Вы тут

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна


«Ідылія ў кантрастах» — так назваў Уладзімір Караткевіч раздзел свайго рамана, дзе распавядалася пра змаганне за гістарычныя помнікі ва ўмоўным мястэчку Альшаны. Адны героі бурылі старажытныя замкавыя муры з-за невуцтва, той-сёй свядома імкнуўся знішчыць сляды пра трагічныя падзеі мінулага, ну а былі, вядома, і тыя, што ратавалі і баранілі. Адзін з герояў, гісторык Мар'ян Пташынскі, так распавядае пра сваю калекцыю: «Ты памятаеш, як я ўсё гэта збіраў. Як у Варонцы пад руіны кляштара ў сховішча замаскіраванае на чэраве лазіў, як ад селядцоў ратаваў кнігі, як мне мой Мікола дастаўся, на якім дровы секлі, як мяне пад Слонімам у крамянёвай шахце заваліла, як я ўсё гэта рэстаўрыраваў, пылам дыхаў, ад хімікаліяў кашляў...»

І па сёння такія энтузіясты не звяліся. Як і іх антаганісты. Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць. Але да ідыліі тут далёка, і напярэдадні Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін мы сустрэліся ў рэстаўрацыйных майстэрнях Нацыянальнага мастацкага музея, каб пагаварыць пра кантрасты, нюансы і колеры беларускай рэстаўрацыйнай справы. Мы — гэта вядучы навуковы супрацоўнік музея Надзея Усава, загадчык сектара алейнага жывапісу аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Святлана Дзікуць і я, пісьменніца Людміла Рублеўская.


Шашаль, ацяпленне і крэатыў мастакоў

Н. У.: У першыя ж гады савецкай улады выйшаў дэкрэт аб захаванні мастацкіх каштоўнасцяў з багатых сядзіб. Цараваў Пралеткульт, авангардысты казалі, што, вядома, гэтыя творы не спатрэбяцца нам для выхавання мас, але няхай яны належаць музеям і залягуць там, як у вялікіх магільніках, пакуль мы творым новае мастацтва. І гэта была вялікая справа: прадметы мастацтва, якія ў спешцы былі пакінуты гаспадарамі пасля рэвалюцыі, былі прывезены ў мінскія музеі. Агромністае багацце, захаванню якога перашкодзіла вайна. Па інвентарах мы ведаем, як шмат мы згубілі, колькі загінула, было вывезена. Таму захаванне рарытэтаў, якія засталіся, надзвычай важна. Твор, які трапіў у музей, павінен захоўвацца вечна. Але нічога вечнага няма. Усё старэе. А спісаць артэфакт можна, толькі калі ён цалкам непрыдатны. Напрыклад, які-небудзь грыбок з'ядае драўляную скульптуру, ці моль — андарак. Але гэта найвялікшы скандал. Таму задача рэстаўратараў — няспынна падтрымліваць стан экспанатаў.

Л. Р.: На жаль, ёсць сёння такі мем — «рэстаўрацыя па-беларуску», у якасці прыкладу якога — аконныя праёмы Лідскага замка з неахайна ўкладзенай штучнай цэглай... Знайсці прыдатны для выкарыстання старажытны будынак, куды не ўставілі еўравокны, — праблема. Але і што датычыцца рэстаўрацыі прадметаў мастацтва, не ўсё адназначна. Памятаю, як яшчэ школьніцай, мусіць, на пачатку 1980-х, бегала ў мастацкі музей, каб пастаяць перад палатном Ге «Пацалунак Юды» — гэта эскіз, але мне бачылася ў ім такая тайна, такая глыбіня... Аднойчы карціна знікла, я сумавала... Потым з'явілася на іншым месцы. Але я яе не пазнала. Фарбы бессаромна выявіліся, заззялі лакам, знікла таямніца... Для мяне было гора.

С. Д.: Тое, пра што вы расказваеце, адносіцца да пачатку дзейнасці нашых рэстаўрацыйных майстэрань. Тады работа вялася спецыфічна, бо цэнтр быў у Расіі, у Маскве, атэстацыю рэстаўратары праходзілі там. Усе тэхналагічныя працэсы распрацоўваліся там. Нашы рэстаўратары ездзілі на стажыроўку ці ў Цэнтр Грабара, ці ў Траццякоўку. Не памятаю, ці былі раней рэстаўрацыйныя рады?

Н. У.: Былі, так. Навуковыя супрацоўнікі музея заўсёды ўважліва сачылі за працэсам рэстаўрацыі. І сёння рэстаўрацыйная рада вельмі актыўная.

