Вы тут

Інструкцыя па лоўлі чорных котак у цёмным пакоі


Андрэй Федарэнка. Шчарбаты талер. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021

Адзін з самых папулярных твораў празаіка — прыгодніцкая аповесць для падлеткаў «Шчарбаты талер». Яна была экранізаваная, вытрымала некалькі перавыданняў... Гэтым разам перавыданне адметнае: у серыі «Бібліятэка прыгод і фантастыкі». Чытво не толькі для дзяцей, займальная канва спалучаецца з аналітыкай сур'ёзных праблем грамадства і адметным псіхалагізмам. Вось галоўная гераіня — гарэзлівая школьніца Аксана. Яе выхоўвае бацька — у маці іншая сям'я. А бацька ў разуменні большасці — няўдачнік... Некаторыя настаўнікі носам круцяць: галота... Хоць насамрэч — інтэлігент, гісторык, навуковец. У Аксаны свой спосаб спраўляцца з праблемамі: яна хлусіць. Віртуозна на хаду прыдумляе гісторыі. Сама заблытваецца ў сваіх выдумках... А дапамагаюць выблытацца з заганнай звычкі, вядома, выпрабаванні, якія прыгодніцкі жанр героям гарантуе. Да Аксаны выпадкова трапляе старажытная манета, якая з'яўляецца ключом да напалеонаўскіх скарбаў, схаваных — вось супадзенне! — якраз каля вёскі Аксанінай бабулі. Зразумела, з'яўляюцца антаганісты — хцівыя бандзюганы, якія могуць і кіднэпінгам заняцца. Ёсць у гераіні і верныя паплечнікі ў пошуках скарбаў, асабліва каларытная парачка — вясковы дзед Макар з унукам Вовам, у чым пры жаданні можна ўгледзець алюзію на дзеда Талаша з унукам. Дзед мірны, працавіты, прастадушны, але ў небяспечнай сітуацыі можа на злыдняў і стрэльбу наставіць, і шротам пульнуць. Зразумела, кампанія станоўчых герояў шукае скарб не дзеля багацця... Набор духоўных здабыткаў па спісе: спазнаць гісторыю свайго народа, навучыцца бараніць сяброў, даведацца, якая гэта каштоўнасць — родная мова. Бо разгадаць, дзе схавана напалеонаўскае золата, без ведання беларускай мовы было б немагчыма.


Міларад Павіч. Хазарскі слоўнік. Масква, «Азбука-классика», 2020

Першы раман сербскага пісьменніка Міларада Павіча прынёс яму неверагодную славу.

«Пісьменнік не раіць чытачу брацца за гэтую кнігу без вялікай неабходнасці... Чытаць яе трэба так, як тузае чалавека гарачка альбо жар ліхаманкі, хваробы, якая прыходзіць прыступамі, праз дзень, і трасе хворага толькі па жаночых днях тыдня...»

Пачатак, які можна прыводзіць у прыклад, як завалодаць увагай чытача. Тым больш сваю думку аўтар прыпадабняе пуме, якую трымаюць за накінутыя на яе ласо чытач і пісьменнік, цягнучы ў розныя бакі — абодва не могуць аслабіць нацяжэнне, бо тады пума іх з'есць.

Напружыліся ўжо? І правільна. Аўтар засумаваць не дасць. «Хазарскі слоўнік» прысвечаны гісторыі выдуманага народа — гэта зусім не тыя хазары, якіх мы сустракаем у рэальных летапісах. Слоўнік, складанне якога прыпісваецца міфічнаму персанажу, з некалькіх частак: Чырвоная кніга распавядзе пра гісторыю хазараў з хрысціянскага боку, Зялёная — ісламскага, Жоўтая — іўдзейскага. У кожнай з кніг ёсць артыкулы, якія паўтараюцца, і новыя. У артыкулах з аднолькавымі назвамі могуць падавацца розныя звесткі. Чытаць можна паралельна, супастаўляючы артыкулы, ці запар, ды яшчэ ўлічыць, што ёсць жаночы і мужчынскі варыянты кнігі... Але гэта не матэматычная задача, у яе няма адзіна правільнага рашэння. Увесь сэнс — у працэсе чытання, калі з разрозненых каляровых шкельцаў мы спрабуем скласці нейкія вобразы і сюжэты... А галоўным чынам, атрымліваем задавальненне ад непаўторнага павічаўскага стылю, ад сюррэалістычных вобразаў аўтарскай міфа-
логіі. Дзе ёсць два люстэркі, «абодва былі зроблены з адпаліраванай глыбы солі, але адно з іх было хуткім, а другое марудным». Дзе ёсць магістральны персанаж — прынцэса Атэх, на павеках якой былі напісаныя магічныя літары. Атэх угледзела сябе ў марудным люстэрку з заплюшчанымі вачыма, упершыню прачытала літары на сваіх павеках і памерла. Яшчэ адзін магістральны персанаж, якога можна скласці са згадак і алюзій — малады чалавек, ён з-за любові да Атэх трапляе ў клетку, падвешаную над вадой... Піша ёй лісты на панцырах чарапах і ракаў, якіх вылоўлівае ў рацэ... Сюжэты і персанажы нечакана вынырваюць з плыні тэксту. Вось у некалькіх эпізодах згадваецца мастак Нікан Севаст, ён і ўвасабленне генія, які траціць значэнне са з'яўленнем роўных сабе, і д'ябальская спакуса мастацтвам... А потым мы чытаем, як вылавілі дзвюх чарапах з лістамі двух закаханых на панцырах, і мужчына пісаў: «Сыходзячы, я адшукаў поглядам Нікана і з бояззю паглядзеў яму проста ў рот, баючыся, што ён адкусіць мой погляд. А ён гэта сапраўды зрабіў, у яго нават троху шчоўкнулі зубы, як быццам ён адхапіў кавалак». Ага, дык гэта ж, мусіць, той самы юнак з клеткі!

Дарэчы, гэтае выданне — мужчынская версія рамана, але не пераймайцеся, яны адрозніваюцца адной фразай.

Карацей, у цёмны пакой аўтар запусціў столькі чорных котак, каб хапіла на ўсіх.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.