Вы тут

Ірына Касцевіч: Палепшыць сітуацыю на рынку працы можна не толькі шляхам павышэння пенсійнага ўзросту


Як пандэмія змяніла рынак працы ў Беларусі і ці атрымалася аднавіць попыт наймальнікаў на рабочую сілу? Як змяніўся банк вакансій і якая заработная плата на гэтых рабочых месцах прапануецца? Якія спецыялісты запатрабаваныя цяпер на рынку працы? Ці можна абысціся без далейшага павышэння пенсійнага ўзросту і як павялічыць уласную пенсію? Як зменяцца кірункі і магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу для шматдзетных сем'яў? На гэтыя і іншыя актуальныя для кожнага з нас пытанні адказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ.


— Ірына Анатолеўна, як пандэмія змяніла работу тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання? Наколькі напружаныя былі для іх мінулы і пачатак гэтага года? Якія метады ў рабоце будуць узяты на ўзбраенне ў будучыні?

— Для мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сярод пажылых грамадзян і інвалідаў, якія з'яўляюцца асноўнымі атрымальнікамі сацыяльных паслуг, тэрытарыяльныя цэнтры прымалі неабходныя супрацьэпідэмічныя меры. Гэта масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыяванне, тэмпературны кантроль, апрацоўка рук, праветрыванне памяшканняў і правядзенне вільготнай прыборкі з выкарыстаннем дэзсродкаў.

Ва ўзаемадзеянні з тэрытарыяльнымі цэнтрамі гігіены і эпідэміялогіі ў залежнасці ад сітуацыі тэрытарыяльныя цэнтры ўводзілі дадатковыя меры пры аказанні сацыяльных паслуг у аддзяленнях дзённага прабывання інвалідаў і пажылых грамадзян. Гэта арганізацыя работы ў малых групах, калі дазвалялі ўмовы надвор'я — на свежым паветры. На жаль, у перыяд росту захваральнасці ў асобных рэгіёнах работу такіх аддзяленняў даводзілася спыняць.

Сёння яна адноўлена ў поўным аб'ёме. У 146 тэрытарыяльных цэнтрах працуюць 160 аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў і 155 — дзённага знаходжання пажылых грамадзян, якія наведвае больш за шэсць тысяч інвалідаў і больш за 13 тысяч пажылых грамадзян. Тут арганізавана работа гурткоў і клубаў, рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў па развіцці ў людзей з інваліднасцю навыкаў самаабслугоўвання, заняткі для пажылых людзей творчасцю, спортам, навучанне камп'ютарнай адукаванасці.

Улічваючы, што пажылыя людзі і людзі з інваліднасцю знаходзяцца ў групе рызыкі, тэрытарыяльныя цэнтры разгарнулі маштабную акцыю па дастаўцы дадому прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і лекаў. Усе адзінокія пажылыя людзі і інваліды, а іх у нас каля 154 тысяч, былі інфармаваныя па тэлефоне, праз сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт пра магчымасць звярнуцца па такую дапамогу ў тэрытарыяльныя цэнтры. Былі вызначаны нумары тэлефонаў, па якіх штодзень з 8 да 17 гадзін (па рабочых днях) прымаюцца заяўкі на дастаўку. У перыяд першай хвалі яны прымаліся нават у выхадныя і святочныя дні.

За час правядзення акцыі, пачынаючы з 20 сакавіка мінулага года, тэрытарыяльнымі цэнтрамі выканана больш за 47,5 тысячы заявак. За тры месяцы бягучага года ў тэрытарыяльныя цэнтры паступіла і выканана амаль 7,2 тысячы заявак па дастаўцы прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і лекаў. Для арганізацыі аператыўнай дастаўкі на дапамогу сацыяльным работнікам прыйшлі валанцёры БРСМ і Чырвонага Крыжа.

— Пандэмія 2020 года наклала адбітак на эканамічныя працэсы ва ўсім свеце. Многія краіны ўводзілі лакдаўны, не працавалі прадпрыемствы і цэлыя галіны. У Беларусі сітуацыя складвалася не так напружана. Тым не менш, як спад у сусветнай эканоміцы паўплываў на рынак працы ў Беларусі? Якія меры прымаліся, каб змякчыць уплыў пандэміі? 

