Вы тут

Вясенні суботнік, ці Як навесці парадак бяспечна


У Беларусі 17 красавіка аб'яўлены суботнік. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2021 г. № 206 «Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2021 годзе», рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці рэспубліканскі суботнік на рабочых месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан аб'ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, мясцін баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.


Фота з архіва. Аўтар: Анатоль Кляшчук.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны нагадваюць, што пры правядзенні суботніка наймальнік абавязаны забяспечыць у поўным аб'ёме выкананне сваіх абавязкаў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы» і іншымі нарматыўнымі правымі актамі.

У выпадку, калі падчас суботніка работнік будзе працаваць на сваім рабочым месцы, забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы павінна ажыццяўляцца ў звычайным рэжыме.

Калі ж работнік падчас правядзення суботніка працуе не на сваім рабочым месцы (прыцягваецца да выканання разавых работ, не звязаных з прамымі абавязкамі), удзельнічае ў добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан аб'ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, мясцін баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, то абавязковай умовай па допуску работнікаў да работы з'яўляецца правядзенне з імі мэтавага інструктажу па ахове працы па той разнавіднасці работы, якую ён выконвае.

Пры выкананні работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў мэтавы інструктаж па ахове працы праводзіцца непасрэдным кіраўніком работ наймальніка, а пры выкананні работ на тэрыторыі іншай арганізацыі — непасрэдным кіраўніком работ або спецыялістам арганізацыі, на тэрыторыі якой будуць праводзіцца работы.

Неабходна не дапускаць да выканання работ людзей у выпадку пагаршэння іх самаадчування, звязанага з прастуднымі захворваннямі, з прыкметамі хваробы. З улікам эпідэмічнай сітуацыі, пры арганізацыі работ на суботніку неабходна ўлічваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя, а таксама не дапускаць да выканання работ людзей у хваравітым стане. Для ўстанаўлення падобных фактаў неабходна правесці апытанне работнікаў аб стане іх здароўя пры правядзенні мэтавага інструктажу.

Нельга дапускаць работнікаў, якія не маюць адпаведнай падрыхтоўкі, да выканання работ з павышанай небяспекай. Таксама на дазваляецца працаваць работнікам, якія не забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Важна забяспечыць захаванне нормаў падняцця і перамяшчэння цяжараў уручную жанчынамі, якія бяруць удзел у суботніку.

Наймальнік абавязаны пры выкананні работ па добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан населеных пунктаў забяспечыць работнікаў інструментам і неабходным інвентаром, сродкамі індывідуальнай аховы (пальчаткамі або рукавіцамі, пры рабоце на праезнай частцы — сігнальнымі камізэлькамі, пры рабоце на будаўнічым аб'екце — ахоўнымі каскамі).

Калі выкананне работ ажыццяўляецца на тэрыторыі іншай арганізацы, работнікі забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай аховы і інструментам па дамоўленасці паміж наймальнікам і прымаючым бокам.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».