Вы тут

«Капітал» Маркса не жадаеце? Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, як кнігі з букіністычнай крамы шукаюць сабе новых гаспадароў


Напэўна, калі б у Магілёве быў музей кнігі, ён бы выглядаў менавіта так. Тут быццам трапляеш у мінулае, дзе можна забыцца з любімай кнігай на дзве-тры, а можа, і болей гадзін. Вунь мой любімы ў дзяцінстве «Чараўнік Ізумруднага горада» і нават рэдкі экзэмпляр кнігі Івана Бурсава «Краіна блакітнага сонца». І вокладкі тыя самыя, і год выдання... У суседняй шафе — цэлая палічка Дзюма, якім зачытвалася ў юнацтве, Вальтэр Скот, Дыкенс, Гамсун, Пушкін, Лермантаў, Цвятаева. У 90-я за гэтае багацце аддалі б шалёныя грошы, а зараз цана ім два-тры рублі. Ці купляюць?


Попыт на рарытэты

Два гады таму ў Магілёве адкрылі абноўлены «Букініст». Дакладней — краму «Белкніга», якая адзін з пакояў аддала пад былыя ва ўжыванні кнігі. Гэты аддзел зрабілі па шматлікіх просьбах насельніцтва.

— Сапраўды, хацелася б бачыць больш пакупнікоў букіністычнай літаратуры, — не хавае загадчыца магілёўскай крамы «Белкніга» Таццяна Папко. — Але патрэба ў ёй ёсць. Да нас прыязджаюць з усёй вобласці і нават Мінска.

Аддзел букіністыкі цікавы тым, што тут шмат спецыфічнай папяровай прадукцыі. Акрамя мастацкай літаратуры, шмат філасофскай, метадычнай, галіновай, даведачнай. Тут можна знайсці ноты, наборы паштовак.

Не затрымліваецца на палічках той жа «Капітал» Карла Маркса, і оксфардскі слоўнік англійскай мовы адразу ж купілі. Цікава, што трымаецца попыт на кнігі, якія і цяпер перавыдаюцца. Людзям патрэбны менавіта стары варыянт.

Чаму здаюць

Магілёўскі «Букініст» кампактны. Аднатыпнай літаратуры мала, адчуваецца, што тут рэгулююць гэты працэс. Ды і чэргаў ахвотных здаць кнігі не назіраецца.

— Мы прымаем не ўсю літаратуру, — тлумачыць адміністратар Алена Койпіш. — Заўсёды прашу перад тым, як несці кнігі, зрабіць іх спіс або сфатаграфаваць. Некаторыя пытаюцца: «А што вам трэба?» Але ж мы не ведаем, што там у чалавека. Магчыма, нешта ўнікальнае, а ён і не падазрае. Усе чамусьці прапануюць шматтыражныя выданні 1980-х. Вялікая рэдкасць — раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». За два гады нашага існавання здалі толькі адзін раз.

Запавольвае кругаварот кніг і тое, што пра аддзел букіністыкі ў горадзе дагэтуль мала хто ведае. Але ёсць пастаянныя кліен-

ты, якія актыўна карыстаюцца паслугамі. Моладзь, напрыклад, здае зусім свежыя кнігі 2020 года выдання: пачыталі — і адразу ж пазбавіліся. Бібліятэкі цяпер збіраць не модна.

Ёсць у букіністычным аддзеле шафа з рарытэтнымі выданнямі. Два гады таму тут прадавалі прыжыццёвае выданне Аляксандра Блока за 800 рублёў. І — безвынікова. Зараз сярод рэдкасцяў — вершы Аляксея Кальцова 1892 года выдання і маніфест Камуністычнай партыі. Маніфест, дарэчы, каштуе ўсяго 15 рублёў.

Насамрэч, гісторыі, звязаныя са здачай кніг, вельмі часта сумныя. Алена кажа, што часцей за ўсё сюды прыходзяць кнігі, якія, як той казаў, асірацелі.