— Так, сапраўды, пандэмія стала цяжкім выпрабаваннем для многіх краін. Па словах генеральнага дырэктара Міжнароднай арганізацыі працы Гая Райдэра, у 2020-м з-за COVІD-19 сусветны рынак працы страціў у чатыры разы больш працоўных месцаў, чым падчас глабальнага фінансавага крызісу 2009 года. У цэлым, у шэрагу краін былі пабітыя рэкорды па ўзроўні беспрацоўя за апошнія гады.

Беларусь пайшла іншым шляхам. Мы дакладна разумелі: нельга пазбаўляць людзей асноўнай крыніцы даходу. Наадварот, трэба было зрабіць усё магчымае, каб захаваць калектывы і рабочыя месцы, даць людзям магчымасць зарабіць. Быў прыняты шэраг сістэмных мер, якія дазволілі перабудаваць работу ва ўмовах пандэміі і пазбегнуць масавых звальненняў.

Вельмі своечасовымі сталі папраўкі ў Працоўны кодэкс, якія ўступілі ў сілу ў студзені 2020 года і замацавалі такія важныя новаўвядзенні, як дыстанцыйная занятасць і часовы перавод работніка на іншую работу з яго згоды на тэрмін да шасці месяцаў за год. Быў зменены парадак аб'яўлення прастою, уведзены шэраг іншых мер па пераводзе работнікаў. З'явілася і такая норма, як тры дні адпачынку для работніка без пацвяржальных дакументаў у выпадку хваравітага стану. Усе гэтыя гібкія формы занятасці дазволілі наймальнікам вырашаць многія пытанні.

Важнай стала і падтрымка ўзроўню даходаў тых людзей, якія не працавалі ў сувязі з прастоем або працавалі няпоўны рабочы час з-за эканамічных цяжкасцяў прадпрыемства з прычыны пандэміі. У адпаведнасці са 178-м Указам кіраўніка дзяржавы ім была забяспечана даплата да мінімальнай заработнай платы. Яе атрымалі 20 тысяч работнікаў з 254 арганізацый (62 % з іх — суб'екты малога прадпрымальніцтва), а агульная сума субсідый склала 3,2 мільёна рублёў.

У цэлым, нягледзячы на складаную летась абстаноўку з-за распаўсюджвання ў свеце каранавіруснай інфекцыі, сітуацыю на рынку працы ў нашай краіне ўдалося захаваць стабільнай. У 2020 годзе ўзровень агульнага беспрацоўя склаў 4 %, у 2019 годзе ён быў 4,2 %, а у 2018 годзе — 4,8 %.

Узровень беспрацоўя ў нас ніжэйшы, чым у суседзяў. Паводле апошніх даных, узровень беспрацоўя ў Еўрапейскім саюзе складае каля 7 %, ЗША — 6,2 %. У суседзяў сітуацыя такая: ва Украіне — 10 %, Літве — 9,6 %, Латвіі — 8,2 %, у Расіі — 5,7 %.

З прычыны прынятых наймальнікамі часовых мер па недапушчэнні вызвалення работнікаў (а гэта, нагадаю, перавод на скарочаны рэжым работы, выдзяленне водпускаў па ініцыятыве наймальніка), у краіне адзначаўся высокі ўзровень страт рабочага часу. Толькі за красавік мінулага года колькасць работнікаў, пераведзеных на рэжым вымушанай няпоўнай занятасці, узрасла ў 2,5 раза, а тых, хто знаходзіўся ў цэладзённых прастоях — у 3,2 раза. Пік страт рабочага часу прыйшоўся на май. А вось ужо ў чэрвені сітуацыя пачала паляпшацца. У выніку станоўчым трэндам мінулага года стала плаўнае скарачэнне страт рабочага часу. У снежні ў рэжыме вымушанага няпоўнага часу працаваў кожны соты работнік, а гэта ў два разы менш, чым у маі 2020 года.

У студзені-лютым бягучага года ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці працавалі 35,5 тысячы чалавек, або 1,2 % ад спісачнай колькасці работнікаў, у цэладзённым прастоі знаходзіліся 40,6 тысячы работнікаў арганізацый або 1,4 % ад спісачнай колькасці. І гэта прыблізна столькі ж, колькі было ў дакаранцінным перыядзе — у студзені-лютым мінулага года (33,8 тысячы чалавек, або 1,2 % і 47 тысяч работнікаў або 1,6 % ад спісачнай колькасці адпаведна).