С. Д.: Я працую тут дваццаць гадоў, за гэты час рэстаўратараў стала больш, і, натуральна, пасля таго як Беларусь стала незалежнай, мы пачалі не азірацца на Расію, а самі вывучаць свае праблемы, самі даходзіць да ўсяго. Хаця школа рэстаўрацыйная засталася тая ж.

Л. Р.: Яна моцна адрозніваецца ад іншых?

С. Д.: У еўрапейскай школы трохі іншы вектар. Але зараз усё нівеліруецца. Рэстаўратары маюць уяўленне пра розныя метады, але жадаюць аднаго і таго ж: як мага менш умешвацца ў прадмет мастацтва. Нас вучылі, што галоўны прынцып рэстаўрацыі — зваротнасць. Каб матэрыялы, якія ты ўводзіш у твор, можна было адтуль бязбольна прыбраць.

Л. Р.: Я правільна разумею, што час ад часу кожны твор падлягае рэстаўрацыі?

С. Д.: Прафілактычныя агляды праходзяць усе... Рэстаўрыруюцца не ўсе. Ёсць некалькі прычын, па якіх творы паступаюць на рэстаўрацыю. Першая — натуральнае старэнне матэрыялаў. Другая — кепскае захаванне. Не паўсюль адпаведны мікраклімат, не паўсюль дастаткова месца, каб дастаць работу, не траўміруючы суседнюю, і гэтак жа вярнуць на месца. Бывае, што творы псуюцца пры транспарціроўцы. Яшчэ прычына, калі творы псуюцца, — няправільнае экспанаванне ў неадпаведных тэмпературна-вільготнасных умовах. Але я бачыла ў старых драўляных цэрквах без ацяплення абразы, якія шмат гадоў спакойна перажывалі міжсезонне. І, наадварот, у камфартабельнай кватэры на карціне можа дыбара ўстаць уся фарба з-за таго, што ўключылі ацяпленне. Яшчэ прычына, чаму карціны псуюцца, — невыкананне тэхналогіі мастаком. Мастак — чалавек творчы, ён схільны да эксперымента, як раней, так і цяпер. Мастак думае найперш аб эфекце. У XVІІІ—XІX стст. эксперыментавалі з дадаваннем алею ў грунты. Эфект, да якога імкнуліся, — стварыць яркі, глянцавы жывапіс. Лішкі алею выклікалі разбурэнне твора. У сучаснасці змешваюць тэхнікі, напрыклад алей з акрылам. Адрэстаўрыраваць такі твор вельмі складана.

Л. Р.: Ну, сёння могуць і нейкімі арганічнымі рэчывамі маляваць...

С. Д.: Было такое ў маёй практыцы, малявалі молатай кавай...

Н. У.: Відаць, найпрасцей з мастакамі, якія прытрымліваліся традыцыйных тэхналогій, накшталт Бялыніцкага-Бірулі ці Міхаіла Савіцкага.

С. Д.: У карцінах Савіцкага таксама ёсць праблемы... У ранніх работах — так, усё стабільна, класічная тэхналогія. А тое, што пісаў пазней, праблемна — напрыклад, цыкл «Лічбы на сэрцы». Мала таго што энергетычна яны цяжкія, з імі працаваць не кожны возьмецца...

Л. Р.: Ёсць і такі аспект для рэстаўратара — энергетыка твора?

С. Д.: Так! Здаралася, калі мы рэстаўрыравалі работы мастакоў пачатку XX стагоддзя, дзе сюжэты — цвінтары, могілкі, проста кідалі жэрабя, хто возьме гэтую карціну.

Л. Р.: Ну так, рэстаўратар жа мусіць пражываць карціну, як мастак, пераняць яе настрой... Магу правесці паралелі з рэдагаваннем рукапісаў: за некаторыя брацца не хочацца.

С. Д.: Для таго каб аднавіць твор, трэба зразумець спецыфіку яго стварэння. Зрабіць трэба так, каб спецыялісту было зразумела, дзе тут рэстаўрацыя, але каб на агульны выгляд твора гэта не ўплывала.

Рэстаўратар і яго амбіцыі

Л. Р.: Стаць добрым рэстаўратарам, напэўна, удаецца далёка не ўсім, хто мае адпаведны дыплом...

С. Д.: Нават на этапе навучання ўжо зразумела, хто будзе гэтым займацца, хто — не. І гэта нават не ад здольнасцяў залежыць. Гэта праца настолькі непрэзентабельная і няўдзячная ў некаторых сэнсах, што, калі ты не гарыш гэтай справай, не будзеш рэстаўратарам.

