Вы тут

Сёння не стала былога рэдактара бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» Міхася Карпечанкі


Пайшоў з жыцця вядомы беларускі краязнаўца, пісьменнік і журналіст.


Лаўрэат спецыяльнай прэміі Бялыніцкага райвыканкама імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, прэміі Магілеўскага аблвыканкама «Чалавек года-2010», уладальнік ганаровага знаку «Выдатнік друку Беларусі», проста душэўны і цёплы чалавек. Некалькі месяцаў таму ў інтэрв’ю для «Звязды» ён расказваў пра сваю творчасць і, здавалася, што наперадзе яшчэ цэлае жыццё. За свае 61 год ён паспеў шмат чаго, але колькі засталося нерэалізаваных планаў. Здзіўляла яго працаздольнасць, яго прагнасць да новых фактаў і даследаванняў. На гэта ён не шкадаваў ні сіл, ні здароўя. Цэлы водпуск сядзеў да чатырох гадзін ночы, каб паспець выдаць да Дня Беларускай пісьменнасці, які прайшоў летась у Бялынічах, прысвечаныя роднаму краю і яго ўраджэнцам кнігі. І перажываў, што не хапае кніжных старонак, каб падрабязней расказаць пра сваіх славутых герояў. Некаторыя з іх вярнуліся з небыцця менавіта дзякуючы яму, гэтаму чалавеку з вялікім і шчырым сэрцам. Сэрцам, цалкам адданым прыгожаму Бялыніцкаму краю. Яго маленькая радзім — вёсачка Болін Краснапольскага раёна знікла з карты пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Бялынічына, якой ён прасвяціў амаль усё сваё жыццё і творчасць, стала другой яго радзімай.

Міхась Карпечанка пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. Яго творы друкаваліся і ў часопісах «Выдавецкага дома «Звязда». А колькіх сваіх знаёмых і журналістаў ён натхніў узяцца за пяро, нават цяжка падлічыць. Ён не баяўся канкурэнтаў, баяўся, што зыдуць людзі, якія шмат што могуць расказаць. Я таксама шкадую, што не пагутарыла тады з ім яшчэ больш падрабязней. Усё гэтая спешка…

Ён быў глыбока веруючым чалавекам, але, напэўна, у кожнага з нас ёсць прадчуванне чагосьці непазбежнага. Калі ў апошнія дні леташняга жніўня падымалася на другі паверх рэдакцыі бялыніцкай раёнкі, звярнула ўвагу на тыя прозвішчы, што былі пазначаны на прыступках. Міхась Аляксеевіч расказаў, што такім чынам вырашыў ушанаваць імёны журналістаў, якія працавалі ў выданні і ўжо пайшлі з жыцця. І толькі на апошняй прыступкі не было нічога. Рэдактар лёгка так пажартаваў, што пакінуў яго для сябе. На жаль, словы аказаліся прароцкімі. Прычынай яго смерці стала каранавірусная інфекцыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?