Вы тут

Салістка беларускай оперы Іна Русіноўская: Добра, калі з сяброўства нараджаецца каханне


Салістка Вялікага тэатра Беларусі Іна Русіноўская і яе муж Міхаіл — артыст хору гэтага ж тэатра — у мінулым годзе адзначылі фарфоравае вяселле. Іх віншавалі сябры юнацтва, якія ў свой час казалі: «Прыгледзьцеся, вы падыходзіце адно аднаму». І не памыліліся.


— З будучым мужам я пазнаёмілася ў студэнцкай кампаніі. Мы часта збіраліся, ладзілі вячоркі, — распавядае Іна. — Мы ўсе сябравалі, і я неяк нікога з хлопцаў не прымярала на ролю свайго мужа. А вось сябры раілі нам звярнуць больш пільную ўвагу адно на аднаго. У нейкі момант так і адбылося. Аднойчы ў кампаніі мяне ўбачыла Мішына мама і сказала: «Добрая дзяўчынка». А потым і яго тата заявіў: «Такую б жонку для нашага Мішы!» Нягледзячы на падказкі, усё ж мы самі выбралі адно аднаго.

— Перыяд заляцанняў колькі доўжыўся?

І. Р.: — А яго як бы і не было. Мы знаходзіліся ў адной студэнцкай кампаніі, усе ўжо ведалі адно пра аднаго. Мне здаецца, гэта вельмі добра, калі з сяброўства нараджаецца каханне. Сяброўства заўсёды шчырае, а вось закаханыя стараюцца дэманстраваць найлепшую версію сябе. Гэта натуральна, што хочацца спадабацца, вобразна кажучы, з гарантыяй, але жыць жа потым не з ідэальным чалавекам, а са звычайным. Так што мы сябравалі, а потым у адзін цудоўны дзень Міша зрабіў мне прапанову.

— Гэта значыць, сям'ю вы стварылі ў студэнцкія гады. А як вяселле спраўлялі?

М. Р.: — Не зусім так, я ўжо працаваў. У нашай сям'і прынята, што такая важная падзея адзначаецца ў коле родных і сяброў. Такія ж каштоўнасці падзяляла Іна і яе сям'я. Вядома, бацькі нам таксама дапамагалі, за што мы ім удзячныя.

І. Р.: — Так атрымалася, што гасцей прыйшло нават больш, чым мы чакалі. І пакуль для іх ставілі дадатковы стол (балазе, пачастункаў было прыгатавана з вялікім запасам), мы з Мішам спявалі. Напэўна, ні ў кога не было такога вяселля, каб на «разагрэве» ў запрошанага ансамбля выступалі самі маладыя. А калі ініцыятыву ўзялі нашы сябры, многія з якіх цяпер ужо вядомыя музыканты, сталі спяваць і граць, то арганізаваўся цэлы хор з цудоўных галасоў, выступалі разам і асобна, спявалі і арыі, і народныя песні. Увогуле, свята атрымалася, а яго музычная частка была проста ўнікальная.

— Спрэчак аб пераходзе на прозвішча мужа ў вас не было?

М. Р.: — Абсалютна, Іне падабалася маё прозвішча. А калі сур'ёзна, то мы лічым, што ў сям'і павінна быць адно прозвішча на ўсіх.

— Іна, вядомы выпадкі, калі пасля родаў у спявачак з'яўляюцца праблемы з голасам. Вы не баяліся нараджаць дзіця, будучы студэнткай?

І. Р.: — З нараджэннем Тонечкі падгадалі так, каб, як я жартую, атрымаць размеркаванне ў радзільню. Не, страху страціць голас не было, напэўна, я і не ведала аб гэтай страшылцы. Але мне казалі, што кармленне грудзьмі несумяшчальнае з прафесійнымі спевамі. Таму Тоню я карміла толькі год. Наогул, магу сказаць, што абедзве цяжарнасці для мяне прайшлі спакойна, асабліва другі трыместр — гэта проста час фантастычнага душэўнага і нават фізічнага ўздыму. Дарэчы, і кармленне грудзьмі не супрацьпаказана спявачкам — так атрымалася, што з другога дэкрэта мяне тэрмінова запрасілі праспяваць спектакль, і я зразумела, што ўсё прайшло добра. Ніхто не пацярпеў: ні дзіця, ні публіка, ні маці.

— Іна, у вашым рэпертуары шмат спектакляў для дзяцей. Так склалася ці гэта ваш выбар?