Л. Р.: Ну так, для таго каб быць рэстаўратарам, патрэбен мастакоўскі талент. А калі ў цябе ёсць мастакоўскі талент — ты захочаш быць мастаком...

С. Д.: У мяне быў выпадак, калі да мяне прыйшлі навучэнцы мастацкага цэнтра са Смілавіч, правяла для іх экскурсію па майстэрнях. Настаўніца, відаць, вырашыла на заканчэнне зрабіць мне прыемнае і спытала ў дзяцей: «Ну што, дзеці, хочаце быць рэстаўратарамі?» Яны хорам адказалі: «Не!». Калі ты хочаш быць рэстаўратарам — амбіцыі свае мусіш пакінуць пры сабе. Тваёй працы не павінна быць відно, іначай ты кепскі майстар.

Л. Р.: У чым жа кайф вашай працы?

С. Д.: Калі бачыш твор, які гіне, і ты яго ратуеш... Радуешся, як доктар, які бачыць выратаванага ім пацыента, ці калі знайшоў методыку лячэння нейкай запушчанай хваробы.

Л. Р.: У такім разе, вы адчуваеце боль, калі дзесьці бачыце «хваробу» помнікаў, якія няўдала лечаць альбо якія гінуць без лячэння?

С. Д.: Я адчувала такі боль, калі рабілі капітальны рамонт майго дома. Жыву ў Трактарным пасёлку, і калі там пачалі збіваць з фасадаў дамоў ляпніну, я спрабавала гэта спыніць, і мне не ўдалося. Прараб будоўлі сказаў: «Вы ж не хочаце, каб яна на галаву каму ўпала, ваша ляпніна?» І яшчэ аргумент: «А нам уцяпляць трэба, ляпніны не стане, затое вам цёпла будзе».

Н. У.: Калі сустракаешся з аўтэнтычнымі помнікамі, якія не сапсаваны няўдалай рэстаўрацыяй, — гэта такая радасць, такое хваляванне! Напрыклад, палац у Блоні Бонч-Асмалоўскіх, дзе захаваліся і драўляныя дэталі, і рашоткі, і парк... Мне страшна ўявіць, што калі-небудзь з яго зробяць прыгожанькі, эфектны дамок.

Л. Р.: Значыць, часам лепш бы рэстаўратары кудысь і не дабраліся? Ёсць паняцце «рэстаўрацыя», ёсць — «кансервацыя»... Ці ёсць у музеі артэфакты, якія не падлягаюць рэстаўрацыі па нейкіх прычынах?

Н. У.: Такіх няма. Раней рускі класічны жывапіс ХІХ стагоддзя, напрыклад наш «Бярозавы гай» Куінджы, прыязджалі рэстаўрыраваць маскоўскія майстры, якія выкарыстоўвалі асаблівую методыку: нашы майстры тады баяліся брацца. Пасля рэстаўратараў з Эрмітажа недатыкальнымі лічыліся радзівілаўскія партрэты з Нясвіжа. Але не так даўно яны былі раскрыты. Прыклад — партрэт Януша Радзівіла. Калі карціна была раскрыта поўнасцю, там выявіўся іншы партрэт, у другой колеравай гаме, з іншай паставай, дэталямі. Увогуле, чарга на рэстаўрацыю вялікая. Некаторыя творы, напрыклад, 1930-х, чакаюць па пяцьдзясят гадоў. Рэстаўратараў заўсёды мала.

Л. Р.: Значыць, некаторыя рэчы з запаснікаў, якія палічаць малакаштоўнымі, у тую чаргу і не патрапяць... Але ж ацэнкі мяняюцца! Прадметы мастацтва, якія лічыліся безгустоўнымі, неарыгінальнымі, набываюць каштоўнасць з часам ужо з-за прыналежнасці да сваёй эпохі, з-за таго, што адлюстроўваюць яе асаблівасці.

Н. У.: І, магчыма, такая забытая карціна стане «фронтменам», візітоўкай эпохі... Прыклад — з мастаком Аронам Касцялянскім. Ён памёр сваёй смерцю ў 1934 годзе, перад тым напісаў жахлівую кнігу пра беларускае мастацтва 1920-х гадоў. Усіх там разнёс, навесіў на ўсіх ярлыкі... Трэба сказаць, і сябе не пашкадаваў. У музеі ёсць тры яго карціны. Адна з іх нарэшце з'явілася ў экспазіцыі, а дзве другія не рэстаўрыраваны, таму што гэты мастак лічыцца нават не другога, а трэцяга шэрагу. Сярод тых неадрэстаўрыраваных — карціна з выявамі двух піянераў з барабанам, напісаная ў 1932 годзе. Але і да яе дойдзе чарга, і, магчыма, менавіта сумныя піянеры Касцялянскага ўвойдуць у экспазіцыю як сімвал эпохі.

