празнаўшы аб заключаным супраць яго саюзе паміж Ягайлам і крыжакамі, раптам напаў на Вільню, схапіў Ягайлу, а сябе абвясціў вялікім князем».

Вось тут і з'яўляецца Карыбут: «Князь ноўгарад-северскі Зміцер Карыбут, родны брат Ягайлы, заступіўся за апошняга і пачаў пагражаць Кейстуту. Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе ў яго ўдзел напаў на Дуброўню, за 5 вёрст ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць у 1381 г. (Danіlowіcz. Skarbіec Dіplomotow. І. № 477, заўв. 8 )».

Пасля смерці Вайдылы Лідчына дасталася Ягайлу, а той у 1391-м аддаў Ліду вернаму брату, Дзмітрыю Карыбуту.

Але якраз у студзені наступнага года і адбылося нападзенне крыжакоў. І зусім невыпадкова ў шэрагах аддзела нямецкіх рыцараў знаходзіўся князь Вітаўт. Шымялевіч удакладняе, што той аддзел, «перайшоўшы па лёдзе каля м. Аліты р. Нёман, нечакана з'явіўся ля сценаў Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны першымі дзеяннямі рыцараў, Зміцер Карыбут у глухую поўнач спешна выступіў са ўсім сваім аддзелам з замка, пакідаючы яго без бою Вітаўту, і накіраваўся ў Наваградак».

Атрымліваецца, што князь, які кінуў сваіх смелых вояў на верную смерць, уладарыў замкам менш чым год, а войска, што той замак асаджала, вяртала замак Вітаўту, сыну Кейстута, стрыечнаму брату Ягайлы і Дзмітрыя Карыбута. Згадаем яшчэ, каб падсвятліць шэкспіраўскія жарсці падзеяў, што ў 1382 годзе, на другі год пасля таго, як Кейстут павесіў Вайдылу, ён сам быў забіты па загадзе пляменніка Ягайлы ў Крэўскім замку, а яго сын Вітаўт тады цудам уцёк...

Пасля таго як Ліда дасталася Вітаўту, Ягайла падпісаў з ім умовы вечнага міру. Дзмітрый Карыбут патрабаваў Ліду назад, нават сабраў наёмнае войска — але быў ушчэнт разбіты, трапіў у палон, але яго не замардавалі, як Кейстута. Няўдалы ўладальнік Лідскага замка быў адасланы да брата Ягайлы.

Ткачоў адзначае яшчэ цікавы факт: захаваліся руіны паўночна-ўсходняй вежы, якая была ўзведзена, магчыма, якраз у часы нападу крыжакоў, калі тыя ў 1384-м часткова зруйнавалі замак. Пры вывучэнні кладкі ў даследчыкаў склалася ўражанне, што будаўнікі вельмі спяшаліся, відаць, чакаючы чарговага нападу.

А ў Лідзе засталася легенда, якая адлюстроўвае сумніўныя паводзіны нядоўгага гаспадара.

Крывавыя сосны

А вось што датычыцца крывавых соснаў...

Гісторыкі Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж прапанавалі цікавую гіпотэзу, што Ліда, паводле мясцовай легенды, сапраўды названа ў гонар старэйшай дачкі князя Гедыміна, якая ў хрысціянстве атрымала імя Лідзія. Пра гэта не захавалася звестак у гістарычных хроніках, але месцічы запомнілі. А хрышчана князёўна была, верагодна, перад сваім замужжам з праваслаўным князем Давыдам Гарадзенскім місіянерамі, якія, несумненна, прысутнічалі ў Лідзе. Па версіі гісторыкаў, пасля таго, як дачка Гедыміна загінула ад рук крыжаносцаў, і прынеслі людзі Гедыміна ў ахвяру паганскім багам місіянераў-ордэнцаў, развесіўшы на соснах каля замка.

Міхась Шымялевіч у сваім артыкуле, надрукаваным у «Виленском календаре» 1906 годзе, сцвярджаў наступнае: «Каля 1330 г. у Рускім краі, на правым узбярэжжы р. Нёмана, і Васкрасенскі летапіс і хроніка Стрыйкоўскага ў першы раз згадваюць імя літоўскага горада Ліды (Полное Собр. Рус. Лът., VІІІ, Воскрес., 240; Stryjkowskі, І, 381.). Хоць імя Ліды датуль ні ў адной з першакрыніц і не сустракаецца, але несумнеўна, што селішча гэта належыць да ліку найстаражытных селішчаў літоўцаў і існавала ўжо ў Х ст., г. зн. да таго часу, калі Рускі край не быў яшчэ ў валоданні рускіх князёў. На гэтую акалічнасць паміж іншым паказвае літоўскае паходжанне самой назвы «Ліда», якая азначае ў перакладзе на рускую мову — лясныя пацярэбкі, пчальнік, наогул мясцовасць, вычышчаную ад росшага на ёй лесу (Narbutt, Dzіeje, V, дадат. І.)» Міхась Ткачоў пацвярджае: «Ліда», «лідзімас» (блізкае да яго славянскае «ляда») — таксама балцкае слова і азначае месца, расчышчанае і раскарчаванае ад лесу».

Наконт пакарання місіянераў Міхал Шымялевіч расказвае наступнае... У часы княжання Гедымінавага сына Альгерда адзін з літоўскіх вяльможаў па імені Гаштольд прыняў хрысціянства і ўзяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна св. Францішка, пабудаваў ім у Вільні кляштар. Дзякуючы гэтаму ў 1366 годзе тры францысканцы пасяліліся ў Лідзе. «Невядома, наколькі паспяховыя былі пропаведзі лідскіх місіянераў, вядома толькі тое, што ў 1369 годзе, падчас народнага хвалявання, яны былі перабітыя язычнікамі».

Ці не гэтую падзею захавала людская памяць?

Вядома, сосны, на якіх, паводле легенды, павесілі місіянераў, наўрад захаваліся. Але вельмі падобна, што ў легенды рэальныя падставы.

На цівунскім полі

Камяні цягалі,

А з тых каменняў

Муры будавалі.

Вежа паднялася

Над самай вадою,

Дзе мой слаўны сокал

Засеў за сцяною...

Гэтую старажытную беларускую песню Міхась Ткачоў прыводзіць як доказ, што велічны Лідскі замак будавалі менавіта мясцовыя жыхары, а не запрошаныя майстры.

Калі не былі там — з'ездзіце... І прыслухайцеся: ці не пачуеце крокі прывіднай варты?

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прывіды беларускіх муроў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.