Вы тут

Адкуль я ўзяўся, або Як адказаць, каб не пакрыўдзіць


Падобнае пытанне дзіцяці часта напаткае бацькоў, калі яны менш за ўсё гэтага чакаюць. І раней лічылася, што адказаць на яго ў стылі «мы цябе знайшлі ў капусце», «купілі ў краме» ці «бусел прынёс» — гэта выйсце. Цяпер жа дарослыя нават у сацсетках абмяркоўваюць, як прасвятліць дзіця, не нашкодзіўшы яму.


pixabay.com

Варта разумець, што прыдумваючы рознага кшталту фантастычныя гісторыі па гэтай тэме, мы падводзім дзяцей да сітуацыі, калі шукаць патрэбныя адказы яны будуць вымушаны на вуліцы альбо, як зараз папулярна, у інтэрнэце.

— Асноўнае правіла ў гэтай тэме — гаварыць, калі пытаюцца. Ініцыіраваць самім такую размову не варта. Аднак нейкую агульную інфармацыю пра палавое выхаванне трэба пачынаць абмяркоўваць з дзяцінства, таму што гэта той перыяд, калі дзіця давярае бацькам і яны для яго з'яўляюцца аўтарытэтам. Такая размова — своеасаблівая падрыхтоўка да больш важных і сур'ёзных дыялогаў, сярод якіх і тэма з'яўлення на свет, — кажа псіхолаг Вера ПРОХАРЧЫК. — Можна распавядаць пра фізіялогію, будову цела, адрозненні мужчыны ад жанчыны. Але без памяншальна-ласкальных назваў, называйце ўсё як ёсць. У далейшым гэта дапаможа дзіцяці свабодна задаваць тыя пытанні, якія ў яго ўзнікнуць з узростам. Самае важнае — памятаць, што дзіцем кіруе цікавасць. А нейкі сорам яно можа адчуць толькі ў тым выпадку, калі мама ці тата так да гэтага ставіцца. Не варта баяцца, што калі гаварыць з дзецьмі на тэму зараджэння новага жыцця, то гэта падагрэе дзіцячую цікаўнасць. У тым жа дашкольным узросце сын ці дачка, атрымаўшы адказ на сваё пытанне, далей, як правіла, не паглыбляецца. Варта задаволіць інтарэс малечы, і тэма закрыецца.

Калі бацькі адчуваюць сорам і збянтэжанасць і пытанне «Мама, адкуль я ўзяўся?» паўстае знянацку, то лепш спакойна даць сабе час падрыхтавацца да размовы і супакоіцца. Альбо нават папрасіць, напрыклад, мужа пагаварыць з дзецьмі, калі для яго гэта тэма не дыскамфортная. Можна падабраць спрыяльны час і пачаць размову з прагляду фільма, мультфільма альбо роліка, дзе паказваецца развіццё эмбрыёна, а пасля ўжо размаўляць. Адным з варыянтаў дапамогі могуць стаць кнігі. Выбар патрэбнай літаратуры тут даволі разнастайны. Аднак перш чым абраць патрэбны «дапаможнік», не лішнім будзе бацькам самім азнаёміцца са зместам, каб ведаць, у якой падачы вы прапаноўваеце інфармацыю свайму сыну ці дачцэ. Пасля прачытання ў іх могуць узнікнуць новыя пытанні, з якімі дзеці прыйдуць непасрэдна да вас. І калі адбылося менавіта так, то гэта як мінімум нагода для радасці, што дзіця вам давярае. Значыць, і з астатнім вы справіцеся.

Перш за ўсё, не варта ўспрымаць сітуацыю стэрэатыпна, быццам гэта тое, пра што не трэба гаварыць, бо ўяўленне «прыстойна/непрыстойна» можа не супадаць у дзіцяці і дарослага. А сваёй негатыўнай рэакцыяй на зададзенае пытанне вы можаце паўплываць на стаўленне да тэмы сваіх дзяцей у дарослым жыцці і на іх успрыманне сваёй палавой прыналежнасці. Як правіла, цікавіцца будовай уласнага цела і тым, наколькі дзяўчынкі адрозніваюцца ад хлопчыкаў, дзеці пачынаюць ва ўзросце 2—4 гадоў. Тады і можа ўзнікнуць пытанне «Адкуль я ўзяўся?» У сваім адказе засяроджвайцеся менавіта на тым, пра што пытаецца ў вас дзіця, а потым давайце тую інфармацыю, якая адпавядае ўзросту малога. Напачатку можна спыніцца на тлумачэннях кшталту «клетачкі мамы і таты аб'ядналіся ў адну, і ты рос у маім жывоціку, а потым доктар у бальніцы дапамог табе выйсці адтуль». Калі ў сваім аповедзе дойдзеце да ролі таты ў працэсе з'яўлення дзіцяці, то варта патлумачыць гэта ў святле сямейных адносін, кахання ў сям'і. Галоўнае — не падманваць дзіця, а адказваць яму дакладна, зразумела, праўдзіва. Іншая акалічнасць — калі, напрыклад, сын ці дачка прыйшлі да вас з пытаннем, але ўжо і з версіяй адказу на яго ад сяброў ці той жа бабулі. Тут варта таксама ўнесці яснасць адносна інфармацыі, якую ім паведамілі, і падумаць, наколькі гэта суадносіцца з тым, што хацелі б пра гэта распавесці вы самі.

