Вы тут

Біёлагі зафіксавалі распаўсюджванне нетыповага для Беларусі шкодніка дэкаратыўных раслін


Вучоныя з БДУ і БрДУ імя А. С. Пушкіна зафіксавалі распаўсюджанне нетыповага для Беларусі шкодніка — самшытавай агнёўкі. Гэта матылёк сярэдніх памераў серабрыста-белага колеру з карычнева-чорнай аблямоўкай па краях крылаў. Небяспеку для раслін уяўляюць яго вусні, якія сілкуюцца маладымі лісцем і сцяблом самшыта вечназялёнага.


Упершыню казурку знайшлі ў 2019 годзе ў Камянецкім раёне мясцовыя жыхары. У 2020 годзе Алег Сінчук (БДУ) і Аляксандр Колбас (БрДУ) выявілі агнёўку ў гарадскім парку Брэста і зафіксавалі яе распаўсюджванне па ўсёй тэрыторыі абласнога цэнтра. Беларускія даследчыкі лічаць, што ў гэтым годзе пры захаванні цёплага надвор’я з мая па кастрычнік казурка можа даць да трох пакаленняў. Гэта прывядзе да пашкоджання вялікай колькасці самшыта ў Беларусі і запатрабуе значнага павелічэння мерапрыемстваў па барацьбе з агнёўкай або поўнай адмовы ад выкарыстання гэтай расліны пры азеляненні плошчаў.

Па меркаванні біёлагаў, шкоднік трапіў у Беларусь шляхам натуральнага перамяшчэння з Польшчы. Распаўсюджванне казуркі па Еўропе пачалося з 2006 года. Тады шкоднік быў знойдзены ў Германіі. А радзімай агнёўкі з’яўляецца Усходняя Азія. Папуляцыя казуркі характэрная ў першую чаргу для Кітая, Індыі, Японіі, Карэі і Далёкага Усходу Расіі. Колькасць казуркі ў гэтых краінах рэгулюецца натуральнымі ворагамі — энтамафагамі і паразітамі. З-за іх адсутнасці ў еўрапейскім рэгіёне, у тым ліку і ў Беларусі, наяўнасць агнёўкі вельмі небяспечная для самшыта.

На дадзеным этапе беларускія навукоўцы прапануюць змагацца з насякомым традыцыйнымі сродкамі па абароне раслін ад шкоднікаў. Апрацоўваць самшыт трэба на стадыі фарміравання вусня. Кукалкі і матылі менш успрымальныя да прэпаратаў, таму дарослых асобін збіраюць уручную і знішчаюць. Здаровыя расліны не патрабуюць прафілактычнай абароны.

Беларускія вучоныя плануюць адсочваць сітуацыю па распаўсюджванні шкодніка. Прагназуецца павелічэнне яго колькасці па паўднёва-заходняй частцы Беларусі і пашкоджанне іншых відаў дэкаратыўных раслін.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».