Вы тут

Выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў прайшло ў Смалявічах


На базе Смалявіцкага раёна прайшло выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Тэмай для сустрэчы стала ўзмацненне ролі мясцовых бюджэтаў у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў.


Сярод удзельнікаў — парламентарыі, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Мінскага аблвыканкама, Смалявіцкага райвыканкама. Спікеры абазначылі праблемы ў прыцягненні дадатковых крыніц для папаўнення даходнай часткі мясцовых бюджэтаў, разгледзелі рычагі ўплыву на гэтыя працэсы мясцовых органаў улады, пытанні выканання мясцовых бюджэтаў, механізм пераразмеркавання рэсурсаў паміж рэгіёнамі. Канструктыўны абмен меркаваннямі дазваляе Пастаяннай камісіі эфектыўна ўзаемадзейнічаць з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання, бізнес-супольнасцю, у тым ліку ў рамках будучай заканатворчай дзейнасці ў сферы бюджэтнага і падатковага заканадаўства і ў прыватнасці пры падрыхтоўцы пакета бюджэтных законапраектаў на 2022 год.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла НІЖЭВІЧ падкрэсліла, што мэтай яго правядзення з'яўляецца вывучэнне сістэмы бюджэтных адносін на мясцовым узроўні, пытанні разгляду, зацвярджэння і выканання мясцовых бюджэтаў, а таксама праблемы ў фарміраванні іх даходнай часткі.

— Смалявічы як месца для правядзення выязнога пасяджэння былі абраны невыпадкова: гэта горад-спадарожнік, і ў свой час Смалявіцкі раён быў донарам абласнога бюджэту. Сёлета міжбюджэтныя адносіны ў ім ужо не прадугледжваюцца, усе рэсурсы застануцца ў Смалявіцкім раёне з улікам той стратэгіі, якая распрацавана і прадугледжана ў краіне па развіцці гарадоў-спадарожнікаў. Як забяспечыць стабільнасць, палепшыць дысбаланс мясцовых бюджэтаў, дзе знайсці дадатковыя крыніцы даходу на развіццё рэгіёнаў — асноўныя пытанні для нас. Абмяркоўваючы іх, мы выпрацоўваем пэўныя рашэнні не толькі ў вузкаведамасных інтарэсах, але і ў агульнадзяржаўных. У сувязі з гэтым пытанні складання і выканання мясцовых бюджэтаў, праблемы ў фарміраванні іх даходнай часткі патрабуюць больш дэталёвага разгляду з улікам тых працэсаў, якія адбываюцца на мясцовым узроўні, — адзначыла яна.

Збалансаванасць бюджэту — гэта адно з самых важных пытанняў для развіцця краіны, падкрэсліла старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Таццяна РУНЕЦ.

— Мы выпрацавалі канкрэтныя прапановы і напрамкі нашай далейшай дзейнасці. Улічваючы, што Савет Рэспублікі з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, для нас вельмі важна, як будуць развівацца рэгіёны. Таму асноўны акцэнт пасяджэння зроблены на іх развіцці, на тым, каб усе запланаваныя выдаткі былі забяспечаны крыніцамі фінансавання. У праекце рэспубліканскага бюджэту неабходныя для гэтага фінансавыя інструменты (датацыі) прадугледжаны. Такім чынам, бюджэты рэгіёнаў на 2021 год збалансаваны, пры гэтым захаваецца сацыяльная скіраванасць іх выдаткаў. Наперадзе ў нас — фарміраванне рэспубліканскага бюджэту на 2022 год, працуе міжведамасная рабочая група па карэкціроўцы падатковага заканадаўства. Бюджэт — праграмны дакумент, які шмат у чым вызначае дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а ролю мясцовых бюджэтаў у адпаведным працэсе і падатковую аўтаномію рэгіёнаў трэба ўмацоўваць.

Падчас мерапрыемства старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй РАТОМСКІ праінфармаваў парламентарыяў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Смалявіцкага раёна на сучасным этапе і планах яго развіцця ў найбліжэйшай перспектыве. А таксама паказаў комплексную забудову горада-спадарожніка Смалявічы, прадпрыемства НП ТАА «ТАСПО», якое займаецца выпускам алюмініевых радыятараў, і УП «Вланпак», дзе разліваюць сокі і нектары пад многімі вядомымі маркамі.