Больш за тое, у лютым у параўнанні са студзенем бягучага года адзначалася далейшае скарачэнне страт рабочага часу за кошт змяншэння колькасці як тых, хто працаваў у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці (з 30,2 тысячы работнікаў да 20,1 тысячы, ці ў 1,5 раза), так і работнікаў, якія знаходзіліся ў цэладзённым прастоі (з 36,8 тысячы работнікаў да 14,3 тысячы, або ў 2,6 раза).

На працягу ўсяго мінулага года высокім заставаўся попыт на рабочую сілу, колькасць свабодных рабочых месцаў у рэспубліканскім банку вакансій у разы перавышала колькасць тых, хто шукаў работу праз службу занятасці. Вось і ў цяперашні час колькасць заяўленых наймальнікамі вакансій амаль у дзевяць разоў большая за колькасць зарэгістраваных беспрацоўных.

Рэзюмуючы, павінна адзначыць, што існавала высокая рызыка пагаршэння сітуацыі на рынку працы ўслед за запаволеннем тэмпаў эканамічнага росту ў свеце. Разам з тым, дзякуючы абранай стратэгіі рэагавання на крызісныя з'явы, рынак працы ў 2020 годзе заставаўся дастаткова стабільны.

— Як, дарэчы, летась мяняўся банк вакансій? Якая заработная плата прапануецца на гэтых рабочых месцах?

— Для рынку працы Беларусі характэрны ўстойлівы попыт на рабочую сілу. Аднак пандэмія 2020 года закранула і гэты бок. У сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ў красавіку мінулага года адбылося зніжэнне як колькасці грамадзян, якія звярталіся ў службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні, так і прапаноў з боку працадаўцаў. У красавіку 2020-га па працаўладкаванне звярнулася 9,6 тысячы чалавек, а гэта амаль на 30 % менш, чым у сакавіку 2020-га, і ў 1,6 раза менш у параўнанні з красавіком 2019 года. Калі ў агульнарэспубліканскім банку вакансій на канец сакавіка 2020 года налічвалася блізу 86 тысяч свабодных рабочых месцаў, то праз месяц іх колькасць знізілася да 72 тысяч вакансій (ці на 16 %).

Па меры стабілізацыі эпідэмічнага становішча колькасць зваротаў грамадзян і попыт наймальнікаў пачалі аднаўляцца. Так, ужо ў чэрвені 2020-га па працаўладкаванне звярнулася амаль 20 тысяч чалавек, што ў 2,1 раза больш, чым у красавіку, а колькасць заяўленых вакансій за гэты перыяд павялічылася да 74 тысяч. Усяго за 2020 год наймальнікамі было заяўлена каля 500 тысяч вакансій.

Сёння ў банку вакансій больш за 76 тысяч прапаноў ад наймальнікаў. Шукаюць розных спецыялістаў — ад пілотаў да дворнікаў. І ўзровень прапанаваных заробкаў, вядома, розны, ён залежыць найперш ад кваліфікацыі, ведаў і ўменняў. Заработная плата, большая за 1 тысячу рублёў, прапануецца па больш чым дзевяці тысячах вакансій (гэта каля 12 % ад агульнай колькасці).

Фота: БелТА

Структура попыту практычна не змянілася. Часцей за ўсё наймальнікі шукаюць кіроўцаў аўтамабіля, прадаўцоў, кухараў, швачак, медыцынскі персанал (медыцынская сястра-спецыяліст, урач-спецыяліст), трактарыстаў. У сельскай мясцовасці ў дэфіцыце спецыялісты ветэрынарнага профілю.

— Адзін з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы занятасці — захаванне нізкага ўзроўню беспрацоўя. Якія новыя падыходы будуць прымяняцца для гэтага ў найбліжэйшыя пяць гадоў?

— У найбліжэйшай перспектыве галоўная задача палітыкі занятасці складаецца ў прафілактыцы беспрацоўя, захаванні сацыяльнай стабільнасці, эфектыўным выкарыстанні наяўнага працоўнага патэнцыялу. Асноўны ўпор будзе зроблены на рэалізацыю актыўных мер па садзейнічанні занятасці і пашырэнні інфармацыйнай работы з насельніцтвам і наймальнікамі.

