Вы тут

У сталіцы праходзіць анлайн-праект «Зялёны двор разам»


Пры актыўным удзеле дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета і іх выбаршчыкаў у сталіцы ў рамках традыцыйнага веснавога месячніка па навядзенні парадку працягваюцца розныя акцыі.


Фота: БелТА.

Сярод іх вылучаецца анлайн-праект «Зялёны двор разам». Гэтая акцыя — своеасаблівае запрашэнне мясцовых улад і ўсіх неабыякавых мінчан па меры магчымасці далучацца да добраўпарадкавання гарадскіх тэрыторый. Да канца красавіка ў дварах мінскіх жылых кварталаў з'явіцца больш за тысячу новых маладых дрэў і кустоў.

Як сцвярджаюць самі стваральнікі анлайн-праекта, гэта самая значная ў Мінску праграма па азеляненні, ператварэнні банальных двароў ва ўтульныя і прывабныя месцы сустрэч і адпачынку, прагулак з дзецьмі. На сайце праекта можна выбраць участак для азелянення: на спецыяльнай карце пазначаны свабодныя кавалкі зямлі для пасадак. Ды і самі жыхары маюць магчымасць прапанаваць месца ў горадзе, якое падыходзіць для азелянення. На партал ужо прыйшло шмат зваротаў. І як вынік — пасадкі дрэў і кустоў на новых тэрыторыях.

Дэпутаты гарсавета маюць непасрэднае дачыненне і да іншых спраў па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні сталіцы, матывуюць і словам, і асабістым прыкладам працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі і асобных мінчан. Дэпутаты не стаяць убаку ад навядзення парадку там, дзе яны працуюць і жывуць. Тым больш што і жыллёва-камунальныя службы гатовы дапамагчы добраахвотнікам інструментам і інвентаром, у выпадку неабходнасці — пракансультаваць наконт пасадачнага матэрыялу і г. д.

Сёння дэпутаты разам з мясцовымі ўладамі ўсіх дзевяці раёнаў сталіцы імкнуцца канкрэтна заахвоціць мінчан удзельнічаць у навядзенні парадку. З гэтай нагоды напярэдадні суботніка, які прайшоў

10 красавіка, на сайце Мінгарвыканкама, у афіцыйным тэлеграм-канале апублікавалі адрасы, дзе былі запланаваны акцыі па прыбіранні і азеляненні.

Напрыклад, у Заводскім раёне добраахвотнікаў чакалі па вул. Тухачэўскага, 2, 4, 6, 8, 10; вул. Народная, 31, 33, 35; вул. Філатава, 19, 21; вул. Байкальская, 66, к. 1 і 2; вул. Несцерава, 6, 8, 59, 70; вул. Ротмістрава, 28; вул. Сяліцкага, 95; вул. Паўлоўскага, 44; пр. Партызанскі, 82, 84, 86 і г. д. І такая інфармацыя ўтрымлівалася па кожным раёне.

Дарэчы, 10 красавіка запомнілася рознымі карыснымі справамі. Паколькі ў мінулую нядзелю адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» была высаджана алея з рабін: 66 маладых дрэў — як даніна памяці ахвяр фашызму. Трэба сказаць, што «Трасцянец» сёння не проста помнік — гэта месца смутку, эксурсій і ўспамінаў аб трагічных старонках мінулага нашай радзімы, нашага народа. Менавіта ў яго выспела ідэя пабудаваць мемарыяльны комплекс на месцы лагера смерці, які акупанты ўзвялі восенню 1941 года непадалёку

ад Мінска, дзе было знішчана і закатавана больш за 200 тысяч чалавек, у тым ліку яўрэяў з розных краін Еўропы.

Суботнік адбыўся і ў мікрараёне Сухарава, дзе ў новым парку «Дзівівелка» таксама заклалі алею з саджанцаў. Раней паміж Сухаравам і Чырвоным Борам была даволі вялікая непрывабная пустка, якая дзякуючы намаганням мясцовых улад, дэпутатаў і, зразумела, мінчан паступова ператвараецца ў прыгожую зялёную зону для масавага адпачынку.

Тут ужо прыбралі вадаём, правялі ландшафтныя работы, упрыгожылі зямлю, праклалі алеі і пешаходныя сцежкі, паставілі новыя лаўкі, абсталявалі дзіцячыя пляцоўкі. У парку нават ёсць месца для выгулу сабак.

Мясцовымі ўладамі горада разглядаюцца і іншыя варыянты далейшага добраўпарадкавання сталіцы, напрыклад, прыдомавых тэрыторый. Сёлета разам з іх капітальным рамонтам будзе выконвацца і комплексны бягучы рамонт двароў: заменяць асобныя элементы і абсталяванне дзіцячых і спартыўных пляцовак, адновяць малыя архітэктурныя формы. А ўзвядзенне новых месцаў для аўтамабільных парковак будзе ажыццяўляцца пры жаданні і за сродкі жыхароў. Добрая навіна для жыхароў дамоў, якія перажылі капрамонт: на іх дваровых тэрыторыях будзе ў першую чаргу праводзіцца комплексны бягучы рамонт.

Паводле слоў старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Андрэя Бугрова, зараз асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку, які пройдзе 17 красавіка. Дэпутаты імкнуцца яго правядзенне забяспечыць на найвышэйшым узроўні. Хоць

10 красавіка яны ўжо працавалі на гарадскім суботніку, у Фрунзенскім раёне ў лесапарку Мядзвежына, вядомым сваім прыгожым незвычайным ландшафтам. Работы выконвалі звычайныя: прыбіранне смецця, старых галін і г. д. Але і заўтра дэпутаты таксама выйдуць на суботнік у сваіх акругах.

Леанід ТУГАРЫН

Загаловак у газеце: Ваш зялёны двор

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.