Вы тут

Працягваецца ўдасканаленне парадку ўліку і скарачэння пустых і старых дамоў у вёсках


У Беларусі працягваецца ўдасканаленне парадку ўліку, адчужэння і скарачэння колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці. Днямі досведам гэтай работы перад удзельнікамі выязнога пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі падзялілася старшыня Клецкага райсавета дэпутатаў Святлана Чакун.


Фота Яўгена Пясецкага.

Мэта і сродкі

Выступленне старшыні райсавета адбылося падчас абмеркавання неабходных змен з улікам новага Указа Прэзідэнта «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». Аб увазе, якую надаюць у Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні вырашэнню гэтага пытання, сведчыла і тое, што ў размове ўдзельнічалі старшыні абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, старшыні некаторых райсаветаў дэпутатаў.

Агульнавядома, што часам закінуты, трухлявы і зарослы хмызняком пад самы дах дом, нібы тая лыжка дзёгцю, псуе ўвесь выгляд вясковай вуліцы. Таму нядзіўна, што для мясцовай улады Клецкага раёна добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый — зона асаблівай адказнасці. За апошнія гады ў раёне склалася пэўная сістэма работы.

Паводле слоў Святланы Чакун, вялікая заслуга ў гэтым раённага штаба па навядзенні парадку на зямлі. Дзякуючы яго намаганням пасля дакладнага вывучэння і аналізу сітуацыі ў вёсках былі вызначаны асноўныя праблемы і шляхі іх вырашэння. У ліку першачарговых задач назвалі ўпарадкаванне ўліку і наступнае скарачэнне колькасці пустых і старых дамоў. З гэтай прычыны ў раёне стварылі камісію па іх абследаванні. За ёй замацавалі візуальны агляд пабудовы і складанне аб'ектыўнага, на аснове канкрэтных даных заключэння. Таксама павысілі адказнасць службовых асоб за фарміраванне рэестраў гэткай не вельмі ліквіднай нерухомасці.

Хто ўваходзіць у склад камісіі? Гэта намеснік старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, намеснік начальніка РАУС, начальнік аддзела землеўпарадкавання, загадчык Клецкага бюро Слуцкага філіяла РУП «Мінскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама і старшыні сельвыканкамаў.

Штогод у студзені ўсе населеныя пункты раёна абследуюцца з мэтай выяўлення старых і пустых дамоў. Складаюцца адпаведныя спісы, удакладняюцца звесткі аб уласніках, спадчынніках, сваяках, праводзіцца з імі тлумачальная работа, выдаюцца прадпісанні. Калі няма зваротнай сувязі, пачынаецца працэс адчужэння і продажу жылых дамоў згодна з заканадаўствам. Напрыклад, на 1 студзеня гэтага года ў раёне налічвалася 156 старых і 926 пустых дамоў. У 2018 годзе іх было 319 і 1053 адпаведна. Для параўнання, у 2009 годзе — 450 старых і 1836 пустых дамоў. Тэндэнцыя, як бачым, станоўчая.

Знайсці гаспадара сядзібе

Жыццё не стаіць на месцы. Зразумела, частку жылых дамоў спадчыннікі прадаюць, некаторыя выкарыстоўваюць у сваіх мэтах як лецішчы, месцы сямейнага адпачынку. Аднак, звяртае ўвагу Святлана Чакун, штогод у раёне каля сотні дамоў маюць усе перспектывы плаўна перайсці ў катэгорыю пустых. Іх гаспадары сыходзяць у іншы свет, а нашчадкі не аб'яўляюцца ці не хочуць валодаць такой маёмасцю.

Тады старшыні сельвыканкамаў вызначаюць кінутыя жылыя дамы, пачынаюць працаваць індывідуальна па кожным аб'екце і паступова рыхтуюць чарнавы варыянт заключэння для камісіі. Пры неабходнасці накіроўваюцца запыты ў розныя арганізацыі і ўстановы, у тым ліку і ў аддзел загса, у натарыяльную кантору, Клецкае ЖКГ, філіялы ПУ «Стоўбцыгаз» і «Энергазбыт», падаткавую інспекцыю і г. д.

Пасля гэтага прадстаўнікі раённай камісіі зноў наведваюць вёску. У іх на руках паперы, якія дакументальна пацвярджаюць факт безгаспадарчага стану пабудовы і зямельнага ўчастка. Тым не менш яшчэ раз аглядаюць будынак і зямлю, фатаграфуюць, супрацоўнік РАУС апытвае суседзяў і іншых грамадзян, якія могуць ведаць нешта канкрэтнае аб верагодных уласніках дома. Далей усе даныя яшчэ раз вывучаюцца, і ў рэшце рэшт складаецца заключэнне, якое падпісваюць усе члены камісіі.