Галоўны інструмент на найбліжэйшую пяцігодку — Дзяржаўная праграма «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» на 2021—2025 гады, зацверджаная ўрадам 30 снежня 2020 года. Побач з класічнымі мерапрыемствамі па садзейнічанні занятасці беспрацоўных гэты праграмны дакумент прадугледжвае стварэнне ўмоў для інтэграцыі ў працоўную дзейнасць людзей з інваліднасцю. У якасці дадатковых мер па забеспячэнні іх занятасці плануецца ўвядзенне сістэмы кватавання рабочых месцаў. Такі падыход практыкуецца ў многіх краінах.

Гэта адна з навацый, прадугледжаных праектам Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», і яна накіравана на пашырэнне магчымасцяў інтэграцыі ў працоўную сферу такіх людзей. Увядзенне механізма кватавання рабочых месцаў мяркуецца распаўсюдзіць на сярэднія і буйныя прадпрыемствы з колькасцю работнікаў ад ста чалавек. У дачыненні да мікра- і малых прадпрыемстваў працягне дзейнічаць механізм браніравання рабочых месцаў для прыёму на работу грамадзян з ліку беспрацоўных інвалідаў.

— У 2022 годзе завершыцца павышэнне пенсійнага ўзросту, у мужчын ён складзе 63 гады, у жанчын — 58. Вынік ужо відавочны — гэта дапамагло запаволіць скарачэнне колькасці занятага насельніцтва. Ці патрэбныя ў будучыні падобныя меры і ці плануецца далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту?

— Адказ на гэтае пытанне нядаўна даў кіраўнік дзяржавы — новых рашэнняў па пенсійным узросце ў Беларусі не плануецца. Хачу заўважыць, што пры абмеркаванні праблематыкі старэння насельніцтва практычна заўсёды робіцца акцэнт на спадарожных гэтаму трэнду з'явах: зніжэнні колькасці працаздольнай часткі насельніцтва і росце патрэбы ў работніках.

Аднак змякчыць такое ўздзеянне на рынак працы можна не толькі шляхам павышэння пенсійнага ўзросту, але і за кошт больш шырокага ўключэння пажылых грамадзян. Адаптаваныя пад іх патрэбы ўмовы працы, гібкі рэжым рабочага часу, даступныя старэйшым людзям праграмы навучання — усё гэта дазваляе выкарыстоўваць веды і вопыт пажылых работнікаў, захоўваць і нават павышаць іх прысутнасць на рынку працы, а значыць, і павялічваць патэнцыял працоўных рэсурсаў.

— Гэта агульнасусветная тэндэнцыя, калі людзі пенсійнага ўзросту застаюцца актыўныя. Колькі, дарэчы, у нас працуючых пенсіянераў? Наколькі запатрабаваны імі механізм «адкладзеных пенсій» і як ён будзе развівацца ў найбліжэйшай будучыні?

— Колькасць людзей, якія працуюць пасля дасягнення агульнага пенсійнага ўзросту, — амаль 500 тысяч чалавек. І гэта менавіта ім адрасаваныя правілы аб адкладзенай пенсіі, што дазваляюць прыкметна павысіць яе памер.

Важна данесці да людзей, што, ацэньваючы для сябе гэтую меру, варта не проста механічна параўноўваць сумы «страт» пенсіі сёння з будучымі даплатамі. Трэба ўлічваць розную значнасць гэтых сум у кожны з перыядаў. Тое, што ў час работы ўспрымаецца як «невысокае» павышэнне пенсіі, пасля звальнення стане ўжо прыкметнай часткай яе памеру.

За пяць гадоў работы ва ўзросце, старэйшым за пенсійны, без атрымання пенсіі можна павялічыць яе памер у 1,8 раза. Пенсія на такім узроўні будзе выплочвацца ўвесь наступны пенсійны перыяд. У любым выпадку, калі работнік застаецца на ранейшым рабочым месцы з тым жа заробкам, то існуючы ўзровень жыцця ў яго захоўваецца, а да старасці пенсія прыкметна падрасце. Бо з часам работу ўсё ж давядзецца пакінуць, і жыць прыйдзецца толькі на пенсію. Якая яна будзе — з прэміяльным дадаткам ці не — кожны выбірае сам.

— Ці будзе ў найбліжэйшай пяцігодцы ўзмацняцца дыферэнцыяцыя памераў пенсіі?

