Вы тут

Прынцыпы прынца. Чым запомніўся герцаг Эдынбургскі?


Сёння адбудзецца пахаванне прынца Філіпа. Пра гэта раней паведамілі ў Букінгемскім палацы. Герцаг Эдынбургскі Філіп літаральна некалькі месяцаў не дажыў да свайго 100-годдзя. Пасля абвяшчэння аб смерці мужа каралевы Лізаветы ІІ у краіне пачалася нацыянальная жалоба, якая працягнецца да заканчэння пахавання. Каралеўская сям'я будзе захоўваць жалобу на працягу двух тыдняў. Пахаванне адбудзецца ў сціплым маштабе з-за пандэміі каранавіруса. Публічнага доступу на жалобную цырымонію не будзе, аднак убачыць службу ахвотныя змогуць па тэлебачанні. Каралеўская сям'я прасіла адмовіцца ад візітаў у Віндзорскі замак. На цырымоніі будзе прысутнічаць жонка нябожчыка каралева Лізавета ІІ, а таксама дзеці і ўнукі. У адпаведнасці з правіламі, якія ўстаноўлены падчас пандэмійных абмежаванняў у Вялікабрытаніі, колькасць удзельнікаў абмежавана 30 чалавекамі. Пасля цырымоніі прынц будзе пахаваны ў каралеўскім склепе ў капліцы Святога Георга. Чым жа запомніўся герцаг Эдынбургскі?


Выгнанне з Элады

Прынц Філіп з'явіўся на свет на грэчаскім востраве Корфу. Яго бацькам быў Андрэй, прынц Грэчаскі і Дацкі, сын караля Грэцыі Георга І. Бабуляй прынца была вялікая князёўна Вольга Канстанцінаўна Раманава, унучка імператара Мікалая І. Маці Філіпа — прынцэса Аліса Батэнбергская — была дачкой прынца Людвіга, які пазней атрымаў тытул лорда Маўнтбетэна. Яна была праўнучкай каралевы Вікторыі.

Пасля дзяржаўнага перавароту 1922 года рэвалюцыйны суд выгнаў з Грэцыі прынца Андрэя з сям'ёй. Брытанскі ваенны карабель, які даслаў яго траюрадны брат кароль Георг V, перавёз сям'ю грэчаскага манарха ў Францыю. Немаўля Філіп правёў большую частку падарожжа ў імправізаваным ложачку, зробленым са... скрыні з-пад апельсінаў.

Ён упершыню пайшоў у школу ў Францыі, аднак ва ўзросце сямі гадоў хлопчыка адвезлі ў Англію і пасялілі ў сваякоў Маўнтбетэнаў у графстве Сурэй. Да таго часу ў яго маці была дыягнаставана шызафрэнія — яе змясцілі ў прытулак для псіхічна хворых, і Філіп яе амаль не бачыў.

У 1933-м 12-гадовага хлопчыка адправілі на поўдзень Германіі ў школу-пансіён Schule Schloss Salem, якой кіраваў знакаміты ў той час педагог Курт Хан. Аднак праз некалькі месяцаў Хан, яўрэй па нацыянальнасці, быў вымушаны бегчы ад пераследаў нацыстаў.

Хан пераехаў у Шатландыю, дзе заснаваў школу ў Горданстоўне, куды перавялі і Філіпа. У Горданстоўне панаваў спартанскі рэжым, упор рабіўся на выпрацоўку сілы волі і самастойнасці, што як нельга лепш падышло для самотнага падлетка, які жыў у месцах, далёкіх ад бацькоў.

Набліжалася Другая сусветная вайна, і Філіп прыняў рашэнне пачаць ваенную кар'еру. Ён стаў курсантам Каралеўскага ваенна-марскога каледжа ў Дортмуце. З будучай каралевай і жонкай прынц Філіп упершыню ўбачыўся ў 1934 годзе — на вяселлі брытанскага герцага Кентскага і грэчаскай прынцэсы Марыны. Яму тады было 13 гадоў, ёй — восем.