Л. Р.: А дзе рыхтуюць рэстаўратараў?

Н. У.: У Акадэміі мастацтваў і ва Універсітэце культуры. Яны бываюць у нас на практыцы. Увесь час кіраўнікі спрачаюцца, бо ідзе барацьба некалькіх рэстаўрацыйных школ, тэорыі і практыкі рэстаўрацыі. Дарэчы, у нас адкрываецца новы корпус музея, па вуліцы Кірава, у другой палове года. І першая выстава, якая там адбудзецца, — пра вернутыя каштоўнасці. Гэта значыць, будзе паказаны плён працы нашых рэстаўратараў за гады суверэннай Беларусі. Прыходзьце і самі зробіце высновы.

Містыка «Дзявочніка ў лазні»

Л. Р.: Святлана, а якая самая цяжкая была для вас праца?

С. Д.: Над карцінай рускага мастака Фірса Жураўлёва 1885 года «Дзявочнік у лазні». Гэта была карпатлівая праца. Пяць гадоў рэстаўрацыі. Выдаленне шматслойнага лаку і рэстаўрацыйных запісаў. Прыйшоў час склейкі разрыву палатна. Для гэтага патрэбна было ачысціць зваротны бок ад воску. Мала таго, што там латка, дык, відаць, калі працавалі над карцінай, на яе вывернулі рондаль з воскам. Я выкарыстала новую тэхналогію, якой падзяліўся калега (ён быў на стажыроўцы за мяжой)... У выніку фрагментарна пачаў адыходзіць ад асновы жывапісны слой. А я ўжо таніроўкі рабіла... І вось аднойчы прыходжу ў майстэрню і бачу на падлозе... кавалачкі жывапісу. Карціна асыпалася. Кавалкі, на шчасце, былі цэльныя і іх удалося замацаваць.

Л. Р.: І чаму ж так здарылася?

С. Д.: Верагодна, воск прайшоў праз палатно і часткова замяніў клей, і, калі я прыбрала воск, фарба страціла счэпку. Я аднавіла твор, была задаволена вынікам. Калі карціну ўпершыню вырашылі выставіць, пры мантажы яна ўпала на рог рамы. Разбілася рама, пашкодзілася работа.

Л. Р.: Не верыцца, што падобнае магло адбыцца ў музеі...

С. Д.: Самім не верыцца! Але рама вельмі цяжкая была, не вытрымала павесачнае кальцо з аднаго боку. Пасля ўсё ўлічылі, карціну павесілі... Але на гэтым не скончылася. Пасля той часовай выставы «Дзявочнік у лазні» змясцілі ў пастаянную экспазіцыю. Карціна апынулася ў зале старога корпуса, дзе мы не маглі падняць нізкую вільготнасць, якая пашкодзіла твору. Вільготнасць паднялі, але з-за гэтага давядзецца зноў забіраць гэтую работу на рэстаўрацыю. У мяне ўражанне, што я буду да пенсіі працаваць над ёй. А згадаць, як яна трапіла да мяне... Палатно вісела там, дзе на яго ішла плынь паветра з дзвярнога праёму паміж старым і новым корпусам, і фарба пачала асыпацца. Праз пэўны час пасля таго, як карціну адтуль забралі, у праёме паставілі дзверы.

Л. Р.: Ёсць у мастацтве творы, якія пераследуе нешчаслівы лёс. Гэта датычыцца і фільмаў, і кніг, і карцін... Магчыма, у гэтае палатно было закладзена нешта фатальнае ўжо самім мастаком?

