Вы тут

Зінаіда Кавалёва ў шэсцьдзясят стала фітнес-інструктарам для тых, каму «за»


Чалавек — бурлівы паток жыцця, энергіі, самаіроніі, магутны эмацыянальны магніт. Зінаіда Кавалёва, памочнік старшыні Улукаўскага сельскага Савета Гомельскага раёна з вёскі Галавінцы, дакладна ведае, як быць карыснай людзям. Мясцовыя жыхары называюць яе славутасцю свайго краю.


— Вось фатаграфія. Маладая, яшчэ зусім дзяўчо, а абараніла званне кандыдата ў майстры спорту па веласпорце, — Зінаіда Сяргееўна высыпае на стол стос чорна-белых здымкаў. На фота — яна, першаразрадніца па лыжах, плаванні, валейболе і лёгкай атлетыцы.

Усё жыццё Зінаіда Кавалёва пражыла ў Галавінцах. Эканаміст па адукацыі, яна 25 гадоў адпрацавала загадчыкам сельскага паштовага аддзялення. Цяпер — актывіст ветэранскай арганізацыі работнікаў аддзяленняў сувязі Гомельскага раёна. Але званне славутасці Улукаўскага сельсавета Зінаіда Сяргееўна атрымала за неўтаймоўны спартыўны дух. На трэніроўкі фітнес-бабулі з Галавінцаў — чарга.

— У шэсцьдзясят стала фітнес-інструктарам для тых, каму «за», — з усмешкай адзначае жанчына. — Стварыла групу здаровага ладу жыцця для аднавясковак-пенсіянерак. Нашай групе «Крыніца здароўя» — амаль чатыры гады.

Трэніроўкі строга тры разы на тыдзень. У «агародны» сезон, кажа, збіраецца да дзесяці чалавек, а ўвогуле заняткі галавінскай спартсменкі наведвае да трыдцаці фітнес-лэдзі. Для трэніровак гуртка выдзелена танцавальная зала ва Улукаўскім Доме культуры.

Зінаіда Сяргееўна сама распрацоўвае праграмы для заняткаў. Усё адаптавана для жанчын, у якіх ёсць праблемы з мышцамі шыі, паясніцы, з суставамі. Але трэнер імкнецца не паўтарацца ў рухах і ставіць перад сабой і сваімі фітнес-сяброўкамі ўсё новыя і новыя задачы. Заўважу, што Зінаіда Сяргееўна вядзе групу бясплатна. Калектыўна збіраюць толькі грошы на самы неабходны спартыўны інвентар. У час пандэміі пачалі праводзіць апрацоўку спартыўных прылад антысептыкамі, выкарыстоўваць індывідуальныя дыванкі для заняткаў, апрацоўваюць антысептыкамі і само памяшканне.

— Я сказала: нават калі прыйдзе адзін чалавек, усё роўна будзем займацца. Але ўсе малайцы, сіла волі ў многіх — можна пазайздросціць — ходзяць, не прапускаюць. Кажуць, што ляцяць як на крылах на трэніроўкі. Спачатку скардзіліся, што мышцы баляць, а цяпер такія задаволеныя, кажуць — ой, а я ўжо так магу, а я вось так магу, — дзеліцца Зінаіда Сяргееўна. — Сёння да мяне на заняткі прыязджаюць мае дзяўчаткі з Галавінцаў, Улукаўя, Бярозак і з раёнаў Гомеля.

Фітнес-бабуля кажа, што ўжо вымушана адмаўляць некаторым гарадскім, бо ахвотных займацца спортам і сярод вясковых шмат, іх хочацца падтрымаць у першую чаргу. Сярод удзельніц фітнес-гуртка — жанчыны ад 50 да 73 гадоў.

Сама Зінаіда Сяргееўна — да таго ж актыўны карыстальнік сацыяльных сетак, дзеліцца фотасправаздачамі з заняткаў і відэазапісамі трэніровак. Аб'ядноўвае дам бальзакаўскага ўзросту і старэйшых для сумесных паездак у басейн, збірае ахвотных наведваць выстаўкі, канцэрты, танцавальныя вечарыны.

Між тым, для фітнес-бабуль, як называюць сябе падапечныя Зінаіды Сяргееўны, яна не толькі спартыўны гуру, але і прыклад сілы духу і невычэрпнай энергіі. Кажуць, вось так разам навучыліся новаму для сябе пачуццю — любові да сваёй унутраннай жанчыны. Гэта таксама валявое і цяжкае для многіх рашэнне: даказаць самой сабе і родным, што жонка, мама, бабуля з мільёнам хатніх абавязкаў мае права на асабісты час.

— Займаюся тут ужо два гады, спачатку, калі прышла на трэніроўкі, было цяжкавата, — дзеліцца Наталля Кузняцова, якая прыехала з Санкт-Пецярбурга ў Гомельскі раён ладзіць жыццё пасля выхаду на пенсію. Даведалася пра гурток «Крыніца здароўя» і цяпер не прапускае ніводнай трэніроўкі.

— У нашай групе — Тамара Бруневіч, Надзея Халяўка. Яны ходзяць з першага дня, пры любым надвор'і, — распавядае Зінаіда Сяргееўна. — Ёсць сярод удзельніц і асаблівы чалавек — прыклад каласальнай сілы духу і любові да жыцця, гэта Марыя Якаўлеўна Федарэнка. Яна прыйшла да нас на мыліцах, але не страчвала надзеі, і праз нейкі час пайшла сама. Не так даўно жанчына перанесла мікраінсульт, выпісалася з бальніцы, зноў стала прыходзіць на заняткі і ўжо аднаўляецца. Самае галоўнае — настрой і пазітыў, якія мацнейшыя за ботакс. Час для сябе можна знайсці заўсёды.

Групы па інтарэсах для жыхароў сельскай мясцовасці маюць вельмі важнае значэнне. Вядома, людзі, якія выйшлі на пенсію, сутыкаюцца з пераасэнсаваннем сваёй сацыяльнай ролі, — разважае старшыня Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Бізня:

— У нашым сельсавеце кожны з памочнікаў старшыні ў тым ці іншым населеным пункце імкнецца быць карысным. Зінаіда Сяргееўна Кавалёва абрала свой шлях падтрымкі нашых людзей. Яна сваім прыкладам паказвае, як можна жыць актыўна. Калі ёсць добрая агульная ідэя, то знаходзяцца і прастора для заняткаў, і актыўная падтрымка мясцовых жыхароў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Вясковы матыватар, або Настрой мацнейшы за ботакс!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».