Праз пяць гадоў, напярэдадні вайны, яны сустрэліся зноў менавіта ў Дортмуце. Падчас візіту караля Георга VІ з сям'ёй у каледж Філіпа адправілі суправаджаць дзвюх маладзенькіх прынцэс — Лізавету і Маргарэт. Хутка паміж Філіпам і Лізаветай завязалася нефармальная перапіска, якая не спынілася і падчас вайны, калі ён служыў у флоце ў Міжземным моры і ў Ціхім акіяне.

«Чортава амёба»

У 1946 годзе, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, не маючы ні ўласнага дома, ні планаў на будучыню, ні нават прыстойных касцюмаў і добрага абутку, Філіп стаў рэгулярна наведваць Лізавету ў Букінгемскім палацы. А яна, па словах адной з фрэйлін, рэзка пачала прыхарошвацца і заслухоўвацца песняй People Wіll Say We're іn Love з мюзікла «Аклахома».

У той перыяд адносіны Філіпа з Лізаветай расцвілі. Неафіцыйна малады чалавек зрабіў ёй прапанову ў замку Балмарал у Шатландыі, паведаміла gazeta.ru. У тым годзе ў лісце Філіп пісаў ёй: «Прайсці ўсю вайну і ўбачыць перамогу, мець магчымасць адпачыць і перабудавацца, закахацца цалкам і самааддана — перад гэтым усе асабістыя і нават сусветныя няшчасці падаюцца дробнымі і нікчэмнымі».

Затым — афіцыйная прапанова: у пісьмовай форме ён папрасіў рукі прынцэсы ў каралевы-маці Лізаветы. Нягледзячы на яго каралеўскае паходжанне, спачатку кандыдатура Філіпа была сустрэта пры двары з супраціўленнем: усё ж такі ён быў прынцам у выгнанні, іншаверцам — яго лічылі грубым, ці то немцам, ці то грэкам — ужо сапраўды не англічанінам. Але Лізавета аказалася настойлівай. У 1947 годзе пара афіцыйна абвясціла аб заручынах.

Каб стаць паўнапраўным жаніхом, яшчэ трэба было прайсці праз шэраг фармальных працэдур: адракчыся ад грэчаскага і дацкага каралеўскіх тытулаў, атрымаць грамадзянства Вялікабрытаніі, афіцыйна прыняць прозвішча маці Маўнтбетэн і перайсці з праваслаўя ва ўлонне англіканскай царквы.

Вяселле прынца Філіпа і прынцэсы Лізаветы адбылося 20 лістапада 1947 гады ў Вестмінстэрскім абацтве. Яму было 26, ёй — 21. Яны абвянчаліся ў прысутнасці дзвюх тысяч чалавек. Вяселле стала, як выказаўся Уінстан Чэрчыль, «каляровай успышкай» у блёклы час пасляваеннага жыцця Брытаніі.

Філіп здагадваўся, што яго жонка калі-небудзь стане каралевай і ўзначаліць Вялікабрытанію, але не думаў, што гэта здарыцца так хутка. «Цікава, ці ведае Філіп, на што ён ідзе, — задаваўся пытаннем кароль Георг VІ, бацька Лізаветы, на вяселлі. — Бо аднойчы Лілібэт стане каралевай, а ён — яе мужам. Гэта значна цяжэй, чым быць каралём, але я думаю, што ён падыходзіць для гэтай працы», — згадаў рэпліку манарха Vogue.

Маладая пара пражыла некалькі гадоў на ваеннай базе на Мальце, дзе служыў Філіп. У іх было двое дзяцей, Чарльз і Эн. Праз пяць гадоў пасля вяселля, у 1952-м, кароль Георг захварэў і раптоўна памёр. Філіп паведаміў жонцы, што яны стануць самымі знакамітымі людзьмі ў свеце. На каранацыі ў 1953 годзе ён стаў перад ёй на калені і даў сабе зарок быць яе «рыцарам да канца дзён».

