Вы тут

«Міны» запаволенага дзеяння ў нашых кватэрах і не толькі


...Раніцай 22 сакавіка ў 7 гадзін 30 хвілін ратавальнікам Ельска паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры ў адным з трохпавярховых жылых дамоў. Прафесіяналы хутка прымчаліся на месца выкліку і адразу ж заўважылі моцнае задымленне кватэры на першым паверсе. У хлопцаў з пажарнай каманды выразна, да аўтаматызму адпрацаваны ўсе дзеянні пры любой надзвычайнай сітуацыі. І цяпер перш за ўсё праводзілася разведка пакоя, які гарэў, каб, калі спатрэбіцца, ратаваць жыцці людзей. На жаль, без ахвяр не абышлося — на ложку было знойдзена абгарэлае цела гаспадыні кватэры. Жанчына пенсійнага ўзросту жыла адна.


З агнём ратавальнікі, вядома ж, справіліся вельмі хутка, а вось чалавечае жыццё вярнуць ужо нельга. Разгляданая версія прычыны пажару — парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Сляды трагедыі вядуць да насценнага бра.

...Кароткае замыканне электраправодкі — магчыма, гэта і стала прычынай пажару бытавога вагончыка ў Гродне. Позна вечарам 22 сакавіка жыхары дома насупраць бытоўкі звярнулі ўвагу на дым і полымя. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, адчынілі дзверы, правялі разведку і пераканаліся, што ўнутры няма людзей. У лічаныя хвіліны агонь быў ліквідаваны.

...І зноў кароткае замыканне — версія прычыны пажару, які здарыўся ў сакавіку ў сталічнай кватэры па вуліцы Убарэвіча. Двухпакаёвая кватэра знаходзіцца на чацвёртым паверсе пяціпавярховага дома. У адным з пакояў агонь знішчыў маёмасць, а ў суседнім ратавальнікі знайшлі на падлозе нежывое цела гаспадыні кватэры.

Часта, купіўшы які-небудзь электрапрыбор, мы не вельмі паглыбляемся ў інструкцыю па яго эксплуатацыі. Гэта — пасля, калі ўжо нешта здарылася і мы хочам высветліць прычыну... Варта паступіць наадварот: перад выкарыстаннем уважліва вывучыць інструкцыю і выконваць усе прыведзеныя ў ёй правілы. Асабліва гэта датычыцца тэрміну эксплуатацыі — перыяду, на працягу якога тэхніка можа эксплуатавацца па прызначэнні. Калі рэальны тэрмін эксплуатацыі нашай бытавой тэхнікі перавышае дазволены інструкцыяй у разы, то ў выпадку пажару вінаваціць застаецца толькі сябе. Часта старыя халадзільнікі, тэлевізары і іншыя прадметы становяцца для іх уладальнікаў «мінай» запаволенага дзеяння. Многія выкарыстоўваюць бытавую тэхніку, як той казаў, да апошняга. А пасля пакупкі новага тэлевізара або халадзільніка, як правіла, старыя «сябры» пераязджаюць на дачу, у вёску і да т. п., дзе зноў жа становяцца крыніцай небяспекі.

Сучаснаму чалавеку цяжка ўявіць сваё жыццё без камп'ютара, прынтара, сотавага тэлефона і г. д. Камфортна і зручна карыстацца электрычным чайнікам, мікрахвалёўкай ці тостарам. Аднак пры гэтым многія забываюць элементарныя правілы. Падумайце, сыходзячы з дому, якія электрычныя прыборы засталіся ў вас уключаныя ў разеткі і ці ёсць неабходнасць пакідаць іх у рэжыме чакання без вашай прысутнасці. Ніхто не можа прадбачыць, як павядзе сябе тая ці іншая прылада пасля перабояў з электрычнасцю або рэзкіх скачкоў напружання. Вядома, халадзільнік у нас уключаны заўсёды, а вось электрычны чайнік, тэлевізар, мікрахвалёўку і многія іншыя электрапрыборы няма неабходнасці пакідаць уключанымі без нагляду.

Смартфоны, планшэты, мабільныя тэлефоны і шэраг іншых прылад зараджаюцца ад электрычнай сеткі. Многія пакідаюць тэлефон на зарадцы на ўсю ноч. Але ці ўпэўненыя вы, што праводка ў доме абароненая ад скачкоў напружання і збояў? Вы дакладна ведаеце, што ваш гаджэт не грэецца падчас падзарадкі? Не задавайцеся пытаннямі і не рызыкуйце, а толькі выконвайце простыя правілы бяспекі: не забывайце вымаць падзарадную прыладу з разеткі.

У веснавы і восеньскі перыяд, калі ацяпленне ўжо адключана або яшчэ не ўключана, мы карыстаемся абагравальнікамі, якія таксама пакідаем уключанымі на ноч, ці яшчэ «круцей» — выкарыстоўваем іх для сушкі рэчаў. Нехта карыстаецца нават самаробнымі падаўжальнікамі, электранагравальнымі прыборамі.

Ці варта здзіўляцца, што электрападаўжальнік стаў прычынай здарэння ў сталічнай краме па вуліцы Семянякі? Ратавальнікі, якія прыбылі на месца выкліку, выявілі ўзгаранне ў цокальным паверсе шаснаццаціпавярховага жылога дома. Агнём было знішчана халадзільнае абсталяванне. Але дзякуючы зладжаным дзеянням ратавальнікаў эвакуацыя людзей не спатрэбілася, ніхто не пацярпеў.

Лёгкасць у выкарыстанні і зручнасць — асноўныя вартасці сучасных электрычных прыбораў. Аднак служаць яны на радасць людзям, як правіла, да таго часу, пакуль выконваюцца правілы бяспекі і ўсе рэкамендацыі, указаныя ў інструкцыі. Атрымліваючы асалоду ад камфорту, не варта забываць разумныя меры засцярогі...

Марына ВАСІЛЕЎСКАЯ, галоўны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.