Вы тут

Дзеля народнага адзінства трэба згуртаваць канструктыўныя грамадскія ініцыятывы


У   Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прайшоў круглы стол «Беларускі саюз жанчын і маладзёжная ініцыятыва», на якім былі вызначаны новыя формы супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і ўладай дзеля кансалідацыі канструктыўных сіл. Таксама падчас мерапрыемства БСЖ абвясціў акцыю «Я, мы памятаем!», якая мае на мэце прыцягнуць увагу моладзі да спадчыны Вялікай Перамогі.


«Грамадзянская ініцыятыва — найважнейшы рэсурс у дасягненні мэт развіцця любой дэмакратычнай дзяржавы. І наша краіна тут не выключэнне, — заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч. — Ацэньваючы сітуацыю ў дадзенай сферы, мы можам сказаць, што сучасная беларуская грамадзянская супольнасць выглядае досыць спелай. Гэта магутная разгалінаваная структура, якая валодае вялікім творчым патэнцыялам. Разам з тым відавочна, што нам трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць, каб павысіць ролю і значэнне такога дэмакратычнага інстытута ў рэалізацыі стратэгіі эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Беларусі».

Паводле яго слоў, вельмі важна, каб розныя грамадскія арганізацыі змаглі сёння знайсці рэальныя агульныя падыходы для аб’яднання сваіх намаганняў у вырашэнні прынцыповых для жыцця краіны і грамадства пытанняў.

«Гэта задача асабліва актуальная ў Год народнага адзінства. І мэта нашай сустрэчы якраз у тым, каб намеціць новыя формы такога супрацоўніцтва і прапанаваць магчымыя кірункі і алгарытмы ўзаемадзеяння іншым структурам грамадзянскай супольнасці. Кансалідацыя ўсіх канструктыўных сіл — сёння гэта і ёсць магістральны напрамак развіцця нашых дэмакратычных інстытутаў. Дадзеная ідэя выразна прагучала на Усебеларускім народным сходзе. І важнасць яе рэалізацыі асабліва падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, — адзначыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў. — Цяперашняя наша сустрэча, якая, дарэчы, арганізавана па ініцыятыве жанчын-дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, можа стаць важным практычным крокам у гэтым кірунку».

Валерый Міцкевіч падкрэсліў: нямала вартых увагі праектаў рэалізавана Беларускім саюзам жанчын, які дзякуючы сваім гуманітарным, асветніцкім і дабрачынным акцыям ужо даўно набыў шырокую вядомасць і заслужаны аўтарытэт як у Беларусі, так і за мяжой.

«Творчы патэнцыял жаночых і маладзёжных арганізацый практычна невычэрпны. І ў прынцыпе, ініцыятыва інтэграваць гэтыя патэнцыялы ўяўляецца вельмі своечасовай і актуальнай, асабліва ў кантэксце пытання аб захаванні народнага адзінства. Бо яе рашэнне дапаможа забяспечыць непарыўную сувязь і пераемнасць пакаленняў, — сказаў ён. — Вельмі важна, каб нашы дзеці вызнавалі тыя ж каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць беларускі народ. Неабходна дабіцца, каб голас рэальнай народнай большасці выразна гучаў не толькі ў дні правядзення ўсебеларускіх форумаў і мемарыяльных акцый. У гэтым плане вельмі паказальна, што і Саюз жанчын, і БРСМ, і іншыя маладзёжныя структуры нацэлены на падтрыманне сацыяльнай стабільнасці, грамадзянскага міру, грамадскай згоды і актыўнае супрацьдзеянне ўсім формам гвалту».

Каштоўнасным ядром ідэі, які згуртаваў цалкам розных людзей у арганізацыях, з’яўляецца патрыятызм, памяць пра гістарычнае мінулае, захаванне духоўна-маральнай і культурнай спадчыны.

«Сёння мы праводзім круглы стол з прадстаўнікамі 24 маладзёжных арганізацый, якія працуюць у нашай краіне. Яны канструктыўныя і не на словах разумеюць, што такое патрыятызм, Радзіма і што такое мерапрыемствы, якія трэба ладзіць на карысць іншых людзей, — сказала журналістам старшыня Беларускага саюза жанчын, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. — Вядома, Беларускі саюз жанчын разглядае гэтую пляцоўку яшчэ і як перспектыўны кадравы рэзерв, каб прыцягнуць у нашыя шэрагі найбольш актыўных і мэтанакіраваных дзяўчат. Мы хочам даць старт вельмі цікавай і важнай акцыі „Я, мы памятаем“, якую сёлета БСЖ вырашыў праводзіць як вочна, так і віртуальна».

Акцыя заклікана прыцягнуць увагу моладзі да спадчыны Вялікай Перамогі, да памяці аб тых падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны. Чэленджы пройдуць у TіkTok і Іnstagram. Да 22 чэрвеня Беларускі саюз жанчын плануе запусціць аудыёпадкасты на ключавых падкаст-платформах і адмысловым канале на YouTube, на якім будуць сабраны аўдыёрасказы пра вайну.

«Што можа БСЖ перадаць моладзі? Напэўна, сёння той час, калі мы павінны навучыцца чуць моладзь, ведаць, чаго яна хоча, як бачыць свой удзел у кіраванні дзяржавай і сябе ў выказванні грамадзянскай пазіцыі. Мы лічым, што Беларускі саюз жанчын — добрая дыялогавая пляцоўка, каб пачуць прапановы моладзі не толькі па мерапрыемствах, але і па напаўненні і змяненні заканадаўства. Сёння працуе Канстытуцыйная камісія, і нам таксама будзе вельмі важна пачуць, што моладзь лічыць неабходным у змяненні тых нормаў, догмаў і, самае галоўнае, правілаў, па якіх будзе жыць і развівацца наша грамадства», — адзначыла старшыня БСЖ.

Член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марына Лянчэўская дадала, што творчы патэнцыял моладзі і жанчын — вельмі сур’ёзны сплаў, які можа быць паспяховы ў вырашэнні важных праблем.

«Наогул, грамадзянская ініцыятыва — найважнейшы рэсурс для ўстойлівага развіцця дэмакратычнага грамадства, а кансалідацыя канструктыўных сіл — магістральны напрамак развіцця дэмакратычных інстытутаў. Мэта нашага мерапрыемства — распрацаваць выразныя, зразумелыя, канкрэтныя праекты», — падкрэсліла яна.

Дэпутат выказала надзею, што згаданыя кірункі і алгарытмы ўзаемадзеяння будуць паспяхова рэалізаваны іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?