Вы тут

Беларус да апошняй літары. Памёр стваральнік «Буквара»


Сумная вестка: сышоў з жыцця пісьменнік, крытык, перакладчык Анатоль Клышка, аўтар самага папулярнага беларускага «Буквара», які перавыдаваўся сорак разоў, а першае выданне выйшла ў 1969 годзе.


16 красавіка Анатолю Канстанцінавічу споўнілася б 86 гадоў. Энцыклапедычна эрудзіраваны чалавек, знаўца шматлікіх моў, адданы беларускаму слову... А яшчэ жыццярадасны, інтэлігентны, добры — гэта пацвердзяць усе, хто яго ведаў.

Пачынаў ён як паэт, першыя вершы былі надрукаваныя яшчэ ў 1950-м. На творчым рахунку — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў, пропісі і чытанкі, пераклады, у тымі ліку Марцыяла, Гамера і «Новага Запавету». Прычым перакладаў з латыні і старажытнагрэчаскай. Увогуле быў перакананы, што нельга перакладаць не з арыгіналаў, бо тонка адчуваў слова. Ніколі не страціць прывабнасці тое, што Анатоль Канстанцінавіч напісаў для дзяцей — да дасканалага валодання словам далучаецца чалавечая дабрыня аўтара... Шмат перавыданняў вытрымала яго кніга для дзяцей пра Францыска Скарыну, дзякуючы якой дзеці даведваюцца не толькі пра першадрукара, але і пра гісторыю кнігі.

Прытым дзяцінства самога Анатоля Канстанцінавіча прыйшлося на вайну. У 1944-м, калі родную вёску Данейкі на Наваградчыне вызвалілі і дзеці пайшлі ў школу, на ўсіх далі адзін буквар. Праўда, і першакласнікаў было ўсяго чацвёра. Хадзілі адзін да аднаго займацца. Ці не тады заклалася павага да гэтага падручніка?

«Тым, хто не перажыў вайну, цяжка зразумець, як гэта — жыць на валасок ад смерці», — успамінаў Анатоль Канстанцінавіч. Брат быў сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі, аднойчы толькі спагада незнаёмага мужчыны, які вывез на сваім возе з абложаных Баранавіч незнаёмага зняможанага юнака, выратавала таго ад смерці. Маці ездзіла ў Баранавічы па шрыфты для партызанскай друкарні. Шрыфты даводзілася купляць за гарэлку і сала, а ехаць праз партызанскую зону. Каб там не спынілі і не забраді прадукты, маці выдавалі даведку для партызанскіх пастоў. І вось аднойчы пад’ехалі да дому конна немцы, стукаюць у вакно... Маці бярэ аўсвайс, выходзіць... Добра, немец дакументы не праверыў, толькі папытаўся патрэбную дарогу. Бо калі маці вярнулася ў хату і маленькі Анатоль раскрыў яе аўсвайс, пабачыў, што ў яго ўкладзеная партызанская даведка — маўляў, уладальніца, такая і такая, накіроўваецца па заданні партызанскага атраду.

Уменне спачуваць адно аднаму, дапамагаць — такі ўрок таксама дала вайна.

З нагоды саракавога выдання «Буквара» мне давялося рабіць з Анатолем Канстанцінавічам гутарку, у якой ён распавёў, як у свой час захапіўся яго стварэннем:

«Да Белдзяржуніверсітэту я вучыўся ў Навагрудскай педвучэльні, дзе сур’ёзна выкладалася методыка навучання пісьменнасці. У Навагрудку была школа для глуханямых і мы, будучыя педагогі, наведвалі там заняткі. Было здзіўляюча назіраць, як дзіця, якое не чуе, вучаць гаварыць. Пасябраваў я з паэтам Гаўрыілам Шутэнкам, які страціў зрок на фронце, і ён навучыў мяне чытаць і пісаць па шрыфце Брайля. Усё гэта прыдалося мне, калі я распрацоўваў сваю методыку навучання, бо ўзаемадзеянне зрокавага, слыхавага, маўленчарухальнага аналізатараў у працэсе чытання вельмі і вельмі складанае. Давялося папрацаваць у навагрудскай газеце „Звязда“ — і гэтая праца таксама шмат падказала. Кожны карэктар прывядзе дзясяткі прыкладаў, калі да непрыстойнасці выкруціць слова адна няправільна надрукаваная літара (напрыклад, „палявыя работы“ раптам ператвараюцца ў „палавыя“). Калі я працаваў у часопісе „Полымя“, наш галоўны рэдактар Максім Танк, які ўдзельнічаў у Генеральнай асамблеі ААН, не раз цытаваў нам, што дзяржаўным народам прызнаецца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар, энцыклапедыю, каляндар... Мяне здзівіла такое прызнанне значэння буквара».