І. Р.: — Гэта выбар пастаноўшчыкаў, за які я ім удзячная. Люблю ўсе свае ролі, але работа ў дзіцячых спектаклях — гэта нешта асаблівае. Правільна нават сказаць — у сямейных спектаклях, бо дзяцей прыводзяць бацькі. Так прыемна глядзець на прыбраных дзетак, якім усё цікава, якія проста чароўныя ў сваёй шчырасці.

— Мяркуючы па фотаздымках, у вашых дачок вялікая розніца ва ўзросце...

І. Р.: — Тоня ў свой час прасіла браціка ці сястрычку, але ў нас неяк не складвалася... Потым яна перастала казаць пра гэта, мабыць, страціла надзею. Мы адразу марылі, што ў нас будзе двое дзяцей. Вельмі пастарацца і нарадзіць другое дзіця мяне ўгаварыў Міша.

М. Р.: — Мне вельмі хацелася, каб у Тоні быў родны брацік ці сястрычка. Тым больш што я і Іна, як зараз кажуць, — са шматдзетных сем'яў: у нас на дваіх чатыры браты! І яшчэ мне было цікава паўтарыць вопыт бацькоўства ў больш старэйшым узросце. Зараз магу сказаць, што гэта зусім іншыя эмоцыі, чым калі ты яшчэ малады чалавек.

Калі нарадзілася Тоня, я сумяшчаў работу і вучобу ў кансерваторыі, была вельмі вялікая нагрузка, таму шмат клопатаў аб старэйшай дачцэ дасталася Іне. Да моманту нараджэння Алісы ў мяне з'явілася больш часу на сям'ю.

— Аліса вырасла татавай дачкой?

М. Р.: — Так, яна любіць падысці да мяне, абняць і сказаць: «Ты — найлепшы ў свеце татачка», а потым бяжыць да Іны, таксама абдымае і кажа: «Я цябе люблю, матуля». І гэта — адны з самых шчаслівых момантаў у жыцці.

— Як складваюцца адносіны ў дачок?

І. Р.: — Вельмі добра, яны сябруюць, і розніца ва ўзросце ў дзесяць гадоў не перашкода. А мы аднолькава моцна любім кожную з іх. Мы стараліся, каб са з'яўленнем Алісы дзяўчынкі былі разам. Нам хацелася, каб у Тоні ні на хвіліну не ўзнікла пачуццё, быццам яна сыходзіць на другі план. Мы прапанавалі старэйшай дачцэ выбраць імя для сястры. Памятаю, Алісе было гадкі тры, я прыйшла з работы, дзяўчынкі бягуць мяне сустракаць. Зручней было б абняць спачатку Алісу, потым Тоню, але я абняла іх адразу абедзвюх. І так ва ўсім.

Мы ўсе рады, што ў нас з'явілася Аліса — гэта такое засяроджанне энергіі, вакол якога ўсё закруцілася. У ёй столькі актыўнасці, выдумкі! Міша — клапатлівы і ўважлівы муж і бацька, але неяк ён ігнараваў 8 Сакавіка і 14 лютага. Мы з Тоняй дастаткова спакойна да гэтага ставіліся. А вось Аліса ў свае сем гадоў запатрабавала спачатку адзначыць дзень 14 лютага. Кажа: «Пойдзем у кавярню!». Тоня прыехала з Алісай у тэатр, у мяне скончылася рэпетыцыя, мы гатовыя ісці. А ў Мішы яшчэ ідзе спектакль. Аліска кажа: «Чакаем тату, я хачу, каб мы ўсе сядзелі за сталом, елі смачнае, а ў вас было каханне». Перад 8 Сакавіка яна пытаецца ў Мішы: «Тата, ты рыхтуешся да свята?»

М. Р.: — Вядома, трэба пастарацца стварыць атмасферу свята, бо сямейны дабрабыт і шчасце — гэта вялікая штодзённая праца, вопыт усіх папярэдніх гадоў, памылак, сумесных пошукаў і рашэнняў.

— Тоня ўжо дарослая дзяўчынка, вучыцца ў выпускным класе гімназіі-каледжа мастацтваў. Бацькі часам наракаюць, што цяжка знаходзіць агульную мову з дзецьмі ў такім узросце.