Потым усім указаным зацікаўленым асобам — верагодным уласнікам, нашчадкам, а таксама дзецям, унукам, братам, сёстрам, пляменнікам і іншым — накіроўваецца заказное пісьмо. Выкарыстоўваюцца і магчымасці мабільнай сувязі (СМС), вайбер, іншыя сацыяльные сеткі. Мэта — даслаць інфармацыю хутка аб уключэнні жылога дома ў рэестр пустых дамоў і растлумачыць далейшыя прававыя наступствы. Акрамя гэтага, прыкладаецца ўзор згоды на знос (свайго роду пісьмовая адмова ад дома), а на абароце гэтых бланкаў друкуюцца фатаграфіі сядзібы. Каб атрымальнік паведамлення, які не бачыў сядзібу як мінімум тры гады, ацаніў сучасны стан і пераканаўся ў тым, што камісія мае рацыю.

Калі праз месяц не паступіў водгук аб намеры выкарыстоўваць дом для пражывання ці атрымана пісьмовая адмова ад яго, то рыхтуецца рашэнне райвыканкама аб уключэнні пабудовы ў рэестр пустых дамоў. Пасля сельсавет складае іскавую заяву ў суд аб прызнанні жылога дома безгаспадарчым, альбо «вымарачнай спадчынай» з наступнай яго перадачай ва ўласнасць органу мясцовай улады. А потым — продаж.

Дарэчы, толькі летась рэалізацыя такіх дамоў папоўніла бюджэты сельсаветаў на 9280 рублёў. За мінусам выдаткаў на арганізацыю продажу чысты прыбытак склаў каля 6000 рублёў. Грошы невялікія, шчыра скажам. Але, па словах Святланы Чакун, акрамя «станоўчага сальда», радуе і тое, што ў гэтых дамоў з'явіліся гаспадары, якія і дамы рамантуюць, і прыводзяць у парадак прысядзібны зямельны ўчастак. А для бюджэту раёна — новыя падаткаплацельшчыкі.

Асаблівасці зносу

Ліквідацыя старых дамоў — справа не вельмі дарагая. Але і не зусім танная. На гэта штогод у бюджэты сельсаветаў закладваюцца пэўныя фінансавыя сродкі. Летась было выдакавана 68 тысяч рублёў, на 2021 год запланавана 70,6 тысячы. Паслугі па зносе выконваюць арганізацыі раёна, да іх па дапамогу звяртаюцца дзеля эканоміі бюджэтных грошай. На дагаворнай і ўзаемавыгаднай аснове яны бясплатна разбіраюць драўляныя часткі дамоў, гаспадарчых пабудоў, а драўніну выкарыстоўваюць як паліва для ацяплення сваіх вытворчых памяшканняў.

Звычайна гэта робіцца падчас месячнікаў па навядзенні парадку на зямлі, у дні раённых суботнікаў. Прыкладна двойчы на год да падобных акцый прыцягваюцца розныя арганізацыі раёна. Вызначаюцца тыя населеныя пункты, дзе больш за ўсё кінутых дамоў, размяркоўваюцца зямельныя ўчасткі. Разам са зносам драўляных пабудоў адначасова адбываецца ачыстка і прысядзібных участкаў. Бюджэтныя сродкі ідуць толькі на земляныя работы, якія выконваюцца спецыяльнай тэхнікай: экскаватарам, бульдозерам, пагрузчыкам.

Знос пустога дома — не самамэта, гэта вымушаная, але часам неабходная апошняя радыкальная мера. Па звестках Святланы Чакун, з 2019 па 2020 гады ў раёне знесены з поўнай рэкультывацыяй зямельных участкаў 321 жылы дом. А з 2008-га па сённяшні час знесена 1842 домаўладанні. Новыя землі ўключаюцца ў сельгасабарот, адводзяцца пад будаўніцтва, здаюцца ў арэнду. Усяго за 2008—2020 гады сельсаветы перадалі гаспадаркам 2191 га зямлі, якая раней зарастала пустазеллем. А цяпер працуе на эканоміку раёна, гаворыць Святлана Чакун.

Старшыня райсавета зазначае, што ў ходзе работы з кінутымі дамамі нярэдка ўзнікалі розныя пытанні. Тады на кансультацыю звярталіся ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці, адначасова ўносячы прапановы па змене існуючага нарматыўнага дакумента. Дарэчы, практычна ўсе прапановы потым былі ўлічаны ў новым Указе Прэзідэнта «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі».

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Ліквідацыя як апошняя мера

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.