Вы тут

Дзелавую ініцыятыву заўсёды падтрымаюць


На пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў сярод іншых зацвердзілі і рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021—2025 гады.


Безумоўна, народныя выбраннікі добра разумеюць усю важнасць падтрымкі тых, хто вырашыў распачаць сваю справу, інвестуе ў стварэнне вытворчасці, прадпрыемстваў, якія будуць аказваць паслугі. Ды і ахвотным стаць самазанятымі, рамеснікамі, стварыць пункт для вясковага турызму патрэбна зялёнае святло. Хай ад іх мінімум падаткаў, але чалавек сам сабе зарабляе на жыццё, эканомячы бюджэтныя грошы на стварэнне працоўнага месца...

У Прыдзвінскім краі больш за 31,2 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 22,7 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. У агульным аб'ёме фінансавых паступленняў у бюджэт вобласці іх доля складае каля 24 %. Адпаведныя сумы штогод павялічваюцца.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што ўзнятае пытанне вельмі важнае, і яшчэ раз нагадаў калегам пра неабходнасць не чакаць, пакуль з'явіцца ў раёне патэнцыйны інвестар ці ахвотны паспрабаваць сабе ў бізнесе, а шукаць і першых, і другіх. Трэба рэкламаваць патэнцыял, прывабнасць, унікальнасць рэгіёна, асобна ўзятага населенага пункта. Неабходна, калі трэба, узяць чалавека за руку, прывесці на месца і ўсё паказаць. Уладзімір Цярэнцьеў, дарэчы, стаў ініцыятарам таго, каб дэпутаты з розных раёнаў вучыліся спрыянню бізнесу ў тых, у каго гэта атрымліваецца лепш. Таму традыцыяй сталі выязныя тэматычныя пасяджэнні прэзідыума аблсавета. На такіх мерапрыемствах у першую чаргу паказваюць аб'екты нерухомасці, якія доўгі час не выкарыстоўваліся. Прадпрымальнікі і прадстаўнікі мясцовай улады распавядаюць пра этапы ўзаемадзеяння: ад ідэі да адкрыцця прыдарожнага сэрвісу, кавярні, майстэрняў па шынамантажы, рамонце аўто, вырабе металічных канструкцый і гэтак далей.

10,7 мільёна рублёў бюджэтных грошай на працягу пяцігодкі запланавана выдаткаваць, каб падтрымаць малы і сярэдні бізнес у рэгіёне. Немалая сума. Паводле слоў старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Веранікі Забалуевай, большую частку фінансавання — каля 85 % — накіруюць на развіццё «інстытутаў» падтрымкі дзелавых людзей. У Віцебскай вобласці працуюць восем цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва (тры — у Віцебску, два — у Аршанскім раёне, па адным: у Наваполацку, Полацку і Глыбокім). Ёсць і тры інкубатары малога прадпрымальніцтва «Закон і парадак» (у Віцебску, Оршы і Полацку), якія кансультуюць па пытаннях фінансавай дасведчанасці, падаткаабкладання, аховы працы, ажыццяўлення экспартнай дзейнасці, аказваюць маркетынгавыя, бухгалтарскія, юрыдычныя паслугі.

На плошчах інкубатараў размешчана прыблізна дзвесце арганізацый, дзе працуюць больш чым 1,3 тысячы чалавек. Інкубатары здаюць у арэнду памяшканні, офіснае абсталяванне, іншае. Яны аказваюць садзейнічанне ў пошуку партнёраў, атрыманні фінансавых рэсурсаў, укараненні ў вытворчасць ноу-хау. Цікава, што сёння інкубатар «Закон і парадак» рэалізоўвае праект па стварэнні тэхнапарка біямедыцынскіх і інфармацыйных тэхналогій «Віцебская крэмніевая даліна»...

Функцыі базавага цэнтра выконвае Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу. Ён арганізоўвае рэспубліканскія выставы-кірмашы, міжнародныя форумы, бізнес-канферэнцыі, заключае рэгіянальныя і міжнародныя дагаворы з суб'ектамі краін блізкага і далёкага замежжа, аказвае паслугі аўтсорсінгу і г. д.

Рэалізацыя праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» дазволіць у ліку іншага павялічыць на Віцебшчыне ўдзел прадпрымальніцтва ў экспартнай дзейнасці да 30 %. Чакаецца рост і іншых эканамічных паказчыкаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.