— Горад-спадарожнік прадугледжвае будаўніцтва двух кварталаў: № 1, які рэалізоўваецца абл- і райвыканкамам, і № 2 — для мінчан, якія маюць патрэбу ў жыллі. У першым будзе ўзведзена 15 жылых шматпавярховых дамоў, у другім — 19.

Пакуль кватэры прапаноўваюцца ў асноўным шматдзетным сем'ям. Але павінны перайсці і да астатніх слаёў насельніцтва. Летась у горадзе адкрыўся дзіцячы садок № 7 «Буслік», разлічаны на 230 дзяцей. Там прадугледжаны басейн, цэнтр сэнсарнага развіцця і шмат чаго іншага. Будуецца і агульнаадукацыйная сярэдняя школа. Што датычыцца інвестыцыйнага клімату, то індывідуальныя прадпрымальнікі забяспечваюць 66 % напаўнення мясцовага бюджэту. Адпаведна ў нас многа малых прадпрыемстваў. У Смалявічах як у горадзе-спадарожніку ўзнікаюць пэўныя праблемы з інфраструктурай. За 2019—2020 гады насельніцтва Смалявіцкага раёна павялічылася больш чым на 15 тысяч чалавек, да 2035 года Смалявічы павінны вырасці да 50 тысяч. Зараз толькі ў горадзе пражывае больш за 20 тысяч.

У выязным пасяджэнні прыняў ўдзел і першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый КІЙКО, які адзначыў, што ў сярэднетэрміновай перспектыве меры бюджэтна-падатковай палітыкі будуць сканцэнтраваны на забеспячэнні збалансаванасці бюджэтаў усіх узроўняў, захаванні сацыяльна арыентаванага бюджэту, стымуляванні эканамічнага росту, інвестыцыйнай і інавацыйнай актыўнасці.

— Сёння мясцовыя бюджэты — гэта 56,8 % кансалідаванага бюджэту. Іх рэсурсная база апошнім часам узрасла. Менавіта на іх ускладзена асноўная нагрузка па фінансаванні адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння грамадзян, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншых галін, якія забяспечваюць якасць жыцця насельніцтва. Варта адзначыць, што за апошні перыяд значна змянілася структура мясцовых бюджэтаў. На пагашэнне і абслугоўванне даўгавых абавязацельстваў мы сёння накіроўваем звыш 5 % ВУП, пры гэтым фінансаванне сацыяльнай сферы застаецца нязменным — гэта каля 24 % ВУП. Таму забеспячэнне ўстойлівага развіцця мясцовага бюджэту мае першараднае значэнне не толькі для самога рэгіёна, але і для ўсёй краіны ў цэлым. Далёка не апошнюю ролю ў гэтым пытанні іграе якаснае кіраванне наяўнымі рэсурсамі. З аднаго боку, мясцовы бюджэт — гэта вынік развіцця рэгіёна, з другога — менавіта такі бюджэт вызначае магчымасці па развіцці тэрыторыі, асабліва сацыяльнай часткі.

Пытанне выраўноўвання фінансавых магчымасцяў з'яўляецца самым складаным у рамках міжбюджэтных адносін, выраўняць — не значыць надзяліць рэгіёны аднолькавым наборам бюджэтных сродкаў, гэта перш за ўсё даць магчымасць прафінансаваць базавыя паслугі, забяспечыць сацыяльныя гарантыі. Трэба захаваць стымулы для мясцовых органаў улады па развіцці рэсурсаў тэрыторыі, нарошчваць эканамічны патэнцыял. Менавіта на гэта скіравана сённяшняя бюджэтна-падатковая палітыка.

Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Мікалай КУХАВЕЦ падкрэсліў, што сацыяльная арыентаванасць стала прыярытэтным кірункам пры фарміраванні бюджэту Мінскай вобласці на наступны год. «У першую чаргу сродкі з бюджэту будуць скіраваны на выплату заработнай платы, трансфертаў, аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама субсідзіраванне жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, што складае 61 % усіх расходаў бюджэту. Праект бюджэту Міншчыны ва ўмовах абмежаванай рэсурснай базы дасць магчымасць забяспечыць выкананне прынятых дзяржавай абавязацельстваў, фінансавую збалансаванасць і сацыяльную стабільнасць. Для нашай краіны гэта важна, таму што мы сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе прыярытэт заўсёды аддаваўся і аддаецца людзям, павышэнню іх дабрабыту», — падсумаваў Мікалай Кухавец.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з сайта «Край Смалявіцкі»

Загаловак у газеце: Яшчэ раз пра бюджэт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».