Н. У.: У гэтай работы сапраўды цікавая гісторыя. Карціна, якую бэсцілі, якая была дзесяцігоддзі схавана ад наведвальнікаў. Фірс Жураўлёў пісаў цыкл карцін з купецкага жыцця, які быў вельмі негатыўна прыняты перадавой перасоўніцкай крытыкай. Лічылі, што мастак смакуе падрабязнасці багатага і разбэшчанага жыцця. Асабліва лаялі «Дзявочнік у лазні» як «пікантную сцэну з купецкага жыцця». А для мастака гэтая карціна была прадметам гордасці, падстава паказаць легендарныя Сандуноўскія лазні, аголеную натуру, традыцыі. Купчыхі верылі, што, калі перад вяселлем маладая памыецца са срэбнай конаўкі, муж будзе любіць горача. Жураўлёў нават у 1885 годзе зрабіў выставу гэтай карціны з эцюдамі ў Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе і родным Саратаве. Карціну мастака-земляка набыла знакамітая спявачка Лідзія Русланава. Яна любіла такі купецкі стыль, сама спявала шмат волжскіх купецкіх песень. Калі пасля вайны яе муж, генерал Крукаў, найбліжэйшы паплечнік маршала Жукава, які трапіў у няміласць, быў арыштаваны, арыштавалі і саму Русланаву. Яе адправілі на дзесяць гадоў у Азёрлаг. Паколькі ніхто не верыў, што яна вернецца, яе маёмасць апісалі. Карціны перадалі ў Траццякоўскую галерэю, прычым траццякоўцы не ведалі, чыю калекцыю прымаюць. Памірае Сталін, і Жукаў клапоціцца пра вызваленне Крукава і Русланавай. Іх вызваляюць. Русланава з дапамогай Жукава адсудзіла карціны ў Траццякоўскай галерэі. Даведаўшыся пра вызваленне Русланавай, да яе звярнулася дырэктар мастацкага музея Беларусі Алена Аладава. Маўляў, Мінск пацярпеў, усё разбомблена, у музеі нічога няма... Прадайце нам свае карціны. І Русланава паступова прадае больш за 40 карцін. Такім чынам гэтая «скандальная» карціна Жураўлёва трапіла ў наш музей. Калі ў 1980-х я толькі пачала працаваць у музеі, яна вісела ў рэстаўрацыйных майстэрнях, яе ўспрымалі як вельмі эратычную, якая ніколі не будзе ў экспазіцыі, таму што сарамлівая савецкая мараль не дазваляла паказваць публіцы, як у такіх разняволеных позах аголеныя жанчыны знаходзяцца ў лазні. Але з часам карціну перамясцілі ў асноўную экспазіцыю.

Як камін ператвараецца ў акно

Л. Р.: У гісторыі мастацтва шмат вядомых фактаў пра карціны з «двайным дном». Нават у «Чорным квадраце» Казіміра Малевіча знайшлі пад чорнай фарбай выяву кубафутурызму і надпіс «Бітва неграў у цёмнай пячоры». Далі шмат разоў перамалёўваў карціну Міле «Анжэлюс» з выявамі сялян у полі, якія сумна глядзяць на кошык з бульбай пад нагамі і моляцца... Калі спецыялісты Луўра па просьбе Далі вывучылі палатно, знайшлі ў кошыку выяву памерлага няхрышчанага немаўляці. Міле замаляваў яе, каб было лягчэй прадаць карціну, а Далі сцвярджаў: «Я заўсёды адчуваў у гэтай карціне смерць». Сутыкаліся з нечым падобным?

С. Д.: Звярніце ўвагу вось на тую карціну на сцяне... Мы атрымалі гэты жаночы партрэт з Расіі, мяркуемы італьянскі жывапіс XVІІ стагоддзя. Рэстаўрацыю, падобна, рабілі студэнты ў 1960-х гадах, магчыма, гэта была нечая дыпломная праца. Рэнтгэн выявіў замаляваныя падчас рэстаўрацыі фрагменты. Пачалі іх раскрываць... Аказалася, што карціна — фрагмент вялікай працы. Бачыце, наверсе, у левым куце, рука мужчыны, якая ўзнікае нібыта ніадкуль? Верагодна, ён быў выяўлены ва ўвесь рост. На рабоце ёсць сляды абгарання. Можна зрабіць выснову, што з фрагмента твора, які ацалеў падчас пажару, зрабілі асобны твор. Змянілі сюжэт, запісалі лішняе. Уставілі кавалкі з іншых частак карціны, якія захаваліся. Рэнтген паказаў, што тут былі парцьеры, постаць жанчыны таксама зменена, становішча рукі было інакшым. Бачыце агонь за акном? Выглядае дзіўна, быццам жанчына глядзіць на пажар... Насамрэч аказалася, што гэта было не акно, а камін. І, верагодна, жанчына стаіць перад некім, схіліўшыся ў паклоне. І хутчэй за ўсе, гэта вядомы сюжэт: прадстаўніца венецыянскага паўсвету ахвяруе свае каштоўнасці на абарону Венецыі.