Азін малады чалавек двойчы прывозіў кнігі свайго дзядулі, былога выкладчыка. У яго была вялікая бібліятэка па філасофіі. Яшчэ адна жанчына здавала кнігі свайго сына. Расказвала, што ў яго былі залатыя рукі, мог з нічога зрабіць прыёмнік. Усё жыццё збіраў літаратуру па радыётэхніцы, марыў на пенсіі яе перачытаць. Але загінуў. Маці доўга не вырашалася здаць кнігі, але потым усё ж такі развіталася. Сказала, што хоць будзе на што помнік паставіць.

А аднойчы ў «Букініст» прынеслі шмат добрай літаратуры па гісторыі і падарожжах.

— Жанчына расказала, што яны належалі яе дзядулі, — згадвае суразмоўніца. — У яго была вялікая пенсія, і родныя не ведалі, чаму яна хутка заканчваецца. А калі ён памёр, адкрылі канапу, на якой дзед спаў, і ўсё зразумелі. Скрыня канапы цалкам была забіта кнігамі.

Хто купляе?

Па апісаннях супрацоўнікаў кнігарні, пастаянны наведвальнік букініста, —- гэта мужчына сярэдніх гадоў і крышачку старэйшы. Звычайна менавіта яны праводзяць у аддзеле шмат часу. Для зручнасці тут нават ёсць крэслы. «Адзін кліент па некалькі гадзін сядзеў, усё нешта чытаў», — кажа Алена і згадвае яшчэ аднаго, які амаль ніводнага дня не прапускае, прыходзіць адразу ж пасля таго, як крама адчыняецца. Упэўненым крокам накіроўваецца ў букіністычны аддзел, уключае там святло і разглядае кнігі.

Ёсць меркаванне, што моладзь сёння зусім не чытае — толькі ў чатах сядзіць. Але супрацоўнікі «Белкнігі» могуць аспрэчыць гэта. З букіністыкі маладыя людзі чытаюць, напрыклад, Эрыха Рэмарка, Джэйн Осцін, Шарлоту Бронтэ. Шмат хто цікавіцца прыкладной літаратурай, чымсьці накшталт мылаварэння, хлебапячэння, будаўніцтва.

Паціху змяншаецца колькасць кніг з серыі ЖЗЛ. Не так даўно іх было разы ў два болей. Дарэчы, уладальнік гэтай калекцыі, калі прыносіў кнігі, дарыў супрацоўнікам невялічкія каробачкі з кактусамі. Яны і зараз упрыгожваюць краму.

Джазавы «вініл»

Калі скласці своеасаблівы спіс запатрабаванага ў букіністычным аддзеле тавару, атрымаецца такая карціна. На верхнім радку дзіцячая літаратура, другое месца займае класіка, жаночыя раманы, дэтэктывы, трэцяе — гістарычная літаратура, чацвёртае — галіновая, на пятым — размоўнікі, паштоўкі і... круцёлкі. Так-так, тут і пласцінкі, былыя ва ўжыванні, прадаюцца. І попыт, можа, яшчэ большы, чым на кнігі.

— Адзін мужчына прыходзіць пастаянна, — удакладняе Алена. — Асабліва яму падабаецца джаз. У нас такія пласцінкі каштуюць дзесьці каля 10 рублёў. Для яго гэта дорага. З пенсіі ён дазваляе сабе купіць усяго некалькі пласцінак. Калекцыя, дарэчы, добрая. Нам іх здавала жанчына, муж якой таксама захапляўся джазам. Яна расказвала, як аднойчы яны разам паехалі ў Мінск на нейкага вядомага піяніста і ледзь трапілі на яго канцэрт. Пасля гэтага і жанчына ўлюбілася ў джаз. Развітацца з калекцыяй яна вырашыла пасля таго, як загінуў муж. Частку пласцінак яна аддала ўнуку, частку прынесла сюды. Каб і іншыя змаглі адчуць усю асалоду ад прыгожай музыкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.