— Работа ў гэтым кірунку ўжо ідзе. Узмацненне залежнасці паміж памерам пенсіі і працяглай работай з высокім заробкам — гэта справядліва. Важна, што будзе сфарміравана выразная ўстаноўка для ўсіх работнікаў, асабліва для маладых: толькі працяглая праца з афіцыйным заробкам, не «ў канверце», а з выплатай узносаў у фонд сацыяльнай абароны дасць гарантыю атрымання поўнай дзяржаўнай пенсіі пры надыходзе сацыяльнай страхавой рызыкі — інваліднасці ці старасці (а дзецям — пры страце карміцеля).

— Як будзе развівацца добраахвотнае накапляльнае пенсійнае страхаванне? Як стымуляваць беларусаў самастойна рабіць адлічэнні?

— Як пераарыентаваць работнікаў не толькі разлічваць на дзяржаўную падтрымку, але і самім клапаціцца пра ўласную старасць — гэтае пытанне сёння актуальнае практычна паўсюдна. Па вопыце іншых краін, зацікавіць людзей у фарміраванні асабістых пенсійных зберажэнняў можна за кошт падатковых ільгот. Яны ёсць і ў нас — дзейнічаюць у дачыненні да добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі па дагаворах, што заключаюцца работнікамі і працадаўцамі са страхавымі арганізацыямі.

Яшчэ адзін кірунак — сафінансаванне дзяржавай накапляльных пенсій, што фарміруюцца грамадзянамі за кошт сваіх сродкаў. У Беларусі такое стымуляванне можа атрымаць рэалізацыю праз праграму «тры плюс тры», якую ўжо згадваў кіраўнік дзяржавы.

Пакуль прапануецца наступны варыянт: калі работнік вырашыць выплачваць дадатковыя ўзносы на накапляльную пенсію, то пэўныя сродкі з абавязковага 28-працэнтнага пенсійнага ўзносу ў фонд сацабароны залічыць і яго работадаўца. Гэта значыць, будзе створаны механізм, які дазваляе кожнаму работніку павялічыць будучую пенсію, прычым з падтрымкай дзяржавы.

— Як у найбліжэйшы час будзе ўдасканальвацца праграма сямейнага капіталу? Колькі

сем'яў у Беларусі маюць дэпазітныя рахункі сямейнага капіталу і выкарыстоўваюць яго датэрмінова? На якія мэты гэтыя сродкі ідуць цяпер? Ці будуць пашыраны магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу?

— Праграма сямейнага капіталу была ўведзена ў Беларусі з 2015 года на пяцігадовы перыяд — да 2019 года. Затым яна была падоўжана яшчэ на пяць гадоў, да канца 2024-га. Праграма накіравана на развіццё доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў, стымуляванне нараджальнасці. За перыяд яе дзеяння ў ААТ «АСБ Беларусбанк» адкрыта больш за 97 тысяч дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал» на агульную суму больш за 2,5 мільярда рублёў.

З 2020 года з'явілася магчымасць выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу датэрмінова па найбольш актуальных для шматдзетных сем'яў пытаннях. Сёння яны могуць быць датэрмінова выкарыстаны на будаўніцтва (рэканструкцыю), набыццё жылля і пагашэнне запазычанасці па крэдытах, выдзеленых на гэтыя мэты, калі сям'я знаходзіцца або знаходзілася на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, або знаходзілася на дату заключэння крэдытнага дагавора; на атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі; на выдачу медыцынскіх вырабаў і лекавых сродкаў замест прадугледжаных бясплатна пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі; на атрыманне стаматалагічных паслуг — пратэзаванне зубоў, дэнтальную імплантацыю з наступным пратэзаваннем, артадантычную карэкцыю прыкусу.

Выканкамы ўжо прынялі 31 тысячу рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні гэтымі сродкамі. З іх амаль 90 % — на паляпшэнне жыллёвых умоў.

У цяперашні час Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі і банкаўскім сектарам распрацавала праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён уключае нормы па пашырэнні кірункаў і магчымасцяў датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, а таксама выключэнні выпадкаў іх неабгрунтаванага выкарыстання.

Падчас яго распрацоўкі разглядаліся запыты і прапановы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых органаў улады, а таксама звароты грамадзян. Выбраны самыя запатрабаваныя сем'ямі кірункі. Так, прапануецца пашырыць магчымасці накіравання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў, аказанне медыцынскіх (за кошт артапедыі) і адукацыйных паслуг. З'явіцца і новы кірунак — набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі людзей з інваліднасцю.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.