Пры гэтым, як прызнаваўся Анатоль Канстанцінавіч, беларускі буквар, па якім тады займаліся ягоныя дзеці ў школе, яму вельмі не падабаўся — ненатуральная, калькаваная мова, нудныя тэксты ... І калі ў 1968-м Міністэрства асветы БССР абвясціла конкурс на новы буквар, ён прыняў удзел — і перамог.

Нельга сказаць, што праца ішла лёгка — усе ўказанні дасылаліся з Масквы, «нават у „Буквары“ ўсё было строга, быццам зашпілена на ўсе гузікі». Але Анатоль Клышка даў «жывыя» тэксты — загадкі, хуткагаворкі, пацешкі... Распрацаваў уласную методыку навучання чытанню, якой ахвотна дзяліўся. І пасля з гонарам згадваў, што калі ягоны «Буквар» праходзіў дзяржаўную экспертызу, высветлілася, што тэхніка чытання дзяцей, якія па ім вучыліся, на 30 адсоткаў пераўзыходзіць паказчыкі тых, хто вучыўся па іншым падручніку. У апошніх выданнях па-ранейшаму шмат гульнявых элементаў, а яшчэ дадаліся сучасныя рэаліі, напрыклад, намаляваная камп’ютарная клавіятура, па якой дзіця можа «набіраць» словы...

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша гэтак адгукнуўся на смерць слыннага літаратара і навукоўца:

«Скончылася эпоха... Эпоха Клышкі... Больш як паўстагоддзя беларусы вучыліся па букварах Анатоля Клышкі. І я вучыўся. І мае папярэднікі, і наступнікі таксама.

У 1969 г. выйшла першае выданне яго „Буквара“, які стаў сапраўднай легендай. Ён быў распрацаваны на аснове гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду з улікам апошніх дасягненняў у галіне лінгвістыкі, дзіцячай псіхалогіі і педагогікі.

„Буквар“ Анатоля Клышкі шматразова перавыдаваўся, змяняючы не толькі знешні выгляд, але і некаторыя падыходы да падачы матэрыялу. Над яго афармленнем у розны час працавала нямала мастакоў: Бараноўскі, Войтка, Кавалёў, Лапіцкая, Фралоў і іншыя. Яшчэ ў далёкім 1977 г. гэты „Буквар“ атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выставе кнігі ў Лейпцыгу як лепшае адпаведнае выданне свету. Таму нам ёсць чым ганарыцца.

Былі таксама выдадзены „Пропісі“ і „Пісьмо“ да „Буквара“ (1969), „Пропісі“ для 1-га класа (1972), дапаможнік для 1-га класа „Верасок“ (1978). „Буквар“ і „Пропісі“ выходзілі больш 40 разоў у розных выданнях.

„Буквар“ Анатоля Клышкі выходзіў на беларускай, рускай і польскай мовах. Падручнік афіцыйна выкарыстоўваўся ў Беларусі з 1969 г. (годам раней ён перамог на рэспубліканскім конкурсе лепшых падручнікаў для пачатковага навучання Міністэрства асветы БССР) і да нашага часу (у школах з беларускай мовай навучання)...

З наступнага навучальнага года, паводле той інфармацыі, якой я валодаю, беларускія школьнікі будуць вучыцца па новым падручніку, шмат у чым больш дасканалым, але іншым — па „Буквары“ Вольгі Цірынавай. Будзем спадзявацца, што памяць пра гэтага чалавека застанецца надоўга. Так ці іначай, ён застанецца ў нас, бо праз „Буквар“ яго слова і наказ увайшлі ў наш розум і наша сэрца. Яго „Буквар“ сфарміраваў нас, увёў у свет ведаў і каштоўнасцей, зрабіў беларусамі».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.