Манархаваму мужу прыйшлося прывыкаць да ролі другога плана, з якой яму — амбіцыйнаму, з'едліваму вайскоўцу — было цяжка змірыцца. Ён так і не змог стаць заснавальнікам каралеўскай дынастыі Маўнтбетэнаў: хоць па правілах каралева павінна была ўзяць прозвішча мужа, каралева-маці Лізавета і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль рэзка супрацівіліся гэтаму, і брытанскія манархі працягнулі насіць прозвішча Віндзораў. А герцаг Эдынбургскі вымавіў знакамітую фразу: «Я ўсяго толькі чортава амёба. Я адзіны мужчына ў краіне, якому не дазволена даць дзецям сваё прозвішча».

Падтрымка і апора

20 лістапада 1997 года, у дзень 50-й гадавіны вяселля, каралева Лізавета выступіла з прамовай перад тагачасным прэм'ерам Тоні Блэрам і дзясяткамі ганаровых гасцей у лонданскім Банкетным доме. Яна падзякавала прэм'ер-міністру за арганізацыю святочных мерапрыемстваў у той вечар і ўсім брытанцам у цэлым за падтрымку пары за час яе праўлення. У канцы прамовы яна згадала мужа, прынца Філіпа, з глыбокім і нехарактэрным для яе пачуццём: «Ён з тых, хто нялёгка прымае кампліменты, але ён заўсёды быў маёй падтрымкай і апорай усе гэтыя гады. Я і ўся яго сям'я, а таксама гэтая і многія іншыя краіны павінны яму больш, чым ён калі-небудзь заяўляў або мы калі-небудзь даведаемся».

Артыкулы 1950-х і 1960-х гадоў малююць Філіпа як чалавека, які плыве па цячэнні. Ён не быў упэўнены ў сваім месцы, у сваёй ролі, у сваім жыцці. Але ў рэшце рэшт знайшоў свой шлях, стварыўшы ўласную спадчыну і ўпарта падтрымліваючы жонку. Кароль Георг меў рацыю: Філіп сапраўды падыходзіў для сваёй «працы». Ён суправаджаў каралеву Лізавету на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах: адкрыццях парламенцкіх сесій, замежных візітах, дзяржаўных прыёмах і абедах.

Акрамя таго, як член каралеўскай сям'і Вялікабрытаніі прынц займаўся патранажам каля 800 арганізацый, звязаных з абаронай навакольнага асяроддзя, развіццём прамысловасці, спортам і адукацыяй. У прыватнасці, з 1961-га да 1982 года ён быў прэзідэнтам Міжнароднага фонду дзікай прыроды, з 1964-га да 1984-га — прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі коннага спорту, ён засядаў у савеце ўніверсітэтаў Кембрыджа, Эдынбурга, Салфорда і Уэльса. Усяго герцаг прыняў удзел прыкладна ў 20 тысячах мерапрыемстваў за час «службы» ў каралеўскай сям'і.

У 1973 годзе першым з членаў брытанскай каралеўскай сям'і Філіп наведаў СССР з неафіцыйным візітам у якасці прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі коннага спорту. У Крамлі яго прымалі Брэжнеў, Касыгін і Падгорны. У ходзе гэтага візіту ён наведаў Маскву, Ленінград і Кіеў. У маі 1980-га Філіп прысутнічаў на пахаванні прэзідэнта Югаславіі Іосіпа Броз Ціта. У 1986-м разам з жонкай наведаў Паднябесную.

«Чым вы палошчаце горла? Галькай?»

Філіп запомніцца сваім саркастычным пачуццём гумару. Яму прыпісваюць словы пра жаданне пераўвасобіцца ў смяротны вірус, згадала ТАСС, ён жартаваў пра разрэз вачэй у кітайцаў і дазваляў сабе даволі з'едлівыя каментарыі ў адрас артыстаў.

Як піша газета The Іndependent, звяртаючыся да брытанскага спевака Тома Джонса ў 1969 годзе падчас дабрачыннага канцэрта Royal Varіety Performance, прынц Філіп спытаўся ў яго: «Чым вы палошчаце горла? Галькай?» Па даных выдання, тады ж ён заявіў: «Цяжка зразумець, як можна стаць такім папулярным, выконваючы, на мой погляд, самыя агідныя песні».