І. Р.: — Мне здаецца, яе немагчыма страціць, калі так было з самага пачатку. Мы са сваімі дочкамі шчабяталі нават тады, калі яны яшчэ толькі «агукалі». Дзяўчынкі адразу прывыкалі да галасоў бацькоў. Мы заўсёды з імі размаўлялі, усяляк давалі зразумець, што яны — важныя і значныя для нас людзі. Вядома, у кожнага з нас свой графік, часам вельмі насычаны, але ёсць непарушнае правіла: хоць бы адзін раз на дзень усім сабрацца за сталом. Не толькі для таго, каб паесці, але і пагутарыць. У нас няма на кухні тэлевізара: нам не патрэбен пяты суразмоўца, таксама забарона на гаджэты.

Мы рады, што нашы дзеці любяць чытаць. Мы не прывучалі іх да чытання спецыяльна, а чыталі ім з дзяцінства, часта хадзілі ў бібліятэку, дзяліліся думкамі аб прачытаным. Цяпер мы шмат чытаем ужо Алісе, а Тоня можа мне параіць, на якую кнігу варта звярнуць увагу.

Часам наракаюць і на тое, што «маладыя — не такія». Так, яны не такія, яны іншыя. У чымсьці — мілыя наіўныя дзеці, у чымсьці — значна больш дарослыя і больш адукаваныя, чым мы ў іх узросце. Мне вельмі цікава размаўляць з Тоняй, і я рада, што яна сваім думкамі, ідэямі дзеліцца са мной і мужам.

— Скажыце, ці знаёма вам пачуццё творчай рэўнасці?

М. Р.: — У сям'і мы падтрымліваем адно аднаго, суперажываем і радуемся любым поспехам. Як кажуць нашы сваякі, мы — творчыя людзі. За 20 гадоў у хоры Вялікага тэатра навучыўся не сапернічаць або канкурыраваць, а радавацца за калег і іх дасягненні. У Іны добра складваецца кар'ера, я таксама шчаслівы, што спяваю ў нашым хоры — гэта калектыў найвышэйшага прафесійнага ўзроўню!

І. Р.: — Рэўнасць, зайздрасць — гэта наогул не пра нас. У сям'і такія пачуцці недапушчальныя, яны проста руйнуюць. У нас вельмі моцная, з прафесійнага пункту гледжання, оперная трупа і проста па-чалавечы добрыя адносіны паміж калегамі. Таму ёсць куды развівацца, на каго раўняцца і не баяцца вострых локцяў.

У тэатры шмат сямейных пар, і з многімі мы сябруем. Нашы дзеці растуць за кулісамі, яны таксама гуртуюць сем'і калег. Кажуць, цяпер модна сустракацца з сябрамі ў кавярні — гэта таксама добры варыянт. Але нам падабаецца бываць дома адзін у аднаго — так неяк цяплей і вальней.

— А хто ў вас «галоўны бухгалтар»?

І. Р.: — Няма ў нас галоўнага. Мы ведаем, хто колькі зарабіў, разам абмяркоўваем, як рацыянальна распарадзіцца грашыма.

— Як вы любіце адпачываць?

І. Р.: — У нас ёсць абавязковае правіла: падчас адпачынку наведваць бацькоў. Едзем да майго таты на Брэстчыну — там збіраецца ўся радня, вельмі душэўна камунікуем. Кожныя канікулы я праводзіла на радзіме мамы ў Пружанах, у сваёй бабулі. Гэты горад для мяне вельмі шмат значыць. Наша дзіцячая кампанія захавалася да гэтага часу. Сяброўству не замінае тое, што цяпер у нас розны статус, дастатак, — мы з задавальненнем вяртаемся ў дзяцінства. Гэтаксама гасцюем у Гродне ў бацькоў Мішы.

Любім падарожнічаць! Пераканана, што пачынаць трэба з Беларусі. У нас столькі ўсяго цікавага! Усе ведаюць Мір і Нясвіж, а я прапаноўваю ўсім паглядзець чароўны палац у Пружанах! Калі ведаеш сваё, можна ехаць далей. Радуюся гастролям і ў Лондан, і ў Вілейку — проста люблю дарогу.

М. Р.: — Дадам, што мы аддаём перавагу адпачынку пазнавальнаму. Для нас важны момант: у адпачынак — усёй сям'ёй. Вось гэтага «адпачыць ад дзяцей» мы не разумеем. І самае важнае — настрой, здольнасць бачыць тое прыгожае, што ёсць вакол нас. Тады і шпацыр у гарадскім парку, пікнік на беразе Мінскага мора ствараюць пазітыўны настрой.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва сям'і Русіноўскіх

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.