Вы тут

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу


Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра, гараджанамі ў першым пакаленні. Працавалі, гадавалі дзяцей — жылі як усе. У вёску выбіраліся хіба на выхадныя, калі трэба было нешта дапамагчы. У родных Кісялёўцах не забывалі і бабуліну хату, абкошвалі, падтрымлівалі ў парадку. І служыла яна месцам адпачынку сям'і — дачай. Да пары.


Сужэнцы Жарын і старшыня сельвыканкама Іван Будзько (пасярэдзіне).

Ведаць і шанаваць

— Потым дзеці выраслі, часу стала больш, энергія і сілы яшчэ засталіся, — расказвае Людміла Васілеўна. — Захацелася паспрабаваць нешта сваё, знайсці такую справу, якая прыносіла б задавальненне і давала пэўны прыбытак. Спачатку мы сталі прыводзіць у парадак гэтую невялічкую хату. Па першым часе запрашалі ў госці толькі сваіх знаёмых, сяброў. Людзі прыязджалі адпачыць на прыродзе, расказвалі сваім знаёмым, тыя — сваім. Так з'явіліся першыя кліенты, а з імі — кволы намер уладкаваць нешта накшталт аграсядзібы.

Пачалі добраўпарадкаваць, надаваць нейкія разыначкі гэтай старой хаціне. З гарышча дасталі бабуліны прылады працы, нешта знайшлі, калі пахадзілі па суседзях, — так утварыўся этнаграфічны куток. Заадно Людміла Жарын, настаўніца па прафесіі, пачала збіраць гісторыю сваёй мясціны. Апошняе спатрэбілася потым для розных сустрэч і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў аграсядзібе. Але пра гэта крышку пазней.

— Жыццё нашых продкаў, іх аднавяскоўцаў і ёсць гісторыя краіны, — разважае Людміла Васілеўна. — Вялікую частку жыхароў вёскі Кісялёўцы склалі былыя хутаране — іх пасля вайны звезлі сюды. Насельніцтва тады адразу падвоілася.

Шмат чаго перажылі нашы людзі. Мужаў дзед — Сяргей Лукіч Кірыеўскі — ветэран вайны: што цікава — вайну прайшоў ад званка да званка, — працягвае суразмоўніца. — Нават у раённай кнізе «Памяць» памылкова напісалі, што ён пайшоў на фронт у 1944 годзе. Напісалі так, бо вяскоўцаў жа забіралі пасля вызвалення. А наш дзед быў прызваны ў маі на ваенныя зборы, таму франтавіком стаў у чэрвені 1941-га, а вярнуўся дадому ў верасні 1945-га. Не многім удалося прайсці праз усе гады вайны і застацца ў жывых. У сям'і, вядома, шануюцца яго заслугі і ўзнагароды, дзедавы ўспаміны перадаюцца кожнаму новаму пакаленню.

А дзед Людмілы Васілеўны нават не ведаў, што вайна ідзе... Аляксей Дрозд трапіў пад малох рэпрэсій, з 1940-га да 1950 года быў далёка ад родных мясцін, у Сібіры. Ім нават не сказалі, што пачалася вайна. А яго бацька падчас акупацыі быў старастам у вёсцы, супрацоўнічаў з партызанамі, выратаваў ад расстрэлу мясцовага святара. Жонку сынаву падтрымліваў, якая засталася з маленькім дзіцем, — маці Людмілы. Такі вось пакручасты лёс звычайнага вясковага чалавека... Другі дзед — Ціхан Якавук — быў чалавекам заможным — такіх нярэдка называлі кулакамі, цудам пазбег высылкі. Так што гісторыя краіны можа быць прадстаўлена ў выглядзе летапісу адной асобна ўзятай сям'і.

Вуліца з 21-м Васілём

А яшчэ тут цікавая гісторыя мясцовай царквы. Храму летась споўнілася б 290 гадоў, але яго разбурылі ў 50-я гады. І ўжо ў 1995-м усёй грамадой царкву адбудавалі наноў. Летась адзначылі яе 25-годдзе. Усё гэта згадвалі, запісвалі, калі рыхтаваліся да свята вёскі.

Людміла Жарын вельмі захапілася тады ідэяй зрабіць цікавае змястоўнае свята вёскі Кісялёўцы. Пісала сцэнарый разам з прадстаўнікамі мясцовай улады і работнікамі Дома культуры. Збіралі звесткі пра выхадцаў з Кісялёўцаў, спісваліся з многімі, запрашалі на свята. Ну і прыехала нямала людзей з розных гарадоў, абласцей.

Мерапрыемства прымеркавалі да дня святых Пятра і Фяўроніі, каб максімальны акцэнт зрабіць на сям'і. Таму асабліва ўшаноўвалі сталых людзей, юбіляраў, адзначалі і шматдзетныя сем'і, маладых. Адным словам, пастараліся зрабіць цікава для ўсіх. Сёлета рыхтуюцца зладзіць свята яшчэ больш маштабным і разнастайным. Зразумела, калі пандэмія суцішыцца і не перашкодзіць.