pixabay.com

Інфармаваць дзіця ў пытаннях палавой прыналежнасці і ўзаемаадносін вельмі важна. Асабліва калі разглядаць сітуацыю з падлеткамі. Закранаць трэба псіхалагічны і фізіялагічны аспекты. Прычым у падлеткавым узросце акцэнты робяцца ўжо на тлумачэнні таго, як пазбегнуць нежаданай цяжарнасці, засцерагчыся ад магчымых захворванняў і, галоўнае, умець адмовіцца ад таго, чаго не хочаш, а можа, пакуль і не разумееш. Бо ўзаемаадносіны інтымнага характару заўсёды павінны адбывацца па ўзаемнай згодзе і жаданні. Таксама варта засцерагацца, бо могуць быць пэўныя наступствы, да якіх малады арганізм яшчэ не гатовы, і гэтак далей.

— Бацькам трэба разумець, што пагаварыць са сваім дзіцем на такія тэмы — гэта і ёсць той максімум, які з'яўляецца дасяжным. Часта дарослыя робяць памылку, калі спрабуюць ганьбіць і
пагражаць, палохаць дзяўчынку цяжарнасцю, маўляў, пасля гэтага нават у дом цябе не пушчу. Узаемаадносіны з супрацьлеглым полам рана ці позна ўсё роўна здарацца, і пытанне толькі ў тым, як падлеткі будуць адчуваць сябе ў іх. Нашы дзеці павінны разумець, што маюць права адмовіцца, калі не гатовыя да такога адказнага кроку, і іх зразумеюць, калі сапраўды кахаюць. На практыцы назіраю часам, што дзяўчаты не ведаюць, як сказаць «не», бо прысутнічае страх, што тады з табой не будуць працягваць адносіны, — зазначае спецыяліст. — Сама па сабе тэма палавой прыналежнасці, узаемаадносін полаў і яе абмеркаванне фарміруюць стаўленне дзіцяці да гэтых пытанняў. Калі бацькі гавораць пра ўсё спакойна, то і для дзяцей гэта становіцца нормай. І ў будучыні такое стаўленне павышае гарантыю, што з любой важнай тэмай сын альбо дачка прыйдуць менавіта да вас, бо давяраюць. Закрананне вышэйакрэсленай тэмы — гэта свайго кшталту яшчэ і прафілактыка сексуаль-
най эксплуатацыі дзяцей, якая ёсць у грамадстве, але часта замоўчваецца. Бывае, што першы вопыт здараецца траўміруючым: пазней выяўляецца, што дзяўчына не можа давяраць мужчынам ці ўзнікаюць праблемы з цяжарнасцю. Іншымі словамі, усё, што адбываецца, нават калі ў дзяцінстве здаецца нязначным, потым можа адгукнуцца. Таму, дарагія бацькі, імкніцеся своечасова пачуць сваіх дзяцей і з павагай і мудрасцю стаўцеся да ўсяго, што з імі адбываецца.

Літаратура бацькам у дапамогу:

  1. Дэбра Хафнер. «Ад пялюшак да першых спатканняў. Што павінны ведаць бацькі пра сексуальнае развіццё сваіх дзяцей».
  2. Кацярына Януш. «Як я з'явіўся на свет. Для чытання дарослымі дзецям».
  3. Пітэр Мэйл. «Адкуль я ўзяўся». Аўтар вядзе дыялог з чытачом-дзіцем.
  4. Віржыні Дзюмон. «Адкуль я ўзяўся? Сексуальная энцыклапедыя для дзяцей 5—8 гадоў».
  5. Дэры Бэйлі. «Маё цела мяняецца: усё, што хочуць ведаць падлеткі і пра што саромеюцца гаварыць бацькі».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.