Вы тут

Як праходзіць сяўба ў сельгаспрадпрыемствы «Паўночны» на Віцебшчыне


Віцебшчына — поўнач краіны. А самы паўночны раён вобласці і, адпаведна, краіны — Гарадоцкі. Туды накіраваўся карэспандэнт «Звязды», каб трапіць на сяўбу ў сельгаспрадпрыемства «Паўночны». Пагутарыў з механізатарамі: пачаткоўцам і адным з самых вопытных не толькі ў раёне. Абодва, дарэчы, Мікалаі. А старэйшы — яшчэ і Мікалаевіч.


Першая вялікая сяўба

Яшчэ адно супадзенне наконт імя было ў той дзень. Разам з Таццянай Груганавай, старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, нас прывёз на палеткі Мікалай Дубіна, намеснік кіраўніка гаспадаркі «Паўночны».

Прафсаюзны лідар ажыццяўляла маніторынг: правярала наяўнасць спецвопраткі, аптэчак, нагадвала правілы тэхнікі бяспекі. А яшчэ перадала механізатарам, што найлепшых адзначаць і па лініі гэтай грамадскай арганізацыі.

Важна, каб у поле прывозілі гарачы абед. І гэта робіцца. Работнікі, дарэчы, аплачваюць толькі 20 % ад поўнага кошту. На вячэру атрымліваюць сухі паёк.

Першым сустрэлі 23-гадовага Мікалая Хадзюню. Каля вёскі Марыямпаль ён займаўся ворывам пад зернебабовыя: гарох і авёс. Папрасіў адразу прабачэння за тое, што не зможа з намі доўга пагутарыць, бо работы шмат. Сказаў, што летась працаваў на замене, а сёлета яго першая сапраўды самастойная сяўба.

Ён мясцовы жыхар, патомны механізатар. Бацька яго хоць і на пенсіі, бывае, і цяпер дапамагае калегам. Да таго як стаць кантрактнікам у войску, старэйшы брат Мікалая таксама працаваў на трактары.

Хлопец вучыўся ў школе Гарадка, сельскагаспадарчым каледжы. У Полацкім раёне служыў у пагранічных войсках. Потым вярнуўся на малую радзіму. Вырашыў працаваць механізатарам.

Умовы работы добрыя. Падкрэсліў, што тэхніка («Беларус-3522») вельмі надзейная. А заробкі радуюць. Адказваючы на пытанні наконт грошай, сказаў, што ў сезон, як кажуць вяскоўцы пра актыўны час сельскагаспадарчых работ, можна і больш чым дзве тысячы ў месяц зарабіць. Але дзеля гэтага трэба «з кабіны не вылазіць», працаваць да сёмага поту.

Рабочы дзень маладога хлебароба распачынаецца калі сонца ўстае, а заканчваецца а дзясятай гадзіне вечара. І так штодня. Наконт сям'і сказаў, пакуль што халасты. Дзяўчына ёсць. Зайздросны жаніх!

Таццяна Груганава пажадала яму перамогі ў спаборніцтве для маладых механізатараў. Будзе рада ўручыць каштоўны падарунак.

Ветэран можа даць фору

Мікалай Чухно працаваў каля вёскі Урочышча. Ён сеяў збожжавыя. Ледзь угаварылі пагутарыць. Сказаў, што, ну вельмі заняты. Хто ж за яго працаваць будзе, калі інтэрв'ю даваць?

Колькі дакладна ў палях, успомніць яму было цяжка. Усё працоўнае жыццё ў кабіне! Успомніў гады, калі столькі мог за дзень зямлі апрацаваць, што на ўзроўні рэкордаў. Ніхто тады не мог яго паказчыкі паўтарыць. Ды і на сёння ён у добрай працоўнай форме, можа маладым фору даць. За змену да 20 гектараў апрацоўвае.

Ён тутэйшы. З аграгарадка Пальмінка. Таксама механізатар не ў першым пакаленні. Ганарыцца тэхнікай. Яго трактар, такі ж, як у маладога Мікалая, вытворчасці Мінскага трактарнага завода, адзін з найлепшых і найбольш магутных у лінейцы пад маркай «Беларус». Унутры ў кабіне бартавы кап'ютар, які ўсё кантралюе: ад расходу паліва і абаротаў рухавіка да нават тэмпературы астуджальнай вадкасці. Мікалай Мікалаевіч ганарыцца памерамі і характарыстыкамі «жалезнага каня».

У сем раніцы ён ужо ў полі. А падымаецца каля пяці. Дома жыўнасці шмат, трэба пакарміць, пчол праведаць. Пра гэтых насякомых, прызнаўся, можа гаварыць суткамі.

І вельмі ганарыцца сваёй сям'ёй. Жонка працуе лабарантам на свінагадоўчым комплексе. Сын, 33-гадовы Арцём, жыве ў Магілёве, ён майстар па дрэваапрацоўцы. У сына двое дзетак: Цімафею — год, Маргарыце — сем.

А малодшая дачка механізатара вучыцца ў Віцебску на філолага, ведае некалькі моў.

У тэму

Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач канстатаваў, што сёлета вясна, на жаль, спазнілася. Таму, адпаведна, пасяўная пачалася пазней. Так, край самы паўночны ў Беларусі, але аграрыі нядрэнна навучыліся працаваць у складаных умовах. Людзей, тэхнікі, насення хапае, падкрэсліў суразмоўнік. Усяго сяўбу правядуць у раёне на плошчы каля 13,8 тысячы гектараў.

А ў цэлым у Прыдзвінскім краі, паводле слоў старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргея Ягорава, усе неабходныя работы на сяўбе ажыццяўляюць на прыблізна шасці тысячах трактароў і іншай тэхніцы. Па традыцыі там, дзе не хапае механізатараў, на дапамогу камандзіруюцца вадзіцелі з гарадоў, раённых цэнтраў. Сёлета такіх памагатых — каля 600. І яшчэ актыўныя ўдзельнікі сяўбы — будучыя аграрыі, якія вучацца ў каледжах і ВНУ.

Леташняй восенню пад сёлетні ўраджай пасеялі больш чым 210 тысяч гектараў збожжавых і 65 тысяч гектараў крыжакветных. Увесну запланавана пасеяць прыкладна 152 тысячы гектараў зерневых і збожжавых, 35 тысяч гектараў рапсу, каля 12 тысяч гектараў лёну.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Мікалай арэ, Мікалай сее...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».