«Некалькі гадоў таму ўсе казалі, што трэба больш адпачываць. Цяпер, калі ўсе могуць больш адпачываць, яны скардзяцца, што засталіся без работы. Падобна на тое, людзі самі не ведаюць, чаго хочуць», — сказаў прынц у 1981 годзе пасля таго, як эканоміка Брытаніі ўвайшла ў рэцэсію і тысячы людзей страцілі работу.

Газета The Daіly Telegraph распавядала іншую гісторыю. На сустрэчы Сусветнага фонду дзікай прыроды ў 1986 годзе прынц Філіп заявіў: «Калі ў чагосьці чатыры ножкі, і гэта не крэсла, калі ў чагосьці два крыла, і яно лётае, але гэта не самалёт, і калі яно плавае і не з'яўляецца падводнай лодкай, то кантонцы гэта з'ядуць».

У тым жа годзе ён сказаў у Пекіне брытанскім студэнтам: «Калі вы тут яшчэ затрымаецеся, у вас вочы стануць вузкімі». Гэтыя словы выклікалі жах у брытанскіх дыпламатаў, аднак кітайцы ўспрынялі жарт спакойна, заявіўшы, што ў іх прыкладна тое ж самае кажуць кітайскім студэнтам, якія навучаюцца ў Еўропе: «Не заставайцеся там доўга, а то ў вас акругляцца вочы».

Паводле інфармацыі газеты The Daіly Telegraph, суправаджаючы каралеву падчас наведвання аўстралійскага парку культуры абарыгенаў Цьяпукай у 2002 годзе, Філіп спыніўся, каб пагаварыць з заснавальнікам парку Уільямам Брымам. «Вы ўсё яшчэ кідаеце дзіды адзін у аднаго?» — спытаў прынц. Пазней Букінгемскі палац паспяшаўся запэўніць, што прынц не хацеў нікога абразіць. «Гэта былі бесклапотныя каментарыі», — паведамілі там. Сам Брым сказаў, што пытанне прынца было «даволі пацешным».

Англамоўныя СМІ таксама прыпісваюць нябожчыку мужу брытанскай каралевы фразу, якую ён, як сцвярджаецца, вымавіў у 1988 годзе ў размове з журналістамі нямецкага інфармацыйнага агенцтва Deutsche Presse Agentur. «Калі пасля смерці я пераўвасоблюся, то хачу стаць смяротным вірусам, які дапаможа вырашыць праблему перанасялення», — сказаў тады герцаг Эдынбургскі.

За 73 гады шлюбу з каралевай Лізаветай ІІ у пары з'явілася чацвёра дзяцей, восем унукаў і 10 праўнукаў. За сваё жыццё герцаг Эдынбургскі, які пазнаёміўся з будучай каралевай, калі яму было 18 гадоў і стаў яе мужам ва ўзросце 26 гадоў, напісаў 14 кніг. Ён двойчы абмінуў зямны шар на каралеўскай яхце «Брытанія», а ўсяго здзейсніў без каралевы 637 замежных візітаў. Маючы ліцэнзію пілота, ён паспеў палятаць на 59 тыпах самалётаў, Філіп правёў за штурвалам 5986 гадзін.

І яшчэ. У ціхаакіянскай дзяржаве Вануату з 1950-х племя яахнанен лічыць прынца Філіпа бажаством. Паводле старажытных легенд, аднойчы сын горнага духу адправіцца за мора і ажэніцца на годнай жанчыне, пасля чаго вернецца назад на востраў. Гэтым сынам племя і прызнала ў свой час прынца Філіпа. Месцічы вераць, што пакуль цела герцага Эдынбургскага спачывае ў Віндзорскім замку, яго душа здзяйсняе апошняе падарожжа па хвалях Ціхага акіяна да свайго духоўнага дома — вострава Танна, каб жыць з тымі, хто шанаваў яго бажаством усе гэтыя гады.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!