У «Васількове» ўжо праводзілі і раённае мерапрыемства — семінар настаўнікаў-беларусістаў. Удзельнікі, вядома ж, пацікавіліся, адкуль такая назва. Людміла Васілеўна з задавальненнем расказала. І ў яе, і ў мужа бацькі былі Васілямі, у абодвух сужэнцаў ёсць браты з такім імем. А на іх вуліцы, падлічылі неяк, раней жыў аж 21 Васіль — настолькі імя было папулярным у вёсцы. Васількі летам расцвітаюць, здаецца, цэлымі плантацыямі. «Ну і як, скажыце, мы маглі назваць сваю сядзібу?» — задае рытарычнае пытанне гаспадыня.

Канцэпцыя сядзібы

Іх «Васількова» цяпер складаецца з двух памяшканняў. Побач з бабулінай хатай узвялі сучасны дом. Работа ўнутры дома, добраўпарадкаванне яшчэ працягваюцца. Спачатку сужэнцы спадзяваліся на льготны крэдыт, які даваў банк на развіццё аграсядзібы. Падрыхтавалі дакументы, але чамусьці ім у апошнюю хвіліну адмовілі. Паводле слоў Людмілы, яны крыху пагаравалі, ды адмаўляцца ад задуманага не сталі, таму ўзялі крэдыт пад вялікія працэнты і ўсё роўна пабудавалі. Уладзімір канчаткова перабраўся сюды з горада, стаў працаваць у вёсцы. Узялі тры гектары зямлі для падсобнай гаспадаркі, вырошчваюць агародніну, бульбу. Па-першае, нейкую капейку выручаюць, па-другое, для сваіх гасцей прапануюць экалагічна чыстую прадукцыю. Канцэпцыю аграсядзібы Людміла Жарын бачыць у спалучэнні двух дамоў і, адпаведна, умоў размяшчэння:

— Вось гэтую бабуліну хату я называю сялянкай, а новую — шляхцянкай. Так заўсёды было на нашай зямлі: побач жылі і сяляне, і заможныя, знатныя людзі — шляхта. У сялянскай хаце могуць размясціцца да шасці чалавек з тых, хто аддае перавагу стылю «рэтра». Тут я ўпрыгожваю пакоі, мэблю бабулінымі ручнікамі, вышытымі абрусамі і бялізнай. Тут ёсць печ, іншыя атрыбуты сялянскага побыту. Неўзабаве ўладкуем этнаграфічны куток. Ну а ў новым доме ўсё будзе па-сучаснаму, з гарадскімі выгодамі і зручнасцямі.

З часам гаспадары разглядаюць магчымасць завесці невялікую гаспадарку. Бо ўжо сутыкнуліся з тым, што дзеці, асабліва з вялікіх гарадоў, не маюць уяўлення пра тое, як расце хлеб, адкуль бярэцца малако. У гаспадыні ўжо, можна сказаць, распрацаваны цікавыя варыянты лекцый пра жыццё дзядуль, бабуль, пра побыт і звычаі вёскі ў даўнія часы. Яна можа даць майстар-клас па беларускіх песнях і танцах, ткацтве, рукадзеллі. Так што сядзіба, паводле іх пераканання, павінна адыгрываць пэўную асветніцкую ролю.

Старшыня Кісялевіцкага сельскага Савета Іван БУДЗЬКО адзначае:

— Само месца размяшчэння бабулінага дома падштурхнула гаспадароў на ідэю аграсядзібы: хата знаходзіцца на самым краі вёскі, наводдаль ад іншых домаўладанняў. Вакол прырода, цудоўныя краявіды. Птушкі ўжо ў сакавіку спяваюць на ўсе лады. А хутка трава падымецца, кветкі закрасуюць, стане яшчэ весялей — ідэальнае месца для такога аб'екта. І гаспадары, як высветлілася, людзі ініцыятыўныя, удзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці вёскі. Людміла Васілеўна бывае на розных курсах, семінарах, імкнецца спасцігнуць новае, цікавае, каб прымяніць у сябе.


Крыху больш за два тыдні таму падпісаны ўказ, які датычыцца ўдасканалення работы з пустымі дамамі ў сельскай мясцовасці. Гэта не першы нарматыўны акт, што закліканы надаць новае жыццё вясковым хатам. Цяпер гэта будзе зрабіць яшчэ прасцей, чым нават некалькі гадоў таму. Дзяржаўная палітыка накіравана на тое, каб менш старых вясковых хат ішло пад бульдозер, а больш набывала новых гаспадароў і новы змест. Такім чынам заахвочваюцца на добрую справу нават чужыя людзі, гараджане, якія, здараецца, пра вёску мелі дагэтуль прыблізнае ўяўленне. А нашчадкам былых вяскоўцаў і пагатоў варта ўспомніць бабуліны ці прабабуліны хаты ды паспрабаваць вярнуць іх да жыцця. Калі захацець — атрымаецца. Сведчаннем таму — прыклад нашых герояў.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Сялянка ды шляхцянка з «Васількова»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.