Н. У.: Выходзіць, тое, што было проста партрэтам дамы, аказалася сюжэтным палатном.

Л. Р.: Успамінаю словы расійскага пісьменніка Міхаіла Анчарава, які сцвярджаў, што мастацкі твор ад рамесніцкага адрозніваецца тым, што мастацкі твор мае каштоўнасць на кожнай стадыі свайго стварэння, і любы ягоны фрагмент таксама з'яўляецца мастацкім творам.

С. Д.: Але ж мне давялося чуць прэтэнзіі, у прыватнасці, ад калег з Украіны: вось, у вас быў асобны цэласны твор, а вы яго «раскрамсалі»... Тут мы разыходзімся. Няхай лепш гэта будзе фрагмент жывапісу XVІІ стагоддзя, а не асобная работа 1960-х гадоў, дзе з аўтэнтычнай асновы захаваўся толькі твар. Наша калекцыя заходнееўрапейскага жывапісу не настолькі вялікая, каб раскідвацца арыгіналамі.

Л. Р.: Калі задумацца, мы ж не ведаем, як насамрэч выглядала старажытнае мастацтва. Мы ведаем пра яго толькі з таго, што захавалася, і ў тым стане, у якім яно захавалася. Напрыклад, антычныя статуі зусім не былі густоўна белыя. Яны былі ярка расфарбаваныя, з імітацыяй колеру скуры і вачэй. Тое самае пра драўляную беларускую храмавую скульптуру мінулых стагоддзяў — яна таксама была яркіх колераў, з пазалотай. Нам, напэўна, падалося б, што гэта кіч у параўнанні з той высакароднай выцвілай фактурай, якую мы сузіраем сёння.

Н. У.: Бо ўсё стваралася, каб быць эфектным, на густ заказчыка. Я часта сутыкаюся, як воля аднаго чалавека можа змяніць лёс нейкага арт-аб'екта, прыкладам, калі Андрэй Горват, беларускі сучасны пісьменнік, выкупляе занядбаны палац Горватаў у Нароўлі. Рамантык! Блізіцца 500-годдзе Мірскага замка, я працавала ў архівах і выпадкова знайшла ліст 1960 года доктара навук Міхаіла Кацара. Ён наведаў Мірскі замак і звяртаўся ва ўсе інстанцыі, каб прыстасаваць яго для адпачынку работнікаў Акадэміі навук, бо там былі 10 памяшканняў, прыдатных для жыцця. Патрабаваўся толькі невялікі рамонт. Кацара не паслухалі, але, калі б паслухалі, магчыма, Мірскі замак не сцярпеў бы такога руйнавання і пажараў, якія перанёс за сорак гадоў да пачатку рэстаўрацыі.

Л. Р.: А як ставіцца да рэканструкцыі артэфактаў, якія захаваліся толькі ў выявах ды апісаннях? Ці да аднаўлення тых, наконт аблічча каторых маюцца толькі гіпотэзы?

Н. У.: Пра ўсё гэта кажа Венецыянская хартыя рэстаўратараў, галоўны пастулат якой: дзе пачынаецца гіпотэза, там заканчваецца рэстаўрацыя. Нельга рэстаўрыраваць, калі ты нешта мяркуеш. Ты павінен дакладна ведаць. У іншым выпадку гаворка можа ісці пра так званы амаж, прысвячэнне памяці нейкага артэфакта.

С. Д.: Калі твор зруйнаваны вельмі сур'ёзна і мы не ведаем, які ён быў, аднаўляецца толькі фрагмент.

Л. Р.: У чым мае сёння патрэбу беларуская рэстаўрацыя? Больш спецыялістаў, якіх трэба зацікаўліваць, адэкватна плаціць за ўнікальную працу?

Н. У.: Гадоў дзесяць мы змагаемся за стварэнне Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра. Усе музеі маюць у ім патрэбу. Так, у нашым музеі працуюць 26 рэстаўратараў. Часам яны выконваюць працу і па замове іншых музеяў. Таму што дарагое абсталяванне, напрыклад сучасныя мікраскопы, вакуумны стол, не можа купіць кожная ўстанова. Калі б быў такі цэнтр, куды размяркоўваліся б маладыя рэстаўратары, дзе можна было б размясціць самае сучаснае абсталяванне, усе музеі маглі б аддаваць туды свае экспанаты ў парадку чаргі. Рэстаўратар мусіць быць вельмі паважанай прафесіяй.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.